
Sv. Перадрукоўваем артыкул дванаццацігадовай даўніны, надрукаваны ў выданні “Літаратурная Беларусь” у 2012-м (у тым жа годзе, нагадаем, і “Свайкста” распачалася); яшчэ раней, дадамо дзеля праўды, гэты тэкст быў выйшаўшы ў мясцовым вілейскім друку “Волат”.
Гара Рамбін (Rambynas) важная яшчэ і таму, што праз гэтую назву кранаемся даўнейшых сэнсаў мясціны “Рамбоўскі роў” (каля дарогі не даязджаючы Ашмяны). Там “Нявесцін камень”, і ён некалі меў, відаць, таксама мець назву з коранем ramb-, які і ў літоўскім rambėti “зацвярдзець, збіцца”. Менавіта такое прачытанне надае каменю касмаганічнае прачытанне: камень, які зацвярдзеў-збіўся яшчэ напачатку часоў, і таму такі цудадзейны (да яго ж не толькі маладыя хадзілі, але і па багата якія яшчэ цуды наведваліся, ажно цяпер дзеля “брэндавання” семантыку гвалтам звузілі).

Ад скалваў да Малой Літвы
З бронзавага веку горы, сярод якіх была і гара Рамбін, утваралі велічную «браму» вышынёй у 30-40 м, паміж стромымі схіламі яе нёс свае воды ў недалёкую ўжо Балтыку Нёман. Рамбін узвышаўся над самай ракой і быў найвышэйшай кропкай наваколля. На ўсход ад яго распасціралася Літва, на захад — хінулася да мора занёманская Прусія.
Рамбін, як мяркуюць, быў цэнтрам пляменнай тэрыторыі скалваў — балцкага племя ў ніжнім Панямонні. Старажытная Скалвія надзвычай пацярпела ў часе крыжацка-літоўскага процістаяння. Да часу Грунвальдскай бітвы за гэтай зямлёй ужо трывала замацавалася была назва «пустэльня» (Wiltnis) — спусцелы абшар паміж двума ваюючымі бакамі.
Мелнскім мірам (1422 г.), які паследаваў за Грунвальдам, гэтая тэрыторыя была адпісаная Нямецкаму ордэну. Немцам яна належала пяцьсот гадоў (Прускае герцагства, Прускае каралеўства, Нямецкая імперыя). Пас зямлі ўздоўж правага, «літоўскага», берага Нёмана атрымаў назву Мемельскага краю (Memelland, бо Мемель — нямецкая назва Клайпеды і ракі Нёман).
Зямлю, што займела сваю пэўную ўладу, пачалі адразу засяляць каланісты з усходу, з Літвы. Неўзабаве гэтыя тэрыторыі абапал Нёмана храністы ўжо называюць «Малой Літвой», так многа сюды перасялілася літоўцаў. Самі яны да нядаўняга часу называлі сябе Прускай Літвой, або літоўнікамі (lietuvininkai). Але не ўсе — у пачатку ХХ ст. літоўнікамі ў тым жа Мемельскім краі называла сябе чвэрць жыхароў, яшчэ чвэрць — «мемельляндэрамі» (мемельскімі «тутэйшымі»). І палова — немцамі (пасля паморку ў XVIII ст. сюды перасялілася шмат нямецкіх сялянаў). Такая, сцісла, этнічная гісторыя гэтага краю.

Святасць Рамбіна
Ад няпамятных часоў Рамбін быў культавым цэнтрам наваколля. У XIV ст. побач з Рамбінам згадваецца святы гай. Храніст XVI ст. адзначаў, што Рамбін у народзе лічыўся святой гарой. Па звестках XVIII ст., маладыя, пашлюбаўшыся, уздымаліся на гару з кветкамі, пакідалі нешта ў ахвяру. У пачатку ХІХ ст. на гары знаходзілі залатыя ланцугі, паясы, бранзалеты і срэбныя міскі. Мяркуюць, гэта маглі быць упрыгожванні рамбінскіх жрацоў і посуд на ахвяры.
Рамбін быў прадказальнікам надвор’я. Гліняныя і вапнавыя часцінкі ў грунце назапашвалі вільгаць, і пры змене надвор’я колер голых схілаў гары мяняўся. На сухое надвор’е Рамбін рабіўся светла-жоўтым, на дождж — цёмна-чырвоным і ахутваўся туманом. Тут мянялі свой кірунак вятры.
На Рамбіне ляжаў вялікі святы камень. Дыяметрам ён быў 10 м. Вышыню меў спусцістую — 2,5 м з паўночнага боку і 1,5 м — з паўднёвага. Звернуты паверхняй да сонца, камень адбіваў яго промні і на світанку ды надвячоркам рабіўся залацістым. На камяні былі адмеціны чалавечай далані і ступні, звярыных лапаў, а таксама выбіты меч. Паданне казала: шчасце не пакіне краю, пакуль ляжыць камень, але гара зруйнуецца, калі камень хто возьме.
У 1811 годзе млынар Шварц разам з памагатымі пакалолі камень, а з буйнейшага кавалку Шварц зрабіў сабе жорны. Мясцовае паданне кажа, што рамбінскія лаўмы (жаночыя духі, русалкі) паказаліся былі і прасілі гэтага не рабіць, а калі іх не паслухалі, развіталіся з гарой, селі ў човен, пераплылі Нёман і праклялі злачынцаў. Неўзабаве Шварца знайшлі патрушчаным паміж зуб’ямі яго жорнаў.
Затым насталі вялікія абрушэнні Рамбіна. У 1835 годзе ў раку абвалілася частка гары, дзе ляжаў камень і была акружаная з чатырох бакоў валамі пляцоўка. У 1878 годзе рака знесла апошнія рэшткі гары. З таго часу Рамбінам пачалі называць такі ж высокі пагорак побач.

