Міфолаг Разаўскас: “Не шкадуйма гудам “Пагоні”

У студзені на інтэрнэт-партале “Алкас” апублікаваны артыкул літоўскага міфолага і этна-мысляра, ганаровага вайдзілы ў “Рамуве” Дайнюса Разаўскаса – “Пагоня наша і беларусаў”. Тэкст варты рэферавання, бо ярка адлюстроўвае гледзішча пэўных літоўскіх колаў, паглыбленых у нацыянальнае мысленне.

Гэтае гледзішча кантрастуе, аднак, з папулісцкімі ізаляцыянісцкімі ксенафобскімі поглядамі, якія на хвалі масавай іміграцыі (як беларусаў, так і ўкраінцаў) нярэдкія ў цяперашняй Літве. Кантрастуе яно і з папулярнай у інтэрнэт-правакатараў шавіністычнай пазіцыяй (родам з міжваеннага часу, калі адрозненні абсалютызавалі), згодна з якой маленькі, але гераічны літоўскі народ меў паняволіць велізарную, але аморфную масу “славянаў”, стварыўшы з іх удзелам магутнае ВКЛ.

Пачынае свой выклад Д. Разаўскас з кароткага нарысу гісторыі. І найперш агучвае рэчы дастаткова вядомыя, але з адной не кожным чаканай перафармулёўкай: “Менш-больш да VII стагоддзя на ўсходзе ажно да Масквы і нават за ёй, а на поўдні да Кіева, размаўлялі па-літоўску (вядома, не сучаснай літаратурнай мовай, а гаворкамі, а больш на поўнач – латгальскімі гаворкамі)“. З увагі на выключную блізіню цяперашніх літоўскіх гаворак да меркаванага адпачатнага індаеўрапейскага тыпу, пытанне пра “мову падняпроўскіх і павоцкіх балтаў” выглядае, такім чынам, зусім неабавязковым. І якраз тут ніякага табе “шавінізму”.

Больш за тое, нават пачаткаў назвы “Літва” зусім абгрунтавана шукаць на ўсходзе, на Павоччы (там, дзе рэчка Нальша, ад якой імаверна калісняя літоўская Нальшанская зямля): “У народных песнях фіна-вугорскай мардвы бог Пургіне (запазычанне з літоўскага “Пяркунас”) бярэ сабе ў жонкі зямную дзяўчыну з іменем “Літова” – гэта варыянт шырока вядомага вобразу пра бога, які бярэ сабе за жонку зямлю, якою кіруе.” Пры гэтым адкрытым застаецца пытанне, ці гэта племя літва (адно з многіх балцкіх) адтуль прыйшло, або так сапраўды магла агулам звацца ўся вялізная старабалцкая прастора (думка Разаўскаса на баку другога варыянту). Тым часам сведчанне пра “Літову” — вельмі важнае, бо прамая паралель — фінская Суометар (“дачка Суомі”, прамацерка фінаў), да якой сваталіся Месяц, Сонца ды сын Палярнай зоркі (за апошняга і пайшла).

Далейшы пункт супыну ў артыкуле – узнікненне “Русі”, якая мела вырасці з апанаванага міжнароднымі бандамі скандынаваў воднага шляху “з варагаў у грэкі”, па Дзвіне і Дняпры. “Трэба абавязкова трымаць у галаве адрозненне паміж мовай і нацыянальнасцю, з аднаго боку, жменькі ўладароў, прыдворных, гараджанаў, а з другога — валатоўскай большасці навакольных жыхароў. Першыя пісалі пра сябе летапісы, таму ў іх і патрапілі, а другія не пісалі, таму не пакінулі моўных слядоў. (…) Пасярод навакольных пушчаў людзі, як і раней, яшчэ доўга размаўлялі па-літоўску ды па-латгальску“. Датрывалі, дадамо, да XV стагоддзя, як у Абольцах пад Сянном.

