Сёлетні Дзень адзінства балтаў 22 верасня на ўсходзе прайшоў з некалькімі адметнасцямі, што вартыя адзнакі.
Нагадаем, што Дзень адзінства балтаў адзначаецца ў гонар калісняй бітвы 1236 года, у якой аб’яднанае літоўска-латышскае (жэмайцка-зэмгальскае) войска адолела сілы місіянераў-крыжакоў, і гэта дало паболей часу з’яднацца балцкім землям і плямёнам у Вялікае княства Літоўскае – апошнюю паганскую дзяржаву Еўропы. На дзяржаўным узроўні, пасля адпаведнай пастановы парламентаў Літвы і Латвіі, Дзень адзінства балтаў святкуецца ад 2000-га. А яшчэ праз пяць гадоў з літоўскай Жамойці пайшла пашырацца ініцыятыва запальваць увечары Вогнішчы адзінства.
Ад Балтыкі да поўдня
Як і штогоду, сёлета на пагорках, гарадзішчах і проста ў памятных і знакавых месцах таксама запалалі вогнішчы, агні ды агеньчыкі. Найбольш актыўная ў гэтым Літва, але не адстаюць і латышы. Традыцыйна ў акцыі Перагук агнёў бяруць удзел і землі на ўсходзе, далучаюцца прыхільнікі з тэрыторыі цяперашняй Беларусі і нават з яшчэ больш усходніх земляў (асабліва вылучаецца ўпартасцю ўдзелу надволжская Цвер).
Як усе апошнія гады ўключна з гэтым, трывалым “паўднёвым мурам” палаюць вогнішчы ўздоўж паўднёвай мяжы цяперашняй Беларусі: Камянец – Жабінка – Пінск – Гомель – Касцюковічы. Балты, як вядома, былі і там, пра гэта сведчаць водныя назвы Піна, Лунія, Нароўля, Воўчас і інш. Нашы агні там – нагадка, што мы належым да паўночнага кола культураў Лесу, а далей ужо стэп і не зразумелая нам галізна бяскрайніх даляў.
Крывуля з-над Нараўі
Сёлетні Дзень адзінства балтаў вылучыўся яшчэ і тым, што гэтая сувязь з нашым поўднем была адмыслова падкрэсленая ваяжом-паломніцтвам на Запрыпяцце. Над прыпяцкім даплывам рэчкай Нароўляй (паводле Ул. Тапарова – Narauja, з балцкім коранем Nar– як у бяссуфікснай назве падмаскоўнай Нары) паказалася прыкметная дубовая крывуля.

Абвязаўшы буйнымі каляровымі ніткамі, крывулю давезлі да яшчэ больш паўднёвага пункту – да ўтоку ў Прыпяць рэчкі Мытвы. Значнасць яе ў тым, што, згодна з тым жа Ул. Тапаровым, назва тоесная літоўскім гідронімам Mituva (ад літоўскага mitrus “увішны-шпаркі, звілісты”). Але нядосыць таго – з гэтага паўднёва-ўсходняга рэгіёна ў літоўскі бок, як выглядае, у няпамятныя часы былі перанесеныя найменш паўдзясятка прыкметных гідронімаў (Сноў, Цітва і інш.), дык і тыя літоўскія назвы зусім могуць за першакрыніцу мець якраз запрыпяцкую Мытву-Мітву.

Містычнасць праявілася яшчэ і ў тым, што выбраныя адвольна для ўпрыгажэння ніткі аказаліся зусім у колер незвычайна расфарбаванай хаты зусім ля ўтоку Мітвы ў Прыпяць. У вадзе паказаўся вуж. На сутоках гучала балцкая дуда. Гэтая крывуля была тады прывезеная на “свайксцкае” святкаванне Дня адзінства балтаў пад Менскам, ля вышэзнага кургана, і пакінутая дарам на дубе. На кургане былі праспяваныя песні па-пруску, па-літоўску, па-латышску.
Сцяг для Балцкага Павочча
Але не толькі гэта стала навіной для сёлетняга Дня адзінства балтаў. 22 верасня 2025 года адгэтуль можна лічыць датай, калі ўпершыню свету паказаўся сіня-чорна-сіні сцяг, які праасацыяываны з Балцкім Павоччам на ўсходзе.
Шматгадовы энтузіяст балцкай ідэі літовец Вітаўтас Мусцейкіс у сябе на ўсходнелітоўскай Аўкштойці пры вялікім натоўпе гасцей-гледачоў зладзіў уражвальную Містэрыю сцягоў. Сцягі балцкіх рэгіёнаў урачыста праносіліся і ўсталёўваліся разам, а тады гэтую канструкцыю апаясалі пяціметровым тканым паясом, каб духам з’яднаць старабалцкую прастору. Упершыню сярод тых сцягоў быў і Сіня-чорна-сіні.

