“Дзед-барадзед” не такі просты

Што за “дзед-барадзед” з беларускай тэлевізійнай “Калыханкі”? Верш 1987 г. напісаў пісьменнік А. Вольскі (а мелодыю прыдаў Л. Захлеўны).

Пры гэтым мала хто ведае, што за гэтым вобразам, пры жаданні, можна ўбачыць цэлы космас тутэйшай народнай культуры.

Найперш, як у Вольскага: “Я хаджу па белым свеце / I гляджу, як вы жывеце“. Так жа сама, сапраўды, сядзібы адведваў (найперш у велікодны час) падарожны дзядок (або бог-дзядок) у беларускіх і літоўскіх паданнях.

Далей даецца воля пісьменніцкай фантазіі: “Калi трэба памагу, / Бо я ўсё рабiць магу“. Тым часам падарожны дзядок найперш правярае, ці гаспадары трымаюцца гасціннасці, традыцыйнай маральнай каштоўнасці. Праўда, часам і вучыць работаў, таму ён хутчэй не ўсяможны, а ўсяведны.

Але ў аўтара і не было на мэце даць сур’ёзнасці і праўдзівасці, бо ён усё скідвае ў вобласць дзіцячага: “Я хаджу па белым свеце – / Ваш найлепшы сябар, дзеці“, “З вамі побач буду ўсюды, / Трэба цуды – зробім цуды“. Для дзіцячай калыханкі, зразумела, зусім прыдатна, дый вобраз запамінальны. Бяскрыўдны вечаровы госць, які ў дом прыносіць казак.

Але па праўдзе гэта вобраз не без каранёў.

І. “Дзед…”

Засноўнік літоўскай “Рамувы” нябожчык Ёнас Трынкунас у сваёй “Кнізе літоўскай мудрасці” (2015) пісаў:

Дзядка прымаюць не дзеля [яго] боскасці, а таму што гасціннасць і апекаванне былі абавязковыя. Ён любіць зайсці да людзей, пагаворыць, папросіць заночыць, паесці ці іншай дапамогі. Дзядок так правярае маральнасць людзей, ён навучае работаў і мудрасці. Ён карае за ману, сквапнасць, гультайства, негасціннасць“.

У адным, бадай зусім красамоўным паданні, які тут сама ў сваёй кнізе змяшчае Трынкунас, гэты дзядок аднаго за адным жорстка карае кепскіх людзей – прычым, часам нават “завочна”, бо ведае будучыню.

  • Аднаго, кепскага і сквапнага, – атруціў.
  • Другому, добраму і гасціннаму, падпаліў хату – але толькі бо пад хатай быў закапаны скарб, які той, парадкуючы папялішча, бач, знойдзе.
  • Трэцяга саштурхнуў з моста ў раку і патапіў – аж бо “ён быў бы забіўшы свайго бацьку”.

Аповедам пра падарожнага дзядка прысвечаная цэлая кніга 1935 г. – 9-ы том даваеннага літоўскага збору “Наш фальклор” (Mūsų tautosaka). Са змешчаных там паданняў дазнаемся яшчэ больш пра дзеянні таго ўважлівага, але і бязлітасцівага дзядка:

  • Адну сястру, якая бога-дзядка слухала і работаў ад яго навучалася, ён даў на ўсё астатняе жыццё шчасця – а яе сястру-лайдачку перш ператварыў у ваўка, а тады ў лесе забіў, закідаўшы камянямі (№ 326).
  • За тое, што адна дзяўчына яму груба адсеклася, калі ён узяўся ёй парадзіць наконт прадзення, – ён “зрабіў так, што жанчыны працуюць – і ніколі не маюць спачынку” (№ 358).
  • Бабінай дачцэ, якая недастаткова рупна пасвіла ягоных авечак, ён даў скрыньку, з якой дома выпаў агонь і спаліў і яе, і ейную сквапную мацеру (№ 415).

Ператварэнні ў ваўка для таго падарожнага дзядка былі справай зусім звычайнай, і нават пераважнай (згадваюцца ў аповедах №№ 323- 335). І выдае на тое, што так можа быць невыпадкова.

ІІ. “…барадзед”

У тутэйшых веснавых замовах згадваецца такі “дзед-сівабарадзед”. Ён згадваецца вось у якой ролі (нумарацыя паводле тому “Замовы” серыі “Беларуская народная творчасць” 1992 г.):

  • Ты ж, дзеду-сівабарадзеду, ты ж не пахаеш, ты ж не гарэш, ты толькі худобачкі пасеш” (№ 121).
  • За варотамі дубок стаіць, а пад дубком сівенькі дзядок сядзіць. Ён пашанькі не паша, толькі каровачку пасе, да спераду падганяе, да лютага звера не дапускае, зверу рот замыкае” (№ 119).
  • У чыстым полі стаяў дубочак, а пад тым дубочкам сівы дзядочак. Ён не арэ, не паша, толькі мае кароўкі пасе. Спераду прыпыняе, а ззаду падганяе” (№ 120).

У іншых замовах гэтую функцыю ўжо забірае “святы Юр’я”, які таксама ў цёплую пару года звярам пашчы замыкае (а ўвосень, наадварот, адмыкае).

Цікава тут не толькі што тыя тры замовы з адной мясцовасці – з-за Прыпяці, з-паблізу ракі Убарці (вёскі Прыбалавічы і Глушкавічы). Але найперш што там сама побач (Баравое, Данілевічы – за 15 км ад Прыбалавічаў) знакамітыя “каменныя дзевачкі”, і гэтая акалічнасць прыдае яшчэ болей вартасці той мясціне паабапал ніжняга цячэння ракі з балцкай назвай Убарць.

Вось такі мае быць стыль погляду нават на самыя прафанныя рэчы і з’явішчы наўкола нас: бачыць глыбіню і нават пераносіць туды акцэнт.

Увогуле, “падарожны дзядок” гэта, вядома, пра такую паганскую этычную каштоўнасць, як адгуклівасць, пра якую нядаўна пісалася (а пра стыль, нагадаем, гаварылася тут).

Sv.

Пакінуць каментар