Ластоўскі, Брастыньш і стыль

Ластоўскі і “Патрэба стылю”

Тое, што Ластоўскі, пачынаючы менш-больш ад 1918-га (віленская друкаванка “Крывічанін”), прасоўваў “крыўскую” назву, не трэба разглядаць асобна ад усяго ягонага мыслення таго часу.

На гэта ясна паказвае невялікая публікацыя Ластоўскага ў дарэвалюцыйнай “Нашай ніве” ў 1911-м. Гэта артыкул пад назвай “Аб патрэбе стылю ў жыцці народа”, і гэта сапраўды праграмовы тэкст, у якім аўтар нібыта здолеў зазірнуць ва ўвесь наступны міжваенны перыяд, стылёвасць якога (цяпер ужо мы можам ацаніць пастфактум) моцна кантрастуе з глабальнай стракатасцю і эклектыкай паваеннай эпохі.

Здаецца, гэта ўвогуле ці не адзіны тэкст таго часу, дзе тутэйшы мысляр / дзеяч / пісьменнік ставіць рубам пытанне стылю. Пагэтаму, дарэчы, уцямнага і пазнавальнага “беларускага стылю” так і не было створана – бо такія рэчы быццам сад, пустазеллем без клопату такое не прарасце.

Але сам артыкул “Аб патрэбе стылю…” пакідае для тутэйшага чытача загадку – пра аўтэнтычнасць выкладзеных у гэтым тэксце думак. Ластоўскі перш піша: “Вядомы ўкраінскі пісьменнік В. Копыр у газеце “Рада” (…) разбірае пытанне аб патрэбе стылю ў штодзённым жыцці”. Далей нібыта пачынае цытаваць, адкрыўшы двукоссе: “Слова “стыль”, – кажа ён [В. Копыр], – узята з лацінскай мовы…” Але адзін за другім мінаюць абзацы, адна думка сочыць наступную – а другога двукосся няма. Дзе ад Ластоўскага, а дзе Копырава? Мінаюць, дапокуль не дабіраемся да апошняга абзацу: “З усяго, сказанага ўкраінскім пісьменнікам, кожны лёгка зразумее…”

Укладальнік “Выбраных твораў” Ластоўскага (1997) з пэўнай шматзначнасцю пазначае ў каментары, што пра “пісьменніка В. Копыра” ўкраінскія энцыклапедыі не ведаюць. Маўляў, а ці не схаваўся за такой заслонай сам Ластоўскі? Для чытача думкі і сапраўды выглядаюць свежымі і нестандартнымі.

Ажно, усё мусіць быць даведзена да ладу. Копыр няхай не “вядомы пісьменнік”, але пад такім аўтарствам украінская публікацыя – была. Алічбаваныя ў наш час архівы даюць магчымасць яе адшукаць. Такім чынам, “нашаніўская” публікацыя – сярэдзіна кастрычніка 1911-га. А шуканая першакрыніца – артыкул “Про потребу стилю в домашньому житті” (укр.), які друкаваўся з працягам у трох нумарах запар кіеўскай газеты “Рада” ў папярэднім месяцы верасні (№№ 212-214).

Дык што пазычана, а што перапрацавана Ластоўскім з той “радаўскай” першакрыніцы? Адказ таго-сяго расчаруе: “нашаніўскі” тэкст гэта без малога цалкам пераклад (адаптаваны, з пропускамі і нязначнымі перафармулёўкамі) першай часткі ўкраінскага артыкула, а таксама самага пачатку яго другой часткі.

Але чаму б не пацікавіцца: чаму Ластоўскі спыніўся ў пераказе? – бо гэта нават не палова артыкула, аж і далей не менш цікавыя думкі і назіранні. А гэта паказвае накіраванасць мыслення Ластоўскага, лад ягоных думак: якраз у першай частцы болей і абстрактнага, і шырокаахопнага. А вось практычныя назіранні і парады, якія якраз ідуць пазней, Ластоўскага чамусь не так зачапілі (адсюль і перанос акцэнту ў назве). Шляху ад захаплення самой ідэяй да думак пра яе ажыццяўленне ён яшчэ не быў прайшоўшы. Затое даслоўна падае такі зусім прота-таталітарны фрагмент (нармальны як на першую палову ХХ ст.): “Найбольш сілы мае той народ, каторы патрапіў усіх сваіх членаў злучыць у адно, дзе ўсе думаюць і пачуваюць як адзін чалавек, а кожны – так, як усе, хто належыць да гэтай нацыі, творачы, аднак, такую гарманійную цэласць, што аддзельныя асобы могуць найшырэй выявіць усе свае асобеннасці”.

