
Незаслужана забыты дыялектызм “укучы” на нашым усходзе, што значыць “разам”. У дарэвалюцыйнага збіральніка фальклору Раманава, у яго “Беларускім зборніку”, знаходзім прыкладаў ужывання гэтага “укучы” (у дужках нумар выпуску ды старонка):
- “І прышлося яму начуваць укучы з бацькам”, “І сталі там усе ўкучы жыць да пажываць” (3:147).
- “Селі яны, і давай тэй хлеб укучы ужэ есці”, “І пашлі апяць дарогай укучы” (4:31,32).
- “Ажны стаяць яго швагры, усі ўкучы, і разгуваруюць адзін з адным” (6:238).
- “А галовы праклятага смока звязаў укучы і ўскіныў на йзбушку” (3:105).
Больш за тое, там жа сама спатыкаем прыклад, калі разгранічваецца “укучы” і “ўместа”:
- “Хадзілі па свету песельнік і казачнік. Сыйшлісь яны ўместа і сталі ўкучы хадзіць” (4:115).
Інакш кажучы, “уместа” – гэта калі дакладна акцэнтуецца на месца (сысціся “ў месца”). А “укучы” – акцэнт на неабавязкова звязаную з месцам лучнасць, у тым ліку перасоўную (пайсці ўкучы). Пагэтаму трасянкавае “ўмесце” – гэта, вядома, варты пазбягання безумоўны русізм, але структурна ён зусім ідэнтычны нашаму “уместа”.
“Укучы” – гэта, ясна, “у кучы”, ад “куча”. У зафіксаванай Раманавым гаворцы на нашым усходзе ўжываецца і асобна (дык жа, “укучы” гэта не штось застылае, непазнавальнае, дэсемантызаванае):
- “А хмара ўсё бліжэ, бліжэ… Як найшла, як ударыла – да ў тэй склеп! Дык што ж ты думаеш: разваявала ўвесь чысценька, і камень на камень пасклала ў кучачкі – з зямлёй зраўняла” (4:159). “Прайшлі нескулькі – ляжыць куча золата на дарозі” (4:214).
На нашым усходзе яшчэ зусім да нядаўна ад старых можна было пачуць “да кучы” (мо хто са старэйшых і па сёння кажа), але тычылася гэта ўжо найперш неадушаўлёных прадметаў. Хоць часам і звяртаючыся да людзей можна было пачуць: “Збірайцеся да кучы”, але гэта ўжо пасунуўшыся ў бок экспрэсіўнасці, упрочкі ад ранейшага нейтральнага “укучы”.
Літоўскае kartu і прускае emperi
Беларускае літаратурнае “разам” утворана мысліўшы так жа сама, што і усходнябалцкае літоўскае kartu “разам”. Гэтае ад kartas “раз”, і яно так жа сама ў творным склоне (адсюль, дарэчы, таксама kartą “аднойчы” – літаральна “(аднаго) рáза”, kartais “часам” – літаральна “разáмі”).
А вось тое “укучы” збліжаецца, наадварот, з заходнябалцкім прускім emperi “разам”. Даслоўна гэта “у гурце”, бо ёсць прускае perā “суполка, гурт”, perōni “супольнасць” (en – прыназоўнік “у”). Структурна гэтае “эмперы” цалкам адпавядае нашаму “уперціся” (*vъ- & *per-), якое значыць не толькі “упірацца” (кшталту, рукамі і нагамі), але і “уціснуцца, збірацца ў цесным месцы, збівацца ў кучу“.
Звіжанне і валачобнікі
Больш за тое, такі “кучны рух” (рух кучаю, у кучы) адбіўся і ў нашай духоўнай культуры, а менавіта зачапіўшыся за разнесеныя ў календары на процілеглыя бакі кропкі восеньскага ды веснавога раўнадзення.
Паблізу восеньскага раўнадзення ў верасні – “Змеі здзвігаюцца ў кучу”, каб ісці пад зямлю спаць (у даўнейшых прусаў, як пазначаецца ў храніста Прэторыюса (4.10.VII), змяіная спячка называлася Migis, і так жа сама літоўцы экспрэсіўна называюць ложак – як “лежбішча”, у сувязі з літоўскім migti “засынаць”, прускім ismigē “засынае”).
Вядзе змяёў у той “мігіс”, як вядома, Змяіны цар з залатой каронай (яго апяяў паэт Багдановіч, пачуўшы ад даследчыка бацькі). Смаленскае паданне апісвае, што зімуюць тыя змяі пад зямлёй наўкруг Белага каменя, які раз-пораз ліжуць дзеля сытасці (“трі раза як лізнець – і сыта“). Дык жа, яны там – укучы, разам.
А блізка веснавога раўнадзення маем свайго роду “выхад” на белы свет – бо хмарай (той жа “кучай”, можна сказаць) ідуць валачобнікі. У веснавых песнях: “А з-пад лесу, лесу цёмнага, / А з-пад гаю, з-пад зялёнага / Ці ня тучка йдзець, ці ня воблачка? / А йшлі ж тудой валачобнікі…” Гэта дало падставы (С. Санько) і само слова “валачобнікі” ўвязаць з дыялектным “валачок” (воблака).
Але валачобнікі – гэта ўжо не прыземна-падземная “змяіная куча”, а надземны “пчаліны рой”: “Вот і пчолкі гудуць, / Валачобныя ідуць…”. Тут асабліва няма супярэчнасці, гэта адбітак той жа тапалогіі, што і ў чароўных казках: там герой таксама на той свет спускаецца ў нару ў зямлі (бы змеі ўвосень пад зямлю), а вяртаецца на птушцы з неба (нібыта валачобны рой увесну). Метафарызаваць валачобнікаў выбралі пчолаў, бо птушкі ёсць жа і зімовыя.
Тое ж дзеянне ўгортвання-разгортвання можна ўгледзець і ў абыходжанні з казачным змеевым палацам, які на тым свеце. Там яго можна “згарнуць” у яйка (“абыйшла кругом двыра тры разы, а тады баднула палцам у сцяну – увесь двор і зліўся ў зылатое яйцо”), а па гэты бок – “разгарнуць” (“узяў зылатое яйцо з кішаня, ды тры разы кругом палцам абвёў ды – бодзь! і здзелыўся зылатэй двор“) (3:81,84). Зусім як увосень свет угортваецца (сціскаецца да памераў цёплай хаты), а ўвесну – разгортваецца (разліваецца па ажылым наваколлі). Вядома, гэта ўсё пра кліматычна абумоўленую сімвалізацыю, якая дапамагае быць сунастроеным з наваколлем і яго пераменамі, бо не ў вечна аднолькавай пустэльні жывем жа.
Дарэчы, і шматгаловасць (трох-, дзевяці-, дванаццаці-) казачных Змяёў (“Чуда-Юдаў”), відаць, таксама карэніцца ў вобразе змяёвай кучы, што сыходзіць зімаваць у “мігіс”. Здаецца, увага на гэта не звярталася.
Вось жа, нашае “разам” ніяк не кранаецца ўсёй гэтай міфалагічнай сітуацыі (а адсылае хутчэй да адначаснасці, быцця ў адным моманце), а таго ж значэння “укучы” напрамую яе выклікае.
І якраз цяпер мы часава знаходзімся роўна паміж тых дзвюх каляндарных кропак – калі “змеі” ўжо пайшоўшы пад зямлю, а “пчолы” яшчэ толькі будуць вылецеўшы. Дык учасна пра гэта і згадваць.
Sv.