Наконадні Дыеўтурыбы

У самай першай з выдадзеных “свайксцкіх” кніг, “Пра паганства і балтаў” (2018), быў аглядны нарыс “Прабацькоўская вера вакол нас” (ён яшчэ меў бы выйсці і асобным друкам, дапоўненым і ілюстраваным). Адзін з раздзелаў у ім прысвячаўся і навачаснай гісторыі развіцця латышскай дыеўтурыбы (этнарэлігійнасці). Дыеўтурскім папярэднікам сярэдзіны ХІХ стагоддзя (Алунанс, Аўсэкліс, Пумпурс) прысвячаўся там адзін абзац. Але пра іх ёсць і болей што распавесці. А заадно і намосціць пэўныя масткі і з нашай прасторай.

Тым часам гэты тэкст можна лічыць за працяг артыкула 2012 года “Рамбін – крохкае сэрца Прускай Літвы”. У ім вялося пра “паганскі” складнік у новалітоўскай нацыянальнай свядомасці і, у прыватнасці, пра наднёманскую Рамбінскую гару і яе сакралізацыю ўжо ў рамках новалітоўскага нацыянальнага руху. Тое, як вядома, было запраграмавана яшчэ прысвечанымі старалітоўскай міфалогіі пісаннямі (раздзеламі ў кнігах) польскамоўнага літуанацэнтрычнага гісторыка Нарбута (1835) і літоўскага асветніка Доўканта (1845).

Alunāns

Паняцце пра старадаўнюю міфалогію як аснову, на якую абапіраецца нацыя, першым у Латвіі высунуў і па-свойму напоўніў Юрыс Алунанс у сярэдзіне ХІХ стагоддзя.

Гэта быў адзін з запачаткоўцаў “новалатышскага” руху – а той рух, уласна, і пайшоў з Алунанавай кнігі “Вершыкі, у латышскую мову перакладзеныя”. У яе Алунанс уклаў свае пераклады з шэрагу сучасных і даўнейшых еўрапейскіх моў (іх, уключна са старагрэцкай і лацінай, ён быў асвоіўшы яшчэ ў школьныя гады), такім чынам упершыню ў навейшы час узняўшы латышскую мову на ўзровень еўрапейскай культуры і спадчыны.

У сучасную латышскую мову ён таксама ўвёў больш за пяцьсот новаствораных ім слоў; напісаў трохтомнік энцыклапедычных артыкулаў “Падворак, прырода, свет”; быў суаўтарам кнігі “Народная гаспадарка”, а ўвогуле – больш чым ста пяцідзесяці большых ці меншых сачыненняў, напісаных толькі ў студэнцкія гады. Гэты энцыклапедыст і паліглот нібы спяшаўся паспець як мага болей за сваё нядоўгае 31-гадовае жыццё (памёр у 1864-м, неўзабаве – скажам дзеля кантэксту – пасля здушэння паўстання Каліноўскага).

Нядзіўна, што Алунанс, прагнучы думкай спарадкаваць паболей абсягаў, крануўся таксама і тэмы старадаўняй міфалогіі. У 1856-м ён публікуе серыю газетных артыкулаў: “Аповеды даўнейшых латышоў пра патоп”, “Вера даўнейшых латышоў пра водных духаў”, “Пра пахаванне ў даўнейшых латышоў”, “Яшчэ тое-сёе пра звычаі даўнейшых латышоў”. Яшчэ праз два гады – падсумавальны артыкул “Багі і духі, якіх колісь ушаноўвалі даўнейшыя латышы”.

Прыкметна, што менш-больш у такім жа ўзросце (дваццаць з лішкам гадоў) за дзесяцігоддзе да Алунана тым жа самым бавіўся і наш Павел Шпілеўскі, паповіч з-пад Любані, які, пачынаючы ад 1846-га, друкаваў у трох частках свой опус, у якім усяго апісаў паўсотні “беларускіх багоў і духаў”.

У Алунана “багоў і духаў” налічваецца менш-больш столькі ж, больш за сорак. За крыніцу натхнення і запазычання ён меў кнігу Тэадора Нарбута “Літоўская міфалогія” (выйшла ў 1835-м як першы том “Старажытных дзеяў літоўскага народу”), у якой тых “старалітоўскіх” багоў утрая больш. Нешта з Нарбутавай кнігі Алунанс браў не мудруючы, нешта перапісваў на свой одум, таксама актыўна перакручваў на сваю ўспадобу ўзятыя з Нарбута імёны.

