Да караля Нецімера

Куды было сёлетняе свайксцкае купальскае паломніцтва і што там адшукалі (а адшукалі цэлы свет).

І. Мясціна

Нецімер і Себедзен

Кароль Нецімер (rex Nettimerus) фігуруе ў жыццяпісах місіянера Бруна, які ў 1009-м годзе выправіўся ў землі балтаў, каб спрабаваць пахрысціць. Ён натхняўся лёсам ранейшага місіянера Адальберта, якому за пяцьдзясят гадоў да таго прусы знялі галаву. Гэнаму Бруну таксама знялі галаву – але ўжо не ў прусах, а, згодна з “Кведлінбургскімі аналамі”, на памежжы Русі і Літвы (лац. in confinio Rusciæ et Lituæ); і гэта першая ў гісторыі згадка назвы Літва. Зняў галаву місіянеру не сам Нецімер, а яго брат Себедзен, які адмовіўся прымаць хрост – тады як Нецімер, з нейкай прычыны (відаць, палітычнай), перш пагадзіўся.

Але найцікавей, што ў пазнейшай на колькі стагоддзяў крыніцы дададзеная раней не згаданая дэталь: адсечаную Брунаву галаву Себедзен укінуў “у раку з назвай Алстра” (лац. in flumen, quod dicitur Alstra). Літоўскія акадэмікі (Гудавічус, Зінкявічус) даводзілі, што гэта магло быць з адпачатнага балцкага Aitra, адкуль (праз аславяненую форму *Jętra) мела пайсці цяперашняя назва рэчкі Ятры, што ўцякае ў нёманскую Моўчадзь. Менавіта так гэта ўзгаднялася б з геаграфічнай прывязкай “на памежжы Русі і Літвы”.

Тым часам балцкае паходжанне самога імені Нецімер як нішто іншае пацвярджае засведчанае латышскае прозвішча Mernets з тымі ж асновамі ў адваротным парадку (метадалогія з перастаноўкай іменных асноў з кнігі “Вітаўты і Вітарты”).

Сюды імкнуліся

Калі ўсё гэта сапраўды адбывалася тут, дык яшчэ адным святлом асвятляецца рэгіён паміж Наваградкам і Слонімам, які тады выглядае якімсьці адмыслова прывабным праз вякі. Бо менавіта сюды, як выглядае, імкнуліся ў розныя часы і з розных кірункаў – яшчэ ў тую пару, калі пра “славянаў” і блізка не было чутно.

  • Тут, недалёка Ятры, за ракой Моўчаддзю, пачынаецца рэчка Ісса (гэта ля яе ўтоку ў Шчару паўстаў Слонім). Яшчэ Ісса, ужо буйнейшая і даўжэйшая, ёсць на Пскоўшчыне (пачынаецца ля Себежа). А абедзве яны мелі быць прынесеныя далёка з усходу, з Завочча: самая ўсходняя Ісса – паміж цяперашнімі Пензай і мардоўскім Саранскам. Паводле славіста Пагодзіна (1901), гэта сведчыць пра каліснюю шырэзную старабалцкую прастору ад слонімскай Іссы да Іссы мардоўскай.
  • Прынесенай сюды выглядае і назва Моўчадзі (тут кажуць “Маўчáдка”). Гэтаму рэгіёну не ўласцівы гідранімічны ўтваральнік “-едзь” (“-адзь”), затое ён уласцівы досыць вузкаму рэгіёну паміж Бранскам і Чарнігавам, дзе ёсць рэкі Беседзь, Жоведзь, Немедзь, Убедзь. Таксама, Верхняму Падняпроўю (а не Панёманню) уласцівыя і гідронімы з утваральнікам “-ча”: Ісча, Ветча, Немча, Цітча. У Бярэзіну перад цяперашнім Светлагорскам цячэ Молча (цяпер Чырка, на ёй Чыркавічы)
  • У гэты ж шэраг трэба залучыць і знакамітую, апяяную Міцкевічам назву возера Свіцязь – яшчэ К. Буга адзначыў, што яе мелі прынесці з поўдня, з-паблізу вытокаў Прыпяці (балцкамоўныя жыхары, як вядома, пакінулі пасля сябе назвы нават і на поўдні ад Прыпяці, згодна з А. Трубачовым).

Якраз з-пад Свіцязі-возера (з-пад Валеўкі-вёскі) пачынаецца тая Ятра-рака і цячэ ў Моўчадзь. А ад Свіцязі да замоўчадскай Іссы тут напрасткі якія тры дзясяткі кіламетраў. Усё можна проста выхадзіць.

