(Вельмі) кароткі ілюстраваны слоўнік жывёльнай лексікі балтаў на ўсходзе

Са старабалцкіх водных назваў на ўсходзе можна аднавіць багата лексікі, якой у старажытнасці карысталіся балцкамоўныя жыхары на ўсходзе (Падняпроўе і далей). Найперш гэта лексіка, якой характарызуецца водная плынь: як цячэ, якога адцення, якое рэчышча і інш.

Але можна аднавіць і сёе-тое са слоў, якімі называлася што-нешта ў асяроддзі. Апроч расліннага свету (клён, асіна, бяроза, крапіва і інш.), прыкметны блок утвараюць назвы, з якіх паўстаюць словы для абазначэння жывёльнага свету.

Гэта ўжо не абстрактнае беспачуццёвае “тут жылі балты” або “тут гаварылі балцкімі гаворкамі” – гэта зусім рэальныя словы, з зусім пэўным гукавым “абліччам”. Велям – душам продкаў – гэтыя словы знаёмыя, іх яны разумеюць.

VILKAS (вi̇́лкас) – ВОЎК

Паміж Крычавам і Чэрыкавам у Сож справа уцякае рака Воўчаса. Ёсць літоўская Vilkesà, так жа сама мела называцца і сожская Воўчаса, прайшоўшы стадыю аславяненага Вълчеса.

Ніжэй за Воўчасу ў Сож цячэ рэчка Крунка – а ў рэгіёне літоўскай Вількесы цячэ літоўская Krunà, дык гэта пацвярджала б стагодняй даўніны думку, што “літоўцы” прыйшлі з усходу з боку Пасожжа.

У захаваных балцкіх мовах ваўка называлі па-аднакаваму (літоўскае vilkаs і інш. балцк.). Мяркуецца, што перш гэта меў быць толькі эпітэт – “раздзіральнік” (ад індаеўрапейскага *wel– “забіваць”), а спачатку ваўка мелі называць як цяпер называюць сабаку (літоўскае šuo і інш. балцк.). І калі ваўкі ў пасляледавіковую пару папрыбіваліся да людзей, дык пярвейшая назва перайшла на прыручаных, а непрыручаных (ваўкоў) яшчэ доўга называлі “лясныя сабакі”, або “божыя сабакі” (= дзікія).

* * *

AŽIS (ажы́с) – КАЗЁЛ

У самых дняпроўскіх вярхах цячэ рэчка Ажаўка, а побач з ёй – рэчка з назвай-калькай Казелінка. Ёсць тузін літоўскіх “казліных” рэчак Ož-upis, ёсць латышская Āž-upe – ад літоўскага ožys, латышскага āzis – “казёл”.

У старажытных прусаў менавіта казёл быў асноўнай ахвярай, найлепшай для багоў. Казёл – жывёла надзвычай вітальная, імпульсіўная, лёгка аднаўляе сілы нават з мінімумам падсілкавання, і гэтая нібыта “празмерная”, “праз край”, жыццёвая сіла мела “жывіць” і багоў у іх існаванні.

Такая рухавасць і энергічнасць – з часоў, калі казлы яшчэ былі пярэднеазіяцкім горным відам з запатрабаванасцю адпаведных уласцівасцяў, перш чым неалітычныя земляробы прывялі іх на поўнач і яны патрапілі ў нашы паўночныя краі (4 тыс. гадоў таму).

* * *

LAPĖ (ла́пе) – ЛІСА

Каля бранскіх Камарычаў – рачулка Лопанка. Назву звязваюць з літоўскім lapė “ліса”. Гэтая сувязь бадай неаспрэчная не толькі таму, што Лопанка ўцякае ў рэчку Лісічку. Але і таму, што гэтая Лісічка ў пісанай крыніцы 18-га ст. названая “Ропша”, ад іранскага raupasa “ліса”, – гэта быў рэгіён, дзе сутыкаўся лясны балцкі свет і стэпавы іранскі свет на поўдзень ад яго.

Адсюль на поўнач рэчка Лопа (пад тульскі Бялёў), а датуль яшчэ дзве рэчкі Лісіцы (адна ля калужскіх Хваставічаў, другая ля арлоўскіх Кромаў).

Ліса адвеку сімвалізавала кемнасць і хітрасць, бо палюе такім спосабам, які ўспрымаецца як кемны, з розумам: ламае траекторыю набліжэння, падкрадаецца па дыяганалі, выкарыстоўвае цень, замірае перад скачком.

