Туры, лісы – і кіты?

Пра адзін тып зусім кароткіх тутэйшых прозвішчаў, якія часам звязваюць з фаунай, але найчасцей зусім абмінаюць увагай.

(Гэты тэкст у зручным фармаце pdf, і паілюстраваны, можна спампаваць унізе старонкі)

Масіў тутэйшых старадаўніх імёнаў толькі нядаўна ўзяўся выходзіць з нябыту на святло. Хто дазнаўся, той ужо не змаўчыць, пачуўшы, што старабалцкія імёны гэта хіба толькі такія пазнавальныя, як Вітаўт ці Міндаўг. Старабалцкага тыпу імёны, складзеныя з дзвюх асноў, будуць памалу адваёўваць сваё, і для тутэйшай прасторы гэта зрух эпахальны.

Разрослыя і кампактныя

Але дзеля паўнейшага разумення маем ведаць яшчэ пра дзве скіраваныя ў процілеглыя бакі тэндэнцыі ў складзе масіва калісніх тутэйшых імёнаў. Адна – да яшчэ большага разрастання: імёны былі і трохасноўныя.

  • Найбольш вядомае тут бадай імя раннелітоўскага князя Свідрыгайлы. Падобнай будовы мядзельскае прозвішча Сандрыгайла (яго асновы ў старым лідскім Сангайла, у віленскім Дрыгайла).
  • Або – імя яшчэ ранейшага князя Жывінбуда. Яго асновы па дзве злучаныя ў старым слонімскім Жывіновіч, у горадзенскім Жыбуда, у сучасным літоўскім Budvinas.
  • Таксама, пад Пінскам яшчэ ў XVI ст. фіксавалася ўрочышча Неамеры, дык тут пачатак як і ў прускім трохасноўным імені Ne-a-sude.

А другая тэндэнцыя – яна, наадварот, да зусім кароткіх імёнаў. Яны ўтвараліся з асобных асноваў, якія былі ў двухасноўных імёнах. Такіх нямала ў Перапісе войска ВКЛ 1528 года, напрыклад:

  • Бак Мацеевіч.
  • Віт Нацкавіч.
  • Рым Буткавіч.

Адпаведныя асновы ў сучасных літоўскіх прозвішчах Nirbakas, Budvitas, Rimgaila.

Ракі і Кіты, Туры і Лісы

Вядома, такіх кароткіх (як, зрэшты, і даўжэйшых) імёнаў на сёння ў нас ужо даўно, мо з паўтысячагоддзя, не надаюць. Але зрэдзьчасу на святло, да шырэйшай увагі людзей прабіваюцца падобнай будовы прозвішчы, якія для нас цяперашніх выглядаюць або загадкавымі, або зманліва вытлумачальнымі.

У пачатку ХХ стагоддзя з такіх хіба Сымон Рак-Міхайлоўскі, дзеяч БНР і аўтар музыкі да Багдановічавай “Зоркі Венеры”. Адпачатна ён, сам з-пад Радашкавічаў, пісаўся з Міхайлоўскіх, ажно адшукаў, што продкі былі з Ракаў.

  • Гэтае Rak– у старым літоўскім прозвішчы Ракмонт з-пад Коўна. А на абедзвюх пазіцыях – у сучасным літоўскім Raktaris і ў старым мёрскім Тарарак.

Пазней – Барыс Кіт, перш настаўнік і арганізатар настаўнічання, а на пасляваенным выгнанні – эксперт у касманаўтыцы. Малавядома, што ад нараджэння (сам з-пад Наваградка) яго прозвішча было Кіта́ (пра такія ніжэй). Хоць у панёманскім рэгіёне ў канцы 18 ст. бытавала і Кіт.

  • Tое Kit– у прускім імені San-kite (Санкіт). На абедзвюх пазіцыях – у літоўскім Kitra і ў латышскім Rakits.

У нашай сучаснасці не такія вядомыя, але ўсё ж прыкметныя, прозвішчы Тур і Ліс.

  • Аснова Tur– у прускім імені Prey-ture (Прэйтур). На абедзвюх пазіцыях яна, з аднаго боку, у латышскіх Balturs, Turkans, а з другога – у смаленскім Турбалеў, у старым ваўкавыскім Кантур.
  • З асновай Lis– было старое воранаўскае прозвішча Лізгерд. Другая аснова тут ад Gird-, так жа сама як віленскае Мізгерд, падвіленскае Візгерд пярвейшы выгляд знаходзяць у засведчаных сучасных літоўскіх Mіzgirdas i Vizgirdas. Тут асновы Lis-, Mis-, Vis-, хіба прыстасаваныя да наступнага звонкага зычнага.

І, вядома, ёсць літоўскія Rakys, Kitas, Turas, Lisas.

Кіш, Дук, Шут, Бень

Але вышэй – тое, што можна сяк-так вытлумачыць нават і не маючы асабліва ведаў у даўнейшай антрапаніміі. Далей – тое, чаго без тых ведаў не вытлумачыш аніяк.

Вось, нябожчыца мастачка Кіш.