Тут трывалі

Але ж нядосыць і таго.

  • Менавіта тут, за Моўчаддзю, і знакаміты зейцельскі (“дзятлаўскі”) літоўскі востраў, дзе па-літоўску яшчэ гаварылі ў пачатку 1990-х (унікальны выпадак, бо левабярэжжа Нёмана). На ўскрайку Зейцелы-мястэчка, ля тупіковай вулкі “Вахоніна” – луг, дзе яшчэ сто гадоў таму разлягалася згаданае ў ХІІІ стагоддзі ў “Іпаццеўскім летапісе” возера З’ята (ад яцвяжскага *Zeitā).
  • Таксама, тут, на рацэ Ятры – і Стараельня, вядомая згадкай этна-рэлігійнай групы “старалітва” ў XVII стагоддзі (пра гэта пісала гісторык В. Камунтавічэне ў 2012-м, артыкул перакладаўся ў “Arche” ў 2016-м).

Урэшце, толькі ў такім кантэксце і трэба разглядаць гістарычнае ўзвышэнне Наваградка, якое тады набывае і свой сэнс, і сваё апраўданне (а больш ані ў якім кантэксце і незразумела). Для нёманска-вілейскай міжрэчнай Літвы гэта была занёманская ўскраіна – але тут столько ўсяго, такіх “энергій” наканцэнтравана, што Наваградак тут выглядае як уліты.

ІІ. Паломніцтва

Нездарма таму кірунак сёлетняга свайксцкага паломніцтва ў пару Летняга сонцастаяння быў выбраны менавіта ў гэтую мясціну, паміж Свіцяззю і Зейцелай, на Ятру-раку.

Пашчасціла бадай адразу, у вярхах Ятры. Дый так, што нават і паехаўшы ўвечары на месца былога возера Зейта дый адбыўшы купальскую ноч там паблізу, на сутоку Моўчадзі з Нёманам, – сюды вярнуліся і назаўтра.

На першы дзень пашчасціла натрапіць на Замкавую гару, а па іншы бок ад Ятры-ракі – дайсці да буйной лясной Шатараўскай крыніцы пад Заласцянкай-гарой.

На другі дзень, ужо вярнуўшыся з-за Моўчадзі – пашчасціла запазнацца з мясцовай больш чым васьмідзесяцігадовай бабуляй, што працавала за вясковую бібліятэкарку і са свайго пачыну запісвала пра навакольныя мясціны і звязаныя з імі назвы, здарэнні і паданні. Ад яе пашчасціла пачуць мясцовых паданняў і пра Замкавую гару, і пра Шатараўскую крыніцу.

Але дарэмна будзеце шукаць гэтых назваў ці па картах, ці праз пошук. Здаецца, яны дагэтуль толькі ў тых двух сшытках, Жоўтым і Зялёным, якія пашчасціла пагартаць, пачытаць і нават скапіяваць. Іх складальніца, адкапіяваўшы некалі іх сама, адпраўляла ў Наваградскі музей, ажно пра лёс тых копій анічога невядома, мо ў архіве дзе і пакладзеныя. Магчыма, таксама і таму, што, напрыклад, на старонцы 12-й у Зялёным сшытку такі запіс пра ўрочышча Круглянка: “У час Вялікай Айчыннай вайны там была пахаваная настаўніца Ліза, застрэленая партызанамі. У дзяцінстве насілі кветкі на яе магілу” (ад І.І. Сапегі, 1943 г.н.).

Тры паданні

Тры паданні (яны ўжо з Жоўтага сшытку) уразілі і сваёй сюжэтнасцю, і сканцэнтраванасцю ў мясціне паабапал Ятры.

  • Ад трох знаёмых ёй людзей збіральніца запісала тры, крыху адрозныя сюжэтам паданні пра Замкавую гару. Асабліва прыкмеціўся сюжэт, калі княская дачка кахала юнака, а пасватаўся чарадзей, які, калі яму адмовіла, ператварыў юнака ў мядзведзя на залатым ланцугу і прыкаваў іх да замкавай сцяны, а князя і яго слугаў ператварыў у камяні, а тады пракляў і замак праваліўся пад зямлю. Пры гэтым апавядальніца іншага варыянту падання пра Замкавую гару Е.С. Карпач (1910-1993) дадала ў канцы аповеду: “Людзі казалі, што адзін раз у тысячу гадоў калі раскапаць Замкавую гару, можна знайсці той зачараваны замак і пракляцце будзе знята”.
  • Каханне і ў паданні пра лекавую Шатараўскую крыніцу: маці дзяўчыны, што закахалася ў прыезджага цыгана, пракляла ўсё тое цыганнё, і ўсе іх кібіткі праваліліся пад зямлю пад гарой Заласцянкай, а дзяўчына села над той прорвай і плакала так, што ўтварылася дрыгва і з яе пайшоў цекці моцны ручай.
  • А ў паданні пра ўрочышча Вомшар тэматыка ўжо больш грамадовая: панам, якія знушчаліся з сялянаў, што хадзілі да іх за плату працаваць, гэтыя такіх праклёнаў пасылалі, што адной ночы перунамі з неба расшкуматала іх дом на тым месцы, а самі яны ператварыліся ў вужакаў. Пра тую балацінную мясціну яшчэ дадаюць, што калі, заходзячы туды, пахвалішся, што не заблукаеш, дык абавязкова заблукаеш, таму хваліцца і не трэба.

