Крывейты: іменнае аблічча

Калі, як не ў кастрычніцкі Месяц дзядоў-веляў, звяртацца да Духу прускіх Крывейтаў. Да таго ж якраз 19 кастрычніка 2002-га ў літоўскай Вільні адбыўся чын пераемнасці паміж старапрускім інстытутам Крывейтаў і новалітоўскім этнарэлігійным рухам – калі ачольніка “Рамувы” высвяцілі на Крывіса Літвы. Крывейта – гэта тытул найвышэйшага святара менавіта ў прусаў, у літоўцаў не засведчана, але такім чынам перанята.

Дык і мы таксама маем адпаведную нітачку да тых Крывейтаў, бо, згодна са сведчаннем замінулага стагоддзя (пачута было нібыта ад мясцовага лесніка), пад маладзечанскім Гарадком (ля Даўцэвічаў) было лясное ўрочышча Велішкі (адпаведны тапонім Vėliškėnai “Велішкяны” ёсць і паблізу паўночналітоўскіх Біржаў), а ў тым урочышчы – курганы, што мясцовым людам нібыта званыя “магіламі крэвэйтаў”, а сама мясціна – “Крыве”. Курганоў тых так, здаецца, і не сшукана, як і Велішак тых не лакалізавана, хоць за Даўцэвічамі трохі лясных лапікаў і да цяпер ёсць. На залесеным пагорку ў адным з такіх ляскоў, напрыклад, цяпер пчальнік на паўтара дзясятка вулляў.

І як жа звярнуцца да Крывейтаў гэных, як не праз іх імёны. На шчасце, яны вядомыя; “Спіс Крывейтаў” падае храніст XVI ст. Сімон Грунаў, хоць дзеля яго аўтэнтычнасці дагэтуль няпэўнасць трывае, але іншага такога сведчання не маем. Храніст вядзе свой спіс ад паўміфічнага першага Крывейты Бруцена (Bruteno), які быў братам першаму каралю прусаў Відзевуту (ад прускага widewo “удава”, дык жа “Удовіч”). У першым набліжэнні імёны з гэтага спісу з 46-ці Крывейтаў былі разгледжаныя ў апошняй па ліку (2021) “свайксцкай” кнізе “Старапруская тэакратыя” (с. 163-165).

Угледзеўшыся пільней, прыкмячаеш, што збольшага гэта імёны двухасноўныя, архаічнага старабалцкага выгляду – хіба дзеля рэдкасці многіх асноў у іх гэтага не заўсёды ўпільнуеш. Але тут у дапамогу – тутэйшая старая антрапанімія, прозвішчны фонд апошніх двух з гакам стагоддзяў, захаваны ў запісах метрыкаў, якія, на шчасце, не вынішчальныя, адрозна ад гістарычнай памяці.

Ніжэй разглядаюцца імёны пераважнай большасці Крывейтаў (два імёны паўтараюцца тройчы). Не ўцягнутыя ў гэты разгляд імёны Brudeno, Bruteno, Deniges, Macco, Meruno, Nerges, Postwo, Tippes. У імёнах Carkoins, Molleino, Tolleyno пазнавальны ўтваральнік –ain– / –ein-, ім на дзіва дакладна адпавядаюць былыя прускія тапонімы Karkainis (на Сембскім паўвостраве, ля Караляўца), Molleyne (на Сембскім паўвостраве, ля пачатку Куршскай касы), Tolleinen (на паўднёвы захад ад Ольштыну). Гэты ўтваральнік, што праўда, мог быць і пашыраючы двухасноўныя імёны, як у сучасным лідскім прозвішчы Сармулейна (ад Sar-mulas).

* * *

Алеп, A-leps, 46-ы Крывейта
Алепшчына была паміж Васілішкамі і Астрынай. Відаць, таго ж іменнага паходжання і Алепіна за Масквой (там сама паблізу Кібірова і Багрынава, ад балцка-літоўскіх імёнаў Ki-biras, Bag-rinas). З асновай Lep– прускае імя Au-leps (Аўлеп). З-пад Слоніма было прозвішча Барлепка (< Bar-lepas).

Аўстам, Aus-tomo, 19
Асновы Aus-, Tam– у прускіх імёнах Awse-pede, Nes-tome. Аснова Tam– у старым шчучынскім прозвішчы Атамчук (< A-tamas), у лідскім Тамяйкевіч (< Tameikis).

Байтан, Bay-tonos, 43
З асновамі Kai-, Rai- сучаснае бабруйскае прозвішча Кайтанаў, старое ашмянскае Райтановіч (< Kai-tanas, Rai-tanas).

Барбайд, Bar-baido, 32
Аснова Baid– і ў імені перадапошняга, 45-га Крывейты Kyr-baido. Асновы тыпу Baid– (з элементам –aid-) рэдкія, але сустракаюцца, і з іх найболей вядомая Vaid-, як у прускім імені Ar-wayde. Асновы Gaid-, Kaid-, Maid– у антрапоніме “Кгедкгоидовичъ” (у Перапісе войска 1528 г. сярод самілішскага баярства, ад Ged-gaidas), у старых прозвішчах Мікайда (Беняконі), Рымайда (Ашмяна).

