Вяртанне Гірдуця

Не так часта маем, калі бадай з неаспрэчнай пэўнасцю можам сказаць, ад каго пайшла назва таго ці іншага паселішча. Мова не пра тыя назвы, што ад гідронімаў, але пра тыя, што ад антрапонімаў – ад асабовых імёнаў.

Якраз такая шчаслівая сітуацыя з назвай вёскі Гердуцішкі, што ў вярхах Бярэзіны-Нёманскай, тэрытарыяльна паміж яшчэ вышэйшай Дзявочай гарой ды далейшым надбярэзінскім Гарадком.

А дапамагае ў гэтым Літоўская Метрыка – збор дакументаў часоў Вялікага Княства Літоўскага. Там, у яе 3-м томе, змешчанае датаванае 20 лютага 1466 г. адпісанне каралём Казімірам зямельнага ўладання свайму каралеўскаму пісару Ваську. І паўстае з гэтага адпісання цэлы сюжэт, які варты сама менш якога апавядання, добрага мастацкага.

Прэамбула і пачынаецца з таго, што “Кгирдути держалъ именице на Березни…“. Літоўскі гісторык Р. Пятраўскас у сваёй кнізе “Літоўская знаць у канцы XIV-XV ст.” (яна перакладзеная і выдадзеная ў Менску ў 2014 г.) пра Гірдуця яшчэ зацямляе: згадваецца ў перыяд 1390-1413 гг.; па бацьку ён быў Скомантавіч, і той Скомант згадваецца ў 1379 г.

Але Літоўская Метрыка працягвае: “…а коли его не стало в животе, ино жоны его Кгирдутевы просил у нас Кгирять Кготевич; и мы были позволили ю поняти ему“. Імя “Гірдуцевай” не называецца (у згодзе з патрыярхальным звычаем), але выймяноўваецца яе наступны муж: Гір’ят Гоцевіч.

Імя ягонае захаваўшыся ў прозвішчах Гір’ятовіч, Гір’ят (адно з Відзаў, другое з-пад Відзаў, і там сама Гір’яцішкі). У Метрыцы, у ненашмат пазнейшым ад згаданага каралеўскім адпісанні ў суседнім Красным Сяле (цяпер Краснае, за 15 км на поўнач ад Гердуцішак) згадваецца яшчэ такі Раман Гоцевіч. Гоцевічы ёсць ля Ваўкавыску.

Дый вернемся да аповеду ў першым адпісанні: “И колько летъ живши Кгирдутьева за тымъ Кгирятомъ, и умерла без природка“. Інакш кажучы, не прынесла яна нашчадкаў (прыродку) ні Гірдуцю, ні наступнаму мужу Гір’яту. І менавіта яе спачын спанукаў караля Казіміра перадаць “тое Кгирдутьево именеицо писарю нашему, пану Васку“.

…Як апынуўся над Бярэзінай той Гірдуць? Ці быў тут прыродны? Пятраўскас, следам за даваенным польскім даследчыкам Сэмковічам, падае, што дзед Гірдуця быў паштаўскім старостам (Paštuva – над Нёманам адразу за Коўнам). Але і чужаком ён тут ніяк не быў – моўна-культурнае асяроддзе мела быць тут хоць ужо і мяшаным, але яшчэ трывалым. Тры довады ёсць на карысць гэтага.

Ніжэй па Бярэзіне, за якія 20 км ад Гердуцішак, і па сёння суседзяць вёскі Палачаны і Літва – дык гісторык Е. Ахманскі звязваў узнікненне гэтых назваў з зусім старой полацка-літоўскай мяжой (у сваім зусім must-read артыкуле “Літоўская этнічная мяжа на ўсходзе ад племянной эпохі да ХVІ стагодзьдзя”, перакладзены і выдадзены ў 2016 г.). Не так далёка і Гайна пад Лагойскам, у якой яшчэ Ягайла збудаваў для мясцовых літоўскамоўных першы касцёл.

Нарэшце, з таго ж XV стагоддзя, калі пастанавілі адпісаць былую Гірдуцеву вёску, і з таго ж тому Літоўскай Метрыкі нам вядомы шэраг імёнаў з вёскі Хоўхла (цяпер Хоўхлава), якая цераз Бярэзіну ад згаданых Палачанаў (а да Гердуцішак і яшчэ бліжэй).

Мова пра адпісанне нейкаму “Гарманцу Радзівонавічу” наступных жыхароў Хоўхлы: “Еивидовичи, Попушичи, Килтовичи, Дирмеитецъ, Рукни, Павлец, Чермякъ, Хвалеи, Ходороц, Миштус“. З дзесяці тут шасцёра з балцка-літоўскімі асабовымі імёнамі. Паралелі да іх такія: літоўскія тапонімы Eivydai (ля Тэльшаў), Papušiai (ля Панявежа), старое віленскае прозвішча Кільціс, троцкае Рукніс, эйшышскае Міштойць, сучаснае літоўскае Dirmeitis, латышскія Papušs, Kilts. Недалёка Хоўхлава і па сёння вёска Кілтаўцы.

Дзеля таго, наўрад каб Гірдуць пачуваўся ў сябе над Бярэзінай няўтульна з гледзішча моўна-культурнага. Дый “сваіх” тут было наўкола даволі: у розныя бакі ад Гердуцішак – Цябуты, Варгінішкі, Гервелі, Кайтэні, Вазгелы, Сурынты (усе ад адпаведных двухасноўных імёнаў).

* * *

У сваю чаргу – зусім як у метрычным запісе, – гэта ўсё была прэамбула, каб апавесці, што ў гэтым траўні была здзейсненая паездка ў Гердуцішкі. Праз Гервелі і Кайтэні, паўз Вазгелы і Дзявочую гару.

Што ў падарожжы кінулася ў вочы? Старая вясковая лазня ў Гервелях (старых дамкоў ужо амаль няма); краявід на Дзявочую гару з краю Кайтэняў. У саміх Гердуцішках – металічныя выявы Сонца, Месяца і Зоркі на браме аднаго з падворкаў (зусім як адпаведныя тры знакі на літоўскім камені Валюліс); па іншым баку той жа вуліцы – прыбітыя цвіком да кута паўразбуранай хаты адна на адну тры пяціканцовыя зоркі (зусім як пяціканцовы “крыж мары” ў латышоў).

Але бадай найважней тое, што ехалася ў Гердуцішкі з раздрукаваным тэкстам таго адпісання 1466 г. з Літоўскай Метрыкі. Тэкст быў зачытаны ўголас на ўездзе ў вёску, ён суправаджаў у праходцы да іншага краю вёскі. А напрыканцы абыходу – быў уручаны старасце Гердуцішак, з расповедам пра паходжанне назвы. (А ўзамен пачута мясцовай гісторыі, як прагнаная ў 1939-м саветамі гердуцішская пані Бугарэвічава вярталася з немцамі, каб нібыта схаваны свой скарб забраць, дык спынялася “ў старой Гурыновічыхі”.)

І напрыканцы крыху містыкі (але зусім крыху). На апошнім фота са змешчаных ніжэй – той раздрукаваны тэкст. Калі гэтая фатаграфія рабілася – аднекуль прыляцела мушка (яе бачна на фота) і пачала круціцца над тэкстам, каб урэшце запыніцца і быць адлюстраванай, паказацца. Ні перад тым, ні пасля, ходзячы, ніякіх мушак у Гердуцішках не было ні відаць, ні чуваць.

Sv.

Пакінуць каментар