
Разбудоўваючы свой светапогляд, еўрапейскія Новыя правыя не ў малой меры абапіраюцца на старадаўнія міфы і літаратурныя традыцыі. Мысляры Новай правіцы часта наноў звяртаюцца да мінуўшчыны з мэтай крытыкі сучаснасці, і сярод крыніцаў, што натхняюць іх найбольш, – старагерманскія “Эды”, старагрэцкая “Іліяда” і стараанглійскі міф пра Артура.
Гэтыя тэксты, што ўкаранёныя ў міфічных, гераічных і баявых традыцыях дамадэрнай Еўропы, даюць Новым правым каштоўныя ідэалагічныя і сімвалічныя інструменты ў іх пошуках альтэрнатывы ліберальнаму, эгалітарнаму і глабалізаванаму сучаснаму грамадству.
“Эды”: зварот да гераічнай эпохі
Паэтычная “Эда” і Празаічная “Эда”, зборнікі старажытнай скандынаўскай паэмаў і прозы, складаюць ядро скандынаўскай міфалогіі і даюць погляд на дахрысціянскае грамадства Еўропы. У гэтых творах багі і героі адлюстроўваюць светапогляд, дзе галоўнае месца займаюць лёс, гонар і змаганне. Одзін, Тор і гераічныя чалавечыя постаці глыбока ўключаныя ў тэмы ахвярнасці, фаталізму і вернасці свайму роду і свайму народу.
Для Новых правых “Эды” рэзануюць з жаданнем вярнуцца ў свет, што быў перад тым як эпоха Асветніцтва высунула наперад універсалізм і рацыяналізм. Такія мысляры, як Ален дэ Бенуа, адзін з найвядомейшых галасоў Новых правых, выступаюць за аднаўленне сувязі з паганскімі каранямі Еўропы, бо яны прадстаўляюць форму жыцця, што цесна павязаная з прыродай, іерархіяй і племяннымі сувязямі. “Эды” ўвасабляюць гэта ў крайнім выглядзе, даючы вобразы гераічных ваяроў, шчыльна ўплеценых у космас багоў і фаталістычнае прыняцце цыклаў уздыму і заняпаду – канцэпцыі, якія падабаюцца тым, хто крытыкуе навакольны дэкаданс і заняпад сучаснасці.
Захапленне Новых правых “Эдамі” вынікае з візіі дахрысціянскай Еўропы, якая, на іх гледжанне, была чысцейшай, арганічнейшай і больш звязанай з ідэнтычнасцю і традыцыяй. Увесьчасна прысутная тэма Рагнароку, апакаліптычнага апошняга бою багоў, таксама метафарычна адаптуецца гэтымі мыслярамі, каб сімвалізаваць непазбежны ўвяд сучаснага грамадства – заняпад, які, хоць і трагічны, але патрэбны, каб даць дарогу адраджэнню гераічнай эпохі.
У сваёй прамове на штогадовай канферэнцыі асацыяцыі “Зямля і народ” (Terre et Peuple) у 2015 г. прадстаўнік нямецкіх Новых правых П’ер Крэбс выкарыстаў вобраз змагання паміж Мідгардам (абсягам чалавецтва) і Утгардам (абсягам першаволатаў-ётунаў, якімі кіруе Локі) за метафару змагання паміж еўрапейскай цывілізацыяй і яе ворагамі (як знешнімі [ётуны], так і ўнутранымі [ашуканец Локі]).
“Іліяда”: ваярскі этас і абарона гонару
Гамерава “Іліяда”, эпічная паэма вайны і гонару, адыгрывае падставовую ролю ў ідэалагічным ландшафце Новых правых. У цэнтры паэмы – гнеў Ахілеса, найвялікшага з грэцкіх ваяроў, і ўгрунтаваны на гонары канфлікт паміж грэкамі ды траянцамі. Для мысляроў Новых правых “Іліяда” ўяўляе сабой увасабленне ваярскага этасу – ладу жыцця, які аддае перавагу асабістаму гонару, славе і баявым здольнасцям над дэмакратычным каштоўнасцям роўнасці і індывідуалізму, што пачаўшы дамінаваць у сучаснай палітычнай думцы.
Ахілеса, у прыватнасці, шануюць за яго адмову падпарадкоўвацца ўсякай уладзе, якая не ўганароўвае яго належна, і за яго нястомнае імкненне да славы, нават коштам свайго жыцця. Такое стаўленне стасуецца з папулярызаванай Новымі правымі адмовай ад эгалітарызму і прыняццем імі іерархіі і дасканаласці. Непрыняцце Ахілесам абразы ад Агамемнана адлюстроўвае светапогляд, у якім трэба абараняць асабісты і грамадскі гонар і дзе чалавек жадае ахвяраваць сабой дзеля вышэйшай мэты або ідэалу. Новыя правыя трактуюць гэта як крытыку таго, як сучаснае грамадства акцэнтуецца на бяспецы, стабільнасці, камфорце і ўтылітарных каштоўнасцях коштам велічы і гераізму.
