Малапрыкметны ўскраінны менскі мікрараён “Сухарава-6” – сапраўдны Мазыр. Ці выходжвалі вы Мазыр? Места з неверагодным рэльефам, такім узгорыстым, што і Смаленск пазайздросціць. А тут – нашае пад бокам, суседнічае з кальцавой аўтадарогай.
Тут уздым за ўздымам, спуск за спускам, тэраса за тэрасай – праўда, у малым маштабе, усяго ад Шаранговіча да Мазурава. Узвышша на гэтым месцы пазначалася яшчэ на даваеннай польскай карце (калі каму цікава зусім падрабязна – самая верхатура была ля Сухараўскай, 55). Але на гэтым цікавае толькі пачынаецца (інакш не было б і мовы).

Дзе быў Чортаў камень
Менавіта дзесь тут быў… Чортаў камень са знакамі. Не чулі пра такі? Як ні дзіўна, пра яго дагэтуль не гаворана не пісана, хоць згадка пра яго ляжыць на паверхні. Дакладней, там жа сама, дзе і згадка пра рэчку з назвай “Дзівівелка”. У дакуменце 1557 года.
Праўда, і пра Дзівівелку ў тым дакуменце з нейкай прычыны вычыталі абы-як. Ад нядаўна (2009) “паркам Дзівівелкай” называецца зусім іншая мясціна, хоць і паблізу. Там, дзе на згаданай польскай карце вымаляваная адзіночная азярына, без аніякіх вытокаў. Дзівівелка тым часам – у іншым месцы, а менавіта тут сама паблізу, але за кальцавой. І яна таксама важная лакалізуючы мясціну былога знаходжання Чортавага каменя.
Такім чынам, дакумент 1557 года, разгранічэнне грунтаў месцкіх з грунтамі шляхецкімі (размежаванне гарадскіх землях ад земляў шляхты), гаворыць так:
“Тою ж речкою Лошицою уверхъ, которая делит кгрунты местские до прудца Петровского, где и двор за речкою. От того прудца через дорогу, тою ж речкою, которая идет з Менска до Вовъчкович. Через тую дорогу переехавши по двор Сухоровский пана Коревича до узникля тоеж речки Лошыцы. От узникли пошли логом ажъ до Чортова каменя, на котором знаки ест, от каменя Чорътова логомъ ку узречью вверхъ речки Дививелки, прозываемой Тарасовки, и тым же узъречьемъ униз тое речки ку дорозе великой Тарасовской” (у выданні 1931 г. “Менскія акты. Выпуск першы” гэта на стар. 22).
Рэчка Дзівівелка – і па сёння цячэ паўз Яркова (адразу за кальцавой ад Сухарава) і праз прадмесце Тарасава, тады ўцякае ў Свіслач. Дзесь паміж былым Сухаравам (названае “Сухараўскі двор”) і верхнім цячэннем Дзівівелкі і ляжаў той “Чортаў камень, на каторым знакі ёсць”.
Ляжаў той камень, як выглядае, не на гары, не на схіле, а ў нізіне, у “лагу”. Ад Сухарава і да Яркова тут сапраўды тую былую горку зручней (бо карацей) абыходзіць з поўначы (каб тое ўзвышша на цяперашняй Сухараўскай 55 над галавой навісала). Магчыма, тая нізіна, лог, там, дзе цяпер праходзіць Сухараўская вуліца – бо за ёй пачынаецца яшчэ адна горка, цяпер так жа сама забудаваная, але з цудоўна захаваным рэльефам.

Сухараўскія вытокі
Але згадка Чортавага каменя – не адзінае, што дае той дакумент 1557 г. Ён мяняе (і ўзбагачае) нашае цяперашняе ўяўленне пра саму рэчку Лошыцу.
Цяпер жа прынята меркаваць (дый у сучасныя карты ўпісана), што Лошыца (правы прыток Свіслачы) пачынаецца дзесь у раёне цяперашняга мікрараёна Малінаўка, а тады сцякаецца з левым прытокам Мышкай. Але выходзіць, што тое, што мы лічым “Мышкай”, гэта ўзапраўды Лошыца і ёсць!
Бо яна і стары Койданаўскі тракт перасякала (“Далей уверхъ тоеж речки [Лошицы] до дороги, которая лежит з Менска до Койданова“), і праз Пятроўшчыну праходзіла (“Пятроўскі двор”), і ля Сухарава мела выток.
Але калі тая “Мышка” не тут, дык дзе яна? Можа, яна – гэта той (карацейшы, па праўдзе) прыток, які ў сапраўдную Лошыцу ўцякае справа, пачынаючыся ў раёне Малінаўкі? Выглядае, што ўсё яшчэ цікавей і нават маштабней.

