
Кніга “Старапруская тэакратыя: перадгісторыя, станаўленне, уплыў” выйшла ў 2021 годзе ў кніжнай серыі “Бібліятэка Свайксты” (перад ёй былі выйшаўшы яшчэ тры свайксцкія кнігі: “Пра паганства і балтаў“, “Ёнас Трынкунас. Шлях старалітоўскай рэлігіі“, “Гінтарас Бераснявічус. Вырай. Паняцце пра пасмяротнае жыццё ў старалітоўскім светапоглядзе“).
Кніга прысвечаная 1500-годдзю заснавання старапрускага Рамаўскага свяцілішча (паводле сведчання храніста С. Грунава, гэта адбылося ў 521-м). Гэтую падзею, трэба нагадаць, супольнай адозвай адзначылі латышскія Дыеўтуры і літоўская Рамува.
Кніга “Старапруская тэакратыя” факусуецца на ранняй гісторыі аднаго з найбольш загадкавых балцкіх народаў – прусаў, якія ў сваім краі перш былі анямечаныя і страцілі мову, а тады іх нямецкамоўных нашчадкаў і зусім прагналі. Пад увагай у гэтай кнізе – старапруская дзяржаўная тэакратыя на чале з кіраўніком – вярхоўным жрацом Крыве-Крывейтам ды яго памочнікамі жрацамі-вайдзіламі, а таксама яе перадгісторыя ды паслягісторыя.
Кніга ўяўляе сабой зборнік з 8-мі даследчых артыкулаў. На беларускай мове з іх дагэтуль друкаваўся толькі адзін, прысвечаны “Відэвутавым законам”.
Апроч іншага, кніга адказвае на такія пытанні:
- Якой вялікай была даўнейшая краіна балцкіх прусаў, ці сягала яе ўлада земляў цяперашняй Беларусі?
- Як так склалася, што ў прусах утварылася жорсткая тэакратыя – лад з поўнай уладай жрацоў-крывейтаў?
- Які звод запаветаў пакінулі нашчадкам заснавальнікі старапрускай тэакратыі, якія маральныя загады ў іх?
- Як старапрускія жрацы зносіліся са сваімі багамі, на якія жрэцкія катэгорыі былі падзеленыя?
Кніга будзе карысная як цікаўным да гісторыі рэгіёна (балцкага і шырэйшага пост-балцкага), міфолагам і рэлігіязнаўцам, а таксама этна-рэлігійным практыкам (у кнізе ўпершыню падаецца вялізны масіў звестак са старапрускай рэлігіі, міфалогіі і практычнай абрадавасці).
У аздабленні вокладкі кнігі скарыстаныя арыгінальныя гравюры XVII ст.
Замовіць кнігу (разам з іншымі свайксцкімі друкамі) можна напісаўшы напрамую на адрас эл. пошты svajksta@gmail.com.