50 гадоў без Эвалы

Паўстагоддзя таму, якраз 11 чэрвеня, пайшоў з жыцця італьянскі мысляр-традыцыяналіст Юліус Э́вала (часам кажуць “Эво́ла”, але тое не ў згодзе з італьянскім вымаўленнем). Нягледзячы на тое, што слова “традыцыі” тут у нас не чужое і гучыць почасту, але азначэнне “традыцыяналіст” калі і ўжываецца, дык зусім без патрэбнай строгасці, а каму як на язык ляжа. А тым часам жа сёлета яшчэ і трыццаць гадоў, як ва Ўсходняй Еўропе пачалі шырока знаёміцца з Эвалавай думкай, а таму мова хіба пра ступень шырыні кругагляду ў тых, каму імя Эвалы дагэтуль аказваецца незнаёмае.

“Паганскі імперыялізм”

Першым у нашых краях з’явіўся пераклад самага першага, зусім ранняга Эвалавага твору – “Паганскі імперыялізм“. Аўтар, дарэчы, шмат пазней прызнаваў, што і назва малапрыдатная, і празмерна экстрэмальных фармулёвак у кнізе забагата. “Паганскі”, казаў Эвала пазней, гэта ж мянушка для нехрысціянаў ад хрысціянаў, а “імперыялізм” надта яўна адсылае да агрэсіўнага, захопніцкага пашырэння нацый, а такога якраз у кнізе і не было ані знаку (пад “імперыяй” мелася на ўвазе напоўненае вышэйшымі сэнсамі дзяржаўнае ўладкаванне).

А чаго было, дык гэта закліку да новага арыстакратызму. “Паганскі імперыялізм” выйшаў у 1928-м, Эвалу трыццаць гадоў, ён толькі шэсць год як адышоўшы ад мастацкага руху дадаістаў, у якім адыгрываў прыкметную ролю і як мастак, і як фармулёўшчык.

Дадаізм быў скрай нігілісцкай, абсурдысцкай з’явай, разам з супольнікамі бадай да краю дайшоў і Эвала ды нават падумваў пра добраахвотны сыход з жыцця. Ажно, крануўшыся дна, адштурхнуўся ад яго і ўзяўся ўсплываць. Перш дапамагла філасофія, дзеля штудыявання нямецкіх філосафаў ён вывучыў нямецкую мову. Тады пахінуўся ў бок старадаўніх міфаў. Менавіта ў іх Эвала знайшоў тую структуру, супраць якой так зацята бунтаваў у дадаістах. Яшчэ да Дзюмезіля з яго “трыма станамі ў індаеўрапейцаў” Эвала тут піша:

“Нашая кропка водштурху не можа быць ніякай іншай.
У самым нізе іерархіі стаіць здаровае працалюбства ніжэйшых класаў (шудры), не анархізаваных дэмагагічнай ідэалогіяй і кіраваных дасведчанай у тавараабмене і гандлі, спрошчанай, коштам спрашчэння патрэбаў, гаспадарча-прамысловай арганізацыяй (вайш’і).
Над імі стаяць кшатрыі, ваяўнічая знаць, якая ўсведамляе каштоўнасці і мэты вайны ў гераізме, славе і трыумфе якой палае найвышэйшае апраўданне ўсяго народу.
Над кшатрыямі стаяць брагманы, сонечны род духу і мудрасці, тыя, хто “бачыць” і “могуць”, і іх жыццё – гэта сведчанне таго, што мы не належым да гэтай цёмнай Зямлі і што нашыя жыццёвыя карані сягаюць вышыняў, бляску “Нябёсаў”.
І па-над усім гэтым, як міф і крайні стан, высіцца ідэал Чакраварці, “Караля Свету”, нябачнага Валадара, які мае акультную, усёмагутную і безумоўную сілу”.