Самім ходам сваёй думкі Нарбут няйнакш паўплываў і на Шпілеўскага, які сваім творам патрапіў ускочыць роўна “паміж” Нарбутам і Алунанам (1835 – 1846 – 1856) і таму варты згадкі менавіта ў гэтым шэрагу імёнаў (а ніяк не асобным такім “Піліпам з канапель”). Адрозненне хіба ў тым, што Алунанс, паўтараючы за Нарбутам, уваходзіць, калі паглядзець, у своеасаблівую традыцыю (бо Нарбут сам абапіраўся найперш на выдадзеную ў 1615-м кніжку Яна Ласіцкага “Пра жамойцкіх багоў”, звесткі з якой хоць і крытыкуюць, але ў наш час усё больш, аднак, рэабілітуюць). А Шпілеўскі – свайго роду “бакавы атожылак” (калі прымаем яго натхненне Нарбутам).

Пры гэтым матывацыя ў Алунана была зусім празрыстая, у “Багах і духах…” ён пісаў: “Як бачым з усяго тут апаведзенага, латышы калісьці зусім не былі якімісь цёмнымі невукамі, за якіх іх выгаласілі; бо той народ – будзь ён паганскі ці які, – каторы знаецца ў справах веры, ня будзе дурнем і ў іншых галінах веды”.

Запазычанне з літоўцаў, з жамойтаў, з даўнейшых прусаў, зрэшты, на той час не ўспрымалася за правін. І ў ХІХ-м стагоддзі, і нават яшчэ ў даваенным часе грунтаваліся на тым, што паколькі літоўцы, латышы і прусы даўней складалі адзін народ, дык і тое, што было зафіксавана ў адным месцы (як Ласіцкім у жамойтаў), проста не аказалася зафіксаванае ў іншым месцы, не датрывала да пазнейшых часоў. Рэлігіязнаўства балцкіх народаў яшчэ не было дастаткова развітым, і даследчыцкім фактам яшчэ не стала ні патрыярхалісцкая рэлігійная рэформа ў даўнейшых прусаў (гл. іншую “свайксцкую” кнігу “Старапруская тэакратыя“), ні культ “мацерак” у латышоў як меркаваная ліўска-фінская духоўная спадчына.

Паказальна, што ў творы “Тысячагадовае змаганне з нашай рэлігіяй” (1936) запачаткавальнік міжваеннага латышскага этнарэлігійнага руху Эрнэстс Брастыньш, не сумнеючы́ся, у свой выклад уключае і падзеі з гісторыі прусаў і літоўцаў, бо тая “наша рэлігія” (ужо само такое азначэнне вартае прыкметы – бо не “(стара)латышская рэлігія” ж) у яго суаднесеная з продкамі балтамі (у такім мысленні і карэнне “балцкай ідэі”).

Auseklis

Наступнікам Алунана стаў яго малодшы сучаснік паэт Аўсэкліс (сапраўднае імя Мікеліс Крогзэміс). У настаўніцкай семінарыі ён штудыяваў еўрапейскую літаратуру і філасофію эпохі Асветніцтва. Пачаўшы настаўнічаць, з двух месцаў (у Яўнпіебалзе, у Ліелвардэ) ён сыходзіў праз канфлікт з тамтэйшымі пастарамі – ужо ў свае раннія 20-я гады Аўсэкліс быў настроены па-антыклерыкалісцку. Гэта адлюстроўвалася і ў яго таленавітых вершах, праз якія ён здабыў вядомасць як паэтычны голас Першага латышскага абуджэння (“першая áтмада”, рух у 2-й палове ХІХ стагоддзя, які быў запынены наступам русіфікацыі).

Даследчыкі жыцця, творчасці і поглядаў Аўсэкліса і па сёння ня пэўныя, ці прыхільнасць паэта да старых багоў толькі і заставалася “мастацкай гульнёй з вобразамі” або менавіта Аўсэкліс быў першы ў навейшы час, хто і адпаведную рэлігійную практыку для сябе меў. Звяртаюць увагу на вельмі сэнсоўную класіфікацыю багоў, якая і сучаснаму рэлігіязнаўцу бачыцца трапнаю, і для практычных рэчаў мела б быць зусім прыдатная.

Такім чынам, багоў (большасць з іх, у сваю чаргу, узятая з Алунана) Аўсэкліс размеркаваў на тры абсягі: багі нябесныя – багі плоднасці, вясны і кахання – багі падземныя. Над кожным з гэтых трох боскіх гуртоў, у выкладзе Аўсэкліса, пануе свая пара з бога і багіні (адпаведна, Аншлаўс і Ліга, Прамшанс і Лайма, Постніекс і Скадэ).

