
9 сакавіка – дзень, калі ў пісанай крыніцы (“Кведлінбургскія аналы”) пад 1009-м годам упершыню была згаданая назва Літва. Пятнаццаць гадоў таму ў Літоўскай Рэспубліцы гучна адзначылі гэтую прыкметную дату – паказаўшы, хто рупіцца старалітоўскай спадчынай сёння.
Апошнія некалькі гадоў чым агрэсіўнейшая рыторыка з усходу на адрас Літвы, тым болей паралельна разаграваюць беларускіх актывістаў наконт таго, што “Літва наша”. У сэнсе, не толькі назва (і сімволіка), але і тэрыторыя і вакол Вільні, а часам і да Коўна. Апелююць да паступовага моўнага аславяньвання, якое напірала ўглыбкі Літвы і якое спыніла толькі абвяшчэнне першай Літоўскай Рэспублікі ў 1918-м.
Цяпер хіба ў этнаграфічных экспедыцыях часам яшчэ можна пачуць ад старых людзей пра каліснюю іх ідэнтыфікацыю “ліцвінамі”. Такое і сапраўды зусім да нядаўна мела месца, і старыя, каторыя памятаюць, з кожным годам незваротна адыходзяць.
“Ліцвіністы” не разумеюць галоўнага: як адбывалася назоўнае “злітоўшчванне”. Можна колькі заўгодна дэманстраваць старадаўніх картаў з пазнакай “Літва” на ўсходзе ад цяперашняй Літвы (перафразоўваючы вядомы мем – “зараз мы пакажам, адкуль рыхтавалася нападзенне”…). Але тыя карты – толькі наступства таго, як літоўская назва насунулася на тэрыторыі на ўсходзе.
Надзвычай карысны прыклад – на поўдні ад нас, “украінска-расійскі кейс”, а якраз жа ў ім корань цяперашняй Украінскай вайны. Ад Кіева і Русі выводзяць пачаткі цяперашняй Расіі. Украінцы не першае дзесяцігоддзе (а калі па-харошаму, дык і цэлае стагоддзе) стараюцца, каб вярнуць “рускую” назву на яе месца, ва ўкраінскі Кіеў.
Без “рускай” назвы Расія застанецца стаяць на купіне пасярод балота, пасярод ідэнтычнаснай дрыгвы; знікне рошчына, што ў адну будыніну злучае цагліны з дзясяткаў падпарадкаваных меншых народаў. Таму, паважаныя, канчайма трызніўшы пра “вар’ятаў на ўсходзе” – яны, па-свойму рацыянальна, не даюць сваёй федэрацыі распасціся, коштам украінцаў, вядома.
Нашая краіна прайшла гэты шлях на стагоддзе з гакам раней. Спачатку калі пачалі насоўваць “беларускую” назву (“Дудка беларуская”…), тады калі літоўцы вярнулі літоўскую назву сабе (так жа сама як украінцы хочуць вярнуць рускую назву сабе і адзінаасобна звацца Руссю, або Ўкраінай-Руссю). Вяртанне літоўскай назвы на яе радзімае месца адбылося раней, вяртанне рускай назвы ў Кіеў працягвае адбывацца (але невядома, ці адбудзецца ўрэшце) у наш час.
Племя літва было балцкае, гутарыла па-старалітоўску, цяперашнія літоўцы з тымі старалітоўцамі лёгка б згаварыліся. Балцка-літоўская назва была Lietuva (Ліетувá), а ў аславяненай форме – “Літва” (двугук “-іе” спрасціўся ў “-і-“), адпачатна гэта была назва рэчкі. Так жа сама ў нас, напрыклад, паўз Мар’іну Горку цячэ рэчка Цітва, а ў Літве аналаг – рэчка Tytuva “Цітувá” (паміж Расейнямі і Шаўлямі на заходнелітоўскай Жамойці). Або таксама: за Смаленскам рэчка Водва – а ў Літве рэчка Vaduva “Вадувá” (паміж Купішкамі і Рокішкамі). Толькі дундуку якому гэта не довад.
Назва “Літва” пашырылася з-навокал Вільні на тэрыторыю на ўсходзе роўна так жа сама, як за некалькі стагоддзяў да таго на тэрыторыю на поўначы пашырылася з-навокал Кіева назва “Русь” – і гэта адна і тая ж тэрыторыя, цяперашняя нашая. Толькі “руская” назва крапчэй замацавалася на ўсходзе цяперашняй Беларусі, а назва “літоўская” – на (паўночным) захадзе, бо ў адным выпадку бліжэй да Кіева, а ў другім бліжэй да Вільні. Трэба таксама памятаць, што, напрыклад, яшчэ тысячу гадоў таму палачане (менавіта, Брачыслаў) спыніліся ля літоўскіх межаў пад Маладзечнам; міжрэчча Віліі і Нёмана і было яшчэ не зрушчанай, самай што ні на ёсць Літвой.
Увесь “літоўска-рускі” назоўны вузел – пра тое, як на гэтую тэрыторыю насоўваліся назвы з бакоў. Для жамойтаў, дарэчы, літоўская назва таксама ў нейкай меры накінутая, ім прыродна было перагукацца з аўкштойтамі, бо першыя – “нізіннікі”, а другія – “вышыннікі” (žemas “нізкі”, aukštas “высокі”). Проста літоўскай назве трапіла апанаваць і аўкштойтаў, і жамойтаў, а тады і тэрыторыі на ўсходзе, вось такая экспансійная назва. Пазней, дарэчы, у нейкі гістарычны перыяд (нават у два перыяды) нашыя землі называлі “Польшчай” – дык ці пачынаць адваёўваць назву ў палякоў?
Нападаючы на літоўцаў наконт назвы, беларусы робяць дакладна так жа сама, як рускія (расійцы) робяць цяпер з Украінай. Гэта трэба разумець. Гэта адзін і той жа архетып. Гэта як унук пачаў бы казаць дзеду, што ён, унук, старэйшы. Гэта як яйка курыцу пачало б вучыць. Літвін таксама хоча Бучы.
На сёння ў краіне пануе “руская” назва. Прынесеная, умоўна кажучы, з Кіева. Апаненты ўсё больш хіляцца марыць, каб запанавала “літоўская” назва. Прынесеная, умоўна кажучы, з балцка-літоўскай Вільні. Так і блукаем у трох соснах сваёй ідэнтыфікацыі.
Такім чынам, ні Русь, ні Літва? Хіба што ўсё ж Літва – пад “літоўскім” лозунгам мела б адбыцца вяртанне да нашых балцкіх каранёў, што б гэта ні азначала (а азначаць можа шырокі дыяпазон усяго). А хто вярзе пра “славянскую Літву” – гарачай смалой рот заліць за няпраўду.
Sv.
* * *
Спадабаўся тэкст? Выкажы прыхільнасць, падтрымай на “Патрэоне” (ахвяры ідуць на выдавецкія і арганізацыйныя справы).