Надта дубаломна, скажаце? Але такі тады быў час. Былі разгубленыя масы, былі зусім незадоўга да таго патрушчаныя манархічныя дынастыі. З масаў вылузваліся тыя, хто прагнуў зрабіцца новай элітай, – “свежая кроў” з глыбіняў народу. Дзесьці яны былі альтэрнатыўным полюсам прыцягнення (як у румынах), дзесьці яны адразу выгадоўваліся ўнутры чэрава дзяржаўнай машыны (як у немцах). Менавіта Эвала ў “Паганскім імперыялізме” вельмі па-візіянерску трапна – адштурхоўваючыся, праўда, амаль цалкам ад пасылаў ад Ніцшэ – характарызаваў гэтых меркаваных “новых людзей”:

“У рэінтэграваных людзей тады рэальна, стыхійна з’явяцца новыя мэты, новыя вочы, новыя крылы. Звышнатуральнае перастане быўшы бясколернымі ўцёкамі бясколерных душаў. Яно стане рэальнасцю, яно зліецца з натуральным. (…) Яны стануць закрытымі ў сабе як свет, як скала, як вяршыня – маючы справу толькі са сваёй сілай або са сваёй слабіной. Кожны зойме свой пасад – пасад у змаганні; кожны знойдзе сваю якасць, сваё жыццё, сваю годнасць, сваю асаблівую сілу, ні да чаго не падобную, нязменную. (…) Дакладныя дачыненні, Парадак, Космас, Іерархія”.

Можна сказаць, Эвала адчуў, што ў выніку ўсіх грамадскіх пераваротаў перад ім tabula rasa, “чыстая дошка”, і можна выявіць на ёй што заўгодна наноў, і яно прымецца і завяжацца.

“Паўстанне супраць цяперашняга свету”

Наступная Эвалава кніга, “Паўстанне супраць цяперашняга свету“, выходзіць зусім неўзабаве, у 1934-м. Усяго праз год памрэ апошні са старых дзяржаўных волатаў Еўропы – паляк-ліцвін Пілсудскі, дый у тым жа 34-м латыш Улманіс здзяйсняе свой пераварот. Уся еўрапейская сцэна ўсталёўваецца такой, якою яна пратрывае да канца наступнай вайны.

Кніга “Паўстанне супраць цяперашняга свету” дэталёва і скурпулёзна раскрывае тэзы, эмацыйна і вельмі па-юнацку закранутыя ў “Паганскім імперыялізме”. Цяжкаважная, амаль 500-старонкавая, двухтомная – яна падае, можна сказаць, ідэальнае арыстакратысцкае светабачанне, светабачанне ідэальнага арыстакрата, “новага арыстакрата”, не абцяжаранага гісторыямі і ўсім багажом арыстакратыі старой. Да чытача Ўсходняй Еўропы гэтая кніга дайшла параўнаўча нядаўна, таму пра думку Эвалы як аўтара “Паганскага імперыялізму” склалася досыць павярхоўнае ўражанне – як пра нешта, што лёгка пераадольваецца, калі выходзіш з юнацкага ўзросту. “Паўстанне…” даводзіць, што зарана мы адкінулі, і нездарма менавіта гэтую кнігу Эвала трымаў за галоўны свой твор, нездарма гэта цэлымі дзесяцігоддзямі настольная кніга ў некалькіх пакаленняў еўрапейскіх традыцыяналістаў.

Тут Эвала абрынаецца з зусім традыцыяналісцкай і арыстакратысцкай крытыкай на сучасную яму еўрапейскую цывілізацыю, і ў гэтым ён зусім сугучны са Шпенглерам (яго “Увяд Захаду” быў на той час свежыной, цалкам выйшаў у 1922-м), калі кажа:

“Гэтая цывілізацыя па сутнасці ведае толькі чалавека; усё пачынаецца і сканчаецца чалавекам, уключна з нябёсамі і пеклам, услаўленнямі і праклёнамі. Гэты свет – інакшы ў параўнанні з сапраўдным – з яго ліхаманкавымі і прагнымі стварэннямі, яго мастацкай мітуснёй і яго “геніямі”, яго бясконцымі машынамі, заводамі і дэмагогамі, стаў для чалавекам адзіным магчымым. (…) Бясконцыя заваяванні, пераадоленні і тварэнні новага чалавека падобныя да чарвячынага кішэння ў працэсе гніення. Адкрываецца дарога ўсім канвульсіям, маніям імкнення да новага і скідання аўтарытэтаў і цэламу свету фундаментальнай дэмагогіі”.