Тут і праўда выглядае ўжо ня толькі на паэтычную, але і на рэлігійную інтуіцыю. Так жа сама, адзначым, боскія функцыі былі размеркаваныя і ў даўнейшых прусаў: адпаведна, багі Пяркунс, Патрымпс, Паталс. Што да парнасці, дык нельга не прыгадаць, напрыклад, згаданай у нашым “Яцвяжскім слоўнічку” пары “Pjarkus Laume” або вядомай з Ласіцкага багіні-апякункі памерлых Вялёны, якая мела складаць жаночую пару апекуну памерлых Веліну.

Паэтычная творчасць Аўсэкліса поўніцца сімпатыямі да старых багоў і іх швінцíклаў-свяцілішчаў. Вось, ля дзвінскага даплыву рэчкі Кайбалы ён бачыць тры пні ад старых дубоў і прамаўляе:

Дзе Кáйбалачка туліцца
Да Дáўгавы старой,
У Лайміны часы буялі
Тры дубы багоў. (…)
Эй, зірні на тры пні
Ля журботнай Кайбалы.
Гэта аповед табе і цяпер
Пра дубы багоў”.

Цікаўнасць да старыны накіроўвае позірк Аўсэкліса і да ліўскага племені, якое даўней насяляла ўсё ўзбярэжжа Рыжскай затокі. У вершы “Думкі апошняга ліва ля вусця Сáлацы” ён піша:

Бывайце, святая зямля, святыя пячоры,
Дзе з нябесных імгненняў цешыліся бацькі!
Бывай, Салаца, якая маіх братоў
У калысках хваляў гушкала!
Бывай жа, старое, белае Лайміна мора,
Якое бацькоў вучыла свабодзе. (…)
Няхай неўміручы латыш, наш брат,
Яшчэ тысячу гадоў увіхаецца каля цябе.
Няхай нас, каторыя спяць у цемры, ён згадае,
Робячы свае слаўныя справы пад сонцам.
І пакуль ён жыве на балтыйскіх берагах,
І мы з ім будзем жыць”.

Гэты верш цікавы і тым, што паказвае: шчыра цікавячыся старыной, ня станеш кагось выправаджваць з гістарычнай памяці, а кагось выгароджваць. У гэтым сэнсе нібы адной пароды з Аўсэклісам быў наш Анатоль Сыс, які ў вершы “Памяць пра яцвягаў” пісаў:

Ані табе мовы, ані табе сцяга.
Памяць пра яцвягаў – помста за яцвягаў…
Выстудзілі хату… Памяць адубела…
Бы яцвяг кудлаты – шэрая кудзеля. (…)
Азірнуся: вочы! Гэта ж вочы брата! (…)”.

Рака Салаца, што цячэ на поўначы Латвіі на латвійска-эстонскім памежжы, была ад малога знаёмая Аўсэклісу – тут паблізу ён нарадзіўся. Недалёка ад ягонай роднай мясціны нарадзіўся, дарэчы, і засноўнік дыеўтурыбы Эрнэстс Брастыньш.

Прычым, мясціна паходжання Брастыня з даўнейшымі лівамі звязаная яшчэ больш і канкрэтней – гэта знакамітая зямля “Ідумея” (у лацінскай крыніцы Ydumea), згаданая ўпершыню пад 1206 годам у сувязі з хростам ліваў і латышоў. Яна была на правабярэжжы ракі Гаўі, на поўнач ад яе цячэння, на рацэ Брасле. Гэта была памежная зямля паміж балцкамоўнымі латгаламі на ўсходзе і фінскамоўнымі лівамі на захадзе, якія жылі на балтыйскім узбярэжжы; археалагічныя знаходкі пацвярджаюць ліўска-латгальскае перамяшанне ў гэтай зямлі. Назву звязваюць з ліўскім idā “паўночны ўсход; паўночна-ўсходні вецер” і “зямля”; ад яе, як мяркуюць, пайшла назва паўночнага рэгіёна Латвіі Відзэмэ (паміж Дзвіной і эстонскай мяжой). Пазней у відзэмскай назве па сугуччы пачалі бачыць латышскае vidus “сярэдзіна”, zeme “зямля” (хоць і пагэтуль здзіўляюцца, бо ні з якога боку той латвійскі рэгіён не “сярэдзінны”).

Толькі гэтыя два прыклады паказваюць, як глыбока ўплеценая “ліўская” тэма ў цела латышскасці, таму зусім невыпадковым выглядае той “ліўскі” верш Аўсэкліса. Больш зразумелым робіцца і чаму ў цяперашняй Латвіі за два “карэнныя народы” прызнаныя латышы ды зусім малалікія (на сёння) лівы. Гэта калі б у нас захаваўся лапік з жывымі яцвягамі дзе-небудзь на ўскрайку Яцвяжскай (Белавежскай) пушчы.

