
Сёлета спаўняецца 688 гадоў з часу гераічнага чыну абаронцаў літоўскіх Пілянаў (Pilėnai). Яшчэ дванаццаць гадоў – і будзе круглая дата, 700.
Крыжакам аблажыўшы замак, пілянскія абаронцы на чале з правадыром Маргірам і безыменнай паганскай жрыцай не здаліся, але выбралі добраахвотную смерць супраць ганебнага палону.
Перамяніць ідэнтычнасць, здрадзіць лічылі непрымальным, верылі ў сваю праўду і ў наступнае перараджэнне. Падобным чынам, згодна з крыніцай 1203 г., верылі і яцвягі: “Сынам лепш пазбыцца жыцця, чым бацькам — свабоды, а больш паважная смерць забяспечыць ім больш паважнае нараджэнне. Бо ўсе яцвягі былі перакананыя, што душы аддзяляюцца ад целаў і зноў увасабляюцца ў целы, якія нараджаюцца“.
Пілянскі чын – з таго шэрагу, што і чын абаронцаў індыйскага Чытаргару ў 1303-м або блізкаўсходняй Масадскай цвярдыні ў 73-м.
Нябожчык Ёнас Трынкунас, засноўнік літоўскай “Рамувы”, пісаў у кнізе “Шлях старалітоўскай рэлігіі” (пераклад выдадзены ў нас у 2019-м) пра чын абаронцаў Пілянаў:
“[Рэліязнавец] Гінтарас Бераснявічус, які аналізаваў трагедыю Пілянаў, зрабіў выснову, што смерць у Пілянах не была звычайным самагубствам. Гэта была рытуальная смерць, бо толькі дзве асобы – старая жрыца і правадыр Маргір – узнялі руку супраць сябе. Іншых яны забілі з іх згоды. Бераснявічус прыгадвае [старапрускі] Брутэнаў праўнік, у якім сказана, што забіць сябе можна “дзеля славы багоў”. У крытычнай сітуацыі, калі больш няма ніякага выйсця, застаецца магчымасць выйсці ў свет багоў або продкаў. У індыйскай “Магабгараце” сказана: у бітве могуць здарыцца дзве страшныя рэчы – можна “пазбыцца абодвух светаў”, калі прайграўшыя бітву і забітыя воіны пазбаўляюцца гэтага свету, а баязліўцы, што ўцяклі або паддаліся ворагу, пазбаўляюцца яшчэ і таго (продкавага) свету. Мысленне ў Пілянах магло быць падобнае, а рэальны выбар быў – загінуць свабоднымі або жыць у няволі“.
* * *
З паэмы Ўладзіслава Сыракомлі “Маргер”
Бой трывае, цвярдыня палае – літва сабе радзіць:
Пасярэдзіне пляцу ахвярнае вогнішча ладзяць.
Жудкі роспачы енк дасягае самога падзем’я;
Йдзе вядуння, а з ёю багі, быццам прывіды з цемры.
Яе дух узмацнеў, яна Зніч назаўжды загасіла,
З яго іскры апошняй раздзьмула агонь з усёй сілы.
А крыжак на ўсё тое няўцямна здаля пазірае:
Грудзі вояў сякерай страшною ўскрывае старая.
Пад лязом вайдэлоткі літвінскія шэрагі таюць,
Хто сканаў – аднаго на другога, як дровы, складаюць.
Дзеці грознай Літвы, што ад роспачы й шалу п’яныя,
Забіваюцца самі, у вогнішча скачуць жывымі.
Не адзін літасць страціўшы бацька сярод тлуму й дыму
Немаўля сваё выхапіў з зыбкі і ў вогнішча кінуў.
А матуля выцягвае ды паўспалёнага корміць;
Той ідзе і яе ўбіць – яна нежывая ўжо з гора.
Маргер кажа у трубы зайграць святарам сваім гучна,
Каб узняць у тых, хто йдзе ў ахвяру, іх духу рашучасць.
А сам з колькімі мужнымі сцены цвярдыні абрынуў,
Каб упалі на немца й літва мела лішняй хвіліну –
Яе лёсам спаўняцца ў не бачанай светам ахвяры. –
Дык не ўбачыш, чужой веры носьбіт, ні здрады, ні свары!
Пер. з польск. А. Мікус
Sv.
* * *
Спадабаўся тэкст? Выкажы прыхільнасць, падтрымай на “Патрэоне” (ахвяры ідуць на выдавецкія і арганізацыйныя справы).