Сухія і Мокрыя
Раней за пададзены буйны ўрывак чытаем, пра пачатак ходу ўздоўж Лошыцы: “А далей вели своими жъ границами и кгрунтами уверхъ речки Лошицы. А от того мостка по дорогу, которая идет з Менска до Слуцка, до двора Сухое Лошицы князя Одинцовы, до прудца“. Тут “двор Сухой Лошыцы” гэта мяркуецца пазнейшая вёска Лошыца, але яна ўжо на рэчцы пасля сутоку тых дзвюх рэчак.
І тым не менш наяўнасць “Сухой Лошыцы” дае падставу думаць, што карацейшы правы прыток адпаведным чынам і называўся. Для гэтага ёсць свае падставы.
Бліжэйшая тыпалагічная паралель – гэта пара нашых рэчак Адроў і Сухадроў, якія расцякаюцца (зусім па-міфалагічнаму) у Дняпро і Дзвіну паміж Оршай і Віцебскам (ад *Dravas, Saus-dravas, ад літоўскага sausas “сухі” і рэканструяванага старабалцкага *dravas “плынь”).
Далей ужо за Акой, на ўсходзе. Ёсць Сухая Табала і Мокрая Табала, Сухая Палацебня і Мокрая Палацебня, Сухая Таліца і Мокрая Таліца. Гэта таксама балцкія назвы (каб не загрувашчваць, адзначым толькі генетычную сувязь з дзвінскай Палатой і свіслацкай Талькай). Сухія рэчкі – у цяплейшую пару мелі перасыхаць.

Па дарозе да куршаў
Лошыца – форма памяншальная, а карацейшая адпачатная – “Лоша”. Але найцікавей тут, што нашая Лошыца-Лоша не ў вакууме, а ў надзвычай прыкметным назоўным кантэксце.
Пад паўтара дзясятка гэтых “Лошаў” ідуць адна за адной, па прамой, зусім мэтанакіравана ад дзесенскай рэчкі Лошы і да куршскага захаду Латвіі. Восем на тэрыторыі цяперашняй Беларусі, дзве ў Літве (Laš-upis і Lašmuo) і тры рассеяныя па прыморскай латвійскай Курзэмэ (ля Стэндэ, ля Лутрыняў, ля Прыэкулэ).
Яшчэ літоўскі лінгвіст і назвазнаўца К. Буга меркаваў, што гэта мела быць сведчанне руху ў гэтым кірунку. Адтуль нашая Мена (Менка) і Няміга, адтуль і Цітва ля Мар’інай Горкі, а ў Літве Tytuvа. Ад Дзясны да куршаў – дзевяць соцень кіламетраў.

Лошыца і Лоша
Такім чынам, і менская Лошыца мела быць так жа сама Лошай. Адкуль узялася памяншальная форма “Лошыца”?
У менскім рэгіёне такое не дзіва, памяншальныя формы ў рачных назваў. Рэчка Цна фіксавалася і як Цнянка. Слепня – і як Сляпянка. Менш вядомыя Касына і Дубна (гэта забытыя прытокі адна Вячы, другая Усяжы) таксама фіксаваліся як Касынка і Дубніца.
Але не менш цікавае вось якое размеркаванне:
- У вярхах Цны была вёска Цна, а ніжэй па цячэнні – Цнянка.
- І на Слепні – ля вярхоў вёска Слепня (на яе рэштках паставілі Нацыянальную бібліятэку), а ніжэй – Сляпянка.
- На Касыне – на вярхах Касына (цяпер “Касынь”), а ля вусця была Касынка.
- І роўна тое ж на Дубне: Дубна і Дубніца.
Дык вось вёска Лошыца, бліжэй да вусця рэчкі, якраз мела быць такім “памяншальным варыянтам” назвы Лоша (як Дубніца ад Дубны).
Але тады мела быць і Лоша, у вярхах рэчкі. А ля вытоку ужо ў XVI ст. маем Сухарава, з назвай антрапонімнага, прозвішчнага паходжання. Найверагодней гэта і была вёска Лоша (“верхнялошыцкая” яе частка засталася ў выглядзе непрыкметнай сядзібнай вуліцы Школьнай у Сухараве, з яе ваколіцаў і тры апошнія фота вышэй).