Прыпынак трэці – раннелітоўская экспансія на ўсход: “Ёсць меркаванне, выказанае не адным навукоўцам, што пашырэнне Літвы на ўсход было не “экспансіяй на землі славянаў”, а павяртаннем на захопленыя свае землі, жыхары якіх, паняволеныя чужымі для іх князямі, успрымалі вяртанне Літвы як вызваленне, а прыход літоўцаў – як прыход сваіх“. Аславяньванне на ўсходніх землях напрамую было звязанае з аправаслаўленнем: “Нябожчык акадэмік Зігмас Зінкявічус вызначыў, што так званая ўсходняя мяжа літоўскіх этнічных земляў, якая захавалася бадай нязменная ад хросту Літвы і да адноўленай Літвы пачатку ХХ стагоддзя, – гэта проста мяжа, да якой у XIV ст. у Літве з усходу ўжо было замацаваўшыся праваслаўе“. Іншымі словамі, беларусы-каталікі – гэта тыя, хто трымаўся балцка-літоўскай ідэнтычнасці даўжэй за тых, каго аправаславілі на ўсходзе раней (падобна фармулюе і гісторык А. Белы, але абсалютызуе такі позні стан, ментальна адгароджваючыся ў такую “Ўсходнюю Літву”).

Такім чынам, “і на ўсход ад так званай мяжы этнічных земляў аддаўна жылі літоўцы, адно што, парабіўшыся праваслаўнымі, яны аўтаматычна былі залічаныя ў рускія (русіны), нават не пацікавіўшыся, на якой мове мо яшчэ доўга яны гаварылі ўдаму. (…) Такім чынам, уся так званая Беларусь (між іншага, уключна са Смаленскам) – гэта былая Літва. Усе так званыя беларусы – гэта былыя літоўцы. Продкі сучасных беларусаў разам з нашымі, сучасных літоўцаў, продкамі ўсе разам былі літоўцамі і супольна стварылі літоўскую дзяржаву, палова самага ядра якой апынулася ў складзе сённяшняй Беларусі. Таму цяперашнія беларусы роўна такія ж спадкаемцы даўняй Літвы, як і мы, цяперашнія літоўцы. Таму “Пагоня” гэта так жа сама і іх герб, як і наш.

Герб “Пагоня” не раз’ядноўвае і проціпастаўляе нас, цяперашніх беларусаў і цяперашніх літоўцаў, але звязвае, злучае і яднае, бо нагадвае пра былое адзінства. Герб “Пагоня” – гэта арыентацыя на старую адзіную магутную Літву, з якой мы “бяром моцы” так жа сама, як і цяперашнія беларусы, варта толькі ім прыгадаць сваю мінуўшчыну і карані. Карані так званых беларусаў – не ў расійскай, а ў літоўскай зямлі. Па праўдзе ніякія яны не беларусы, як іх абазвалі маскалі [maskoliai], такім чынам залучаючы да сябе, а сапраўдныя літоўцы, толькі славянамоўныя. Славянамоўныя літоўцы.”

Пераходзячы да сучаснасці, Д. Разаўскас нагадвае суайчыннікам пра існаванне тых, хто па наш бок цяперашняй мяжы прабудзіўся і ўяўляе сабой прыклад, па якім трэба раўнаць і іншых: “Яны доўга грукаліся ў аглухлыя нашыя сэрцы і размоклыя глузды, шукаючы ўхвалы, падтрымкі і падбадзёрвання, некаторыя з іх сваімі сіламі вывучылі літоўскую, латышскую і нават прускую мовы. Але што ўвесь гэты час рабілі мы, скажыце? Нашая ўлада?

Нарэшце, аўтар пераходзіць да прапаноў па развязанні праблемы тых, хто “паўцякаў” з Беларусі-Гудыі ў Літву. Вяртанню апісанай вышэй ідэнтычнасці (“балцкай”, ужываючы больш канвенцыйную фармулёўку) трэба спрыяць праз літоўскую мову: “Трэба не “Пагоні” гудам шкадаваць, а вучыць іх размаўляць па-літоўску. Асабліва тых, каторыя самі сюды з’ехаліся, – чаго ж яшчэ яны сюды наехаўшы, як не вучыць літоўскую, га? Літва мае быць адкрытай усім, хто размаўляе па-літоўску, і найперш тым, хто быў вынарадзіўшыся, але звярнуўся да свайго сапраўднага народу“.

І, безумоўна, няма ў такой унутрана суладнай карціне ніякіх “беларусаў заходніх балтаў”; тую прыдумку ў 2000-я, як вядома, распрапагандавалі, каб знясіліць балцкую ідэю і ўбіць клін паміж намі і жывым балцкім светам, — але тое асобная размова (і не без канспіралагічнага адцення).

Sv.