Баранд, Ba-rando, 33
Ёсць літоўскі тапонім Barandai (“Баранды́”, ля занёманскіх Шакяў), было старое прозвішча Барандук (з-пад Мастоў). Аснова Ran-d- на першай пазіцыі ў старым смургойнскім Рандвід.

Бераўст, Ber-austo, 5
Аснова Aust– у прускіх імёнах Man-auste, Austi-gawdis, у літоўскім прозвішчы Austrimas.

Булайс, Bu-loisos, 25
Аснова Lais– той жа будовы, што і Mais– у імені Рамайс (гл. ніжэй). Нашмат больш распаўсюджаная аснова Vais-, яна ў прускіх імёнах Wayse-buth, Wayse-gaw.

Вібрат, Vib-rotos, 31
Аснова Vib– у літоўскім тапоніме Vibrantiškės (“Вíбранцішкі”), у старым літоўскім прозвішчы Вібіцкі (< Vibas). Аснова Rat– у прускіх імёнах Nap-rat, Spay-rote, у латышскіх прозвішчах Gedrats, Valrāts.

Дарсгайт, Dars-gaito, 23
Аснова Gait– у старым горадзенскім прозвішчы Рэйгайт. Карацейшая аснова Dar– у літоўскім тапоніме Dargaitėliai (< Dar-gait-). Так жа сама пашыраная аснова Tir-s- і ў імені Цірсгайт (прычым, з тым жа Gait-).

Гарус, Go-russo, 8
Аснова Rus– у прускім імені Ai-ruso (Айрус). Ад структурна падобных імёнаў Darusas, Na-rusas, Ta-rusas старыя прозвішчы Дарусэвіч (з-пад Вільні), Нарусэвіч (Горадня), Тарус (Вялікая Бераставіца), тапонім Тарусічы пад Горадняй. У адваротным парадку асновы Ga-, Rus- у старым прозвішчы Рузга (< Rus-ga) з Трабаў.

Гіндзеў, Gin-dewo, 18
З асновай Dev– старое прозвішча Біздзеў (Беняконі) (< Bis-devas). З асновай Dev– старое слонімскае прозвішча Дэвэйка.

Каркай, Car-koyo, 37
Просты адпаведнік – старое літоўскае прозвішча Каркай (< Kar-kajas) з-пад Анікштаў. З асновай Nar– старое валожынскае прозвішча Наркай (і тыя ж асновы ў мёрскім Кайнараў).

Кірбайд, Kyr-baido, 45
Дзеля асновы Baid– гл. Барбайд.

Лавайл, La-wailes, 28
Аснова Vail– зусім выразная ў падзвінскім прозвішчы Далівайла. З асновамі Sa-, Za– старыя прозвішчы Савайла (Адэльск), Завайла (Ліда).

Лейса, Lei-so, 35
Разам з крывейцкім іменем Tayto (гл. ніжэй) гэтае імя пацвярджае інтуіцыю літоўскага антрапаніміста З. Зінкявічуса пра двухасноўныя імёны з канцавым галосным “-а” (тыпу Bo-garas – Gar-ba). Асновы Lei-, Sa– у адваротным парадку ў старым скідзельскім прозвішчы Салей. Так жа сама дачыняюцца, напрыклад, старыя прозвішчы Салай (з-пад Івянца) і браслаўскае Лайса, або Балей (з-пад Берасця) і лідскае Лейба, або сучасныя літоўскія прозвішчы Leita, Leiva са старым слонімскім Таляевіч, віленскім Валей. З асновай Rei– старое слонімскае прозвішча Рэйса (ад імя Rei-sa).

Мангал, Man-galo, 24
Ад такога ж імені і старое літоўскае жамойцкае прозвішча Мангаль. Тыя ж асновы ў адваротным парадку ў літоўскім прозвішчы Galmanas.

Маранг, Ma-rango, 27
Ёсць латышскае прозвішча Maranga. Аснова Rang– у старых прозвішчах Дарангоўскі (Ваверка), Шаранга (Масты), у літоўскім троцкім Парангоўскі (< Da-rangas, Ša-rangas, Pa-rangas).

Мерган, Mer-gonno, 13
З асновай Gin– малалітоўскае прозвішча Merginas, пад Ушачай быў тапонім Мяргіншчына. Таксама сугучнае імя Mir-ginas, ад якога старое прозвішча Міргіновіч з-пад Відзаў.

Надрас, Nad-rosso, 42
Аснова Nad– так жа сама на першай пазіцыі ў прускім імені Nod-ropcz (Надрапт), у старым горадзенскім прозвішчы Надрыновіч (< Nad-rinas). Аснова Ras– на другой пазіцыі ў старым прозвішчы Супрасевіч з-пад Скідзелі (аснова Sup– і ў прускім імені Sup-lithe).