Чаго Ластоўскі не пераклаў

А тым часам у Копыра таго багата наступных думак і назіранняў, якія гутарку пра стыль належна прызямляюць, выводзячы ў яву.

Вопратка, убранне пакояў, посуд, усё гэта [у сучасным аўтару гарадскім украінскім асяроддзі] мае характар разброду ў думках, у гусце, ва ўсім. Такое акружэнне чалавека характарызуе не яго густ, а густ таго таннага крамніка, які прадае самыя нецікавыя рэчы, маскоўскай фабрыкацыі, па найтаннейшай цане і такім чынам кіруе густам пакупніка. (…) Нічога простага і яснага, сціслага і красамоўнага, нічога між сабой скаардынаванага, гарманійнага, нічога сапраўды патрэбнага, і разам з тым паважнага, нічога традыцыйнага, нічога такога, што б прынаджвала нас нейкай мілай блізкасцю да нашай душы, прываблівала нейкім водгуллем дарагой даўніны, якая яшчэ жыве ў таямніцах нашай крыві. (…) Калі мы з сярэдзіны хаты выйдзем на вуліцу, калі захочам знайсці нейкую фізіяномію [адметнасць] у будынках, дык тут проста даводзіцца махнуць рукой – безгустоўе, безгустоўе, безгустоўе [укр. “несмак”].

Здэмакратызаваўшы інтэлігенцыю, яны [палякі] ушляхотнілі просты народ, палякі пры гэтым не ўпадалі ў вульгарнасць, у вульгарныя крайнасці, наадварот, незвычайна паслядоўна, няўхільна, зручна і спрытна ўмелі яны тое лепшае, што ў іхнім народзе, падняць на ступень вышэйшай культуры, надаць інтэлігентныя формы, стварыць традыцыю. (…)

Кепска зразуметы дэмакратызм перайшоў [ва ўкраінцаў], асабліва ў моладзі, у якісьці фетышызм да мужыка, і дзякуючы гэтаму некрытычнаму фетышызму сталі ідэалізавацца не вечна стылёвыя бакі жыцця мужыцкага, а нешта іншае, часта чужое яму, бруднае, нанесенае. (…)

Наш просты селянін ставіцца і ставіўся да мастацтва з вялікай пашанай (я бачыў сялянаў, якія плакалі, пабачыўшы прыгожы абраз); ён у сваёй тысячагадовай практыцы вырабіў вельмі важны эстэтычны прыпцып, што ўпрыгожванні кожай рэчы павінны мець адпаведны матэрыялу і ўжытку характар, што ніяк не можа стасаваць арнаментыку адных рэчаў да іншых, зусім іншай катэгорыі ўжывання. Для кожнай асобнай катэгорыі рэчаў вырабіў селянін дарогай тысячагадовай практыкі адпаведную арнаментыку, незвычайна добра прыстасаваную. Ганчар, напрыклад, ніколі не змесціць на сваіх вырабах узораў або кветак, узятых з вышывак або з кажухоў, і наадварот – узоры, вырабленыя ганчарамі, зусім не пасуюць да вышывак або да кажухоў, або да разьбы на дрэве; ігнараванне гэтага досведу паказала б жудкае безгустоўе. Сцены сваёй хаты сялянка нашая размалюе ўсякімі кветкамі ў такой стылізацыі, якая не прыдатная да ўжытку дзе яшчэ. Паліцы маюць сваю, і вельмі прыгожую, арнаментацыю. (…) Наш просты народ мае незвычайна гарманійна спарадкаванае ўсё сваё жыццё ва ўсіх яго праявах, выяўляючы незвычайную стылёвасць ва ўсім, і такую ж дыферэнцыяцыю прыстасавання стылёвага да ўсіх падрабязнасцяў” (пер. з укр.).

Напрыканцы ўсяго трохчасткавага артыкула ўкраінскі аўтар, дарэчы, не менш практычна прапануе заснаваць адпаведны ілюстраваны часопіс: “Там можна было б даваць узоры музейных збораў, паказваць у ілюстрацыях прыклады з гісторыі нашага мастацтва, выдаць надзвычай каштоўныя матэрыялы, якіх у нас незлічоная сіла. Часопіс гэты даў бы магчымасць нашым архітэктарам, мастакам, разьбярам і ўсякім майстрам прыкладнога мастацтва выступаць перад публікай з узорамі сваіх твораў”. І вось гэтую думку Ластоўскі, здаецца, сабе добра запрыкмеціў – праз больш чым дзесяцігоддзе ўзяўшыся выдаваць у Літоўскай Рэспубліцы свой часопіс “Крывіч”. З таго, што непасрэдна датычыцца стылю, у тым часопісе, здаецца, хіба лагатып (выкананы, трэба меркаваць, паплечнікам, таленавітым Дуж-Душэўскім, які і бел-чырвона-белы сцяг першым вымаляваў).

