“Мая спатоля – лес”

Ці трэба споведзяў, ці трэба спавядальнікаў? А як даўней давалі рады з цяжкасцю на душы? Кажа дзявенішская траўніца.

Траўніца Элена Бутрымавічуце-Таргавічэне з літоўскага “Дзявенішскага выступу”, ужо шэсць год як нябожчыца, казала:

“Ці хто ўжо пакрыўдзіў, ці нервус які, ці нядобра, дык я ў лес. Мая спатоля – лес. Я прыйду, пабуду, пасяджу, я і паспяваю, я там паплачу ў лесе і назад прыходжу, хоць ногі натомленыя, але я роўна як з лазні – лёгка на душы.

Я маю выбраўшы адну сасну… шторазу, калі прыходжу ў лес, я з ёй пагутару так, як з чалавекам. Я з ёй пагутару, я і малітвачку скажу каля сасны той, і пагутару, свае ўсе беды раскажу. Яна мне дык не адказвае, я ведаю, што не адказвае, але я кажу: “Сасонка, ты ўсё чуеш, усе мае беды, усё…” Ну вось так пагутару-пагутару і зноў іду далей…

Калі іду да той сасны, дык я заўсёды мушу яе наведаць. І цукеркамі пачастую: за ёй, дзе ёсць шчэль якая, дык я ўсуну цукерак, частую… А пасля Вялікадня дык я і яйкам яе пачастую. Нейкая птушачка возьме, сасна таго не есць, я ж гэта разумею, але пачаставаць трэба.

Як іду іншага разу, гляджу, што ўжо паперкі толькі ляжаць, цукерачак няма. Ці гэта мурашкі высмакталі, ці птушкі разгарнулі, але паперкі ляжаць, а цукерачак няма.

Я ўвесь час, кажу, маю наведаць тую тоўстую сасну, старую матулю [уздыхае]. Я да яе хаджу пажаліцца”.

З матэрыяла ў 6-м, апошнім леташнім нумары літоўскага этналагічнага часопіса “Будас”