Напайл, Na-payles, 10, 15, 42
З асновай Sa– старое прозвішча Сапайла (з-пад Зэльвы).

Нарвас, Nar-wasso, 17
Аснова Vas– так жа сама на другой пазіцыі ў старым дрысвяцкім прозвішчы Бавас, у лідскім Давасейка (= Davas-eik-). На першай пазіцыі яна ж у літоўскім тапоніме Vastapai (“Вастапы́”), ад Vas-tapas.

Памлай, Pomo-loys, 38
Аснова Lai– так жа сама на другой пазіцыі ў прускім імені Wyg-loys (Віглай). Яна ж, напрыклад, у старым віленскім прозвішчы Баклай (у адваротным парадку тыя ж асновы ў прозвішчы Лайбак з-пад Ліды). Аснова Pam– у прускім імені Pame (і ў адпаведным старым падвіленскім прозвішчы Памецкі).

Рамайс, Ro-mais, 22
З асновай Mais– прускае імя Mois-lot (Майслат), літоўскі тапонім Rimaisai (“Рымайсы́”, ад Ri-maisas).

Тайта, Tay-to, 21
Ад адпаведнага імя і старое лідскае прозвішча Тайтовіч (метрычнае “Taytowicz”). Такой жа будовы старыя прозвішчы Кайта (з-пад Горадні), Лайта (Ліда), Майта (Ваверка), Пайтовіч (з-пад Ваўкавыску). У адваротным парадку тыя ж асновы, напрыклад, у старых лідскіх прозвішчах Талай, Талаевіч (< Ta-lajas).

Тарат, To-rоto, 29
Просты адпаведнік – старое віленскае прозвішча Тарат. Было і Таратка (= Tarat-k-) з-пад Вялікай Бераставіцы.

Тармейс, Tor-meyso, 44
Аснова Meis– і ў прускім імені Meyse-low, у літоўскім тапоніме Remeisiai.

Цівайт, Thy-waito, 3, 9, 12
Аснова Vait– у літоўскіх прозвішчах Kanvaitis, Sanvaitis, Norvaitis, ад апошняга быў і тапонім “Нарвайцішкі” (Narwojciszki) паміж Ашмяной і Вільняй (ля літоўскага памежнага Шумску). З асновай Ti-, напрыклад, адыменны тапонім Цівíдаўка пад Маладзечнам (< Ti-vydas).

Цірсгайт, Thirs-gaito, 41
З асновай Tirs– прускі тапонім Tirs-kaymen (“Цірсава вёска, Цірсішкі”, ад kaims “вёска” і імені тыпу Tirse). Аснова Tir– у прускіх імёнах San-tir i Tir-sone, Nacke-tir. Асновы тыпу Tir-s– (з дададзеным канцавым –s-) таксама ў крывейцкім імені Dars-gaito (з той жа другой асновай Gait-), у старым зэльвенскім прозвішчы Варстак (< Vars-takas), у прускіх імёнах Bo-burse, Po-burse (Бабурс, Пабурс).

Яйгел, Jay-gello, 16
Аснова Jai– у старым горадзенскім прозвішчы Яйдэльскі, у старым літоўскім Яйдановіч (< Jai-delas, Jai-danas). Яна і ў меркаваным імені Jai-sa (другая аснова Sa– як у крывейцкім імені Лейса), адкуль старое браслаўскае прозвішча Яйсо, віленскае Яйсеўскі. На другой пазіцыі Jai– у старым глыбоцкім прозвішчы Маяйка (= Majaj-k- < Ma-jajas). Аснова Gel– у старым слонімскім прозвішчы Яўгель, у былым тапоніме “Ягелава поле” пад Ашмяной.

Яргал, Jar-gallo, 34
Аснова Jar– у старых прозвішчах Ярмантовіч (з-пад Ліды), Ярвіноўскі (Опса), Яргантовіч (Жупраны). На другой пазіцыі гэтая аснова ў старым свіслацкім прозвішчы Буяр, у былым падвіцебскім тапоніме Шуяры (< Bu-jaras, Šu-jaras). Іншага вакалізму аснова Jur у старым прозвішчы Юркантовіч з Крэва.

* * *

Імёны гэтыя, як бачым, зусім уплеценыя ў тканку ўсяго масіва старабалцкіх двухасноўных імёнаў, яны не якіясь адмыслова “крывейцкія”, з якімсь адмыслова “духоўным” зместам (хоць пры ахвоце, вядома, можна бачыць, напрыклад, у імені Gin-dewo літоўскае ginti “бараніць”, dievas “бог”, г.зн. “Той, хто бароніць багоў”). Гэтыя імёны прыдатныя як для рэцытацыі з мэтай крануцца таго Крывейцкага Духу, так і для рэнавацыі ў нашым часе.

А.М.

Ілюстрацыя: Christoph Hartknoch: Alt- und Neues Preussen Oder Preussischer Historien. 1684.

* * *

Спадабаўся тэкст? Падтрымаць можна на “Патрэоне” (ахвяры ідуць на выдавецкія і арганізацыйныя справы).