Нацыянальны стыліст Брастыньш

Ва Ўкраіне ўся тая праграма стылю так і не была ажыццёўленая (у нас – тым больш, і ў абодвух выпадках гэта ўсходні сусед не даў). Але за гэта як нідзе ўхапіліся ў Латвіі. Зазірнуць туды варта, каб пацікавіцца, у што практычна маглі ўвасобіцца думкі, якія так былі захапіўшы Ластоўскага. Асабліва крэпка на гэтай дзялянцы сядзеў даследчык латышскіх дайнаў (народных песень) і кадыфікатар старажытных гарадзішчаў, а пазней стваральнік нацыянальнай рэлігіі Дыеўтурыбы (у разняволеныя 1920-я) і строгі нацыянальны ідэолаг (у часы нацыянальнай дыктатуры ў 1930-я) Эрнэстс Брастыньш. З адукацыі ён быў мастаком, дык не дзіўна, што яго так павабіла ў стыль.

У зборніку Брастыневых артыкулаў “Дзеля латышскай Латвіі” (1935) чытаем (пер. з лат.): “Гэта ўсё чужое майно – тое, што мы добраахвотна прынялі. Адкіньма чужыя мэты і падумайма, якімі маглі б быць нашскія. Не будзьма як брытанец або рускі, але ўгледзьма, як трэба жыць латышом. Не апранаймася ў чужыя апранахі, але памятайма, што латышы мелі свае тыпы строю. Выкіньце з жытлаў хатняе начынне, паробленае ў іншаземных стылях, каб было месца для свайго, латышскага. Шмат чаго ў нас выкідаць і вычышчаць унутры і звонку. Мы так абліплі чужой каростай і так прывыклі да гэтага, што думаем, нібы гэта наша ўласная скура і такімі мусім заставацца на ўвесь час. Мы мусім быць іншымі! (…) Я шчыра перакананы, што варта сотні маладзёнаў паказацца на вулках, у тэатрах ды ў іншых грамадскіх месцах Рыгі ў нашых латышскіх строях – і гэта раскатурхала б народ так, што ён зразумеў бы, што такое па-сапраўднаму прыгожае і вартае. Так жа сама было б з усім астатнім” (“Сваё і чужое”, 1929).

Думкі Брастыня нярэдка зусім перагукаюцца з вышэй цытаваным украінскім артыкулам: “Найперш ён [стыль] патрэбны ў начынні жытлаў ды ў знешнасці будынкаў. Разам з гэтым паўстане патрэба ўзгадніць вопратку жыхароў з іх асяроддзем. Вытанчанае, багатае на карункі ўбранне часоў бізманаў [ХІХ ст.] добра прыдаецца хіба мэблі жытлаў часоў Людовіка XV. Тое ж можна сказаць і пра стыль ампір, які ўзнік у эпоху Напалеона. Вось сучасны латыш і пачуваецца чужаком сярод рэчаў, твораў мастацтва і дываноў свайго пакоя. І пачувацца так ён будзе дапокуль грунтоўна не будзе ўзяўшыся ўпарадкоўваць і аздабляць свой знешні бок” (“Нашая вопратка”, 1927).

Брастыню, сапраўды, асабліва рупіла тэма нацыянальнай мужчынскай вопраткі (ён лічыцца аднаўляльнікам традыцыйнага мужчынскага строю, а жаночы да таго часу ўжо былі аднавіўшы): “Абагульняючы ўсё, што ведаем і бачым, можна казаць, што латыш насіў белыя і шэрыя світкі ў трох даўжынях. Кароткая світка сягала канцоў рукавоў, паўдоўгая канчалася на шырыню далоні над каленамі, а доўгая вялікая світка дасягала каленаў. (…) Жанчыны почасту любяць разнастайнасць, індывідуальнаму густу яны адводзяць важнае месца ў сваім убранні, а вось мужчыну падабаецца канон і канвенцыя.  Мы, мужчыны, маглі б дамовіцца насіць кароткія світкі там, дзе цяпер носім еўрапейскі “жакет” або “пінжак”. Паўдоўгая світка з поясам была б нашым “візітным пінжаком”, а на святкаваннях і на вельмі ўрачыстыя выпадкі мы апраналі б белыя вялікія світкі, як індускія махараджы” (“Дзе ганаровая вопратка народных сыноў?”, 1933). Але ж які палёт думкі, які размах пражэктавання – ад Латвіі да махараджаў!

