Зямля – і жывая, і цэласная

Sv.: “Я – з цябе, ты мяне корміш, ты мяне носіш, ты мяне пасля смерці пахаваеш” – гаворыцца ў літоўскай народнай малітвачцы да Зямлі, якую прамаўлялі пацалаваўшы зямлю. А зусім вычарпальна пра свет зямельнай багіні Жаміны распавядаецца ў кнізе літоўскага міфолага Ніёлі Лаўрынкені “Жаміна і яе міфічны свет” (2013).

Але вартыя ўвагі не толькі старасвецкія сведчанні, але і рэфлексіі ад сучаснікаў. Што-нешта з гэтага можна вычапіць з даследавання Ўл. Тапарова, у якім той на шырокім матэрыяле, і не ў апошнюю чаргу балцкім, аднаўляе міфалагічны вобраз Зямлі-Маці (2000); дык падаéм.

А і сапраўды ж не стае ўспрымання Зямлі не столькі як “падацелькі зерня”, колькі як Цэласнай Істоты. А таксама і нас, людзей, не як тых, што перад абліччам непагадзі не маглі дамагчыся такога жаданага стабільнага ўраджаю і таму па-прымітыўнаму “прыдумалі” сабе боства, – але як неад’емных часцінак (няхай нават здольных у космас адскокваць) Вялікай Маці-Зямлі, з адпаведнай здольнасцю душою ўспрымаць сябе ў адзінстве з Прасторай Зямлі (сказаць “Прырода” будзе недакладна, вузей чым трэба).

Нездарма па-старэтнаму чалавек – гэта і ёсць “зямельны”: адсюль і старалітоўскае žmuo, і прускае zmoi, дый лацінскае homo (усе з аднаго кораня) – “чалавек”. Зямля жывая, і мы зямельныя; мы – чые – Зямлі, esame Žemės. Без гэтай падставовай інтуіцыі ані спрабуй ні да якога “духу” па квасоліне ўзлазіць.

Дык на нашы просьбы і думкі “адгукаецца” Космас/Сусвет/Бог/Абсалют? – відаць, Зямля Жывая і адгукаецца, бо нашым усіхным дабром ад вякоў вечных рупіцца.


“Брытанскі натуразнаўца [Джэймс Лаўлак, James Lovelock, 1919-2022] звяртаецца [у кнізе “Gaia – A New Look at Life on Earth”, 1979] да вобразу Геі не так да жаночага персаніфікаванага вобразу багіні Зямлі ў Даўняй Грэцыі, як да пэўнага прынцыпу жыцця, які – незалежна ад яго абазначэнняў – існуе ў шэрагу даўнейшых міфарытуальных традыцый. Гэты зварот да міфапаэтычнай даўніны не быў самамэтай, і Лаўлак на гэтым матэрыяле збольшага правярае вынікі сваіх даследаванняў пра Зямлю / зямлю.

На думку Лаўлака, планета Зямля – гэта адзінства, што само сябе рэгулюе, і гэта, відаць, адчувалі і даўнейшыя грэкі, а таксама і іншыя народы, якім быў знаёмы такі вобраз. Характар гэтага самарэгулявання дае думаць, што планета Зямля “ахоўвае сябе ад разбурэння, ад чалавека, які проціпастаўляе сябе ёй, яна бароніць сябе дзеля самога ж чалавека“.

Гэтая “ўсвядомленасць” дзеянняў Зямлі або, кажучы дакладней, і мэтанакіраванасць у бок зніжэння ўзроўня энтрапіі дае Лаўлаку падставы казаць, што сістэма Зямля ў цэлым дзейнічае, відавочна, як арганізм, як жывая істота, што здольная навучацца праз досвед і памылкі, развівацца і ўдасканальвацца, рэгуляваць умовы свайго жыцця. Шыпфлінгер [Томас Шыпфлінгер, Thomas Schipflinger, 1918-2001] за падставовыя бачыць [у кнізе “Сафія-Марыя. Цэласны вобраз тварэння”, 1998] тры Лаўлакавы тэзісы:

  1. Найважнейшая ўласцівасць Геі – гэта яе імкненне паляпшаць умовы жыцця на планеце.
  2. Для гэтага паляпшэння яна мае жыццёва важныя органы ўнутры і звонку сябе.
  3. Рэакцыя Геі на ўсемагчымыя змены – напрыклад, на забруджванне і пагаршэнне ўмоў жыцця – паўстае і скіроўваецца згодна з законамі кібернэтыкі.

Пэўныя ўрыўкі з кнігі Лаўлака даюць удакладніць і/або канкрэтызаваць пададзеныя вышэй высновы:

“Вынікам гэтых мэтанакіраваных штудый была гіпотэза, што супольнасць жывых формаў на зямлі – ад кітоў да чацвераногіх і ад сасны да водарасцяў – можна разглядаць як адзіную жывую істоту, якая можа на сваю патрэбу рэгуляваць атмасферу Зямлі і якая адораная здольнасцямі і сіламі, што значна перабольшваюць магчымасці асобных яе складнікаў”.

“Клімат і біяхімічныя ўласцівасці Зямлі выглядаюць цяпер – і так было на працягу ўсёй гісторыі Зямлі – аптымальна прыдатнымі для жыцця. Зусім непраўдападобна было б, калі б сляпы кіроўца аўтамабіля бясшкодна рухаўся ў плыні вулічнага руху”.

“За Гею мы разумеем тое комплекснае адзінства, што ахапляе біясферу Зямлі, яе атмасферу, акіян і глебу. У сваёй цэласці гэта самарэгулявальная або кібернэтычная сістэма, што імкнецца да ўтварэння на гэтай планеце аптымальных для жыцця ўмоў навакольнага асяроддзя. Калі Гея існуе, дык дачыненні паміж Ёй ды чалавекам – гэта вельмі важныя пытанні… Гея-гіпотэза гэта альтэрнатыва песімістычнаму погляду, у якім прырода гэта толькі прымітыўная сіла, якую трэба скарыць і падпарадкаваць. Таксама, гэта альтэрнатыва нягегламу ўяўленню, нібыта нашая Зямля гэта бяздушны касмічны карабель, што без мэты і кіравання безупынна кружляе вакол Сонца”.

Прафесар Каліфарнійскага (Берклі) Універсітэту, фізік Ф. Капра, аўтар кніг “Касмічны карагод”, “Дао фізікі”, “Час павароту. Кутні камень новай карціны свету”, у апошняй з іх піша:

“У асобных даследаваннях таго спосабу і вобразу, паводле якіх біясфера, як выглядае, кіруе хімічным складам паветра, тэмпературай на паверхні зямлі і шмат якімі іншымі аспектамі навакольнага асяроддзя планеты, хімік Джым Лаўлак і мікрабіёлаг Лін Маргуліс прыйшлі да высновы, што гэтыя феномены можна вытлумачыць толькі гледзячы на планету як на адзіны жывы арганізм. (…)

Не толькі жыццё віруе на планеце, але выглядае, што і сама яна – істота жывая. Уся жывая матэрыя на Зямлі (біямаса) разам з атмасферай складаюць комплексную сістэму, што мае ўсе выразныя характарыстыкі самаарганізацыі. Яе сіла здольная так рэгуляваць планету, каб захоўваліся аптымальныя ўмовы для эвалюцыі жыцця. (…) Такім чынам, Зямля – жывая сістэма. Яна не проста “функцыянуе” падобна да арганізму, але, як выглядае, яна сама – сапраўдны арганізм, Гея, жывая планетарная істота. (…)”.