Але Аўсэклісу сапраўдны паэтычны брат – хутчэй наш Багдановіч. Абодва не дажылі і да сваіх 30-ці; для абодвух значны быў вобраз Ранішняй зоркі (у Багдановіча – “Зорка Венера”, у Аўсэкліса гэта сам яго творчы псеўданім, ад Аuseklis “Боства світанку (у народных песнях)”). Абодва глыбока цікавіліся міфалагічна афарбаванай даўніной – хіба што Багдановіч не ўздымаўся ў гэтым вышэй за апяянне персанажаў з “ніжэйшай міфалогіі” (лясун, русалкі, вадзянік – у першых жа вершах у зборніку “Вянок”), так і не “пераўзышоўшы” свайго “дэманолага” бацьку Адама – так і не “ўзмужнеўшы”, значыць.

Pumpurs

На працягу 2-й паловы ХІХ стагоддзя зварот да вобразу паганскіх багоў памалу займаў сваё паважнае месца ў новалатышскай культуры. Назаўсёды гэты вобраз замацаваўся праз зачын у хрэстаматыйнай новалатышскай вершаванцы – эпасе “Лачплэсіс”, які напісаў Андрэйс Пумпурс.

Само імя эпічнага героя – Лачплэсіс (“Той, хто дзярэ мядзведзя”, Мядзведзядзёр), адзначым, не з міфалогіі, а з фальклору, з латышскіх народных казак пра асілка, які нарадзіўся ў мядзведзіцы ад чалавека (або ў дзеўкі ад мядзведзя), таму адно вуха меў мядзведжае. Такі сюжэт так жа сама сустракаецца і ў нас – прычым, імя героя часам проста ідэнтычнае (што гаворыць пра супольную спадчыну еўрапейскай поўначы, якая карэньмі мае сягаць няйнакш часоў татэмізму). У адным з варыянтаў латышскай казкі героя завуць Lāčaustiņu Jānis, а ў казцы, запісанай этнографам Раманавым пад Быхавам, маем проста даслоўны пераклад “Івашка Мядзведжае вушка” (з латышскага lācis “мядзведзь”, ausis “вуха” – складанаўтворанае lāčaustiņa “вушка мядзведзя”).

Гэты, зусім жывы да нядаўняга часу, фальклорны вобраз зусім натуральна ў Пумпура злучаецца з міфалогіяй у стылі Нарбута ці Алунана. Эпас пачынаецца сцэнай нарады “багоў Балтыі” (Baltijas dievi), з якіх галоўны – Бог лёсу (такі бог быў галоўны і ў выбудовах Алунана). Чатыры падпарадкаваныя яму – гэта вядомыя ў прусаў багі Пэрканс, Патрымпс, Пакалс, Антрымпс, якія па двое размяркоўваюцца па правую і левую руку ад Бога лёсу.

Адразу з першых радкоў паэмы аўтар не шкадуе візуалістыкі ў апісанні, як з’язджаюцца багі на нараду (прычым, “сход багоў” напачатку каляндарнага году – гэта сам па сабе надзвычайна архаічны вобраз індаеўрапейскай міфалогіі). У шэрых Пэрканавых коней “сёдлы зарой зіхцяць, аброць сонцам ззяе”, Патрымпаў вазок – са спелага калосся і запрэжаны жоўтымі, бы воск, коньмі. У падземнага бога – вараныя коні запрэжаныя ў касцяныя сані, а аглоблі – з бярцовых костак. І інш., і інш.

Нездарма менавіта на сюжэце “Лачплэсіса” грунтуючыся Яніс Райніс пазней стварае іншы ня менш значны для новалатышскай культуры твор – містычную п’есу “Агонь і ноч” (выпадак сам па сабе ўжо выключны, калі паэтычны твор аднаго аўтара кліча да жыцця твор іншага аўтара, які адначасова і працяг, і рэч зусім самастойная).

А калі ўжо побегам пазначаем аналогіі ды перагукі, дык, вядома, і тут не абысціся, каб не пазначыць чаго і ў нас. Сваім “нацыянальным эпасам”, як вядома, ужо значна пазней, зусім пад заслону, мроіў наш Ластоўскі (на дварэ – “сталінскі” 1934-ы і ссылачны Саратаў, а ён у лісце да Адама Багдановіча мроіць “стварыць [нешта] накшталт Калявалы”).

