
У Баршчэўскага знаходзім трапны вобраз, каб і шырэй парэфлексаваць наконт з’явы сквапнай душы.
Sv. Тутэйшая спадчына пагэтуль застаецца ў шмат чым і не расчытаная, і не прысвоеная. Не ў малой меры тычыцца гэта і вобразаў, якія з гэтай спадчыны можам вычапіць. Метафарычна ставячы тое ці іншае з нашай сучаснасці ўпоравень з тым ці іншым вобразам з нашай спадчыны – сшываем у адно, ушчыльняючы нашую прастору, не даючы такім чынам яе раздзерці нядобразычліўцам. Казалі ж тут, напрыклад, “патрушчыў як Хадкевіч шведа” – адсылаючы да слаўнай перамогі вялікалітоўскага военачальніка Яна Караля Хадкевіча над шведамі.
З пісьменніка Баршчэўскага, з яго “Шляхціца Завальні” можам вычапіць прыкметную метафару для сквапнасці – што вырасла да неба і сонца зацьміла. Такі вобраз зусім прыдатны, напрыклад, да тых, каторыя да самазабыцця ўчапіўшыся хто ў што. І гэта ўсё ўрэшце пра душэўную сквапнасць, рыса такая неакрэплых чалавечых душаў, кажучы філасафічна.
* * *
“Каля таго возера [Сітнянскага] з аднаго боку вёска Сітна і дарога з Полацка на Невель, а з другога боку – густы і цёмны яловы лес. Аднаго разу летам у ціхае надвор’е схавалася сонца і зоркі паказаліся на небе. Работніцы, павярнуўшыся з поля, яшчэ завіхаліся ля хат – ажно раптам чуюць, як нехта за возерам ля самага берага, ахаваны гушчаром цёмнага лесу, спявае. Ды так жудка і такім моцным голасам, што чароды перапалоханых качак падняліся ў паветра, выгнаныя з лесу звяры пабеглі па палях і пагорках, а сабакі вылі, нібыта перад вялікім няшчасцем. Жыхароў гэтай вёскі працяла трывога, і дрыжыкі прабеглі па целе, бо яны ў той песні выразна пачулі словы:
“I Сітна маё,
I Глубокая [так у тэксце] маё,
I Скобрыя маё,
I Шэвіна маё,
I Язна маё,
I Нешчыдра [так у тэксце] маё,
I Няведра маё,
I Невельскае маё.
Як маё, дак маё і ўсё маё.”

Так спяваў нехта колькі разоў ад вечара да самай паўночы, збіраючы ў тую песню ня толькі азёры, але і ўсе рэкі.
Ісці туды і дазнацца, хто б гэта так жудка спяваў, баяліся.
Нарэшце адзін смялейшы з рыбакоў наважыўся: узяў дубовы кій, колькі камянёў і ўвечары, калі той толькі пачаў спяваць, наблізіўся і пабачыў з-за дрэва, што нехта, адзежай і тварам зусім падобны на асташа [прыбыша з верхняволжскага Асташкава] – барада шырокая, твар акруглы і вялікі, сам падпаясаны скураным хвартухом, – сядзеў на згнілым пні і гарланіў на ўвесь свет.
Падумаўшы, што гэта сапраўдны асташ спраўляе свае чарадзейскія абрады [асташы чаравалі на лепшы ўлоў для сябе, чым для мясцовых]: – Не прысвойвай сабе нашых азёраў і рэк! – з такімі словамі высіліўся з усёй моцы і патрапіў каменем чараўніку ў самыф бок.
– Ах! ах! выламаў мне рабрыну! – закрычаў чорт і кінуўся ў ваду. Ускалыхнулася ўсё возера, і хвалі заплёскалі ў берагі. Рыбак збялеў і затрымцеў ад перапуду. Але і чорт ад таго часу ўжо больш ніколі не спяваў, прысвойваючы сабе нашых азёраў і рэк.”
Шляхціц Завальня (выданне па-польску 1846 года), том 4-ы, с. 14-16.
* * *
Перш за гэты аповед Баршчэўскі падае словы: “Нашы продкі не зайздросцілі багацеям, якія дзесь там жывуць у далёкіх краях, і мелі ўсяго досыць, каб есці і апранацца са сваёй працы“. А потым дадае (таксама ўкладаючы гэта ў вусны аднаго каторага ў гэтым апавяданні 11-м): “Даўней нашая моладзь ня ведала і ведаць не хацела што там дзеецца дзесь у далёкіх краях, жылі ўсе спакойна і шчасліва. А цяпер і на розумы нападае якісь смутак: ледзьве канчаюць навукі, а ўжо яму тужліва, нудна з роднага поля – пускаецца ў далёкае падарожжа, мяркуючы, што на чужой зямлі вятры развеюць яго неспакойныя думкі“.
Чорт з-над Сітнянскага возера (калі гэта сапраўды не даміфалагізаваны асташ) – няйнакш увасобіўся адлюстроўваючы вось такія новыя рысы ў душах людзей на той час. “Маё, усё маё!” – вокліч сквапнай душы, якая была прывыкшы быць у сваім свеце (відаць, земляробчым на многія пакаленні), з якога яе, аднак, скалупнулі і, бы рыбіну на бераг, выкінулі ў безгранічча, дзе няма ні канца, ні краю.
Sv.
Пытанні для замацавання:
- Чаму важна ў звычайным маўленні выкарыстоўваць тутэйшыя метафары?
- Ля якога возера сядзеў на карчы чорт у Баршчэўскага, абспеўваючы навакольныя азёры, каб іх прысабечыць?
- Як называліся тыя восем азёраў, як яны размяшчаюцца адносна цяперашняй дзяржаўнай мяжы?
- Чаму чорта ўспрынялі за асташа, хто такія былі асташы і чаму іх тут асцерагаліся?
- Як Баршчэўскі тлумачыць тое, што чорт “прысабечваў” расонска-невельскія азёры?
* * *
Спадабаўся тэкст? Выкажы прыхільнасць, падтрымай на “Патрэоне” (ахвяры ідуць на выдавецкія і арганізацыйныя справы).