Пэўныя фармулёўкі з “Паўстання…” зусім футурыстычныя і нібыта хутчэй пра нас і наш час, з яго інтэрнэтна-мабільнай пагардай да адлегласцяў і дыстанцый:

“Духоўнаму пераадоленню часу, якое дасягаецца праз узвышэнне да досведу вечнага, сёння проціпастаўляецца яго сфальшаваны двайнік – механічнае і ілюзорнае пераадоленне, якое дасягаецца праз хуткасць, імгненнасць і адначаснасць з дапамогай хітрыкаў тэхнікі і шматстайнасці новага “інтэнсіўнага жыцця”. (…) Гэта заняпад людзей, якія атаесамляюць сябе з тым, што разбурае працягласць, знішчае інтэрвалы і скасоўвае адлегласці, урэшце падае ў імгненнасць і, адсюль, у сапраўдны распад унутранай цэласці”.

Але шпенглерыянствам Эвала не абмяжоўваецца. Часам такое ўражанне, што ён амаль да дна вычарпаўшы ўсё, што можна было вычарпаць з якой Фрэзеравай “Залатой галіны” (усе 12 тамоў якраз выйшлі станам на 1915-ы). У “Паўстанні…” мора звестак з міфалогіі і старадаўняй гісторыі. Галоўная ідэя таксама зусім старадаўняя, яшчэ Гесіёдава – быў Залаты век, і гэты быў ідэальны час. А яшчэ была ідэальная Паўночная прарадзіма, і гэта было ідэальнае месца. Усё найлепшае, такім чынам, засяроджвалася Тады і Там, а не Цяпер і Тут, у “цяперашнім свеце”.

Такое гледжанне на прасторава-часавую арганізацыю трэба прызнаць за ідэальна арыстакратысцкае. Гэта светабачанне, што максімальна аддаляе ад Зямлі ў Неба (адсюль такая дыстанцыйнасць у прасторы і ў часе). Гэта максімальнае прыцягненне да вышэйшага полюса ў вертыкальнай іерархіі, які і павінен быць зусім далёкі і недасяжны (як Залаты век, як Паўночная прарадзіма). Гэта нібы сказаць усім ніжэйшым: вам туды не дацягнуцца, ні ў прасторы, ні ў часе. Трэба думаць, менавіта такая матывацыя (хай мо і не ўсвядомленая) была і ў тых старых часах, калі такія вобразы з’яўляліся і тварыліся. Адсюль, дарэчы, і градацыя пэўных міфалагізаваных “тыпаў цывілізацый і традыцый” (вось адкуль, аказваецца, выйшлі ўсе без меры шматслоўныя дугінскія “логасы”):

“Мы прыйшлі да марфалагічнага азначэння шасці асноўных тыпаў цывілізацый і традыцый, што паўсталі пасля адпачатнай цывілізацыі (Залатога веку).
З аднаго боку, гэта дэметрызм, які ўяўляе сабой чыстае Святло Поўдня (Срэбны век, атлантычны перыяд, грамадствы на чале са жрэцкай кастай); афрадытызм як звыраджаная версія дэметрызму; і нарэшце амазонства як збочаная спроба луннай рэстаўрацыі.
З іншага боку, мы знаходзім тытанізм (у іншым кантэксце нават люцыферыянізм) як выраджэнне Святла Поўначы (Бронзавы век, эпоха воінаў і волатаў), дыянісійства як збочаную і вылегчаную мужчынскую духоўнасць, што спараджае пасіўныя і змяшаныя формы экстазу; і ўрэшце гераізм як рэстаўрацыю алімпійскай сонечнай духоўнасці і пераадоленне як Мацеры, так і тытанаў.”