Але для “Лачплэсіса” ў беларусаў на ролю аналага напрошваецца ні што іншае, як… паэма “Тарас на Парнасе”. Прычым, перагукі тут ажно да амаль поўнага супадзення ў датах: “Лачплэсіс” выходзіць у 1888-м, а “Тарас на Парнасе” ўпершыню выдаецца ў 1889-м (што праўда, твор Вераніцына да таго часу ўжо існаваў больш чым трыццаць гадоў, дык і “Лачплэсіс” Пумпура таксама пісаўся-выштукоўваўся, як вядома, паўтара дзясятка гадоў).

Але ж якое адрозненне ў стылях паміж імі! У “Тарасе…” чытач чуе: “Як у казарме там салдатаў – / Багоў – ня можна пашчытаць!”, “Багіні ж у начоўках мыюць / Багам кашулі і парткі”, “Як тараканы каля хлеба, / Багі паселі ўкруг стала”. Зрэшты, у сялянскім асяроддзі і праўда ж такое пакеплівае ўспрыманне “высокіх” рэчаў было пагалоўнае (застаецца, можна сказаць, і цяпер – а тады і пагатоў, бо згаданы этнограф Раманаў адзначаў, што “Тараса…” ў кожнай хаце знойдзеш). Свята Галавасек – трэба капусту шынкаваць (качаны падобныя да галоў)… Высокія ідэі, што (ужо) не забяспечваюць прамога выжывання, у такую галаву дарог ня знойдуць.

Зрэшты, тут чамусь і шляхцюкі не вялі за сабой цямнейшага народу, а наадварот – падлабуньваліся пад яго і ягоны стыль. Зусім выразнае талераванне “нізкага штылю” – у таго ж Каліноўскага, у яго “Мужыцкай праўдзе” (адразу ж у 1-м нумары ў лоб: “zrabili sud, jakby heto nie usio rouno brać u sraku czy z sudom, czy bez suda”).

Замест эпілогу

Праз паўсотні гадоў новалатышскія думаннікі-асветнікі здолелі пранесці гэтае захапленне міфалагічным вобразам даўнейшых багоў. Першым, вычытаўшы ў Нарбута, у 1850-я стаў Алунанс, тады – Пумпурс з ягоным “Лачплэсісам”, а за ім – Райніс з яго выдадзенай у 1905-м п’есай “Агонь і ноч”.

Адсюль да пракламавання Латвійскай дзяржавы і запачаткавання Дыеўтурыбы было ўжо толькі руку працягні. Што праўда, тыя думкі пра старажытных багоў аказаліся хіба папярэдніцтвам. Прыйшоў валявы арганізатар і кадыфікатар Эрнэстс Брастыньш, скурпулёзна здаследаваў народныя песні-дайны і паводле іх пастуляваў сваю боскую тройцу: Дыеўс-Бог, Лайма-Доля, Мара, а ўсіх іншых звёў да ролі іхніх памагатых (нават Грымотніка Пэркана). Гэтай тройцы цяперашнія дыеўтуры трымаюцца і пагэтуль (хоць нешта паспрабаваў падкарэгаваць папярэдні старшыня дыеўтураў Валдзіс Цэлмс у сваёй кнізе “Асновы балцкай рэлігіі”, 2016). Брастыньш казаў пра найдаўнейшы монатэізм, яму згодна ўтораць і сённяшнія яго паслядоўнікі.

Алесь Мікус

Пытанні для замацавання:

  • Хто ўжо ў ХІХ ст. першым крануўся абсягу старалатышскай міфалогіі? Якая была яго матывацыя?
  • Адкуль Ю. Алунанс браў імёны і функцыі паганскіх багоў? Каго яшчэ на стварэнне “паганскага пантэону” натхніў гісторык Т. Нарбут?
  • Чаму на той час не адрознівалі старалатышскай, старалітоўскай і старапрускай духоўнай спадчыны?
  • Як паэт Аўсэкліс размеркаваў багоў меркаванага старалатышскага пантэона? Хто ўзначальваў вылучаныя ім групы багоў?
  • Якое месца ў латышскай візіі мінуўшчыны займаюць лівы? Як гэта перагукаецца з нашым поглядам на яцвягаў?
  • Якой сцэнай з жыцця багоў адкрываецца латышскі эпас “Лачплэсіс”? Чаму беларусаў хапіла толькі на “Тараса на Парнасе”?
  • Наколькі прыдаліся думкі папярэднікаў пры стварэнні міжваеннай латышскай дыеўтурыбы?

* * *

Спадабаўся тэкст? Выкажы прыхільнасць, падтрымай на “Патрэоне” (ахвяры ідуць на выдавецкія і арганізацыйныя справы).