Хто ў нас “уваскрасаў”

Не будзем заглыбляцца ў рэлігіязнаўчыя доследы, ані кранацца культаў бостваў расліннасці на Ўсходзе, да якіх звычайна апелююць, калі мова заходзіць пра рэлігійны канцэпт “з мёртвых паўстання”. Ахвочы заўсёды можа пачытаць пра гэта ў Эліядэ або Фрэзэра, каб мець перад вачыма шырокі кантэкст.

Падамо хіба словы засноўніка латышскай дыеўтурыбы Эрнэста Брастыня: “Ён быў такі ж бог, які памірае і паўстае з мёртвых, як і многія іншыя, напрыклад, Асірыс, Адоніс, Сандон. Сапраўдным арганізатарам хрысціянскай царквы быў рабін Павел з горада Тарса ў малаазійскай Кілікіі. Хрыста ён ніколі не бачыў, але яму не давялося прапаведаваць нічога такога, пра што ён бы не чуў, – бо ў дзяцінстве ён сам браў удзел у раскошных святкаваннях уваскрашэння Сандона. (…) Паўлу належыць тая заслуга, што, абапіраючыся на легенду са сваёй яўрэйскай Бібліі пра грэхападзенне першага чалавека, ён даўмеўся далучыць да яе яшчэ адну легенду – пра бязгрэшнага і неўміручага Сына Божага” (Mūsu dievestības tūkstošgadīgā apkarošana, 1936).

I.

Дык жа, першы клас тых, хто “з мёртвых паўстае”, – гэта, вядома, вупыры: нябожчыкі, якім “не ляжыцца” і якія ўстаюць і ходзяць да памерлых, увогуле працягваюць рабіць свае прыжыццёвыя справы. Каб паілюстраваць, падамо тут запісанае на захадзе Смаленшчыны Ул. Дабравольскім (у смаленскай гаворцы, нічога не перайначваючы):

Похарыны відзьмака

Быў адзін старік, і було ў яго два сына. Аднаво аддалі ў службу. Старік быў бальшэй відзьмак. Етый старік памер. Як яго схувалі, то ён прішоў з кладзішча і павыгнуў ўсіх з дзяреўні. Із другой уж дзяреўні насілі яму вужын у сваю хату.
Прішоў яго сын са службы, і была ў яго сыбачка.
Заходзіць ён у свой двор, нету нікога – гаріць адзін аганёк. Пасматріць: стаіць гроб сярёд хаты. Пріходзіць ён у хату, садзіцца на кут. На стале на етым стаіць водка (нявесткі вужын яму прінасілі), бліны, каша.
Давай салдат еты вужын прібіраць. Павужынаў ён, падходзіць поўныч. На грабу на том було 12 абручоў. Упаўноч еты вубручы ўсі палопалі. Устаець еты старік з гробу: “во хто ета ў мой двор прішоў? Хто мой вужын паеў?”
Сталі еты бацька з сыным драцца, а салдатыва сабачка ўсё етыга старіка за ногі кусаіць. Дралісь яны да свету. Сын спрашыіць: “тата, йдзе палажыць цябе?” Старік яму нічога ні гаворіць, толькі ўсё дзярецца. Як пітухі прапелі, старік еты заваліўся: яго і палажыў сын у гроб.
На другей дзень к вечыру салдат іпяць прішоў сцяреч атца. Іпяць упаўноч абручы на грабу палопалі, старік вышаў із гробу: “а-а, ты тут?” – Ды тут. Іпяць яны сталі драцца. Сын іпяць спрасіў: йдзе цябе схуваць? Старік усё з ім дзярецца, а нічога ні гаворіць. Ныканец відзьмак гаворіць: “ну, я табе скажу, йдзе мяне схуваць, а толькі ты заўтрі прівязі мне 40 ведзір водкі, да 60 валоў”. Вот яму за дзень мужукі ўсё ета даставілі.
Салдат на трецію ноч іпяць у етый хаці. У паўноч старік з гробу ўстаў. Паходзіць, паходзіць па хаці – пад бочку падляжыць, дый гарелкі пап’ець; вала раздзярець, дай з’есць. Усё ета ён папіў, паеў і гаворіць на сына: “ёсь сысна на полі, пад тэю сасною мяне схувайця: там мне места”.
На заўтріча павёз сын атца. За дзень звез толькі на паўвярсты. Абхваціла ноч. Салдат еты пірябуў пітамі ўпярёд лапці, штобы яго па слідам ні нашоў бацька. Узлез ён на ёлку.
У паўноч старік із гроба ўстаець. Іскаў ён яго, іскаў, нашоў на ёлкі. “Э-э-э, брат, во йдзе ты!” І палез к яму на ёлку. Нямнога ён да яго ні далез, запелі пітухі – ён аб землю бряк! Салдат яго ў гроб палажыў.
Пріходзіць вутрім салдатыў брат, салдат гаворіць: “ну, брат, прістаў мне 6 лашадзей”. Прівялі яны шэсць лашадзей, запряглі і пувязлі етыга відзьмака. За дзень уехалі толькі адну вярсту. Абніла іх ноч.
Салдат гаворіць: “ну, брат, заўтрі прівядзі мне 12 лашадзей”. Салдат іпяць пірябуўся пітамі напярёд, наслядзіў кала гроба і ўзлез на сасну. Старік у паўноч ўстаўшы з гроба, доўга іскаў яго, нашоў на сасне і лезіць к яму. Чуць-чуць яго ні дастаў, запелі пітухі.
На заўтріча запряглі ўжу 12 коній і вязуць відзьмака хараніць. Насілу даехалі к паўночы к сасне – ужу абручы на грабу сталі лопаць. Толькі падвязлі к сасне: сасна паднілась. Яны яго пад сасну, душа тады ў відзьмака вон.

