Куды Чарнобыль сцежак перарэзаў

Тры культурна (і сакральна) значныя месцы, якіх у выніку Чарнобыльскай аварыі 1986 г. ужо з лёгкасцю не наведаеш.

Безумоўна, галоўная бяда ў выніку Чарнобыльскай аварыі – гэта перакіданне вялікай колькасці людзей са сваіх родных мясцінаў у чужыя ім краёчкі; перамяшанне тых, хто прыродны свайму месцу, з тымі, хто не прыродны. На гэта акцэнтуюць менш (бо трэба мець адпаведнае паняцце пра пародненасць чалавека і яго месца), чым на шкоду здароўю ў выніку распаўсюджанню радыяцыі.

Але праз сорак гадоў пасля Чарнобыля можам ужо падкрэсліць і яшчэ шкоды, ужо вузейшай. У некаторыя важныя для тутэйшага культурнага (і сакральнага) ландшафту месцы ўжо лёгка не патрапіш – а калі і патрапіш, дык таго-сяго там не паробіш (ад вогнішча радыяцыя ўздымецца з дымам, а яго ўдыханне зусім шкоднае).

Дык якія месцы мы страцілі?

1. Святаянскае возера пад Касцюковічамі

Ці ведалі вы, што ўздоўж Дняпра і на Задняпроўі – больш за два дзясяткі азёраў з назвай Святое? Найбольш вядомае, бадай, гэта акультуранае ў сажалку Святое возера на тэрыторыі Магілёва. Буйных камянёў ды азёраў у тым рэгіёне вобмаль, дык старадаўняя сакральнасць прарывалася праз нешматлікае наяўнае.

А найбольшая канцэнтрацыя такіх азёраў – на поўдні ад Касцюковічаў, уздоўж сожскай Беседзі. Ля вёскі Вялікі Бор – адно Святое возера; тады ніжэй па Беседзі, за 4 км – яшчэ адно Святое; і трэцяе – яшчэ за 10 км ніжэй па рацэ (ля забранага цяпер Забор’я, за цяперашняй расійскай мяжой).

Вялікі Бор – вёска адселеная, яе будынкі былі закапаныя ў зямлю. Вядомая яна ў культурнай прасторы найперш тым, што з яе паходзіў пісьменнік Іван Чыгрынаў. А яго празаічная творчасць, дарэчы, каштоўная тым, што ў ёй зафіксаваная адна тыпова балцкая сінтаксічная асаблівасць, што ў беларускай мове выціснутая ў дыялектызмы, – калі дзеепрыслоўе можа ўжывацца не дапасаваным да асноўнага дзейніка ў сказе (тыпу “Ідучы па лесе, у яго забалела нага”).

І вось менавіта ля таго Вялікага Бору было першае згаданае Святое возера. А за ім – Святаянскае (Свентаянскае) возера. Усе яны пазначаныя на карце 1860 г. На пазнейшых картах гэтых назваў не знойдзеце (хоць “святое” тут, відавочна, ніяк не хрысціянскае, а даўнейшае, як і паняцце “святасць”), а Святаянскае ўвогуле на адной раннесавецкай карце названае “Цюменскім”.

Святаянскае – з відавочнай адсылкай да летняй, купальскай абрадавасці (“Святы Яне, дзе дасюль быў”…). Знакамітае Янова возера пад Полацкам вядомае і каліснімі святкаваннямі Купалля (сонца на Купалле “кацілася” па схіле суседняй гары Свяціца), але і раскладзенымі ў пэўны парадак валунамі на яго беразе.

У старых жыхароў Вялікага Бору пра такое ўжо, на жаль, не распытаеш, дык нашая спадчына адтуль – назвы. (На карце іншы Хоцімск, бо райцэнтр вышэй па Беседзі.)

* * *

2. Вёска Залатаміно ля Кармы

Так жа сама адселеная цяпер вёска Залатаміно – паміж надсожскімі райцэнтрамі Слаўгарадам (былы Прапойск) і Кармой.

Каля яе, ва ўрочышчы Гарадок, вядомае старабалцкае гарадзішча часоў ранняга жалезнага веку (найранейшае датаванне – 2500 гадоў таму). Яно невялікае, было абнесенае валам і ровам; у кнізе “Сакральная геаграфія Беларусі” аднесенае да ліку “гарадзішчаў-свяцілішчаў”.

