Дванаццаць сыноў Відэвутавых

Sv. Легендарны аповед у даўнейшых прусаў пра падзел іх краіны на 12-ць частак – вялікай значнасці для старабалцкай спадчыны ўсяго нашага рэгіёна.

На свае часткі дзяліліся і іншыя буйнейшыя старабалцкія землі (пра гэта зусім падрабязна ў сваім 200-старонкавым даследаванні пісаў у 1924-м мовазнавец К. Буга). Так было што на тэрыторыі цяперашняй Літвы, што ў Латвіі, дык і ў нас даўней такога мела быць. Але захаваны ў прусаў велічны аповед пра 12-ць сыноў зусім унікальны.

Яго ўнікальнасць не ў апошнюю чаргу ў ліку дванаццаць – а лік гэта святы́; з найбольш вядомага ўзгадайма пра 12-ць багоў старагрэцкага пантэона на гары Алімп. Паводле даследчыкаў, гэты лік значыць паўнату, і далей за дванаццаць ужо толькі ўтвораныя складана лікі. (Адзін з такіх напаткалі яшчэ нядаўна збіральнікі вуснай народнай спадчыны на Падзвінні, сутыкнуўшыся з народным лекаваннем з дастасаваннем ліку “81”, гэта значыць – дзевяцікроць па дзевяць.)

Дык калі ж спадзеўна апеляваць да гэтай угрунтоўвальнай магіі лікаў, як не цяпер, калі з-за раскрытай усходняй мяжы сыпляцца (бы тыя паўзуны з развязанага чортам богавага меха) чужыя людзі, ідэі, грошы, ментальнасць, стыль, а супраць гэтага ні зрабіць, ані сказаць?..

Да таго ж, калі даваць веры храністу, сёлета якраз спаўняецца 1450 гадоў з часу падзелу Вялікай прускай зямлі 12-ці Відэвутавым сынам. Два гады таму, нагадаем, выхадам “свайксцкай” (апошняй па часе) кнігі “Старапруская тэакратыя” адзначылі 1500-годдзе заснавання цэнтралізаванага старапрускага Рамоўскага свяцілішча. У той кнізе, дарэчы, аповед гэты, пра падзел, – у паўнейшым выглядзе, з меншай колькасцю скаротаў.

* * *

Частка 1 раздзела IV Трэцяга трактату “Хронікі Прусіі” С. Грунау:
“Падзеі 573-га года. Пра тое, як Брутэнія была падзеленая на дванаццаць княстваў, а іх князямі сталі Відэвутавы дзеці”

“Калі Відэвуту споўнілася 116 гадоў, а Брутэну 132, яны схацелі ўпарадкаваць свае справы, каб усе ведалі, што каму адыдзе ад яго бацькі Відэвута, бо ўсчаліся якіясь хваляванні з-за зямлі, у якой кожны з Відэвутавых сыноў меў быць каралём.

Каб зрабіць усё гэта ўрачыста, ён склікаў усіх высакародных у Рыкаёт, і тут Брутэн сказаў ім, што ён і яго брат, кароль Відэвут, згодна з воляй багоў, жадаюць падзяліць Брутэнію законным спадчыннікам, каб не было незадаволенасці і не лілося святой крыві.

(…) Раннім ранкам перад багамі ўжо сядзелі кароль Відэвут і яго брат Крыве-Крывейта (criwe kirwaito) Брутэн.

Спачатку яны паклікалі Lyttpho, старэйшага сына караля Відэвута і так да яго звярнуліся: “Дарагі сыне, ці ты прысягаеш шанаваць нашых найлітасцівейшых багоў і быць паслухмяным іхнаму Крывейту, а за іх і за сваіх братоў, іх службітоў, аддаць жыццё і маёмасць, калі б іх гонару пагражала небяспека?”

На гэта Litpho адказаў: “Я абяцаю, а калі не стрымаю свайго слова, дык хай мой бог Пяркунс пакарае мяне, няхай заб’е мяне сваім агнём”. Тады прамовіў Брутэн: “Пакладзі рукі свайму бацьку на галаву, а потым дакраніся да дуба сваіх магутных багоў”.

