Для падтрымання духу – “Пулкун” ад “Угнявіяс”

Пасля сямігадовага перапынку літоўскі гурт мужчынскага ваярскага спеву “Угнявіяс” выдаў новы альбом.

Прамінула дзесяць гадоў з часу, калі выйшаў першы альбом літоўскага гурта мужчынскага ваярскага спеву “Угнявіяс” – “Песні вайны“. Потым, у 2016-м, паследавала другая песенная складанка “Там, дзе паляжам“. Нарэшце, гэтай восенню “Угнявіяс” прадставілі новы альбом “Да купы” (Pulkun).

Стварыць “Угнявіяс” натхнілі латышскія “Вілкі” (з латышскай “ваўкі”) – мужчынскі спеўны гурт, што выконвае блізкі тэматыкай рэпертуар, прычым як песні з народнай спеўнай спадчыны, так і латышскія ваенныя песні пачатку і сярэдзіны мінулага стагоддзя. Фальклорнымі, хоць і ваяўнічымі, песнямі не абмяжоўваецца і “Угнявіяс” – натхніўшыся “ваўкамі”, у далёкім 2008-м яны на сцэне ўпершыню паказаліся з песнямі літоўскіх паваенных партызанаў.

Горача рэкамендуем да праслухоўвання і новы паўгадзінны альбом “Пулкун”, і ўсю творчасць гурта “Угнявіяс”, а таксама і запісы іх латвійскіх калегаў (а нічога іншага – калі для мужчынаў – і зусім увогуле не рэкамендуем, тым больш руска-бела-рускага). Наўкола ўсталёўваецца “новая стабільнасць” – стан вайны па ўсім свеце памалу робіцца нязводным, і спрыяльных абставінаў менавіта для нашага боку чакаць пакуль не выпадае. Застаецца толькі захоўваць крэпкім дух, наш балцка-крыўскі.

У новым альбоме, апроч іншых, ёсць і песня пра “тры трубы”: першая грае, калі ваяр выязджае са двара, а тады трэцяя – калі прыступаецца ў войска. Вельмі падобная зместам ёсць і запісаная ў нас на Панёманні ў замінулым стагоддзі, толькі трубаў тых чатыры, а “пятая залатая”: “Як я буду на ваенку ехаць, / То я буду ў чвартую йграць“. Прыйдзе час – і, як казалі на Смаленшчыне, “і наш бог зайграе ў дуды”.

Sv.