Нецімер і Себедзен – яцвяжскія дыархі

Як адны з найраней засведчаных яцвяжскіх уладароў не пагадзіліся між сабой наконт хросту, а пацярпеў місіянер.

Пятнаццаць гадоў на сёння ўжо мінула з часу, як у суседняй Літве святкавалі 1000-годдзе згадкі назвы “Літва”. Літоўская назва згаданая ў “Кведлінбургскіх аналах” (захаваліся ў рукапіснай копіі XVI стагоддзя). Пад 1009-м годам у “аналах” падаецца пра завяршэнне місіянерства манаха-бенедыктынца Бруна Кверфурцкага “на літоўска-рускім памежжы”.

Бруна, як і належыць прыхільніку рэлігіі пакутніцтва, натхняўся лёсам свайго папярэдніка Адальберта Пражскага. Гэты прапаведаваў прусам, і за гэта яго працялі дзідамі, а галаву адсеклі сякерай і насадзілі на палю. Перад гэтым, згодна з жыццеапісаннем, на рыначнай плошчы яго папярэджвалі: “З-за такіх людзей, як ты, наша зямля не дае плёну, дрэвы не даюць пладоў, новая жывёла не нараджаецца, старая памірае“. Яго наступнік Бруна прычакаў роўна такога ж канца – яму таксама адцялі галаву.

Але перад гэтым Бруна, калі даваць веры хронікам, досыць паспяхова навярнуў у сваю веру “караля” (лац. rex) Не́цімера з падданымі. Забіў жа прапаведніка, і ўсіх яго спадарожнікаў, Нeцімераў брат Себедзен. Такое “процістаянне” само па сабе паказальнае: адзін паддаецца, другі супраціўляецца. Нельга пры гэтым не згадаць ідэі дыархіі (двухуладдзя) у Вялікім княстве літоўскім (Альгерд і Кейстут, Вітаўт і Ягайла), і ў прусаў (Відзевут і Бруцен).

Калі адзначалі тысячагоддзе згадкі Літвы, дык літоўскія гісторыкі нават палемічна казалі пра “выбар Нецімера” і “выбар Себедзена” – маўляў, гістарычна ўзяў верх усё ж першы, які быў папярэднікам і для Міндаўга з яго першай Віленскай бажніцай (пераробленай усё ж неўзабаве на свяцілішча), і для Ягайлы з яго незваротным ужо хростам.

Падзеі з Брунам адбываліся ў наваколлі ракі, назва якой “Айстра” (выпраўляецца з Alstra). Досыць пераканаўча звязваюць гэтую назву з ракой Ятрай (цяпер “Ятранка”, а па-ранейшаму па-балцку Eitra або Eistra), прытокам нёманскай Моўчадзі, і з краем яцвягаў, які і меў быць “паміж Літвой і Руссю”. Ятра выцякае з-пад знакамітага возера Свіцязь і цячэ на захад на Зецелу (цяпер “Дзятлава”). Яшчэ зусім да нядаўна (да канца ХХ стагоддзя) тут, на нёманскім левабярэжжы, пад Зецелай, захоўвалася выспачка аўтахтоннага (сама менш, вельмі старадаўняга) літоўскамоўнага насельніцтва. Ёсць у гэтым, вядома, свой сімвалізм, у сувязі гэтай мясціны з архетыпам (таксама ж блізнечым) пачаткаў і канцоў.

І крыху пра самі імёны, якія ў лацінскіх тэкстах перададзеныя як Nethimer, Zebeden. Досыць рана яны былі адпазнаныя як імёны з дзвюх асноў з устаўным галосным паміж імі. Гэтыя ўстаўныя маглі быць, а магло іх і не быць, таму прымальныя варыянты Нецімер і Не́тмер, Себедзен і Се́бдзен. Напрыклад, у Себдзенавым імені першая аснова як у прускім Sebegaude, а другая аснова – як у былым імені Denutis, ад якога шчучынскае прозвішча Дзенуць.

Як і некалі, адны (як Нетмер) пойдуць у адзін бок, а другія (як Себдзен) – у іншы. Гэта як Стаўры – Дзвіной, а Гаўры – Дняпром. Тут вопададзел. А выраз “як Нетмер з Себдзенам” няхай бы памалу рабіўся крылатым, гэта высокай каштоўнасці нашая спадчына. “Як браты Іваноўскія” можна яшчэ, але гэта іншая гісторыя, і не такая працінальная.

Sv.