* * *

ASVA (асва́) – КАБЫЛА

Возера Асвея – зусім пад латвійскай мяжой, тут сама паблізу ужо і пскоўскі Себеж. Побач возера Кабыльніца, з назвай-перакладам – бо літоўскае ašva, прускае asva – “кабыла”. Цікавейшая – бо аддаленая на ўсход – рачная назва ў басейне Пцічы Освіца (цячэ ў Арэсу), адпачатна Asva.

Літоўскія адпаведнікі гэтым дзвюм назвам – Ašvijà, Ašvà (адрозненне “Ашв-” : “Асв-” дыялектнае, таму зусім магчымы на ўсходзе і варыянт “ашва́”).

У балцкіх мовах (літоўскай, латышскай, прускай) з цягам часу запанавала “апісальнае” слова, звязанае з літоўскім žergti “хадзіць пераступаючы, ісці шырокім крокам” (адсюль і блр. дыял. жыргаць “хадзіць пераступаючы”), як літоўскае žirgas “конь”. Тады як згаданыя ašva, asvа – напрамую ад індаеўрапейскага *h₁éḱwos “конь” (і яшчэ далей да значэння “шпаркі”).

* * *

BEBRAS (бе́брас) – БАБЁР

У смаленскай Вязьме ў аднайменную раку ўцякае рэчка Бебря, назва якой ідэнтычная літоўскай Bebrė, што ад bebras “бабёр”.

Бадай ідэнтычныя назвы літоўскай рэчкі Bebrujis і нашай бярэзінскай Бабруйкі (у літоўскай ёсць і babras “бабёр”). Была свая Бабруйка-Бабруя і за Акой ля Тулы, і можа адтуль гэтая назва (ці дзве, разам з літоўскай) і прынесеная.

Даўжэзны, на 140 старонак, артыкул прысвяціў бабру і яго міфалогіі Ул. Тапароў, і так уедліва ён не здаследаваўшы вобразу ніводнай жывёлы. Бабёр – самая што ні на ёсць “касмаганічная” жывёла, гледзячы на якую старажытныя бачылі архетып стварэння парадку ўнутры (нават не пасярод) воднай стыхіі.

* * *

VARLĖ (варле́) – ЖАБА

У Бярэзіну зусім у яе вярхах, адразу пасля Докшыцаў, уцякае рачулка Варлынка, назва звязваецца з літоўскім varlė “жаба”.

Але цікавейшая назва былога балота Варалочы, якое лакалізавалася дзесь “паміж вытокамі Нёмана, Лошы і Пцічы”. За поўны адпаведнік – назва літоўскай рэчкі і (у іншым месцы) літоўскага возера Varl-akys.

Тут другі складнік са значэннем “вада, рака” як у назве Нарач і ў яго літоўскім адпаведніку Nar-akys (даволі недалёка ад Нарачы, па той бок цяперашняй літоўскай мяжы).

* * *

ŽUКAS (жу́кас) – РЫБА

Адна з першых рачных назваў, што былі адпазнаная за балцкія на ўсходзе, – Жукопа, у самых волжскіх вярхах (там дзе паблізу і Дзвіна пачынаецца,), “Рыбная рака”.

Першы складнік тут як у літоўскім žuklys “рыбак”, у прускім zukis “рыба”. А другі складнік звязваецца з літоўскім upė, прускім ape “рака”.

Але і альтэрнатыўнае гэтаму літоўскае žuvis “рыба” (з тым жа “рыбным” карнявым žu-) захавалася ў назве возера Жовін (на левабярэжжы Бярэзіны перад Бабруйскам). Гэтая праз старарускую пераходную форму Жъв– мяркуецца ад Žuvinas “Рыбнае (возера)”.

* * *

Аннотация. Вопрос о том, как говорили древние белорусы (и те, кто жил восточнее), раскрывается в тексте через балтские следы в названиях рек. Древняя белорусская речь показана как архаичный пласт, сохранившийся в топонимике и лексических соответствиях. Отвечая на вопрос, как звучал старобелорусский язык, следует знать, что древняя речь предков беларусов должна сопоставляться с литовскими и латышскими формами, отражающими древнее языковое состояние региона. Старобелорусский язык примеры приводятся через реальные древние названия. История белорусского языка кратко прослеживается через балтское наследие. Белорусский язык происхождение объясняется ранними балтскими корнями, которые сохранили балтские гидронимы Беларусь и балтские названия Беларуси.

Пакінуць каментар