Дзесяць гадоў таму адышоў Крывіс Літвы

Дзесяць гадоў таму, так жа сама 20 студзеня, на той свет ва ўзросце 74 гадоў адышоў засноўнік і дасмяротны ачольнік літоўскай “Рамувы”, Крывіс Літвы Яўнюс – Ёнас Трынкунас.

Дзесяцігоддзе яго адыходу сустракаем у свеце, дзе пануе няпэўнасць, распальваюцца лакальныя канфлікты ўсіх супраць усіх, а на ўсіх кантынентах рыхтуюцца да вялікай вайны.

Сама Трынкунова Літва за гэты час, літаральна за апошні час, зведала многа што. Запушчаная па суседстве Астравецкая электроўня. Прайшла эпідэмія і найбуйнейшы лакдаўн. Мяжу выпрабоўвалі залётныя мігранты. Беларусы як па камандзе голасна запрэтэндавалі на Вільню. Нарэшце, Літву называюць найверагоднейшым аб’ектам наступнага ваеннага нападу.

Глядзець на ўсё гэта як на цэлае дазваляе назіранне: Крывіс адышоў усяго за месяц да пачатку гвалтоўнага перакройвання межаў у рэгіёне – а ўсё ж пачалося якраз з таго.

Трынкунас моцна трымаўся за ідэю Дарны – літоўскае darna “згода, узгодненасць, гармонія” ён настойліва звязваў з індуісцкім паняццем “дгармы”, што значыць менш-больш тое самае, адно што лепш развіта стараіндыйскімі мыслярамі. У русакоў, для якіх “Рамува” і сам Трынкунас адпачатку былі аўтарытэтныя, нават пад уражаннем выдалі кніжку “Дарна, або Вучэнне пра жыццё ў Прыродзе” (1999). Пазней там у іх нават з’яўляліся рэлігіязнаўчыя даследаванні тыпу “Руска-літоўскі паганскі праект канца 90-х ХХ ст.” (менш-больш адсюль растуць ногі ў абвінавачанняў літоўскімі хадэкамі “Рамувы” ў “расійскіх” сувязях). Трынкунас – як і той, хто яго прывёў да балцкай ідэі, латыш Аўнс (дыеўтур і стваральнік перасоўнай выставы пра старабалцкую прастору), – заўсёды не проста пазіраў з цікавасцю і спагадай на пост-балцкі ўсход, але і адчуваў пэўную адказнасць.

Без Крывіса, такім чынам, быццам бы ўсё і пасыпалася. Так часам бывае. Адзін чалавек, ці некалькі чалавек, ці якаясь невялічкая суполка, ці нават хоць бы адна краіна для ўсяго свету, могуць духам трымаць многа што. Сканцэнтруюцца сілы свету – і трымаюць як саламяны “павук” будову свету.

Пасля Трынкуна і ў духоўным ландшафце Літвы, трэба прызнаць, тое-сёе змянілася. Сярод тых, хто, ідучы следам Крывіса, хіліўся да шматбожжа, – запанавалі монатэісцкія тэндэнцыі. Жывучы па гарадах па кватэрчынах – цяжка захоўваць дыферэнцыяванае стаўленне да асяроддзя. “Дзіевас для духашукальнікаў, бажочкі для земляробаў”, – намаўляе сучасны мысляр. Трынкунова думка была іншая. Выхадзіўшы ў сваім часе па глухіх вёсках, вышукаўшы перлінаў старой веды – ён сапраўды здолеў працягнуць. Яго беларускія “калегі” ў сваім гарадскім апломбе наважваліся называць гэта “наівам”, ажно самі ўрэшце апынуліся ні ў што толкам не верачы.

На нашым небе, безумоўна, ёсць сонм тых, хто нам cтуль дапамагае. Ёсць нашы продкі (у кожнага), ёсць нашы ўсіхныя продкі – а ёсць Асобы, што спрыяюць зверху. Крывіс Яўнюс Ёнас Трынкунас, бессумнеўна, з такіх. Ён, бясспрэчна, там з Крывейтамі, яны ўсе вясёлыя, памаладзелыя ўраз, вечныя. Спяваюць часта. Пэўна ж, сустрэўся і з Крывейтам Гінтаўтам, які, згодна з гістарычным сведчаннем, памёр за шэсцьсот гадоў да таго (1414), быўшы 74-м па ліку і апошнім як на той час.

У знак памяці запалім сёння агеньчык, а хто можа – і агонь.

Sv.