
Паказвалі “цмока” з тутэйшай ваўчынай пашчай, нагадвалі пра калядныя традыцыі стогадовай даўніны, прайшліся шэсцем па мястэчку.
На прамінулых выходных прайшоў юбілейны, 25-ы па ліку латвійскі Міжнародны фестываль традыцый масак. Гэтым разам ён прайшоў у латгальскіх Вілянах (штогоду праходзіць у розным месцы, каб гэтак “маскі” пабылі па многіх месцах краіны).
Традыцыйна фестываль складаецца з трох частак: “агледзіны” масачных калектываў (вызначаюць і пераможцу), канферэнцыя з дакладамі і карнавальнае шэсце масак вуліцамі паселішча (тут і ў дамы заходзяць, рыхтык “калядуючы”).
На “агледзінах” ці не найболей запомнілася гледачам (а гэта тыя ж удзельнікі, проста чакаючы сваёй чаргі, бо тут няма размежавання “гледачы-сцэна”), як рыжская “Гаратака” паказалася “цмокам” – з ваўчынай галавой і ў ваўчыных скурах. Якраз на гэтых выходных свет апанавалі медыйныя нагадкі пра “кітайскі новы год” (ці трэба гэтых нагадак людзям, застаецца пытаннем), а сучасныя латвійскія фалькларысты не хаваюцца ад свету з галавой у старыну, а рэагуюць творча, культывуючы трансфармацыйную моц уласнай традыцыі.
Што да дакладаў, дык сёлета бралі ўдзел, апроч латвійскіх дакладчыкаў, удзельнікі з Эстоніі, Польшчы і Славакіі. Славацкі ды два эстонскія дакладчыкі зрабілі агляд традыцый каляндарнага маскавання ў сваіх краінах.
Зусім да месца (у прамым сэнсе) быў выступ даследчыцы з Польшчы, якая распавяла пра калядныя традыцыі ў Латгаліі ХІХ стагоддзя, абапіраючыся на звесткі з этнаграфічнай кнігі 1895 года “Латышы польскіх Інфлянтаў, а менавіта Вілянскай гміны Рэжыцкага павету” (латышскі пераклад выйшаў не так даўно, у 2017-м).
Адна з арганізатараў сучаснага латышскага руху масачных традыцый (яго, можна сказаць, “ідэолаг”, аўтарка адпаведнай даследчай кнігі, 2009) Аіда Ранцанэ выступіла са спавешчаннем “Калектывізм і індывідуалізм у рэпрадукаванні традыцыйнай культуры ў наш час”.
Пераапранаючыся на зімовыя каляндарныя святы ходзяць троху і ў нас, і ў нашых суседзяў – ажно толькі ў Латвіі масачныя традыцыі захоўваюцца і транслююцца са строгім паняццем, нашто так рабілася і нашто робіцца, як гэта ўплывае на цэлы свет і грамаду, з якімі “энергіямі” працуюць тыя “калядоўшчыкі” (у Латгаліі сказалі б – “цыганы”) і як не адпасці ў чысты карнавальны бясплённы інфантылізм (гэта ўжо наш каменьчык у беларускі гародчык).
Каляндарна вызначанае пераўвасабленне з чалавека ў звера, з мужчыны ў жанчыну ці наадварот – гэта штось зусім здаровае, вельмі вітальнае, з даверам да свету, і ўрэшце процілеглае да ўсяго супермаскулінна-нягнуткага. Бо ўсё, што цяпер ні творыцца ў свеце (і ў нашым рэгіёне не ў апошнюю чаргу), – гэта адзін суцэльны Цень, які ўсё хавалі-хавалі, ажно ён выскачыў на святло і бясчынствуе. А варта было ўсяго толькі дзядзькам у гарнітурах схадзіць разок “у цыганы”, намазюкаўшы вусны бураком.
Sv.