Ад сакральнага цэнтра – да грамадскага
У канцы ХІХ ст. Мемельскі край зрабіўся агменем дзяржаўніцкіх памкненняў літоўцаў. Тут пачалі выдаваць першыя літоўскія газеты — «Аўшра»-Світанак, «Варпас»-Звон. У занёманскіх Тыльжы (літ. Тыльжэ, цяпер рус. Советск) і Рагнеце (літ. Рагайне, рус. Неман) распачынаўся літоўскі рух. Адсюль у забраную Расіяй Літву неслі кніганошы літоўскія друкі. Распаўсюд літоўскай літаратуры ішоў паўз гару Рамбін. У вёсцы Біцяны, што ля падножжа гары, друкарню і вялікі склад літоўскага друку ў сваёй сядзібе ўладкаваў Марцінас Янкус. Яго сядзібу ля Рамбіна ў Літве называюць «Мекай кніганошаў».
Ад 1881 года на Рамбіне літоўнікі пачалі ладзіць шматлюдныя купальскія святкаванні. На 500-годдзе Грунвальда (1910 г.) на Рамбіне ўрачыста пасадзілі дубок, карані якога засыпалі жменямі зямлі, прывезенай прадстаўнікамі з розных мясцінаў Малой Літвы.
У 1923 годзе М. Янкус горача вітаў паўстанне літоўскіх стралкоў, вынікам якога стала далучэнне Мемельскага (Клайпедскага) краю да Літоўскай Рэспублікі. Ад гэтага года М. Янкус на стала пасяляецца ў Біцянах. Ён робіцца «ахавальнікам Рамбіна», яго называюць «патрыярхам Малой Літвы».
У гонар дзесяцігоддзя незалежнасці Літвы (1928 г.) М. Янкус ставіць на Рамбіне алтар, каб паліць на ім святы агонь. Алтар быў змураваны з камянёў на ўзор «печкі», у нішы якой палаў агонь — каб не заліў дождж. На алтар зверху ўсталявалі пляскаты валун — кутні камень з-пад роднай хаты Янкуса, пабуранай у вайну. На гэтым камяні з адваротнага ад агня боку выбілі «Калюмны». Камень на Рамбін цягнулі чатырма коньмі.
Тады ж Янкус пачынае весці «Вечную кнігу гары Рамбін» (сёння захоўваецца ў літоўскай Нацыянальнай бібліятэцы, важыць амаль 20 кг, гэта найбуйнейшая ў Літве кніга). Першым, на Купалле 1928 года, у кнізе зрабіў запіс мысляр Відунас: «Няхай расце ў літоўскім народзе ўсё добрае, прыгожае, мудрае, справядлівае і трывалае!». У кнігу запісваліся ўсе наведнікі Рамбіна. Сярод іх было шмат замежных дыпламатаў. У міжваеннай Літве была завядзёнка: замежныя паслы, пасля таго як прадставяцца прэзідэнту, ехалі на Рамбін, да Янкуса. Таму Янкуса называлі таксама «Малым, або Другім прэзідэнтам Літвы».
У 1938 годзе літоўская ўлада ўзнагародзіла М. Янкуса ордэнам Гедыміна. А праз год Нямеччына праз ультыматум забрала ў Літвы Мемельскі край. Алтар Янкуса быў раскіданы, сам ён, 80-гадовы, выехаў да Коўна, везучы з сабой толькі «Вечную кнігу гары Рамбін». У канцы вайны, ужо ад Чырвонай арміі ён выехаў углыбкі Нямеччыны, падзяляючы лёс тысячаў сваіх раскіданых землякоў — мемельляндэраў і прускіх немцаў. Такая грамадска-палітычная гісторыя гэтага краю.

