З Новым сонцам

Ад 25 снежня дзень памалу пачаў большаць, дзённага святла усё больш і больш. Да самых першых дзён студзеня павялічвацца будзе ў дзень на хвіліну, а тады і таго болей.

Нашыя продкі былі чуйныя да найменшых пераменаў у прыродных бегах вакол сябе і мелі адзначаць нават такія зусім малапрыкметныя зрухі. Мы ім не роўня, мы абкруцілі сябе тэхналогіямі і заглушылі сваё чуццё – але і мы можам прыпадабніцца хоць натрохі да сугучча нашых продкаў з наваколлем, у тым ліку з тым, што на небе. Калі з года ў год старацца, дык робішся усё бліжэйшым да такога стану сугучча.

З пачаткам большання дзённага святла віншуем найперш тых, для каго гэтыя словы – не пусты гук. Тых, хто працуе над сабой, вяртаючы сабе чуццё да прыродных бегаў, або хто мае яго ўжо адпрыродна. Тых, хто знутры чуе радасць ад таго, што ад сёння святла будзе ўжо ўсё болей.

Маем шэраг святых аповедаў, звязаных з гэтым момантам. Прыгадваем аповед, як на пачатку часоў нябесныя свяцілы, у тым ліку Сонца, скаваў Нябесны каваль. Таксама прыгадваем і аповед, як Сонца было ўвязненае ў вялікую вежу, а Волат вызваліў Сонца з дапамогай свайго валатоўскага Молата.

У гэтыя самыя дні, калі сонечнага святла ўжо памалу болей і болей, – дзячым калісняму Кавалю, без якога не было б самога Сонца, і дзячым калісняму Волату, без якога Сонца засталося б у валадарстве холада і цемры.

А каму аповеды нашых балцкіх продкаў – пусты гук, тыя няхай сабе зусім вольна працягваюць існаваць у сваім свеце “клёцак у супе”, дзе нішто ні з чым не звязана, нішто ніадкуль не выцякае і ні да чаго не прыводзіць. Людзі – гэта тыя, хто асэнсавана зносяцца са светам.

Няхай цяпер з кожным днём усё болей і болей асвятляе святло Сонца ўсю старалітоўскую прастору, на якой некалі гучала мова балцкіх продкаў. Ад зямлі былых куршаў, што туліцца да Балтыйскага мора ў цяперашніх Літве ды Латвіі, – і да краіны цяперашніх мардвінскіх эрзянаў на Павоччы. Няхай радуе ўсіх аўтахтонных насельнікаў гэтай вялікай прасторы, ад Нальшы за Акой да былой літоўскай Нальшанскай зямлі.

Радуемся таксама і за тых, хто – хоць і з іншым персанажным афармленнем – святкуе гэтае свята па сваіх касцёлах-цэрквах. Яны аддаліўшыся ад першапачатковай праўды, ад першапачатковых сэнсаў – але яны таксама так ці сяк далучаюць сябе да прыроднай святасці гэтага дня. Няхай Новае сонца напаўняе святлом і іх.

З Новым сонцам! з новым поштурхам руху на Нябесную гару!

Svajksta,
другі дзень перад Поўняй