Латышскі сямейны фальклорны гурт “Гаратака” выдаў доўгачаканы дэбютны альбом. Слухаем, насілкоўваемся.

З латышскага пост-фолку кожны цікаўны, пэўна ж, ведае гурт Iļģi, больш паглыбленыя ведаюць гурт Grodi – абодва гэтыя гурты пачыналі трыццаць з гакам гадоў таму, і гэта пост-фальклорная класіка. Тыя, каму трэба чыстага мужчынскага духу, начутыя пра гурт Vilki “Ваўкі” (гэта з іх прыкладу натхняліся літоўцы з “Угнявіяс“).
Хто абазнаны ў цяперашнім стане, несумнеўна ведае менш-больш нядаўна ўзніклыя “Таўтумэ́йтас” – найлепшы з магчымых прыклад пранікнення пост-фолку (хутчэй, нават пост-пост-фолку) на вялікую сцэну. А цяпер ужо карцінка ніяк ня будзе поўная без гурта “Гарата́ка” (Garataka). Якраз у канцы лістапада яны выдалі першы, дэбютны альбом “Выбраныя мелодыі і ў такім духу” (Izmeklētas meldijas un tādā garā).
“Гаратака” – не проста гурт, гэта цэлая сямейная фальклорная студыя ў Рызе. Гэта не проста некалькі чалавек сабраліся, каб запісаць трохі народных песень. Гэта два дзясяткі чалавек рознага ўзросту, якія збіраюцца рэгулярна двойчы на тыдзень у латвійскай сталіцы, каб паспяваць любімы латышскі фальклор. Набору туды асабліва не вядзецца – гэта сем’і, бацькі-мацеркі з дзецьмі. Гэта грамада як такая.
Такога не было, відаць, пачынаючы ад 1990-х – тады на ўздыме таксама і гурты, і ансамблі фальклорныя з энтузіястаў, досыць масавыя, былі паўсплываўшы. Але часы памяняліся, і вось з’явілася “Гаратака”, такая ж масавая і такая ж натхнёная. І такая ж стылёвая – а мо і яшчэ больш стылёвая, бо не мінуў жа нікуды досвед, даследчы і рэфлексіўны, прамінулых дзесяцігоддзяў. Розніца з тымі каліснімі часамі – хіба ў ступені герметычнасці, цяпер яна бадай максімальная.
У новым альбоме “Выбраныя мелодыі…” стыль пачынаецца адразу “ад дзвераў” – вокладка такая, што пра яе можна казаць безапеляцыйна: калі вы не разумееце гэтай вокладкі, вы не разумееце (і не зразумееце) нічога. Падабаецца – вы наш, не – вы чужак.
Стыль і ў вопратцы “гаратакаўцаў”. Тут ня будзе наляпана арнаменту на арнаменце, а калі дзе і будзе народны геаметрычны арнамент, дык змешчаны будзе вельмі ахайна, густоўна і з мерай. Стылем яны нагадваюць даваенны час, і з тых жа часоў (вядома, і з ранейшых таксама) чэрпаюць сабе сілы і Дух.
Калектыўнасць у новым альбоме проста ва ўсім, і гэта рэдкасць у наш час індывідуалізмаў – калі нават закаханыя ў фальклор творцы аддаюць перавагу “паглыбленню”, “пошукам”, індывідуальным трыпам перад здаровай калектыўнасцю, пра якую, такое ўражанне, ужо нібыта і прызабыўшыся.
* * *
Ужо самая першая песня на альбоме – недвухсэнсоўная заява пра такую калектыўнасць: тут пераспеўваюцца гурт жанок, гурт мужчынаў і нават гурток дзетак. Вось жа, хтось ажно трасецца за “традыцыйныя каштоўнасці” – а хтось паказвае прыкладам як трэба. Выбар такой песні на загалоўную – вельмі ўдалы (і яна сапраўды “пампуе”), тут і мелодыка моцная. Такая ж моцная меладычна і, напрыклад, вайсковая песня “На войначку сыходзячы”. Яна ж (і яна адна ў альбоме) адметная і вельмі трапным выкарыстаннем варгана.
З музычнымі інструментамі ў “гаратакаўцаў” асаблівая гісторыя. Гармонік, скрыпка, кантрабас, часам флейта – здавалася б, зусім сучасныя інструменты, але яны (як, дарэчы, і не архаізаваная штучна вопратка) не даюць страціць сувязі з цяпершчынай. Гэтак ня проста трэба ўмець (захоўваць сувязь) – гэтаму павінна спрыяць і само асяроддзе. Латвійскае асяроддзе, відавочна, гэтаму спрыяе. Ёсць пры гэтым у альбоме месца і для коклэ (“гусляў”) – у песні “Ай, зялёная шчучка” (на яе і густоўны відэа-кліп).
“Зялёная шчучка”, дарэчы, адна з найбольш “магічных” у альбоме, і ня толькі сваёй напружанай настраёвасцю. Няйнакш замаўляючы, спяваюць: “Зялёная шчучка, ідзі да мяне танцаваць. // Ты ў глыбокім моры, я ў дубовым чаўночку“, і далей развіваецца зусім магічны сюжэт рыбацкага ўзаемадзеяння з морам.
“Магіі” хапае ня толькі тут: вось, памятаеце купальскія перапеўкі паміж гуртом дзявок і гуртом хлапцоў, калі кпяць адны з другіх? – штось падобнае і тут, але зусім “па-латышску”. “Ваяры багатыя, боты на нагах. – Ворагі нябогі, лапці на нагах” (інакш кажучы, каб жа лапцікі ў іх, ворагаў, парваліся). Вельмі міла чуць у хоры, які спявае гэта, і дзіцячыя галаскі.
Тэма “ворагаў” закадаваная, вядома, і ў песні, праспяванай на альбоме па-ўкраінску, “Ой ты, Коля, ты, Міколя” – дарэчы, з блізкай да нас Чарнігаўшчыны. Слухаючы, ловіш сябе на думцы, як жа мы так аказаліся ўбаку ад глыбінных працэсаў нашага рэгіёна: калі нават Латвія з Украінай перагукваюцца, іх галасы ідуць верхам нас, бокам нас… А вядзе голасам гэтую песню ўдзельнік “Гаратакі” Дмытро, сам з украінскіх Чаркасаў, жанаты з латышкай (і яна, ясна, у “Гаратацы”). І гэта яшчэ адно паказальнае: у латышоў, як і ў любым здаровым народзе, чалавек прышлы мусіць інтэгравацца, стаць часткай народнага цела, калі чагось хоча глыбокага і праўдзівага на зямлі латышоў.
“Гаратака” – ваш гурт, калі ссумаваліся па здаровай народнай грамадовасці, тут яе з верхам. У краіне, дзе ўсіх трымаюць па ціхіх норах, на гэта глядзіш з шырока раскрытымі вачыма.
“Гаратака” – гэта Норма ў самым поўным сэнсе гэтага слова. Мы так па ёй ссумаваліся. Ня толькі ў рэгіёне – у свеце. Гэта свайго роду вобраз ідэальнага свету, ідэальнай народнай грамады. Дзе ўсе на месцы – ад малога да вялікага; дзе ўсіх яднае супольная адвечная спеўная эмоцыя і яна мацнейшая за ўсе прывабы гэтага свету; дзе ўмеюць збліжацца і радавацца з гэтага збліжэння; дзе сілкуюцца з сілы самой грамады. Падмацуйцеся і вы!
Hei, džau rillā rillā, hei, džau rillallā,
Fardai dūdiņ barbar briku,
Fardai dūdiņ barbarbar.
Sv.