Чары рамбінскага Купалля
У даваенным часе штогоду на Купалле на рамбін з’язджаліся тысячы чалавек. Пра тое, як святкавалі, апавядае ўдзельніца:
«Найперш мяне зачаравалі дзеўчыны ў народных строях і мноства людзей, якія ішлі пехатой, ехалі вазамі, упрыгожанымі кветкамі і зелянінай. На ўездзе ў сасоннік перад месцам урачыстасці стаяла аплеценая зелянінай брама, побач луналі сцягі розных арганізацый. Далей таксама было яшчэ больш такіх упрыгожаных брамаў.
Людзей была процьма. Стары М. Янкус запаліў ахвярнік, потым пайшоў у сярэдзіну пляцоўкі запаліць вогнішча, тады ён сказаў сціслую прамову пра значэнне ўрачыстасці і павіншаваў усіх з Купаллем. Я была зачараваная праграмай, у якой былі хоры, пастаноўкі, праграма працягвалася ля вогнішча, дзе адбываліся агульныя спевы народных песень, скокі, гульні.
Частавалі чорным хлебам, кавай, літоўскім кумпяком. Я звярнула ўвагу на прычэпленыя кілбасы на вышыні галавы, іх было вельмі шмат, а таксама вялікія боханы чорнага хлеба, пірагоў. Там не было прыгожа зробленых бутэрбродаў. Купляеш кавалак хлеба, кілбасы ці пірагу і сам робіш, або кусаеш таго і таго».
Асабліва памятным быў візіт на Рамбін намесніка Генеральнага сакратара Лігі Нацый (тагачаснага аналага ААН) японца Ятара Сугімура (Yotaro Sugimura) у 1929 годзе. Тады дачка Янкуса Эльза ў вобразе жрыцы-вайдэлоткі прывяла Сугімуру да прысягі богу Пяркунасу. Вось як яна сама потым гэта апісвала:
«Пасля спеваў уся дэлегацыя, са спадарожнікамі, наблізілася да ахвярніка. Гасцям патлумачылі, што месца ахвярніка — з дахрысціянскіх часоў, калі ў гэтым месцы ў часы старой Літвы пасвечаныя багам літоўкі-вайдэлоткі палілі святы агонь. Мяне прадставілі як сучасную вайдэлотку.
Сугімура, наблізіўшыся да ахвярніка, запытаў мяне, ці павінен ён што рабіць. Тады я яму сказала, што ён павінен прысягнуць старажытнаму літоўскаму Богу Пяркунасу, што будзе заступацца за справы Літвы.
— Добра, — кажа Сугімура, — калі ласка, кажыце словы прысягі, я прысягну.
І я казала, а ён паўтараў такія словы:
— Прысягаю Літоўскаму Богу Пяркунасу, што я ў Лізе Нацый заўсёды буду стаяць за справы Літвы і буду рабіць што толькі змагу, каб Вільня была вернутая Літве. Бог Пяркунас няхай дапаможа мне».

Стагоддзе рамбінскага ахвярніка
У падсавецкай Літве вогненны ахвярнік на гары Рамбін аднавілі — яго ў чалавечы рост змуравалі з камянёў. Ля алтара ляжаў камень з «Калюмнамі», што застаўся з Янкусавых часоў. Ад 1990-х гадоў рамбінскі алтар запальваўся рэгулярна, на гары збіраліся сябры Таварыства літоўнікаў, ладзіліся абрады па ўшанаванні гары, агня, продкаў.
На месцы таго старога ахвярніка, складзенага простай каменнай “вежай”, ужо ў наш час адкрылі новы. 23 чэрвеня 2011 года, на Купалле, на Рамбіне прадставілі скульптурную кампазіцыю — тры рознага памеру па-мастацку апрацаваныя камяні сімвалізуюць старажытную трыяду багоў — якую, напрыклад, у прусаў складалі Патрымпс, Пяркунс і Паталс. Побач з камянямі — узняты над зямлёй жалезны лапік, каб запальваць на ім агеньчык.
Аўтар кампазіцыі — вядомы скульптар Рэгімантас Мідвікіс, які пры стварэнні кансультаваўся з клайпедскім археолагам В. Вайткявічусам (дарэчы, аўтарам фундаментальнага збору сакральных месцаў «Жэмайція», у якім апісаны і Рамбін). Іншы вядомы даследнік старажытнасцяў Л. Клімка, які прамаўляў на адкрыцці, адзначыў:
«Розныя балцкія плямёны маглі звяртацца да сваіх багоў у малітвах з рознымі імёнамі або іх эўфемізмамі. Гісторыяграфічныя крыніцы сцвярджаюць, што ў Прусіі — гэта Патрымп, Пяркун, Патал, а ў Літве — Дзіевас, Пяркунас, Велінас».

Першакрыніца: “Літаратурная Беларусь”, 2012
Падзагалоўкі і перапарадкаванне матэрыялу – Svajksta.com
Пытанні да замацавання:
- На тэрыторыі якога старабалцкага племені была наднёманская гара Рамбін?
- Якія геаграфічныя і фізічныя асаблівасці гары спрычыніліся да ўспрымання яе за святую?
- Што за камень ляжаў на версе рамбінскай гары і што з імі сталася?
- Хто быў ахавальнікам Рамбіна ў міжваенным часе, як ён гуртаваў там людзей?
- Якое свята масава святкавалі на Рамбіне? хто з высокіх міжнародных гасцей прысягнуў там балцка-літоўскаму богу Пяркуну і з якой мэтай?
- Якая гісторыя алтароў на гары Рамбін?
- Як рамбінская назва дапамагае лепш разумець адпачатныя сэнсы святога каменя ў Рамбоўскім рове пад Ашмяной?
* * *
Спадабаўся тэкст? Выкажы прыхільнасць, падтрымай на “Патрэоне“.