
“Я нарадзіўся ў дзень мыцця воўны, які тады [у 1924-м] прыпаў на 4 ліпеня”, – з першых жа старонак сваёй аўтабіяграфічнай кнігі “Найвышэйшы годзі” паведамляе Свейнб’ёрн Бейнтэйнсан, засноўнік і першы ачольнік ісландскага “Таварыства асаверцаў”. Асатру – “асавер’е” – вера ў асаў, нябёсных багоў з цэнтральнай постаццю “Ўсябацькі” Одзіна.
Дзень мыцця воўны – пасля таго як воўну састрыглі і высушылі – не быў “святам” у звычайным для нас разуменні (нічога-не-рабленне, чыстае святкаванне). Але дзень быў важны, а даўней ён меў мець і болей сімвалічных ды абрадавых складнікаў свята. У гарыстай Ісландыі авечкі былі асновай сялянскай гаспадаркі. “Жыццё ў вёсцы амаль цалкам круцілася вакол авечак і ўсяго, што з імі звязана“, – удакладніць Свейнб’ёрн у іншым месцы кнігі.
Ён нарадзіўся ў сялянскай сям’і – апошнім, восьмым дзіцём. На памяці малога Свейнб’ёрна сям’я двойчы мяняла месца (такія перасоўванні былі звыклай рэччу для ісландцаў), і гэта былі ўсё хутары – але ў адной мясцовасці, “каля адных і тых жа гор”, проста ў пешай даступнасці. Адсюль зусім ясна, чаму характар у хлопца выгадаваўся не толькі незалежны, але і, як кажуць, трохі “ваўкаваты”. Пазней, калі браты-сёстры будуць разляцеўшыся з сямейнага гнязда, прывязаны да сваёй сямейнай супольнасці Свейнб’ёрн пачуецца тужліва – яго пацягне да людзей, у сталічны Рэйк’явік, але і адтуль яго будзе цягнуць да роднага хутара, і ён доўга будзе жыць на дзве лакацыі, а працаваць так, каб гэта не абмяжоўвала яго свабоды. На шлюб ён вырашыцца толькі аднойчы, і шлюб той – бадай з той жа прычыны свабодалюбнасці – акажацца непрацяглы і не самы ўдалы (пра гэта ніжэй).
Рымы і мова
Зрэшты, сказаць, што гэта была звычайная сялянская сям’я, будзе не зусім праўда. Увесь 3-і раздзел кнігі аўтар прысвячае тэме вершаскладання ў ягонай сям’і, а адна з частак так і называецца: “Васьмёра паэтаў з адной сям’і”. Сапраўды, усе восем дзяцей у бацькоў Бейнтэйна і Хэльгі складалі вершы, і той-сёй з іх нават данёс гэта пазней да сталага веку.
Ішло гэта, трэба думаць, ад бацькі, які, аднак, не проста зрэдзьчас складаў вершы, а найперш працягваў традыцыю так званых народных “рымаў”. Гэта, бадай, ключавы момант, без якога, відаць, не зразумець наступнай жыццёвай траекторыі будучага аднаўляльніка Асатру.
“Думаю, рымы ў нас трымаліся даўжэй, чым дзе яшчэ. Тата спяваў іх, дапокуль я не вырас. Часам мы ўгаворвалі яго паспяваць вечарамі – мне гэта вельмі спадабалася. (…) На вёсцы рымаў ужо амаль не спявалі“, – піша там сама Свейнб’ёрн, сын Бейнтэйна.
Дык што за “рымы”? Гэта “зніжаны”, народны варыянт старажытнай ісландскай скальдычнай паэзіі. У рымах былі і сур’ёзныя сюжэты, але было багата і жартаўлівага (жартоўнасць як, напрыклад, у нашай народнай травестыйнай паэме “Тарас на Парнасе”). Але асноўныя адрозненні нават не ў сюжэтах, а ў ступені выдасканаленасці: прафесійныя паэты-скальды шырока скарыстоўвалі алітэрацыі (перагук унутры слоў у розных радках), а таксама нагрувашчвалі кенінгі (просты: “мёд меча” – кроў). Тым часам у рымах і кенінгі прасцейшыя, і алітэрацыя радзейшая, але галоўнае адрозненне – прысутнасць рыфмаў у канцы радкоў (адсюль ісландскае rím – “рыфма” і аднакарэннае rímа “рыма, паэма з рыфмай”). Рымы прыйшлі ў Ісландыю разам з падпарадкаваннем нарвежскай кароне, што несла з сабой і далучэнне да еўрапейскай, найперш англа-германскай традыцыі рыфмавання. А разам з незалежнасцю адышла і традыцыя прафесійных прыдворных скальдаў.