Калі ён зрабіў гэта, Відэвут сказаў далей: “Ты будзеш панаваць над зямлёй ад Буга (Boycko) і Нёмана (Nymno) да лесу Thansoan”. І неўзабаве ён пачаў валадарыць над тым краем, пабудаваў там замак і назваў яго паводле свайго сына Gartho; сёння гэты край называецца Ніжняя, або Малая, Літва. (…)

Zamo, другі сын, выйшаў наперад, як яму было загадана, і ўсё зрабіў так, як першы. Яму Відэвут сказаў так: “Ты павінен панаваць у краі ад Крона і Хайліба [Куршскай затокі і Айсцкай затокі] да ракі Скары [Прэголі]”. І з цягам часу ён стаў уладарыць у гэтай краіне і назваў яе Сембай і на вялікай сыпанай гары пабудаваў замак пад назвай Gayltegarwo. (…)

Sudo, трэці сын Відэвута, стаў перад бацькам і зрабіў так, як яго браты. Кароль ды Крывейта прызначылі яму зямлю паміж Кронам [Нёманам], Скарай [Прэголяй] і Куртэнай (Curtorio), цяперашняй Куршскай затокай (Koyrische haeb); і ён стаў панаваць над ёй у свой час і пабудаваў на насыпаным кургане замак, які назваў у гонар свайго сына Peippylko, а яго край паводле яго імені быў названы Судовія. (…)

Nadroo, чацвёрты сын Відэвута, прысягнуў, як і яго браты, і яму была прызначаная зямля паміж Прэголяй (Pregolla), або Скарай, Boyky [Буг] і Куртэнай (Curtono [Куршская затока]); і ён пачаў над ёй уладарыць і пабудаваў там замак пад назвай Staymlo, і назваў зямлю Nadrowia (…).

Scalawo, пяты сын Відэвута, выйшаў наперад і прысягнуў, як і яго браты. Бацька і Крыве-Крывейта прызначылі яму землі паміж рэкамі Прэголя, Куртэна (Curtono [Куршская затока]), Нёманам (Nyemcz) і Rango, дзе сёння закінутыя месцы — гэта пераважна лясы і балаты; гэтыя яго землі назвалі Scalawonia. (…)

Nattango, шосты сын Відэвута, таксама як і яго браты, прысягнуў бацьку і Крывейту, якія прызначылі яму землі паміж рэкамі Прэголя, Ална, Bassaro і Halibo, і з часам ён стаў імі валодаць. Сам ён жыў у замку Ганеда, а зямлю назваў Nattangia. (…)

Barto, сёмы сын Відэвута, выйшаў перад сваім бацькам і Крывейтам і прысягнуў так сама, як і ўсе яго браты, і бацька прызначыў яму зямлю ад Алны і далей на ўсход да ракі (возера) Lieko, да земляў яго брата Lythpho, і ён стаў ёю валодаць, і неўзабаве пабудаваў у там замак, які назваў сваім іменем Bartho, а сама зямля таксама атрымала назву Bartherlandt. (…)

Galyndo, восьмы сын Відэвута, як і яго браты, стаў перад сваім бацькам і Крывейтам і прысягнуў, і яго бацька прызначыў яму землі ад рэк Ална, Lawoso да вызначаных мазавецкіх межаў. У рэшце рэшт ён заняў гэтыя землі і на высокай гары пабудаваў замак Galindo, які і сёння завецца Galinderberg. (…)

Warmo, дзявяты сын Відэвута, прыйшоў і прысягнуў, як яго браты, і яму яго бацька разам з Крывейтам прызначыў край каля рэк Naras і Bassaro, над якім ён стаў уладарыць, пабудаваў замак і назваў яго Tolo, а яго краіна дагэтуль называецца Warmia. (…).

Hoggo, дзясяты сын Відэвута, стаў перад бацькам і Крывейтам і зрабіў усё, як яго браты, і бацька прызначыў яму землі паміж рэкамі WesekaBassaro і возерам Drusino, і ён над імі з цягам часу пачаў уладарыць, пабудаваў на гары замак і назвала яго Talko, сёння ён называецца Schaffsbergk, а яго краіна — Hokerland. (…)

Pоmesо, адзінаццаты сын караля Відэвута, стаў перад бацькам і Крывейтам, прысягнуў, як яго браты, і бацька прызначыў яму землі ад рэк Weseka, Mocra, Noyta і Vistula да вызначаных мазурскіх межаў, і ён над імі апанаваў, але ніколі ня меў моцнага замка. Ён жыў у намёце, дзе яму больш за ўсё падабалася, меў вельмі шмат дзяцей, і ўсе яны былі волатамі, як і яго бацька, і ўсе яны былі каралямі, і набудавалі сабе замкі ў Bisno, BaltoWeso, Nargoltons, і лічылі сябе, як і бацька, князямі. (…)

Chelmо, дванаццаты сын Відэвута, стаў перад сваім бацькам і Крывейтам, прынёс прысягу, і бацька прызначыў яму зямлю паміж рэкамі Mоcra, Vistula і Drewanczia, і ён над ёй пачаў уладарыць, з цягам часу паставіў замак, які назваў сваім іменем Chelmо, цяпер Althaus. (…)”

Sv.