Больш за тое, адлюстраваны ў “Іліядзе” свет, у якім лёс непазбежны, а багі ўзаемадзейнічаюць з людзьмі, падкрэслівае касмічны парадак, дзе змаганне, страты і смяротнасць – гэта непазбежныя і нават ганаровыя складнікі жыцця. Засяроджанасць Новых правых на традыцыі і міфе часта ўключае гэты трагічны погляд на існаванне, адрозна ад прагрэсіўнага ўяўлення, нібыта чалавечая гісторыя – гэта ліноўнае падарожжа да паляпшэння.
Урэшце, Дамінік Венер у сваёй кнізе “Самурай Захаду” піша, што “Іліяда” ўтрымлівае таксама прынцыпы добрага рэлігійнага жыцця для еўрапейцаў: шанаванне Багоў, павага да іх і іхніх святароў, павага да памерлых, нават калі яны былі ворагамі пры жыцці.
Міф пра Артура: гераічнае караляванне
Міфы пра караля Артура і яго рыцараў з’яўляюцца яшчэ адным магутным сімвалам для Новых правых. Легенда пра Артура, асабліва ў тым выглядзе, у якім яна развілася ў Сярэднявеччы, прадстаўляе ідэалізаванае бачанне рыцарства, каралеўскай улады і сакральнай прыроды ўлады. Круглы Стол і пошукі рыцараў, такіх як сэр Лансэлот і сэр Гавейн, падкрэсліваюць тэмы вернасці, мужнасці і імкнення да вышэйшага маральнага парадку, якія часта асацыююцца з боскай або касмічнай справядлівасцю.
Ва ўяўленні Новых правых міф пра Артура супрацьпастаўляе заняпалыя інстытуты сучаснай дэмакратыі высакароднай, іерархічнай і гераічнай мінуўшчыне. Двор караля Артура разглядаецца як мадэль добра ўпарадкаванага грамадства, дзе ўлада – справядлівая, укаранёная ў боскім праве каралёў, і дзе асобы займаюць сваё месца ў выразнай іерархіі роляў і абавязкаў. Гэта рэзка кантрастуе з хаосам і навакольным маральным рэлятывізмам нашых часоў, дзе традыцыйныя формы ўлады і легітымнасці аказаліся размытымі.
Больш за тое, міф пра Артура, асабліва пошукі Грааля, звязаны з тэмамі трансцэндэнтнасці і пошуку сакральнага, аб’ядноўвальнай візіі жыцця. Акцэнт Новых правых на духоўным абнаўленні і культуральным адраджэнні знаходзіць рэзананс у міфе пра Грааль, дзе канчатковае імкненне – не проста дзеля палітычнай улады, але дзеля боскага аб’екту, які можа аднавіць пабураны свет.
Гэты пошук трансцэндэнтнага ідэалу адпавядае крытыцы Новымі правымі сучаснага секулярызму і матэрыялізму і іх заклікам вярнуцца да духоўна інфармаванага грамадскага ладу. Грааль тут разумеецца не як літаральны Грааль (не як хрысціянская рэліквія), але як метафарычны Грааль, боскі прынцып матэрыяльнага свету. Апроч таго, тыя галіны Новых правых, прадстаўнікі якіх зусім у духу Эвалы і Генона бароняць тэорыю “прымардыяльнай традыцыі”, такія як Поль-Жорж Сансанэці, пошук Грааля бачаць пошукам гэтай адпачатнай традыцыі.
Міфічны сінтэз Новых правых
“Эды”, “Іліяда” і Міф пра Артура – усе яны падаюць розныя, але ўзаемна згодныя бачанні, якія Новыя правыя ўключаюць у сваю крытыку сучаснасці і сваю візію ўкарэненай у традыцыі будучыні, якая Гіёмам Фаем таксама названая “археафутурызмам”. Агульныя тэмы гэтых тэкстаў – гераізм і ахвярнасць, лёс і апраўданасць іерархіі – пераасэнсоўваюцца як антыдоты супраць не ўкарэненасці, нігілізму і адчужэння ў сучасных ліберальных грамадствах.
Ален дэ Бенуа, Гіём Фэй і іншыя інтэлектуалы Новых правых даводзяць, што, звяртаючыся да гэтых старадаўніх крыніцаў, можам наноў адкрыць сабе адпачатную ідэнтычнасць Еўропы, што павязаная з глебай, гісторыяй і сакральным. Міф выкарыстоўваецца не з настальгічнымі мэтамі, але з прэскрыптыўнымі: гэтыя мысляры ўяўляюць сабе будучыню такой, дзе каштоўнасці моцы, гонару і вернасці, увасабленнем якіх з’яўляюцца гэтыя аповеды, будуць рэінтэграваныя ў цывілізацыю Захаду.
Максім Шэміно,
для “Свайксты”