Але найбольшая ўдача – гэта спалучанасць гарадзішча з самой назвай. Паводле С. Санько, другая частка назвы ад індаеўрапейскага кораня *mеn– “вытыркацца; узвышша” (нулявая ступень кораня тут якраз min-). Адпаведна, Залатаміно – гэта Залатая Гара. Лексіка гэтага кораня мела быць у гаворках пасожскіх балтаў, ажно праз вядомыя на сёння балцкія мовы не дайшла.

Хіба адна ілюстрацыя што да вобразу: “Залатой гарой” (Hemādri) у стараіндыйскай культуры называлася найсвяцейшая гара Меру, на якой жывуць багі, а сам гэты вобраз меў быць прынесены з поўначы, якраз аднекуль з нашых краёў.

Да таго ж, Залатаміно – не адзіная такая назва ў тым задняпроўскім рэгіёне. Яшчэ далей, ужо на Смаленшчыне – вёска Дабраміно, з тым самым другім “горным” складнікам: Добрая Гара, Дабрагор’е. Просты адпаведнік – літоўская горка Gera-kalnis на Занёманні (geras “добры”, kalnas “гара“). А адпаведнік для Залатаміно – назва латгальскага гарадзішча Zelta-kalns (zelts “золата”, ад балцкага *želtas).

* * *

3. Рэчка Крунка за Сажом

Крункай называецца невялікая рэчка, што цяче перш у буйнейшую Сенну, а тая – злева ўцякае ў Сож, паміж Чэрыкавам і Слаўгарадам. Крунка – пазнейшая памяншальная форма ад “Круна”.

Каштоўнасць гэтага гідроніма цяжка пераацаніць. Тут сама ў Сож – хіба з іншага, правага боку – уцякае рэчка Воўчаса. Яшчэ з часоў літоўскага мовазнаўцы К. Бугі прынята выводзіць гэтую назву ад ранейшага балцкага Vilkesa (ад vilkas “воўк”) і суадносіць з ідэнтычнай назвай ракі на поўначы ад Вільні.

Для Бугі такія перагукі сведчылі пра дагістарычныя перасоўванні балтаў – як, напрыклад, з-пад Ліды назву ракі Гаўя перанеслі за Дзвіну, на поўнач цяперашняй Латвіі. І вось жа якраз не так далёка ад літоўскай Вількесы – рэчка Круна (уцякае ў Нёман незадоўга да Коўна).

Цяпер усё цячэнне сожскай Круны як наўмысна накрытае радыяцыйнай плямай. Таму толькі рэдкі рызыкант мог бы наважыцца пабачыць рэчку, з-над якой пасіянарнейшая частка пасожскіх балтаў пасунулася на захад, у цяперашняе літоўскае Панёманне.

Разліў літоўскай рэчкі Круны незадоўга да вусця

Sv.

Пытанні для замацавання:

  1. Якая шкода ад Чарнобыля для тутэйшага культурнага і сакральнага ландшафту?
  2. Дзе на тэрыторыі цяперашняй Беларусі найболей Святых азёраў і ў якой мясціне на нашым усходзе яны асабліва сканцэнтраваныя?
  3. Чым прыкметная стылістычна творчасць пісьменніка Івана Чыгрынава для тых, хто цікавіцца тутэйшай балцкай спадчынай?
  4. Слова якога кораня мела існаваць у гаворках пасожскіх балтаў як адпаведнік літоўска-латышскага kalnas “гара”? У якіх двух тапонімах гэта захавалася, якія адпаведнікі ім у Літве і Латвіі?
  5. Якія два гідронімы былі перанесеныя з Пасожжа на тэрыторыю цяперашняй Літвы падчас дагістарычных міграцый балтаў?

* * * *

Рассматривается тема, в центре которой — чернобыльская авария и её последствия не только для людей, но и для культурного пространства. Заброшенные деревни Чернобыль и радиоактивные территории Беларусь показаны как фактор утраты доступа к важным местам традиционной культуры. В фокусе внимания — сакральная география Беларусь: святые озера Беларусь, древние святилища Беларусь и связанные с ними локальные традиции. Через конкретные примеры раскрывается, как эти места оказались исключены из живого культурного обращения. Отдельное внимание уделено теме балтского наследия: балтские топонимы Беларусь и древние балты Беларусь рассматриваются как ключ к пониманию глубинной истории региона, частично утраченной в результате изоляции этих территорий.

Пакінуць каментар