Што-нешта яму сапраўды ўдалося ажыццявіць – найперш унутры ачоленай ім супольнасці “дыеўтураў”, прыхільнікаў латышскай этна-рэлігійнасці. Фотаздымкі паказваюць, што дыеўтурскія правадыры ў такіх строях паказваліся і на свецкіх, нейтральных мерапрыемствах, і тады цяжка адрозніць – тут прапагандуюць стыль або прадстаўляюць сваю супольнасць.

Вядома, адным Брастынем і яго вопраткай у Латвіі тэма стылю ў той час не абмяжоўвалася. Мастак А. Цыруліс стварыў больш за трыццаць зусім стылістычна ўзгодненых інтэр’ераў грамадскіх і жылых памяшканняў (увідавочкі ў Латвіі цяпер можна назіраць адзін такі інтэр’ер). Брастынеў паплечнік мастак А. Бінэ ствараў адпаведную кераміку. Але гэта асобная даследчая тэма, якой, спадзяваймася, хтось яшчэ возьмецца.

Ізноў Крыўя, ізноў стыль

Той невялічкі тэкст Ластоўскага, няхай і перасаджаны нібы з чужога саду, важны яшчэ і тым, што ўжо ў нашы часы думкі з яго нібыта інкарнаваліся, увасобіліся. Мова пра “навакрыўскі” рух (1990-я – 2000-я). Ацэньваючы гэтую грамадскую з’яву, рэдка калі пакуль акцэнтуюць на тое, што гэта найперш была Рэч Стылю. Зрэшты, пра якое ўвогуле даследніцтва ў цёмныя часы можна казаць.

Але, забягаючы наперад будучых даследчыкаў, можна наважыцца вылучыць колькі пунктаў, што вызначалі гэты “навакрыўскі” стыль:

  1. Геаметрычныя арнаменты – не толькі на вопратцы, але і на рэчах паўсядзённага ўжытку, як яно і было ў тутэйшай традыцыйнай культуры (посуд, мэбля).
  2. Старажытныя археалагічныя упрыгожванні – з музеяў у сімвалічны ўжытак (як у Латвіі “Намейшаў пярсцёнак” вось ужо стагоддзе – пазнака актыўнай латышскасці яго носьбітаў).
  3. “Крыўска-латгальска-літоўская” дуда – як пазнавальны “голас культуры”, які выштурхоўвае з “усходнеславянскай” ідэнтычнасці (не гармонік, не цымбалы, тым больш не балалайка), ды яшчэ са сваёй міфалогіяй (каляднае ахвяраванне казы дзеля аднаўлення свету).
  4. Даўнейшы народны спеў – яшчэ адзін “голас культуры”, але ачысціўшы фальклор ад ін’ектаванай у яго савецкай штучнай, раздзьмутай “весялухі” і павярхоўнасці ў мелодыях і тэкстах.
  5. Балцкая старына – “залаты век” не ў познім зрушчаным ВКЛ, не ў плямёнах старарускіх часоў і тым больш не ў фантазійнай “стараславяншчыне”, а ў дагістарычных часах, што папярэднічалі моўнаму аславяньванню тутэйшых жыхароў.
  6. Паганская рамантыка – у стылі ўшанавання польскамоўнымі ліцвінамі ХІХ стагоддзя раннелітоўскай міфалагічнай спадчыны (не “Ярыла і Дажджбог”, а “Лайма і Мілда”), але і глыбей прасунуўшыся, зважаючы на наробак міфолагаў-індаеўрапеістаў.
  7. Строгае навуковае і філасофскае мысленне – бо спосаб мыслення таксама можа быць стылем, калі не паддаюцца спакусе ўпадаць у простыя, па-плябейску эмацыйныя вытлумачэнні і ацэнкі.
  8. “Панская” арагантнасць – стылем можа быць і камунікацыйная ўстаноўка, якая тут арыстакратысцкая, адасобленая (“апрычоная”), элітарысцкая, проціпастаўленая культываванай саветамі ўраўноўвальнай сялянскасці і вульгарнаму дэмакратызму.
  9. Антрапанімічны аспект – не руска-савецкія мішы і васі, і не нацдэмаўскія багуславы і яны, але балцка-літоўскія двухасноўныя імёны.
  10. Тутэйшая мова (вясковая, “простая”, “беларуская”) – як прынцыповы сродак камунікацыі, без талеранцыі да двухмоўя, але таксама і з удасканаленнем мовы балцкімі лексічнымі і сінтаксічнымі адметнасцямі, што чужыя “ўсходнеславянскаму” вуху.