Сучаснае ж увязанне гэтага “вупырскага” сюжэту з пануючай рэлігійнай тэматыкай такое:

Люд не лезе высока ў думках
Люду б толькі белымі яйкі
На паліцах свяжэйшымі булкі
Так прывучаны люд адмалку

Але ў гэтым свая ёсць праўда
І адвечнае назіранне:
Хто ж паўстане — ў магілу ўжо ўпаўшы?
Дык вядома — вупыр паўстане

Колькі ж маем такіх аповедаў,
Колькі ж спосабаў адбараніцца —
А Яму ўсё не зладзім провадаў,
А Яму ўсё ніяк не спіцца

II.

З той жа смаленскай крыніцы, з Дабравольскага, падамо і яшчэ пра адну істоту, што “паўставала” з зямлі, ужо пахаваная. Мова пра Змея, якога біў маланкамі з неба Грымотнік. У Дабравольскага па-расійску, у ягоным пераказе, дык перакладзем:

Каля Бароўскага (вёсачкі Смаленскага павету Прудкоўскай воласці) акалеў вялізны звер. Ніяк не маглі пахаваць рэштак чудавішча, ад якога ішоў нясцерпны смурод. Нарэшце, адзін калдун параіў, як пахаваць чудавішча. З парады знахара сабралі маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак, якія запрэглі ў вазочкі пеўнікаў і курачак і вазілі на магілу змея зямлю, дапокуль бясследна засыпалі яго рэшткі“.

Бароўскае – і пагэтуль існая вёска, адразу на ўсходзе ад смаленскага Пачынка. Дзе там тая “магіла змея” адносна самога Бароўскага – Дабравольскі не падае. Гэта магла быць як гара, так і меншы курган. Так казаць дазваляюць аналагі з гэтага ж рэгіёну, ужо на тэрыторыі цяперашняй Беларусі, бо гэта, як выглядае, спадчына таго рэгіёна.

Тое Бароўскае геаграфічна на ўсходзе ад Оршы. А на поўначы ад Оршы, ля возера Вымна, іншы збіральнік фальклора Нікіфароўскі падае пра гару Змяінец (за Рыбакамі былі Сінякі, дык на захадзе ад апошніх – гара). Тут ужо звестак пра Змея крыху болей: маўляў, “бушаваў страшыдла-змей”, якога тады закапалі жывым у зямлю, але ён усё выходзіў. Далі рады так: у стары лапаць запрэглі чорнага пеўня, прывезлі зводдаль тры разы па поўным лапці зямлі і пачалі пасыпаць. Гара тая, пераказваў Нікіфароўскі, мела выгінасты выгляд змяі.

Але найболей вядома пра Змея-краўца, які жыў у камене ля вёскі Гогалеўка, што за Лукамскім возерам (і гэта геаграфічна на захадзе ад Оршы, усё за тыя менш-больш сотню кіламетраў). Перунамі яго білі проста над возерам, а трэці раз пярун заспеў яго ў лесе з берагу. І так жа сама ніяк не маглі закапаць, ажно сасніў адзін стары, што “сабраць малых дзяцей-незнатак і жарабятак гэных сяголетніх, і вазіць зямлю ў атопках [абутак] і ў прыполах, а жаробачкам торбачку насыпаць ды на шыю“. Гэта ўжо падае трэці даўнейшы фалькларыст, Раманаў, хоць пра тое процістаянне можна было пачуць у Гогалеўцы жыўцом яшчэ дваццаць гадоў таму. Там магіла Змея – гэта лясны курган, не гара, і яе таксама з мясцовай дапамогай ужо ў нашым часе адшукалі.