Вайна адгрымела

“Паганскі імперыялізм” (1928) і “Паўстанне супраць цяперашняга свету” (1934) можна смела назваць дзвюма даваеннымі часткамі своеасаблівай светапогляднай “тэтралогіі”, што ўвогуле выйшла з-пад пяра Эвалы (пісаў ён, як вядома, і на больш эзатэрычныя тэмы, вузейшыя). Дзве астатнія, паваенныя часткі – гэта “Людзі і руіны” (1953) і “Верхам на тыгры” (1961).

Людзі і руіны” – выйшлі неўзабаве пасля краху даваенных спадзяванняў на новыя зусім ідэалістычныя эліты. Пэўныя надзеі тады Эвала ўскладаў на новую паваенную моладзь, але ў аўтабіяграфіі “Шлях цынобры” ён піша, што і гэтыя надзеі ўрэшце ляснулі:

“На жаль, паўсюдна я сутыкнуўся з чалавечым тыпам “палітыканаў”, якія застаюцца такімі нават змагаючыся з камунізмам і вызнаючы менш-больш “нацыянальныя” і вельмі-патрыятычныя ідэі. Парламенцкія інтрыгі памалу з’елі нават найлепшых. Тыя юнакі, чыя правая арыентацыя ў 1948-м зрабілася для мяне прыемнай неспадзяванкай, рассеяліся: яны або разышліся па партыях, або, падарослеўшы, адкінулі ідэі, які натхнялі іх раней, але якія дакладна не маглі дапамагчы ім “уладкавацца” ў жыцці”.

Кнігу “Людзі і руіны” паводле лёгкасці чытання можна змясціць пасярэдзіне паміж экзальтаваным “Паганскім імперыялізмам” і перагрувашчаным фактурай “Паўстаннем…”. Тут тыя ж ідэі, але выкладзеныя досыць цвяроза і стрымана.

Нарэшце, “Верхам на тыгры” (часам “Асядлаць тыгра”) – гэта выніковая Эвалава рэфлексія наконт перспектыў сваіх ідэй, якія ён узяўся развіваць за сорак гадоў да таго. Гэта вельмі “экзістэнцыялісцкая” кніга, нездарма тут багата і пра экзістэнцыялістаў Сартра і Гайдэгера. Тут Эвала нібыта вяртаецца ў свой перыяд перад “Паганскім імперыялізмам”, калі ён па-неафіцку прагна штудыяваў філосафаў. Гэтая кніга звяртаецца да тых асобных і выключных людзей, якія, так бы мовіць, маглі зрабіцца новай элітай, але сталі толькі асобнымі, мала звязанымі адзін з адным “арыстакратамі духу”. Гэта глыбокая кніга, поўная мысленчай нюансаванасці, зусім стаічная. Яна для тых, хто свае ідэі бачыць ляснуўшы і не перамогшы (і таму заўсёды знойдзе свайго чытача, у тым ліку і ў нашым з вамі тэмпаральным локусе). Але чысты змрочны бесспадзеўны экзістэнцыялізм Эвалу чужы, ён цвёрда стаіць на сваім і выводзіць свой крытэрый – трансцэндэнтнасць (датычнасць да вышэйшага):

“Толькі месцам, якое займае ў нас трансцэндэнтнасць, можна вызначаць каштоўнасць і канчатковы сэнс экзістэнцыялісцкіх патрабаванняў, звязаных з абсалютным прыняццём тут-быцця, гэта значыць, таго, чым я пэўна з’яўляюся або магу быць”.

