
2 снежня – 100 гадоў, як адышоў бадай найвыбітнейшы літоўскі мовазнавец і балтыст Казíмерас Бугá.
Літоўскі мовазнавец Казімерас Буга (1879-1924) вядомы ў нас хіба зусім рэдкім цікаўным да балтыстыкі. А тым часам ягоная роля ў тутэйшай “балцкай тэме” – наколькі неацэнная, настолькі і ў нашай прасторы не ацэненая.
Буга ў Літве – гэта найперш пачынальнік фундаментальнага “Слоўніка літоўскай мовы” і ўкладальнік першага яго тома (поўныя дваццаць тамоў скончылі выдаваць толькі ў 2002-м). Але другая тэма, што жыва хвалявала яго, тычылася балцкай прысутнасці на ўсходзе па-за цяперашняй балцкамоўнай прасторай. Структурная візія па гэтым пытанні належыць якраз Бугу (той-сёй кранаўся тэмы і раней за яго, але зусім кропкава і ўрыўкава).
Звычайна калі заходзіцца пра каліснюю прастору балцкамоўнасці, дык найперш спасылаюцца на кнігу “Лінгвістычны аналіз гідронімаў Верхняга Падняпроўя” (1962), частку па балцкіх гідронімах у якой напісаў Уладзімір Тапароў, на момант выдання 34-гадовы. Той, не хаваючы, усюды пазначае спасылкі на Бугава аўтарства ў ільвінай долі вытлумачэнняў тых рачных назваў, ажно за скарачэннямі (тыпу “TiŽ” – акадэмічны Бугаў часопіс „Tauta ir žodis”, Слова і народ) самога Бугі недасведчанаму чытачу не відаць.
А тым часам прасторы балцкіх гідронімаў на ўсходзе Буга быў крануўшыся за паўстагоддзя да “Лінгвістычнага аналізу…”. Тут ён меў вонкавы поштурх – у 1911-м расійскі акадэмік Шахматаў па-нямецку апублікаваў артыкул, дзе выказваў думку, нібы калісь усходнееўрапейскі абшар быў заселены… кельтамі. А Буга на той час ужо быў сабраўшы багатую картатэку не толькі з літоўскіх слоў у будучы Слоўнік, але і з антрапонімаў, тапонімаў і гідронімаў (у выдадзеным ім 1-м томе “Слоўніка літоўскай мовы” яны ішлі нароўне са словамі, такім задумваўся ахоп). Яму дастаткова было толькі апусціць руку ў картатэку і вывудзіць колькі дзясяткаў картак. У 1913-м ён публікуе, таксама па-нямецку, адказ Шахматаву. Той чытае і прызнае поўную Бугаву рацыю. “Кельцкая” дыскусія на гэтым згортваецца не паспеўшы разгарнуцца.
Паўней той назоўны матэрыял пабачыў свет у згаданым часопісе „Tauta ir žodis”, зусім пад канец Бугавага жыцця. У першым жа часопісным нумары (1923) выходзіць буйны артыкул “Даследаванні рачных назваў ды даўніна айстыяў [балтаў] і славянаў”. І вось якраз там – проста бяры ды параўноўвай з тапароўскім “Лінгвістычным аналізам…”
Але і таго не досыць – менавіта Буга адным з першых прамовіў думку пра калісняе суседнічанне на ўсходзе балтаў ды фінскамоўнай мардвы. Ён грунтаваўся на балцкім лексічным пласце ў гаворках мардвы; пазней да гэтага дадалі вагомыя паралелі ў народнай абрадавасці.
Бугу відавочна натхняў вялікі абшар. Ён выказваўся і наконт старадаўніх балцкіх перасоўванняў – і з усходу, і з Літвы на поўнач у Латвію. Што праўда, тэрытарыяльна сягала яго думка не так далёка, бо калісняе суседства балтаў і мардвы ён лакалізаваў не далей за Смаленск. Гэта пазней ужо (дзякуючы, напрыклад, мовазнаўцу Аткупшчыкову) абсяг балцкай гідраніміі быў даведзены і да Ніжняй Акі, якраз да той самай мардвы.
