Тры з паловай гады не паказвалася нашая штогадовая друкаванка “Svajksta”. Але вось увосень аднавілі кніжную серыю “Бібліятэка “Свайксты” (кнігай пра старабалцкія імёны “Вітаўты і Вітарты“). Дык аднаўляем і штогадовую друкаванку – хіба цяпер (пакуль што) не ў папяровым, а ў электронным выглядзе.
Апроч іншага, гэта палягчае шлях да чытача: пампуеш – чытаеш (а мо і папярэдне раздрукаваўшы). Так жа сама было, дарэчы, і ў латышскіх дыеўтураў, якія яшчэ да нядаўна (2019-2023) рэгулярна пускалі ў свет свой электронны “Веснік дыеўтураў“. Зразумела, што ў нашым выпадку сваю ролю адыгрываюць і ўмовы, у якіх дзеім цяпер.
Збольшага ўкладзеныя матэрыялы, што на працягу прамінулага года (па праўдзе, крыху болей, бо ўзята і трохі ранейшага, апроч хіба Эвалы) з’яўляліся на старонках Svajksta.com. Але штогоду мяркуем змяшчаць і штось не публікаванае на сайце. Гэтым разам гэта будзе тэкст пра падзвінскія святыя крыніцы з друкаванага нумару (№5) часопіса “Svajksta”, адмыслова тады напісаны полацкім этнографам і этнолагам Уладзімірам Лобачам.
Матэрыялы размеркаваныя па чатырох раздзелах:
- “Часабег” (актуальныя падзеі і справы),
- “Спадчына” (пра паняцце святасці; Лобачаў тэкст пра крыніцы; вялікі лонгрыд пра стыль),
- “Балтыка” (Разаўскас, Буга, тэкст пра папярэднікаў латышскай Дыеўтурыбы),
- “Адзінаверцы” (нарыс пра ісландца Свейнб’ёрна Бейнтэйнсана, пераклад артыкула пра актуальнасць паганства з французскага часопіса “Элементы”).
Напрыканцы – традыцыйныя рэзюмэ па-літоўску і па-латышску, гэта ўжо стылістычна неад’емна.
Дзеля дадатковага заахвочвання – у аздабленні скарыстана колькі рэдкіх ілюстрацый:
- Дыван (кілім), які ў этна-нацыянальным стылі стварыў Ансіс Цыруліс.
- Вялікага памеру пячатка князя Лугвеня з Вершнікам.
- Арыгінальная карта, што паказвае, як мовазнавец Казімерас Буга сто гадоў таму ўяўляў даўнейшае размеркаванне балцкіх плямёнаў (Менск – латгалы, Смаленск – літоўцы).
- А таксама фатаграфіі з момантамі святкавання апошняга Дня адзінства балтаў 22 верасня, дый з паломніцтва на старабалцкае Павочча.
На добрае прачытанне. Гэта нашае апірышча ў часы навакольнай куламесы-турбулентнасці.
Спампаваць можна тут (1,8 mb)
* * *
А калі хто зацікаўлены ў паўнаце, дык знойдзем і асобнікаў трох папярэдніх нумароў часопіса “Svajksta” (№№ 4-6) (звяртацца: svajksta@gmail.com).

Пакінуць каментар