У ХХ стагоддзі да рымаў у ісландскім грамадстве, што імкліва мадэрнізавалася, стаўленне стала паблажлівае. Так трывала, дапокуль ва ўмовах прысутнасці ў Ісландыі акупацыйнага войска (спачатку брытанскага, потым амерыканскага) ісландцы не ачомаліся і не ўзяліся захоўваць і культываваць тыя рымы як частку сваёй ідэнтычнасці. І адным з першых, хто разгледзеў каштоўнасць рымаў, быў якраз Свейнб’ёрн Бейнтэйнсан, які чуў іх не ў запісе і не на фэстах, а змалку жыўцом ад свайго бацькі, таму можа зусім прававіта лічыцца працягвальнікам гэтай народнай традыцыі, яе жывым носьбітам.
Што да бацькі Бейнтэйна, дык красамоўны штрых: калі ён памёр (1956), дык на наступную ноч пасля яго пахавання ветрам з падмурку сарвала мясцовую царкву. Сын Свейнб’ёрн падае гэта хіба як дэталь, але, думаецца, ён мог бы і паглыбіцца ў сімвалізм гэтага. Аднак у кнізе ён не асабліва акцэнтуе на ролю свайго бацькі як працягвальніка традыцыі рымаў.
Як не акцэнтуе ён асабліва і на тых інсайтах і інтуіцыях, якія, відавочна, праз свет рымаў правялі яго ў свет старых багоў. Ісландская мова, як вядома, найархаічнейшая з жывых германскіх (гэта як літоўская для ўсіх індаеўрапейскіх), і ісландцы чытаюць старажытныя сагі проста ў школе – ад часу асваення Ісландыі іх мова, дзякуючы геаграфічнай ізаляцыі, змянілася досыць нязначна. Ты чытаеш старажытную сагу – і рэальнасць таго свету, свету старажытных багоў, лёгка і нязмушана ўваходзіць у тваю свядомасць разам з мовай.
“Падзеі не паўтараюцца, але ёсць пэўная сіла, якая дазваляе нам жыць у сувязі з нашай мінуўшчынай. Мы маем асабліва спрыяльныя ўмовы для гэтага дзякуючы мове, якая застаецца амаль такой жа, як і раней. Многія народы моцна пакутуюць ад страты сувязі са сваёй старой мінуўшчынай і цяжка аднаўляюць яе, бо мова не дазваляе зрабіць гэта дастаткова добра“, – піша ў сваёй кнізе Свейнб’ёрн. Гэтае апошняе зусім як пра нас, якія страціўшы сувязь з балцкай старыной.
Стары свет навокал
Вядома, водгулле старога свету было вакол яго не толькі праз рымы. Прысутнасць “сілы” была з ім ужо ад нараджэння. Калі немаўля толькі нарадзілася, дык імя праявілася само: бацька сасніў сон, дзе ўбачыў свайго стрыечнага брата, які памёр за год да таго, і ў сне той быў не старэйшы за чатырохгадовага дзіцёнка, і сказаў, што “хацеў бы застацца”. Таго нябожчыка кузэна звалі Свейнб’ёрн. (З ісландскай гэта – “Юнак-мядзведзь”. А вось імя Бейнтэйн – самы што ні на ёсць старадаўні скальдычны кенінг: “галінка раны” – меч.)
Іншы сон, ужо самога Свейнб’ёрна ў маленстве, таксама нібы “запраграмаваў” яго наступнае пражыванне паміж трох хутароў адной і той жа мясцовасці. Ён сасніў вялізнае дрэва, што працягнулася ад Графардаля (дзе сям’я жыла першыя пяць гадоў Свейнб’ёрна) да Гейтаберга (дзе потым пражылі яшчэ пяць гадоў) і тады назад – напалову шляху да Графардаля (на хутары Драгхаўльс, які быў якраз паміж тымі дзвюма фермамі, Свейн’б’ёрн потым пражыве амаль усё жыццё). Гэты прыклад зусім прыкметны і варты быць змешчаны ў шэраг прыкладаў, калі падсвядомасць чалавека традыцыі ўспрымала жыццё праз метафару дрэва (пра гэта І. Швед і Д. Разаўскас пісалі ў сваім артыкуле ў “Беларускім фальклоры” за 2020 год, а ў Разаўскаса на гэтую ж тэму ў тым жа годзе яшчэ і асобная кніга па-літоўску выйшла).