Спадчына месцаў

Усяго ў абодвух сшытках згадана больш за восемдзесят мясцінаў, мікратапонімаў. Напэўна, можна было б сказаць, што калі б задацца мэтай, дык такога можна было б ці не ва ўсякай мясцовасці сабраць. Можна было б – але ж сабрана менавіта тут, паабапал Ятры, і гэта таксама пра адзначанасць месца. Большасць інфарматараў ужо нежывыя, але рупна пазначаныя звесткі па іх.

А наўкола вышэзнай Замкавай гары – меншыя пагоркі, на якіх былі хутары. Папрасілі і зарысаваць, як яны размяшчаліся вакол Замкавай гары дый як, адпаведна, тыя пагоркі называліся. Быў на схіле аднаго з тых пагоркаў і вялікі камень – а што ляжаў ён паблізу былой Мысліўцавай сядзібы, дык і называўся Мысліўцаў камень.

…І неадступна суправаджала думка, якая і ў галаве сядзела, і ў гутарках выходзіла, – што тут і меў быць той замак, дзе жылі браты Нецімер і Себедзен. Першы з іх, зусім у згодзе з тутэйшай блізнечай міфалогікай, быў “кароль”, а другі – жрэц, святар, крывейта (у аповедзе пра першага місіянера ў прусах, Адальберта, першым дзіду ў яго кінуў менавіта прускі паганскі жрэц Sicco).

І дзесь тут у Ятру, тады глыбейшую, Себедзен закінуў качан Брунавай галавы – толькі запыніся і ўяві гэта. А тады, відаць, пайшоў выконваць штодзённы абавязковы рытуал на далейшую ад Ятры пукатую гару, якая цяпер называецца Лысая. Тысячу гадоў таму.

Sv.

Крывуля над Шатраўскай крыніцай
Сем пагоркаў навокал Замкавай гары
Сонечны ясень паблізу рэчкі Іссы (у далечыні, выпрастаная)

* * *

Пытанні на замацаванне:

  1. Як скончылася другая спроба заходніх місіянераў прынесці хрост балтам? што агульнага з першай спробай?
  2. Як звалі караля і яго брата, да якіх прыбыў місіянер Бруна? чаму імя караля – неаспрэчна балцкае?
  3. Якія тры сканцэнтраваныя ў гэтай мясцовасці гідронімы (водныя назвы) сведчаць, што сюды імкнуліся ўжо ў далёкай старажытнасці?
  4. Якія два рэліктавыя з’явішчы, адно моўнае і другое этна-рэлігійнае, вядомыя з гэтага рэгіёна?
  5. Якія тры міфалагічна афарбаваныя локусы канцэнтруюцца вакол вярхоў моўчадскай ракі Ятры? якія паданні з імі звязаныя?
  6. Як наяўнасць Замкавай гары ў вярхах ракі Ятры мела б паспрыяць пашырэнню “міфа пра караля Нецімера”?

* * *

Статья отвечает на вопросы: откуда название Литва, где начиналась Литва, как связано с этим свидетельство Кведлинбургские анналы, что известно про крещение Литвы и история Новогрудка, почему Новогрудок древняя столица Литвы, как связаны с ранней Литвой река Ятранка Новогрудского района, река Исса происхождение названия, что значит название Молчадь и что значит название Свитязь. Также рассматриваются темы Дятловский район литовцы, где жили ятвяги в Беларуси и язычество в Беларуси. Материал будет полезен тем, кого интересуют фольклор Новогрудский район, святые источники Новогрудский район, сакральные места Новогрудский район, что посмотреть в Новогрудском районе, интересные места Новогрудского района, что посетить Новогрудок и что посетить Беларусь выходные.

Пакінуць каментар