Свецім далей

Як можаце бачыць, “Свайкста” абнавілася.

Мы разжыліся новым даменам, цяпер сайт у міжнароднай зоне .com, а з адрасу svajksta.by сюды ідзе ўжо толькі перанакіраванне.

За без малога дванаццаць гадоў у нас памянялася шмат што ва ўспрыманні таго, як хацелася б падаваць матэрыялы (а падача адлюстроўвае мысленне). Перш, яшчэ ў рамках ранейшага сайту, апошнім часам памалу закрывалі каліснія матэрыялы (і злабадзённыя, і больш грунтоўныя), а тады надумалі, што ранейшае няхай застанецца за спінай. Што каштоўнейшае захаванае і будзе памалу выкладацца (але зусім каштоўнае прыберажэм для наступнага кніжнага фармату).

“Свайксцкае” вяртанне (праз дзесяцігоддзе ігнаравання) у сацсетку “твітар” (цяперашні “ікс”) дазволіла разасобіць матэрыялы сапраўды важныя ад момантавых навіначак. Затое гэтых апошніх цяпер будзе болей (і яны адлюстроўваюцца на сайце) – абмежаванасць у колькасці знакаў у паведамленні ў “іксу” дазваляе быць лаканічнымі.

Злева штомесяц будзе абнаўляцца каляндар датаў (маем на ўвесь год). Знойдзецца месца для балцкіх імёнаў і назваў – абнаўляцца будзе штотыдзень.

Дзякуй хто непакоіўся і дачакаўся. Хто шкадаваў – абрадуем, хто злараднічаў (з таго і, што прыкра, таксама і з гэтага боку) – ставім на месца. Першых і надалей будзем натхняць, другія хай ідуць на сухі лес.

Свет у новым стане (або толькі ўступае ў яго), але мы свецім далей.

Svajksta,
лютаўскія Пяркунавы дні