
Ушанаванне дзядоў было сутнаснай адметнасцю старой рэлігіі,
і гэтая адметнасць датрывала бадай з каменнага веку
(Ёнас Трынкунас. Шлях старалітоўскай рэлігіі)
Sv.: Ушаноўваць дзядоў – гэта вельмі па-старэтнаму. Гэта ідзе яшчэ з тых пракаветных часоў, калі мяжа паміж засталымі жывымі і адышоўшымі памерлымі яшчэ была, і зусім ясна вычувалася, не такою неадольнаю як цяпер. У шмат чым, відаць, такой неадольнасці гэтай міжсветнай мяжы паспрыяў і той чын, які здзейснілі клерыкалы, “загнаўшы” памерлых, іх душачкі, у свае нябачныя загоны: апроч неаспрэчнага ўплыву на само нашае ўяўленне, у гэтага чыну, безумоўна, ёсць і духоўнае вымярэнне, і гэта дастаткова гвалтоўная работа з памерлымі; нашых памерлых кудысь не першае стагоддзе заганяюць, і багата каго з мінулых пакаленняў ужо загнаўшы, і мы, на жаль, ніяк не абдумваем, што адбываецца з намі і нашай прасторай у выніку гэтага.
З ушанавання дзядоў нам усё болей, з бегам часу, застаюцца хіба ашмёткі. Але на тое нам і розум дадзены, каб магчы ўспомніць, прыгадаць і аднавіць. Падставы, крыніцы для таго ёсць. Даўней увосень дзядоў ушаноўвалі цэлы месяц, а на працягу года – найменш чатыры разы, раўнамерна размеркаваўшы ў годзе (снеданне па радзіцелях, абед, полудзень, вячэра – год як дзень). Пра гэта досыць поўна ішлося ў публікацыі ў часопісе “Свайкста” ў нумары 5-м (гэты нумар часопіса дагэтуль маем у продажы). Не менш цікава і пра закліканне да дзядоўскай вячэры ўсіх тых, каму няма да каго ісці, а таксама тое, як пакідалі дзядоў за сталом вячэраць самастойна (жывым выйшаўшы), а тады насылалі іх шкоду на непрыяцеляў. Дык гэтыя два раздзелы з той трохгадовай даўніны публікацыі падаем цяпер.
Нагадваем таксама, што няма лепшай чытанкі па гэтай усёй тэме за выдадзеную ў 2020-м у “Бібліятэцы Свайксты” кнігу “Гінтарас Бераснявічус. Вырай: паняцце пра пасмяротнае жыццё ў старалітоўскім светапоглядзе”. Да гэтай кнігі звяртаймася штогоду, адкрываючы шторазу ў ёй сабе штось яшчэ пра дзядоў і іх свет.
“Чужыя” дзяды
Запрашаючы дзядоў, згадвалі і пра тых, хто ня мае куды пайсці, каго не чакаюць за святочным сталом нашчадкі. Прычым, продкаў, чыіх імёнаў ня памяталі, запрашалі прыйсці першымі.
“Тата, мама, брацья і сёстры, захадзіця. А каго ня ўспомніла, забытыя, тыя наўпярод ідзіця“. Запісана ад Веры Буцэр у Галінова ля Вялейкі.
“Прошэ да столу, усе гэтай зямлі і ня гэтай зямлі, гэтай хаты, ня гэтай хаты“. Запісана ад Любові Асіповіч у Якавічах ля Маладзечна.
“Праведныя радзіцелі! Хадзіце к нам вячэраць. І самі, і вядзіце з сабой малых дзетак, і тых, каму не к каму ісці“. Запісана ля Быхава.
“Дзяды-радзіцелі, прыходзьце да нас на вячэру. Запрашаю ўсю радню, блізкую і далёкую, каго бачылі і каго ня бачылі. І тыя, каму не к каму ісці, прыходзьце да нас“. Запісана ад Валянціны Выскваркі ў Пластку ля Любані.
“Дзядочкі-бабачкі, хадзіце к нам абедаць. Старыя і малыя, хадзіце к нам абедаць. Старыя і малыя, хадзіце к нам абедаць. У каго не к каму ісці, не к чаму – усе ідзіце к этаму столу. Самі ідзіце, малых вядзіце, а хто хадзіць ня ўмее, самі нясіце“. Запісана ад Евы Антонавай у Баярах ля Барысава.
У хаце і знадворку
У сведчанні 1723-га года [езуіцкая справаздача па Літоўскай правінцыі з Рымскага архіва езуітаў] у “лівонскіх краях” [цяперашняя Латвія] зацямляецца цікавая і рэдкая акалічнасць:
“Запрасіўшы, усе сыходзяць з месца пачастунку, пакінуўшы на стале ўсё, што патрэбна для ядзення і піцця, а самі гэты час ходзяць па двары.
Праз некалькі гадзін, і калі мяркуюць, што памерлыя продкі зусім насыціліся і нават перасыціліся, дык стары і нібыта кіраўнік цырымоній або запрашальнік памерлых продкаў першы заходзіць у месца частавання, а іншыя за ім.
Запаліўшы кнот, абкурвае ўсе куты, кажучы: Досыць вы прыгошчаныя, вяртайцеся да свайго месца, адкуль прыйшлі, не рабіцеся ваўкамі, вужакамі, мядзведзямі і падобнымі жывёламі, ня шкодзьце скаціне і маёй сям’і, а лепш шкодзьце тым і тым (тут згадвае тых, да каго варожа настроены).
Выправіўшы памерлых продкаў, частуюцца самі”.
У нашых мясцінах такога звычаю – выходзіць з хаты, каб дзяды самі частаваліся, – ужо не зафіксавана. Хоць “пераходны” стан можна ўгледзець у сведчанні Рамуальда Зянкевіча пра тое, як рабілася пад Пінскам [Zieńkiewicz R. O uroczyskach i zwyczajach ludu pinskiego, oraz o charakterze jego piesni. Warszawa, 1853]. Там, калі вярнуліся з падворка запрашаць дзядоў, сядалі ў цішыні зводдаль ад стала і чакалі, калі душачкі былі б насыціўшыся. Калі, на думку гаспадыні, яны ўжо былі насыціўшыся (і неяк жа адчувалі-“лавілі” гэты момант), яна дае знак, гаспадар сядае да стала і запрашае астатніх. Пры гэтым за стол свядома сядалі на пэўным аддаленні адзін ад аднаго – каб маглі прысесці, частавацца і дзяды.
Крыніца: Восеньскія Дзяды ў Гудыі (Беларусі) // Svajksta. № 5, 2021. С. 23-26.
Ілюстрацыі: Stanislaw Bagienski. Ofiarna weczera. 1904; Сяргей Цімохаў. На Дзяды. 2004.
* * *
Спадабаўся тэкст? Выкажы прыхільнасць, падтрымай на “Патрэоне“.