  • Ёсць літоўскае прозвішча Kišūnas (ад Kišas). У канцы 16 ст. засведчанае жамойцкае прозвішча Кішкадайціс – ад Kiš-kadas. А на абедзвюх пазіцыях гэтае Kiš– у прозвішчах Каркіш (з-пад Ваўкавыска) і Кішкарэвіч (з Гальшанаў).

Сучасны педагагічны дзеяч Дук.

  • Ёсць літоўскія Dukas, Dukaitis. На абедзвюх пазіцыях у старым ашмянскім Дукса і ў пружанскім Садука.

Адзін з “дэпутатаў Адраджэння” Шут, таксама ўжо нябожчык.

  • Было опсаўскае прозвішча Ніршут, крэўскае Мэйшутовіч. У Перапісе войска 1528 г. сярод кернаўскага баярства “Мікалай Абшутэл” (ад Ab-šutas).

Музыкантка Бень.

  • З Ліды цэлы шэраг, як трансфармавалася: Беніс > Бень > Беневіч. На абедзвюх пазіцыях у слонімскім Сербен і ў індурскім Бэнсэр.

Такога было і раней. У 16 ст. сярод вялікалітоўскага баярства на Падляшшы фіксаваліся Якуб Вік, Мікалай Рута, Якуб Сук. Адпаведныя складнікі ў летапісных літоўскіх імёнах Matte-wike і Dauge-ruthe (Матэвік, Даўгерут), у літоўскім прозвішчы Sukmantas.

Адсюль робіцца зразумелым і прозвішча былой прэзідэнткі Латвіі: Vaira Vīķe-Freiberga (бо мужава — Vīķis, Вік).

Жура і Шуба: не страва і не вопратка

Але чаму з канцавым галосным такія згаданыя вышэй прозвішчы, як Кіта ці Рута? А гэта такая роўнаўжывальная форма, бо так жа сама і ў літоўскіх прозвішчах Vaišnoras i Vaišnora, або Mažeika i Mažeikis. Так жа і ў аднаасноўных – Suba i Subas, Žuta i Žutas.

Дык жа, Жура (музыка) – гэта не ад назвы супа “жур”. А Шуба (мовазнавец, але і не толькі) – не ад расійскай назвы верхняй вопраткі (з доўгай гісторыяй міжнароднага запазычання).

  • Ёсць літоўскія Žuras, Žuraitis. А ў двухасноўных – з Беняконяў было Журван, ёсць латышскія Žurdins, Manžurs.
  • З Гервятаў было прозвішча Шуб, ёсць літоўскія Šubeita, Šubeika. У двухасноўных – у  старым завіленскім Шубрановіч, у віленскім Мішубінскі (ад Šub-ranas, Mi-šubas).

Так жа сама як Шуба і Шуб, дачыняюцца старое горадзенскае Мака і мёрскае Мак, астравецкае Гада i опсаўскае Гад (адпаведныя асновы ў прускім імені Prey-mox “Прэймак”, у літоўскім тапоніме Gadvaišai “Гадвайшы́”). Было дзісенскае Дук і лідскае Дука. З Міхалішак – Тура, а з Горадні – Шута.

Падсумоўваючы

Як бачым, прозвішчаў такога тыпу на сённяшні час на слыху вакол нас – вобмаль (і тое трэба добра ўслухоўвацца).

Зрэшты, яшчэ дзвесце гадоў таму, на слыху ў адукаваных тутэйшых людзей такіх было – адзін, Тамаш Зан, сам з-пад Маладзечна (адпачатна Зань). З гэтым складнікам латышскія Zangals i Galzans.

Хоць былі і Біс, Він, Гіш, Дак, Дат, Жан, Жун, Кіп, Лім, Лан, Лар, Ліш, Нід, Нэт, Пам, Під, Піс, Раба, Рык, Сас, Сат, Сіг, Суш, Шаб, Шаг, Шан, Шас, Шук, Цік, Ціш. Гэтыя тры дзясяткі, вынятыя з соцень і соцень, – тыя, што паўстаюць ужо толькі са старых метрыкаў. А, напрыклад, у сучасным літоўскім іменніку ўжо не фіксуюцца (хоць траціна з іх фіксуецца ў латышскім). І ўсе гэтыя складнікі, якімі б экзатычнымі ні выглядалі, сустракаюцца ў двухасноўных прозвішчах (хай некаторыя з іх і зусім рэдкія).

Гэта ўсё неад’емная частка тутэйшай іменнай спадчыны, якую варта ведаць, каб не страчваць нітачкі да продкаў.

* * *

Гэты тэкст у гатовым для раздрукавання фармаце pdf

* * *

Аннотация. Статья раскрывает, как древние белорусские фамилии связаны с архаичной балтской антропонимией и помогают по-новому взглянуть на древние имена Беларусь. Через анализ исторических источников показано, как можно формировать имена Беларусь список и уникальные белорусские имена. Особое внимание уделено соотношению балтские фамилии Беларусь и славянские имена Беларусь в общей системе именования.

Пакінуць каментар