Маці Свейнб’ёрна шчыра верыла ў “схаваны народ” (эльфаў). Яго сястра згадвае, як маці не дазваляла пакідаць немаўлятку Свейна ў хаце адно, каб яго эльфы не “падмянілі”. Тут таксама прамы перагук з балцкім светам – у літоўцаў падмянялі лоўмы, і такі падменны дзіцёнак, “лаўмянё”, быў вялікагаловы і доўга не размаўляў (а калі, паводле аднаго запісу, пачаў гаварыць, дык сказаў, што век яго жыцця – “ад пачатку свету”).
Не менш цікавы эпізод і пра народнае веранне, што паўз месца спачыну памерлых нельга імчаць, а трэба паважліва прамінаць. Разам з іншымі людзьмі малому Свейнб’ёрну (яму было гадоў сем-восем) дазволілі паехаць коньмі, вершна, у суседняе мястэчка. На зваротным шляху ён ехаў крыху наперадзе і даў каню прабегчы паўз стары курган. Прыгадвае: “Раптам мяне нібы сарвала з сядла – я ўпаў проста на дарогу. Нічога сур’ёзнага мне ад падзення не было“. Дарослыя, падаспеўшы, распавялі, як на Драгхаўльсе некалі жыў стары, які быў прывыкшы да таго месца і хацеў, каб яго пахавалі бачачы свой хутар. Калі памёр, дык павезлі яго хаваць на далейшыя грамадскія могілкі, а тое месца было апошнім, адкуль быў бачны Драгхаўльс, дык коні спыніліся і іх не маглі зрушыць з месца, таму проста ў тым месцы, прыгадаўшы ягонае жаданне, яго і пахавалі. …Ці мала такіх месцаў у нас цяпер, дзе шаша ідзе зусім пад бокам у старых могілак, і каб жа хто галаву павярнуў у бок месца спачыну? Але статыстык аварый у такіх месцах, здаецца, не вядзецца.
Самотнік паміж светамі
Пачаўшы наездамі жыць у Рэйк’явіку, Свейнб’ёрна агортвала туга: “У гэты час я адчуваў, што не знаходжу агульнай мовы з іншымі: людзі страцілі пачуццё нацыянальнай ідэнтычнасці і павагу да ісландскай мовы. Асабліва я бачыў гэта пасля прыходу [акупацыйных] войскаў і [звязанага з гэтым] грашовага буму“. Палову часу, халаднейшую пару года, ён бавіў тады ў горадзе, а з цяплом выязджаў дамоў у Драгхаўльс. Яго разрывала паміж гэтымі дзвюма лакацыямі, і ў сталіцы ён, як выглядае, чакаў таго разумення і цяпла, што было пакінуўшы родны хутар пасля таго, як вялікая сям’я разляцелася.
Зразумела, гэта не спрыяла ўладкаванню ўласнага сямейнага жыцця. У адмысловым раздзеле кнігі пад назвай “Каханне і сяброўства” Свейнб’ёрн піша: “Я ўпарты ў мірскіх справах і люблю, каб усё было так, як мне хочацца. Мне не хочацца марнаваць процьму часу на тое, каб зарабляць на машыну або мэблю – мне сама гэтая думка непрыемная. (…) Я не хацеў дзеля грошай ахвяраваць свабодай або тым ладам жыцця, які быў мне дарагі, – магчымасцю быць то ў Драгхаўльсе, то дзесь яшчэ“.
Але займець шлюбны досвед ўсё ж давялося. Хутарская гаспадарка была ніяк не малая, і Свейнб’ёрну спатрэбілася памочніца (на той час запрашаць на гаспадарку людзей, асобных ці сямейныя пары, было справай звыклай). У агенцыі па найме яму параілі некалькіх дзяўчат, ён спыніў выбар на адной, паехаў з ёй на хутар. Ёй было 15, яму – 40. Дзяўчына зацяжарыла, у горадзе яны неўзабаве пажаніліся, роўна праз год нарадзіўся і другі дзіцёнак, таксама сын.