ІІІ.

Нарэшце, яшчэ хто мог “з мёртвых паўставаць” – гэта кароль Вітаўт, пра якога чытаем у паданні ў таго ж смаленскага Дабравольскага (“Вітыўт”, у мясцовай гаворцы). Перад смерцю ён казаў: “Калі хто вас абідзіць, вазьміця музыку і зайграйця над магілыю маёю, я ўстану і пумагу вам“. Праз які час пачалі сумнявацца: “Ня можыць быць, штоб ён з мяртвых устаў!” Зайгралі з музыкай на яго магіле, кароль з таго свету ўстаў: “Аб чом, дзеці, міне будзіця? Хто вас абіждаіць?” А яны сумеліся: “Кароль Вытыў, нас ніхто ні абіжаіць, а мы думалі, ці праўда ета, што ты казаў, што ўстаніш“. Вітаўт тады зазлаваў: як вы мяне з таго свету збунтавалі, так і вы самі цяпер век вечны бунтуйцеся.

Гэта асабліва каштоўна – згадка князя Вітаўта ажно на Смаленшчыне, прычым нават і з гульнёй слоў (збунтаваць – бунтавацца). Літоўскі даследчык В. Вайткявічус прысвяціў цэлы артыкул (2017) блізкаму сюжэту пра паўстанне войска з гары, які сустракаўся сярод літоўскага люду. Ён падае шырокую гістарычную палітру бытавання гэтага сюжэту, але зусім уражвальныя пададзеныя ім колькі зусім сучасных прыкладаў рэалізацыі гэтага вобразу, зусім жывога бытавання ў глыбінях сучаснай ментальнасці. Вось, падчас вырашальных для незалежнасці сучаснай Літвы падзей студзеня 1991 г. адна старая жамойтка (з ёй Вайткявічус гутарыў у 2015-м) сніла такі сон:

Паўсталі з капцоў сорак мужчын, у льняных адзежах: белыя кашулі, штаны, шырокія, не начныя, а па калені. І ўсе сорак — не ведаю, не лічыла колькі, але полк (ведала, што сорак) — усталі і пайшлі як бы… на лета, на ўсход. Туды, дзе сонца на лета. Нічога не казалі, нічога не баяліся, такія ўсе буйныя, усе роўныя, і ў той бок пайшлі… Я ўзрадавалася чамусьці, што паўсталі. І больш так не сніла, і ніхто не паказваўся. Незнаёмыя ўсе, са старых часоў, уніфармаваныя, бяззбройныя, але, кажу, усе па-летняму апранутыя, у льняной адзежы. Высокія мужчыны, аднаго ўзросту, усе як адзін. Гурт такі адзін, без ніякага правадыра. Калі паднялася — падумала, што будзе добра“.

…Як бачым, нашае тутэйшае “з мёртвых паўстанне” зусім іншае, чым на ўвесь свет засеяў згаданы Брастынем “Павел з Тарсы”. Ці мелі мы тут такія містэрыі “смерці і ўваскрасення” – не зафіксавана, хоць у тых жа прусаў вядомае веснавое боства Пергрубрыюс, аднак жа ён хутчэй адказвае за веснавы рост раслінаў, за веснавое абуджэнне прыроды. У кожным разе, згадка “ўваскрасення”, “з мёртвых паўстання” ў нас мела б выклікаць вось такія асацыяцыі, угрунтаваныя ў спадчыне нашых продкаў.

Sv.

Пытанні для замацавання:

  1. Якое было гледзішча Эрнэста Брастыня на зачаткі хрысціянства?
  2. Хто такія “вупыры” і як яны паводзяцца (на прыкладзе смаленскага падання)?
  3. Дзе зафіксаваныя паданні пра Змея-праціўніка Грымотніка і з якім месцам звязана найпаўнейшая версія падання?
  4. Чаму і ў якіх абставінах, паводле смаленскага падання, з зямлі падымаўся кароль Вітаўт? Чаму гэты вобраз блізкі з сюжэтам “войска з магілаў”?
  5. Чаму важныя свае, тутэйшыя, ніадкуль не прынесеныя асацыяцыі да тэмы “ўваскрасення”?

Пакінуць каментар