Бязбожная святасць: што было “святым” у даўніну

“Ціпер усім сьвітая жызьнь, усе цьвітуць як цьвіты”, – запісана ў наш час ад з(бела)рушчаных латгалаў на латвійскім усходзе. Але што за “святое жыццё”? богаўгоднае якое хіба?

І. Яшчэ Ул. Тапароў у сваім маст-рыд артыкуле 1987 года пра генезіс паняцця “святасць” давёў, што гэтае паняцце было і да хрысціянства, якое проста празмерна прывязала яго да “горніх” сфераў (святы = божы).

Але як было даўней? Балцкае švent– (ад яго і славянскае “свят-“) вядуць ад індаеўрапейскага кораня, які азначаў “набухаць, павялічвацца“. У Тапарова на гэты конт багата разнамоўнага матэрыялу і глыбокіх назіранняў. Ды, як выглядае, больш паказальныя – простыя прыклады з балцкіх моў. Так, у літоўскай і ў латышскай “святы” выкарыстоўваецца і ў рэлігійным значэнні, і яно нярэдка зацьмявае. Але застаўся і прыкметны пласт старога ўжывання.

ІІ. У літоўскай ёсць “святое жыццё” і “святыя часы” (šventas gyvenimas, šventi čėsai), але гэта не пра рэлігію: “Пайшоў у краму, купіў і насі – во святое жыццё“, “Святыя часы былі: ніхто не краў, хуліганаў і слова не было“. Гэта калі, так бы мовіць, ціха-спакойна і ўсяго ёсць (вось ён, стары ідэал уладкавання, бабці і дагэтуль пенсіям і аўталаўкам не нарадуюцца, і гэта не пра іх асабісты энергадэфіцыт).

Аспект “завершанасці” і ў літоўскім šventa, якое значыць “усё, канец, зроблена, шабаш, кончана, хопіць, зусім”. Тут хутчэй улоўліваецца пераклаўшы ў расійскую: “Посажу, і будет свято (зроблена)”, “Десять раз не говорі: сказал і свято (хопіць)”, “Свято (зусім) нічего не імею” (прыклады са “Слоўніка літоўскай мовы”). Дык жа, святое — гэта калі ўсё ясна-поўна і дадаць (словам ці справай) больш няма чаго.

ІІІ. У латышскай акцэнт іншы (хоць таксама ёсць выраз “святое жыццё”, svētā dzīvošana). Тут “святы”, апроч іншага, значыць “вельмі моцны, з максімальна рэалізаванай патэнцыяй”.

Прыклады з даваеннага Нямецка-латышскага слоўніка К. Мюленбаха:

  • Святы нож (svēts nazis) – гэта не якісь “рытуальны” нож, а такі, ад парэзу якім надта баліць.
  • “Святога страху не бачыўшы” – не пужаўшыся як след, па-моцнаму.
  • Святы гнеў, святы праклён, святы ўкус (вельмі моцны – гнеў, праклён, укус).
  • “Мне свято боліт” (svēti sāp) – вельмі моцна баліць.
  • “Свято обдумать” – добра, усебакова, крэпка.

Калі абагуліць, дык выходзіць, што “святое” – тое, што максімальна рэалізуе свае патэнцыі. Гэта паўната і максімальная праяўленасць. Тое, што павялічылася-“набухла” дамежна (да сваёй мяжы).

IV. Адпаведным можа быць і сённяшняе аднаўленчае ўжыванне – і ў значэнні 1) “спакойны-бесперашкодны, усёабдымны”, і ў значэнні 2) “вельмі вялікі, моцны”:

  • святая праца – дзе і добрыя грошы, і задавальненне ад занятку,
  • святая дарога – лёгкая, бесперашкодная, бяспечная, хуткая (у смаленскай песні пяецца: “Святый пуць табе, мой мілы, наўсігда”, хоць тут і іранічна),
  • святы канцэрт, спектакль – такі, пасля якога напоўніўся добрымі ўражаннямі даверху,
  • святы артыкул – там, дзе выпісана зразумела, дакладна і вычарпальна;
  • святое слова – моцнае, канчатковае, тыпу “сказаў як звязаў”,
  • святая сіла, святая лаянка – магутная сіла, моцная лаянка (і нават вымацюкацца тады можна зусім “па-святому”! – о як свята мацюкаецца),
  • святы сабака, святы дом – вельмі вялікі пёс (як міфалагічны Белаполеў “Стаўры”), вялізная будыніна (як манструозны “Дом на Нямізе”),
  • святы кій, святая зброя – такі кій, якім ударыш дык ударыш, а зброя не менш за Wunderwaffe, за “ядзерку”.

Калі ўчуцца, гэта няцяжка – адчуць нэрвус гэтай старой “святасці”. Дык вяртайма свае сэнсы. Гэта чыстая індаеўрапейшчына, захаваная ў нас ад Смаленшчыны да Балтыкі. У нас свая святасць, бязбожная.

Сама менш, пачаць можна жадаючы падарожніку на развітанне святой дарогі. А можна ў смаленскі спосаб і святога пуці жадаць (бо пуць, пуцявіна ад прускага pintis).

Ёсць яшчэ, вядома, не менш цікавы блок з воднымі назвамі тыпу Святое возера (як на фота вышэй – на Павоччы) – але пра гэта, сапраўды, лепш у Тапарова выпісана. Там пра бляск і ўражанне.

Sv.

Пакінуць каментар