У кнізе “Верхам на тыгры” Эвала, такое ўражанне, адыходзіць ад уласцівага яму раней звароту толькі да “сваіх” людзей. Ён нібыта раптам “убачыў” і тых іншых, на каго раней толькі пагардліва касавурыўся: шырокім позіркам ён ахоплівае ўсё навакольнае грамадства, і робіць несуцяшальныя высновы. Ён кранаецца шматлікіх сфераў жыцця – нібы зазірае ў побыт орвэлаўскіх “пролаў” – і ацэньвае мастацтва, музыку, мужчынска-жаночыя дачыненні, палітычна-партыйнае жыццё, кранаецца нават праблемаў наркотыкаў і эўтаназіі. І гэта даволі трапныя і ўнутрана між сабой узгодненыя назіранні, надзённыя і па сёння.

Эвала і яго шлях

Сорак гадоў сваёй дзейнасці Эвала падсумоўвае ў выдадзенай у 1962-м аўтабіяграфіі “Шлях цынобры” (цынобра, або часам кíнавар – гэта мінерал, з якога даўней здабывалі чырвоную фарбу, а таксама ртуць, якая, як вядома, істотны алхімічны сімвал). Гэта бадай узор таго, з якой стрыманасцю, з якой павагай да сябе і чытача (без лішняга напаказ, без какецтва), з якой рэфлексіўнасцю трэба пісаць пра самога сябе, калі ўжо паставіў такую мэту. Эвала адкрыта піша, што ад самога пачатку яго шлях быў змаганнем з цяперашнім светам, уключаючы – нечаканае прызнанне! – і ранні ўдзел у дадаісцкім руху:

“Гэтай кнігай [Верхам на тыгры] цыкл завяршаецца – у тым сэнсе, што я пэўным чынам вярнуўся на адпачатныя пазіцыі, да якіх у раннім юнацтве мяне штурхнуў глыбінны імпульс. Гэты імпульс, хай не заўсёды і ўсвядомлены мной, вёў мяне да радыкальнага адмаўлення свету і яго каштоўнасцяў ажно да нулявой кропкі, што была ўласцівая дадаізму ў тым яго выглядзе, у якім на той час я яго інтэрпрэтаваў і пражываў.
Я ўжо казаў, што гэтая спроба бясформавага вызвалення паставіла мяне на мяжу катастрофы. Наступныя дзесяцігоддзі былі часам аднаўлення кантролю, кансалідацыі і паступовага здабыцця цвёрдых прынцыпаў як у агульным светапоглядзе, так і ў паводзінах.
Далей я паспрабаваў з дапамогай сваіх твораў (тэкстаў другога перыяду, пасля філасофска-спекуляцыйнага перапынку) усвядоміць тыя крыніцы, якія маглі б насілкаваць гэтай цвёрдасцю. Я таксама паспрабаваў, у згодзе з другой з маіх схільнасцяў (кштатрыйскай), праявіць прынцыпы паўстання супраць цяперашняга свету ў сферы дзеяння і палітыкі.
Але апошнія падзеі выразна паказалі поўную марнасць усякай такой ініцыятывы, усякага стваральнага намагання, а незваротны характар распаду, які ўласцівы канцу цыкла, ізноў высветліў для мяне праблему, што аналагічная крызісу, які я перажыў пасля першай сусветнай вайны.
Мая глыбінная арыентацыя засталася той жа самай, але са мной гэтым разам быў досвед, здабыты ў розных абсягах, і гэта дазволіла вырашыць гэтую праблему сцвярджальна”.

