Вільню вярнуў Пяркунас

Гэта толькі на першы позірк “Вільню літоўцам Сталін аддаў”. Кажучы так, забываемся, што рэ-літуанізацыя Вільні немагчымая была б і без дэ-юдэізацыі, а тут той Сталін ніякім бокам не датычны. Спрычыніліся, такім чынам, два дыктатары, якія ў тую пару злому каркаў і лёсаў былі схапіўшыся не на жыццё, а на смерць.

Але як так сталася, што два Гіганты тагачаснай гісторыі, два Магуты міжнароднай арэны – аказалася – дапамаглі, а інакш не скажаш, рэлітуанізаваць Вільню?

А прыгадайма знакаміты выпадак прысягання грымотнаму Пяркуну, каб “намагацца вярнуць Вільню Літве”, ад Генеральнага сакратара Лігі Нацый (тагачаснай ААН) японца сінтаіста Сугімуры на наднёманскай Рамбінскай гары. Купальскі час, мора аднолькава настроеных наэнергізаваных людзей, найвышэйшае дзяржаўнае і міжнароднае прадстаўніцтва – думкі мелі ўшчыльніцца, голас узмацніцца і быць пачуты.

Якою мела быць тая “божая дапамога” ад старадаўняга боства Маланак і Грымотаў, відаць, дарэшты не разумелі і ініцыятары такога дзейства. Але ж, прабёгшы часу, “боская механіка”, так бы мовіць, праяснела. Бо якія ж “перкунічныя” энергіі? А такія, якія і неслі тыя два Гіганты. Энергіі сутыкнення, знішчэння (як Гром – чартоў), грамавых разрываў і светлавых сполахаў (танкі і гарматы як гром ды маланкі), змрочнага неба і ірацыянальнага страху, пераменаў у выніку гвалту.

Гэта толькі гарадскі люд, седзячы ў сваіх цёплых бетонных ячэйках бы кароўкі ў загонах, глядзіць на старых багоў як на прыдуманых калісняй фантазіяй насельнікаў кніжных старонак – а на праўдзе тыя энергіі, якія Яны нясуць, і не зніклі нікуды, дый не маглі знікнуць, бо з іх складаецца свет.

Увесь гвалт – “перкунічны”, увесь гвалт ад Пяркуна. І ўсё тое, што паўстае ў выніку гвалту, азначаецца пасля гвалтоўнай перамены, – таксама відавочна вестачка ад Яго.

Не было б Вільні-Літоўскай без “канчатковага развязання” таго пытання, якое так рупіла аднаму, заходняму дыктатару. І не было б яе без таго, каб масава пацягнуліся палякі ўпрочкі з Вільні, пасля таго як другі, усходні дыктатар абмяняў перад тым “Вільню на Літву”. У сітуацыі выбару трэба браць што больш яўнае і ўшчыльненае, а абстракцыі, калі іх шчыра і доўга жадаць, ажыццявяцца потым.

Вільня не была ніколі ніякім “Крывіч-горадам”, канчайма трызніўшы. Гэта быў горад Швінтарога і Ліздзейкі (Šventaragis, Lizdeikis). Потым быў перыяд “хваробы”, як зусім элегантна ды пакепліва фармулююць стваральнікі найноўшай, нядаўна выдадзенай трохтамовай “Гісторыі Вільні”.

А потым літоўцы ўчулі момант і ўчасна паслалі пасланне да Пяркуна – і Ён паслаў тых, хто вырваў Вільню з векавой хваробы. Адагнаў хваробу – дык прускі бог лекавання Аўшаўтс і быў адпачатна іпастась Пяркуна, бо быў “Адстрэльвальнік (хваробаў)” (літоўскае šauti, прускае šautun “страляць”, au-šautun “ад-стрэліць”).

Хто квапіцца на рэбалтызаванае аблічча Вільні – той здзяйсняе правін перад нашымі старабалцкімі продкамі. Аперуйма ж ужо і паняццем Правіну, каб адысціся ад бесхрыбетнага і дэматывацыйнага “усё не так адназначна”. Ёсць багата рэчаў зусім адназначных, тым больш у абсягу святога і боскага, і найперш у ім.

Яшчэ высноваў? Яны відавочныя: маем высокую мэту не бачым сродкаў – бяром прыклад з дзейства на Рамбінскай гары. Цяпер трывае іншая вайна, і яна відавочна не скончыцца з чаканым неўзабаве часовым замірэннем. А якія вынікі ўрэшце некалі дасць Апякун вайны Пяркунас – залежыць ад нашых просьбаў, шчырых і працяглых.

Вуньдзе, Антанас Смятона, калі яшчэ не быў прэзідэнт (а пазней і дыктатар) даваеннай Літвы, а быў цікаўны да моўнага стылю таленавіты публіцыст, нясмела пісаў (яшчэ за дзесяцігоддзе да абвяшчэння Літоўскай Рэспублікі), што Вільні наканаванае сужыццё літоўцаў-палякаў-яўрэяў-гудаў (амаль як у пазнейшай бэсэсэрыі з яе чатырохмоўнасцю). І гэта яўна паказвае: багі (па)смяюцца з нашай рацыяналізацыі.

 Sv.

* * *

Спадабаўся тэкст? Выкажы прыхільнасць, падтрымай на “Патрэоне”.