А тым часам на процілеглай канцавіне Літвы, на гарадзішчы на Жамойці, каардынатар акцыі Перагук агнёў Дарус Раманчоніс не меншаму натоўпу наведнікаў святкавання таксама прэзентаваў сіня-чорна-сіні сцяг, і ён быў усталяваны ўпоравень з дзяржаўнымі літоўскім і латвійскім сцягамі.
Так адбылася ініцыяцыя гэтага сцягу, насіленне яго энергіямі ўсёй балцкамоўнай Літвы – і на яе ўсходзе, і на захадзе. Аджа ўласна на Павоччы гэты сцяг яшчэ мае прафігураваць, каб данесці тыя жывыя энергіі і туды.

Так што, безумоўна, Дзень адзінства балтаў – не проста так сабе запальванне агнёў, гэта і з вогнішчамі містэрыя, але і апроч вогнішчаў не меншая містэрыя, са сваёй атрыбутыкай ды намерамі.
Козлік, сякерка, свечкі
Містэрыяльнасць яшчэ і ў тым, як штогоду нашы суайчыннікі бяруць чынны ўдзел у яшчэ адной дзеі: абрадава спальваюць саламянага козліка, і так жа сама дзеецца ў Літве.
Гэты звычай карэньмі сягае старапрускага абычаю з усякай нагоды спальваць для багоў козліка, а падрабязна мы ведаем пра гэты абрад з Судаўскай кніжкі: святар-вайдзіла падымаў козліка, прамаўляў словы, тады ахвяраваў, каб ніводная кропля не пралілася на зямлю. Упершыню саламянага козліка, утвараючы перагук са старапрускай абрадавасцю, спалілі на віленскай Туравай гары ў 1992-м.

Ахвярнага саламянага козліка спалілі сёлета таксама і ля нядаўна адкрытага каменя балцка-літоўскага тыпу паблізу Ракава: пазнавальны, абцясаны ў цыліндрычную форму камень з высвідраванай чашападобнай адтулінай наверсе быў адшуканы на ўскрайку старых могілак (а найбольш усходні з такіх камянёў колькі гадоў таму быў знойдзены ў лесе пад Абольцамі, што вядомыя сваім апошнім балцкім анклавам у 15-м стагоддзі, падчас “свайксцкай” экспедыцыі). Там спявалі і па-пруску.
Козлікаў спалілі таксама пад латвійскай мяжой на гарадзішчы, а таксама пад Касцюковічамі на нашым крайнім усходзе.



Шукаюць свае формы, каб не проста папаліць агня на Дзень адзінства балтаў, і ў іншых месцах. Дзесь – з адломкам старадаўняй каменнай сякеры, знойдзенай на ўласным падворку. Дзесь – з грамнічнымі свечкамі, што адліваюцца ў “свайксцкі” спосаб у гонар балцкага Грымотніка. Дзесь – рассцілаючы стары вышыты ручнік каля вогнішча. А дзесьці – і проста з агнём, далучаючыся праз яго і да сонму продкаў, і да іх нашчадкаў на ўсёй вялікай старабалцкай прасторы.

Sv.
День единства балтов отмечается 22 сентября в Литве, Латвии и поддерживается в Беларуси как напоминание о древнем балтском наследии. В этот день зажигают костры, звучат старинные песни, появляются новые символы, включая сине-чёрно-синий флаг Балтского Поочья. День балтского единства используется как параллельное название праздника и подчеркивает стремление объединить культурное пространство балтов. Балты Беларуси рассматриваются как важная часть истории региона, о чём напоминают древние гидронимы и традиции. Балтское происхождение белорусов, происхождение белорусов и этногенез белорусов становятся ключевыми темами современных обсуждений, связывая исторические исследования с идеей общего балтского корня.
Пакінуць каментар