Татальнасць лідара на ўсходзе

“Рабі нечаканае, рабі як не бывае, рабі як не робіць ніхто”
Уладзімір Караткевіч

Адштурхнемся ад рэалій, ажно па-харошаму кожная рэалія і мусіць даваць поштурх да выхаду ў бясчасавыя горнія абсягі.

Адыходу ў іншасвет Арктычнага сядзельца, да нядаўна найвядомейшага вязня суседняй краіны, няможна разглядаць ані ў вакууме, ані паддаючыся на эмоцыі шырокага спектру яго прыхільнікаў. Дарэчнейшы ён у “тройцы” іх тамтэйшых нацыяналісцкіх “пакутнікаў”, пасля Марцінкевіча-“рэструктара” (2020) і Прасвірніна-“спутнік’і’пагрома” (2021). І гэта ясна паказвае вектар: кансерватысцкі і нацыяналісцкі, які ў іх там цяпер зусім таталізаваны, канчаткова засяроджаны вакол адной лідарскай асобы.

Але маштаб, як выглядае, тут нашмат шырэйшы і глабальнейшы. Нездарма ж мова колькі гадоў таму ішла пра прыход у Арктыку, а вось цяпер, літаральна ў нашы дні, зусім прадметна зайшлося пра калязямную арбіту. Звычайна чуем (і верым) пра архетып без малога дзіцячай Крыўды на Захад, але гэта не выглядае вычарпальным тлумачэннем.

Павінна было рабіцца зразумелым яшчэ гады таму. Нагадаем серыю пэўных малапрыкметных звычайнаму назіральніку падзей. У 2008-м расійскі лідар уласнаруч надзявае ашыйнік на амурскага тыгра, у 2009-м акальцоўвае “валадарку цыркумпалярных водаў” рыбу бялуху, у 2010-м ашыйнік надзяецца на арктычнага белага мядзведзя. Нарэшце, у 2012-м – на мотадэльтаплане лятае з белымі журавамі сцерхамі (птушка-эндэмік, па-за расійскую поўнач не вылятае).

Усё гэта крытыкамі падавалася як смеху вартыя піяр-акцыі (сюды ж, дарэчы, і амфара з чарнаморскага дна ў 2011 годзе, які “запаўняе” прагал у гадах). Але хто кметлівейшы, той адразу ацэньваў гэта як дзеянні выключна магічнага парадку. Гэта, як небеспадстаўна мяркуецца, было пра сімвалічную ўладу “над зямлёй, над вадой, над небам”, у асобе адпаведных жывёлаў-“цароў” тых абсягаў.

Наступны званочак быў з публічным прадстаўніцтвам уладных элітаў. У тыя ж самыя гады, у пачатку 2010-х, назіральнікі так жа сама звярнулі ўвагу на з’яўленне, бы Піліпа з канапель, гучных, зусім гістарычных прозвішчаў на расійскім уладным алімпе: Нарышкін, Шувалаў, Талстой. З нябыту выцягвалася арыстакратысцкае вымярэнне, каб, таксама зусім “па-магічнаму”, прыцягнуць да сябе адпаведныя “энергіі” з мінуўшчыны.

Дарэчы, якісь паралельны быццам бы працэс можна прыкмеціць і ў нашай краіне. Ад 2014-га Нацыянальным банкам краіны кіруе Калаур, ад 2018-га на чале “Белтэлерадыёкампаніі” – Эйсмант, ад 2020-га галоўны спецслужбіст – Церцель. Пасады хай не самыя рэпрэзентацыйныя (хоць і выключна ж важныя для ўнутранага парадку), але акцэнты праступаюць. Гэта ўсё прозвішчы ад старых балцка-літоўскіх двухасноўных імёнаў: Kal-a-uras, Eis-mantas, Ter-telas.

Прыгадаем (зрэшты, чарговы раз нагадаем), што бадай ніколі за паўтара стагоддзя “ўзрушэння беларусаў” (Belarusians ascending, перафразуючы гісторыка Роўэла) такой канцэнтрацыі людзей з тутэйшымі арыстакратычнымі прозвішчамі на падзейнай сцэне не было – ні ў дарэвалюцыйны час, ні ў савецкі, ані ў першыя гады незалежнасці. Былі ўсё Захаркі ды Варонкі, Антончыкі ды Навумчыкі. Хоць, можа, так проста прыцягвае абсяг улады.