Напрыклад, гэта Бугава ідэя – параўнаць падвіленскі тапонім Sužionys (“Сужаны”) з назвай ракі Сож (< Съжъ < Suž-) і звязаць іх з фінскім susi “воўк”. Падтрымаў і пераагучыў гэта пазней і Тапароў, ён падкрэсліў і яшчэ адно Бугава назіранне – сожская рака Воўчаса адпавядае назве літоўскай ракі Vilkesa (ад vilkas “воўк”). А гэтая, звяраемся з картай, – якраз паблізу тых Сужанаў. Бугава інтуіцыя была – гэта прынесена з усходу, з Пасожжа. Так жа сама як назву ракі Гаўі, піша Буга, пазней панеслі на поўнач: адна Гаўя цячэ паміж Лідай і Іўем, а другая – у Латвіі за Дзвіной.
Так жа сама, дарэчы, назву знакамітай летапіснай “Нальшанскай зямлі” звязваюць з нібыта “зніклай” рэчкай з назвай тыпу Nalšia – ажно поўны адпаведнік гэта рака Нальша на Ніжнім Павоччы, паблізу мардвы, і зусім магчыма, што таксама прынесеная вунь ажно скуль. Ёсць там сама побач і рака Сезельда, назва якой структурна зусім адпавядае нашай Ясельдзе. Дык і Ясельду ж “прачытаў” таксама Буга – убачыўшы тут элемент “-da” (як і ў гідронімах Сёгда, Саколда і інш.) і звязаўшы яго з меркаваным яцвяжскім *uda “вада, рака”. Як бачым, тыя “яцвягі” тады мелі колісь быць і за Ніжняй Акой перад мардвой.
Таксама і ў знакамітым тапароўскім нарысе “Балтыйскія мовы” (свайго роду “падручнік” па вядомых гістарычна старабалцкіх плямёнах) без цяжкасці пазнаецца перапрацаваны з гледзішча лінгвіста 200-старонкавы Бугаў тэкст “Літоўскія народ і мова ды іх блізкія родзічы”, змешчаны паперадзе ў згаданым вышэй 1-м томе “Слоўніка літоўскай мовы” (1924). Тут не толькі пра літоўцаў і латышоў, але і пра прусаў (і яцвягаў у іх складзе), куршаў, зямгалаў, а таксама пра нашмат менш вядомых селаў.
Селы Бугу асабліва рупілі, бо з калісняга сялонскага краю (з-паблізу Зарасоў) ён і сам паходзіў. Менавіта з гэтай часткі Бугавага тэксту нарадзіўся, дарэчы, і апублікаваны Тапаровым зусім пад канец жыцця (2004) тэкст пра селаў і неўраў. З той пары прабегла дваццаць гадоў, а селы так і не патрапілі нам пад вока (тым часам у Латвіі нядаўна нават вылучылі асобны рэгіён – Селію). Хоць, мяркуючы з шэрагу гідронімаў, Браслаўскі край, азёрнае дзвінскае левабярэжжа – гэта былі менавіта селы. Няхай пра селаў вядома не так шмат, як пра злой долі яцвягаў, але тутэйшы сялонскі складнік абавязкова меў бы быць урэшце належна падсветлены, поруч з пруска-яцвяжскім (нёманскае левабярэжжа) ды ўласна літоўскім (нёманска-вілейскае міжрэчча), а былі ж яшчэ і латгалы на Задзвінні.
Казімерас Буга пражыў толькі 45 гадоў, адышоў ён заўчасна, ад раптоўнай хваробы, у пруска-нямецкім Караляўцы. Але ўсё, што патрабавалася, ён агучыў. Калі б жыў далей, дык толькі, відаць, удакладняў бы. Так жа сама як задуманы і распачаты ім слоўнік пачысцілі ад назваў і прозвішчаў, пакінуўшы толькі лексіку; так жа сама як пашырылі да Ніжняй Акі каліснюю балцкамоўную прастору.
Буга прамовіў пра рачныя назвы на ўсходзе, пра балцкія пераходы, пра сваіх продкаў селаў. Ён накрэсліў, паказаў і адышоў – застаўшыся візіянерам, якога ніхто не наважыцца назваць летуценнікам. А шмат хто жыве, ужо даўно ўсё зрабіўшы што мог.
Sv.
Пытанні на замацаванне:
- Чым лінгвіст К. Буга найперш слынны ў Літве? Які галоўны яго даробак для літуаністыкі?
- Што стала поштурхам, каб Буга ўзяўся за балцкую гідранімію на ўсходзе?
- Як даследаванні назваў дапамагаюць (і дапамагалі Бугу) прасочваць міграцыі даўнейшых балтаў?
- Чаму Бугу так рупіла племя селаў? Чаму селы важныя і для нас?