Пры гэтым што-нешта засталося ў зачатку, у патэнцыі:

  • не надта краналіся экспансійнага аспекту балцкай ідэі,
  • для аднаўлення этна-рэлігіі не хапіла ўласнай веры,
  • ранейшыя мішы-васі так і не пачалі браць сабе балцка-літоўскія двухасноўныя імёны,
  • да глыбейшага зацікаўлення балцкай моўнай стыхіяй не перайшлі.

З іншага боку, у рэальнай “беларускай” сітуацыі гэта, трэба пагадзіцца, прывяло б да звужэння ахопу.

Багата чаго з вышэй пералічанага “беларускі дыскурс” так і не крануўся, не маючы часам нават кропак судотыку (археалагічныя рэчы, этна-рэлігійнасць, элітарызм). Што было так-сяк адаптавана-ўключана, дык гэта хіба арнаменты ды дуда, а таксама (субкультурна) балцкі кампанент ідэнтычнасці.

  • Пачалі ствараць фантазійныя “абэцэды арнаментаў”, у дзіцячай ярка-чырвонай каларыстыцы ляпіць арнаментацыйныя знакі дзе заманіцца (найперш на майкі-безрукаўкі, якія самі па сабе ўжо штось павярхоўнае і няцэльнае, нетрывалае і часовае).
  • Дуду з адпачатна “літоўскай” (у шырокім сэнсе) перайменавалі ў “беларускую”, дзе-нідзе паўключалі на другарадныя ролі ў постсавецкія “народныя ансамблі”, а ад міфалогіі дуды пастараліся як мага далей адсунуцца (у тым ліку тыя, хто меў магчымасць блізка пастаяць да агмяня аднаўлення дударства).
  • У вельмі спецыфічным прачытанні “балцкі” складнік уцягнулі ў сваю сучасную палітычную міфалогію “літвіністы” лагера вільнянашыстаў і жмудаедаў, якія ўмудрыліся перакруціць канцэпт так, каб ад пачатковай літвалюбнасці не засталося і следу.

Такі стан, вядома, не канцавы пункт, а прамежкавая станцыя. Але важна пры гэтым магчы аглядаць усю перспектыву. Сцяжына гэтая пачынаецца сама менш ад Ластоўскага (няхай ён толькі пераспеўваў), прабягае праз краіны Балтыі (у тым ліку праз пасляваеннае літоўскае мастакоўства) – і сканчаецца кладучыся проста ля нашых ног.

Вядома, і часы памяняліся, і мы ўжо стагоддзе як актыўна пакідаем стылістычна аднастайнае асяроддзе, дый да калісняй тутэйшай гарадской кніжнай спадчыны цікавасць усё расце. Але і апісаны “крыўска-латышскі” стыль застаецца добрым сродкам для адмежавання ад навакольнай глабалісцкай каламуці, у якой губляеш і мэты, і сэнсы, і арыентыры.

А. М.

Пытанні на замацаванне:

  • Адкуль В. Ластоўскі пераняў думкі пра нацыянальны стыль для сваёй нашаніўскай публікацыі 1911 года? Чаму яго зацікавіла гэтая тэма?
  • Якія практычныя думкі былі ва ўкраінскай першапублікацыі, якой захапіўся Ластоўскі? Праз якую прызму ўкраінскі аўтар прапаноўваў глядзець на культуру сялянаў?
  • Дзе ў нашым рэгіёне ў міжваенным часе практычна ўжыццяўлялі нацыянальны стыль? Якая роля была ў гэтым засноўніка дыеўтурыбы Э. Брастыня? У чым перагукаліся яго думкі з думкамі ўкраінскага публіцыста Копыра?
  • Якія можна вылучыць складнікі стылю ў “навакрыўскім” руху нашага часу? Што так і засталося ў патэнцыі, а што было так-сяк адаптавана ў “беларускую” прастору?
  • У чым нязводная каштоўнасць такога стылю ў наш час?