Знакі Павочча: міф працягвае жыць

Што паказала прастора Павочча, калі там гэтай восенню былі наведаныя рэчкі са старабалцкімі назвамі Нальша, Курша, Села.

Гэтая восень мела быць ініцыяцыйная для старабалцкага краю на далейшым усходзе. Спачатку, на Дзень адзінства балтаў 22 верасня, сіня-чорна-сіні сцяг Балцкага Павочча быў інаўгураваны ў Літве падчас святкаванняў: і на заходняй Жамойці, і на ўсходняй Аўкштойці. Потым, і месяцу пасля таго не прабегшы, гэты сцяг быў правезены ўздоўж Акі.

Балты з усходу

Старажытныя балты жылі і на Завоччы, у тым ліку за Ніжняй Акой, і сведчанні гэтаму – водныя назвы. Якраз на Павоччы знаходзяць назвы рэчак, што на дзіва перагукаюцца з назвамі вядомых ужо ў гістарычны час балцкіх плямёнаў – куршаў, нальшаў, селаў, вармаў, саснаў, дык мяркуецца і дагістарычны рух з усходу з Павочча на захад да Балтыкі (пра магчымасць такога кірунку яшчэ стагоддзе таму казаў К. Буга). Апошнімі на ўсходзе да гістарычных часоў мелі датрываць падмаскоўныя галінды-голядзь (звычайна, аднак, іх, наадварот, лічаць за прыхадняў з захаду з прусаў).

У гэтым кастрычніку бадай упершыню колькі тых рэчак з назвамі-перагукамі былі наведаныя свядома, з думкай пра старабалцкую мінуўшчыну: Нальша, Курша, Села. На берагах кожнай з іх запалаў агонь, палунаў сцяг, гучаў старэтны спеў. Зрэшты, завялося гэта не цяпер – яшчэ ў 2011-м на беразе маскоўскай цяпер рэчкі Галядзянкі (меркаваная адпачатная Galinda) спевам прагучала пруская мова.

Але ці мова пра абуджэнне люду, што жыве цяпер у тых краях? З тых прадаўніх часоў багата чаго там памянялася, у тым ліку і дэмаграфічны склад (твары з наведаных мясцовых могілак не даюць зманіць). Мова хутчэй пра ўшанаванне продкаў, і з чым жа іх ушаноўваць, як не з сіня-чорна-сінім сцягам: па-літоўску сцяг – vėliava, гэта мяркуецца зборны назоўнік ад vėlė “душа памерлага” (як воўк – і ваўкаўё, ваўччо). Сцяг уздымалі, каб з ваярамі былі ў дапамогу ўсе продкі. Чорна-сіняя гама – падземная цемра і падземная ж вада, як і ўяўляўся калісь замглёны і вільготны падземны свет ценяў.

У абодва бакі

Гэтае паломніцтва на старабалцкі ўсход можна змясціць і ў кантэкст. 15 гадоў таму, у 2010-м, літоўскі дзеяч і даследчык старабалцкай старыны Альгірдас Патацкас быў выдаўшы кнігу “Галіндыяна”, у якой апісаў свае падарожжы ў процілеглым напрамку – на Пірэнэйскі паўвостраў у іспанскую Галісію. Туды, мяркуецца, разам з готамі дабрыдалі прускія галінды (тое перасоўванне скурпулёзна прасачыў у сваім часе Ул. Тапароў).

Дык жа, сёлета дадалося і другое, “усходняе” крыло гэтаму распасціранню.

Не менш прыкметна, што сёлета ў ліпені, згадваючы дзясятую гадавіну пасля адыходу Патацкаса, ягоным кірункам да Галісіі выпраўляўся і гурт літоўцаў (усё прыкметныя дзеячы літоўскай паганскай “Рамувы” – Вайшкунас, Сангайла, Кашынскас і інш.). Але адна рэч вандраваць спакойнай сытай Еўропай, і іншая – дарогамі, па якой там-сям праязджае боегатоўная ваенная тэхніка.

Чытаючы знакі

Што мела б быць прыкмечанае ў паломніцтве на Павочча? Безумоўна, знакі. Яны па адным адкрываліся на кожным з трох наведаных месцаў: паблізу Нальшы, Куршы і Селы.

Нальша і Пава з неба. Агню ў лесе перад дубам адгарэўшы ды песням адгучаўшы – на лясной дарозе па шляху назад з лесу сустрэла выразная Пава, якую ўтварыла вялікая ўпалая галіна. Зусім бы сышоўшы з выявы на задыякальным каўшы, што захоўваецца ў нашых Роўбічах. Птушка – сама па сабе істота надземная, а з адсылкай да каўша – няйнакш нябесная, касмічная.

Курша і Пакінутае свяцілішча. У наступнай жа вёсцы пасля рэчкі Курша – калі і агонь, і спеў ужо былі адбыўшы на куршскім беразе – касцяк закінутай вялізнай гаспадарчай пабудовы. У пярэдняй частцы яе вытыркаўся пастамент, на якім напрошвалася запаліць агонь, дык так і было зроблена. Праз зусім прафанічнае на момант прарвалася сакральнае.

Села і Чорны цмок. Нарэшце, недалёка ад рэчкі Селы на спусцістым беразе – выразны Цмок з абвугленага дрэва, што стаяў пазіраючы у бок рэчкі. Перад ім таксама быў запалены агонь, ад яго боку і ў бок Селы прамаўлялася.

Як мелі б быць паінтэрпрэтаваныя такія праявы? Найлепш напрошваецца адсылка да старадаўняга паняцця пра трохчасткавую будову свету. Пава – з неба. Свяцілішча – свет людзей. Цмок – падземны. Гэта тое найменшае, што можна, відаць, пра гэтыя праявы сказаць. Як яно адгукнецца ў будучыні – пакажа хіба час.

Але ў кожным разе – Міф жыве, працягвае жыць. Трэба толькі жыць ім.

Sv.

Аннотация. Текст – эссе о живом мифе, где мифология беларусь раскрывается через ландшафт, ритуал и память, а балтская мифология осмысляется как действующая традиция, в контексте которой присутствуют такие явления, как сакральные места беларуси, символика огня и воды и особый тип восприятия пространства, определяемый как мифологическое мышление. Через путешествие к рекам и знаковым местам выстраивается сакральная география беларусь, в поле которой сходятся балты беларусь, запад россии балты и голядь территория, при этом ключевым свидетельством присутствия древние балты территория становится балтская гидронимия территория. Встреченные знаки в тексте интерпретируются, опираясь на такие концепции, как трехчастная модель мира и индоевропейская модель мира, где символы неба, человеческого пространства и подземья соединяются в единую структуру, а сине-черно-синий флаг и символизм цмока беларусь выступают знаками живой связи с миром предков.

Пакінуць каментар