Сем высноў
Нарэшце, што па самой назве? Найверагодней, што ад літоўскага lašėti “сачыцца, капаць”, lašas “кропля” (Лошы – як рэчкі малаводныя). Звязваюць яшчэ з lašis “ласось”, але і тое, і гэтае ад супольнага індаеўрапейскага *lak̑– “апырскваць, пакрываць кроплямі ці плямкамі”, адкуль і *lak̑-so-s “ласось (як рыба плямістая)”.
Урэшце, што маем падсумаваўшы?
- Адпачатная назва – не Лошыца, а Лоша.
- Пачыналася Лоша з-пад цяперашняга Сухарава, а не з-пад Малінаўкі (назва мікрараёна ж таксама ад вёскі).
- Лоша найверагодней мела правы прыток Сухую Лошу, “малінаўскай” гэта мела быць яна.
- Вёска Сухарава на вярхах Лошы магла называцца Лошай, а памяншальная назва Лошыца ад вёскі Лошыцы ніжэй па цячэнні.
- Паўтара дзясятка “лошскіх” гідронімаў пазначаюць меркаваны шлях з-над Дзясны да прыморскіх куршаў.
- Балцкая форма назвы мела быць *Lašà (“Лашá”) і абазначаць немнагаводную рэчку.
- Блізка вытокаў менскай Лошыцы-Лошы ляжаў сакральны Чортаў камень са знакамі, які, магчыма, і маркіраваў месца лошскіх вытокаў.

Appendix. Як у Вільні
У суседняй сталіцы, у літоўскай Вільні таксама быў камень, якога цяпер ужо няма, але памяць пра яго жыве.
Гэта быў камень, які нёс на сабе “адбіткі” воўчых лапаў і казіных капытоў (чорт у абліччы ваўка гнаўся за казой). Ад яго была вёска Воўча Лапа, цяпер гэта віленскае прадмесце Vilkpėdė (ад літоўскага vilkas “воўк”, pėdė “лапа”). Камень патрушчылі з будаўнічымі мэтамі палякі ў 1937-м.
Але са словаў, з назваў сэнс мае схільнасць развейвацца з бегам часу, дык літоўцы паставілі камень, на якімі выбілі слядочкі лапаў, наверсе – козачку, а пазадзе – тэкст падання. Камень у 2015-м быў урачыста адкрыты з удзелам мясцовых уладаў і рамувоўскага гурта “Кулгрында”.
Таму пры ахвоце нават і пра зніклы камень памяць можна аднавіць, і будуць помніць, бачачы штодня.
А вось каменю з суседняй падвіленскай мясціны, які згадваецца ў езуіцкай справаздачы ад 1722 г., пашанцавала меней. Мова пра камень з-пад былой вёскі Засценкі (за 4 км на поўдзень ад Воўчай Лапы). Ён ляжаў пасярод балота (побач была вёска Райстэлі, ад raistas “балаціна”), да яго хадзілі строга ў першую нядзелю на маладзіку, ахвяравалі хлеб, воўну, лён, грошы, але “найбольш падарожныя кіі”. Місіянеры, дазнаўшыся ўрэшце, ссунулі камень у самую багну, цяпер пра яго толькі рэдкая згадка (але ж і ляжыць дзесь у нетрах зямных, мо чакае).
Дык ці будзе калі ў тым безаблічным “Сухараве-6” вуліца Чортавакаменная? А аўтобусы-тралейбусы ці будуць прыходзіць на канечную дыспетчарскую “Чортаў Камень”?..
Sv.
Пакінуць каментар