Эвала – безумоўна, найперш вяшчун арыстакратызму (з яго сімвалізмамі і рытуалізмам, супраць забабонаў у ніжэйшых станах) у сучасным антыарыстакратысцкім свеце. Больш дэталёвая ацэнка яго і ягонай спадчыны, безумоўна, яшчэ ў нас тут наперадзе. Але пэўна ўжо цяпер, што за рэшткавымі “традыцыямі” мусім бачыць і каліснюю інтэгральную Традыцыю (і ўзгадняць “традыцыі” з гэтым адзіным гмахам, адзіным целам!), што была арыентаваная вертыкальна і ўздымалася ўпрочкі ў Неба ад земляробчага, жыццезабеспячальнага Нізу. Аматарам “традыцый” варта было б шторазу звярацца з наступнымі словамі (з кнігі “Верхам на тыгры”):

“Культура або грамадства з’яўляюцца “традыцыйнымі”, калі кіруюцца прынцыпамі, што пераўзыходзяць проста чалавечы і індывідуальны ўзровень; калі ўсе сферы ўтвораныя ўплывам звыш, падпарадкаваныя гэтаму ўплыву і арыентаваныя на вышэйшы свет”.

Пры гэтым, праўда, нельга не прызнаць і таго, што шмат каго з сучасных “эваліянцаў” варта было б ад празмернай арагантнасці лекаваць якраз прымусовымі работамі менавіта на зямлі. Трэба таксама зусім ясна разумець, што паняцце “цяперашні свет” у Эвалы датычыцца найперш соцыюму, свету грамадскіх дачыненняў, а не свету як такога, навакольнага, прыроднага, жывога і святога.

Вымагае “дапісвання”, відаць, і Эвалаў погляд на інвалюцыю грамадства. Адно за другім паслядоўна “склаліся”, сплюшчыліся жрэцтва ды ваярства, стагоддзе таму і трэці стан ператварыўся ў масы (чытайма Артэгу-і-Гасэта). Але далей – болей, цяпер 1) атакуецца ідэнтычнасць, звязаная з біялагічным полам, а таксама і 2) зусім актуальнай робіцца, нейкімі проста неверагоднымі шпаркімі тэмпамі, небяспека для суверэннасці чалавецтва як віду з боку Штучнага інтэлекту. Каб адэкватна зразумець стан, да якога мы прыйшлі, і папярэднія яму стадыі – якраз і трэба чытаць Эвалу. Без гэтага будзем няўцямна лыпаць вачыма, або бессістэмна плявузгаць у бок Захаду.

Усе пяць згаданых у тэксце Эвалавых кніг – вольна дасяжныя ў інтэрнэце на зразумелай вам мове. Кожная з іх па-свойму цікавая.

Раман Бізгіневіч, для “Свайксты”
Стыль-рэдактура, назва, падзагалоўкі – Svajksta.com

[Заўв. Sv.: Ад 2017 г. “Паганскі імперыялізм” і “Людзі і руіны” у РБ забаронена мець у электронным выглядзе, хоць як друкаваныя кнігі ў сябе на паліцы – можна.]


Пытанні для замацавання:

  • Якая кніга Юліюса Эвалы была напісаная першай і першаю ж дайшла да чытача ў нашых краях? Чаму яна толькі ўваход у ідэйны свет мысляра?
  • Чаму Эвала найперш узяўся развіваць ідэю іерархічнасці? Якія для гэтага былі яго асабістыя прычыны, а якія – тагачасныя грамадска-палітычныя?
  • Якая кніга Эвалы лічыцца найбольш грунтоўным яго даробкам? У якім палітычным кантэксце яна выйшла і якія былі яе высокія прэтэнзіі?
  • Ці змяніўся настрой у пасляваенных Эвалавых кнігах? Як глядзеў Эвала на перспектывы сваіх ідэй, і чаму?
  • Чаму сваю аўтабіяграфію Эвала назваў “Шлях цынобры”? Які сімвалізм ён у гэтую назву ўкладаў?
  • Якая карысць знаёміцца з Эвалавымі ідэямі сучаснаму чалавеку, захопленаму народнай традыцыйнай культурай?
  • Як можна развіць далей Эвалавы думкі, адштурхоўваючыся ад цяперашняга стану развіцця грамадства і культуры?

* * *

Спадабаўся тэкст? Выкажы прыхільнасць, падтрымай на “Патрэоне” (ахвяры ідуць на выдавецкія і арганізацыйныя справы).