Але што ў гэтым бачна ясна – гэта тое, што ў кіроўным слаі гучыць, выпадкова ці свядома, яўная заяўка на пэўную сімвалічную пераемнасць з тутэйшай балцка-літоўскай арыстакратыяй. Плябейскія “славяна-літвіністы” могуць хоць разарвацца крычаць пра “нашае ВКЛ” (пра пісарчуковага нашчадка Сапегу і пра выдаўца-“модніка” Скарыну), але гістарычнай праўды гэта не касуе. Каліснюю Вялікую Літву стваралі Гайлігіны і Манівіды, іх нашчадкі кіравалі ёю бадай безальтэрнатыўна да XVI стагоддзя. І з тых часоў хочаш не хочаш, але архетып Улады на гэтай зямлі непарыўна звязаны з гэтым.

Нарэшце, трэці штрых. Яшчэ ў 2020-м… – але гэта не тое, пра што вы адразу падумалі, – у менскім часопісе “Беларускі фальклор” літоўскі міфолаг Разаўскас, на пару з берасцейскай даследчыцай Швед, апублікаваў артыкул (увогуле, выключна варты вашай увагі) пра міфалогію дрэў. І там ён звяртае ўвагу, што расійскае прозвішча Пуцін можна звязаць з літоўскім putinas “каліна”, бо быў жа і такі пісьменнік Вінцас Мікалайціс з псеўданімам “Пýцінас” (дарэчы, аўтар актуальнага і па сёння антыклерыкальнага раману “У ценю алтароў”).

Хоць “літоўскі вектар” у гэтым выпадку можа быць і іншы. Продкі-Пуціны – яны з Помінава пад Цвер’ю. Помінава – над волжскай ракой Шошай, там бліжэй да Цвяры і яшчэ адно Помінава, а паміж імі былі Багрымава і Літвінцава (гэтых двух цяпер няма). Дык і Помінава, і Багрымава – гэта, найверагодней, ад балцка-літоўскіх двухасноўных імёнаў Po-minas, Bag-rimas (на Паволжа былі раннелітоўскія паходы, іх засведчыў летапіс на ХІІІ стагоддзе, і даходзілі ажно да заволжскага Бежацка). Больш за тое, даследчык літоўскай антрапаніміі Зінкявічус падае і імя Pu-tinas, і гэта ад яго аўтахтоннае ў сваёй аснове літоўскае прозвішча Putinavičius (“Пуціновіч”). Відаць, ад такога ж імя і наддзвінскае Пýцінава ў нас у Мёрскім раёне (а ніжэй па Дзвіне – Ва́льціны і Цяцíнаўка, ад імёнаў Val-tinas, Te-tinas з той жа другой асновай Tin-).

Якія ж, каб жа вас блытанікаў, высновы з усяго гэтага выкладу, спытаеце вы? Падтрымаць вайну, стаць гарой за еўразійскага кансерватыўнага лідара? Хто мысліць грубымі непабітымі камякамі, той хай думае як сабе схоча. Для нас жа ў гэтым выкладзе галоўнае тое, што ясна паказвае: балцка-літоўская оптыка тут у нас зусім не перыферыйная (як бы хто ні намагаўся яе такою падаць, з невуцтва або намоўлены).

Па-другое, вось такое мысленне катэгорыямі ўсяго свету, усёй светабудовы – бліжэйшае за ўсякае іншае, і гэта тое, чаго хацелася б часцей вакол сябе і ў нас. Нарэшце, трэцяе – нашая краіна і яе межы гэта ніяк не вянец развіцця і не штось давечнае, а перад ёй былі стагоддзі і тысячагоддзі зусім іншага (і нам, напрыклад, мілейшага). А якою прыйдзе будучыня – можна хіба глядзець. Не пакідаючы, вядома, сваёй тутэйшай оптыкі.

Sv.

* * *

Спадабаўся тэкст? Выкажы прыхільнасць, падтрымай на “Патрэоне” (ахвяры ідуць на выдавецкія і арганізацыйныя справы).