Прыкметна, што назвалі іх – Георг П’етур ды Эйнар, бадай роўна так жа сама, як звалі і братоў Свейнб’ёрна: П’етур і Эйнар. А гэтым імёны перапалі ад дзядоў: бацька быў Бейнтэйн Эйнарсан (Эйнараў сын, Эйнаравіч), а маці – Хэльга П’етурсдаўцір (“Хэльга П’етураўна”, або калі зусім лакалізаваць для нашых шыротаў – “Вольга Пятроўна”). Дык жа, тры пакаленні П’етураў-Эйнараў за аглядны час!
Дык вось, хапіла малой Сванфрыды (з ісландскай – “Прыгожая лебедзь”) ненадоўга, праз лічаныя гады яны разышліся, ініцыятыва была ейная. Прычынай было нішто іншае як побытавая неўладкаванасць і грашовая нястача. Больш Свейнб’ёрн не жаніўся, хоць, як прызнаецца ў згаданым раздзеле, асабістае жыццё яго на гэтым ані не спынілася. А па словах самой Фрыды, ёй да таго ж былі нецікавыя размовы, якія пра паэзію часта вёў з людзьмі яе муж, тады як у яго жыцці рымы займалі вельмі вялікае жыццё (тэмам паэзіі прысвечаныя два раздзелы кнігі з дзесяці). Яна не мела дзеля чаго цярпець матэрыяльныя нястачы.
Ад веранняў да веры
Нарэшце, 1972-ы год: тады ўвесну ў кавярні сабраліся адзінадумцы і вырашылі засноўваць “Таварыства асаверцаў”. У кнізе не падаецца нічога, што дало б чытачу нейкую “перадгісторыю” гэтага кроку: ні разважанняў, ні падзей, ні інсайтаў. Адзінае месца, дзе ў кнізе цытуецца тагачасная ісландская прэса, – якраз там, дзе распавядаецца, як ініцыятары пайшлі да ісландскага міністра рэлігійных спраў. Прыйшлі, заявіліся, ён запытаў засноўчых дакументаў і спісу засноўнікаў, выйшлі – і з неба, у снежні месяцы, свіганула такая маланка, што паў-Рэйк’явіка засталося без святла. Усе наступныя паўгады прэса актыўна асвятляла справы з рэгістрацыяй Таварыства, а 3 траўня 1973 г. яны атрымалі рэгістрацыйнае пасведчанне. Першы абрад быў тады праведзены на Свейнб’ёрнавым хутары ў Драгхаўльсе. Неўзабаве пасля рэгістрацыі Свейнб’ёрн кінуў спробы замацавацца ў Рэйк’явіку і назусім пераехаў на хутар.
На момант напісання кнігі (яна выйшла ў 1992-м, а на наступны год Свейнб’ёрн і памёр, года не дажыўшы да 70-ці) хутарское жыццё ў тым выглядзе, якім яго яшчэ памятаў Свейнб’ёрн, заняпала. У Графардалі ўжо тады ніхто не жыў, хоць на цяперашняй электроннай карце гэтае месца яшчэ пазначанае (знайдзіце яго і вы). У суседнім Гейтабергу (знайдзіце і яго), на беразе Гейтабергскага возера, стаіць сучасная ферма, з мінімальным паркам сельскагаспадарчай тэхнікі (на фота).
Свейнб’ёрн не быў аднаўляльнік “паганства” па кнігах і хроніках. Да яго дацягнулі нітачку ў выглядзе рымаў, і яму дастаткова было толькі ўзмацняць старажытныя складнікі ў іх: дадаваць больш алітэрацый і кенінгаў у свае рымы. Пазнейшыя “асаверцы” – ужо “аднаўляюць”, і маюць з гэтага адпаведную радасць, як і кожны рэстаўратар чагось даўно забытага (фактычна ж “стваральнік”, бо з матэрыялу і наноў). У самога Свейнб’ёрна эмоцыя, трэба думаць, была інакшая, ён быў іншага тыпажу: бачыў, як любае ім старое занепадае і стараўся як мог яго затрымаць, надаўшы яму новага імпульса да жыцця. Нешта яму ўдалося, але падставовага было не ўтрымаць, аджа “больш за ўсё сышло разам са старымі промысламі і тым мысленнем, што нараджалася вакол працы“.
А.М.,
з падзякай М.В. за прадастаўлены для азнаямлення
чарнавік беларускага перакладу кнігі “Найвышэйшы годзі”

Пакінуць каментар