Уся (горкая) праўда пра беларускія замовы

Здзівіцца, але зразумець

Беларускіх народных замоў, нават з даследчыцкімі мэтамі, бадай немагчыма чытаць тым, хто не аматар царкоўнага дыскурсу. Усіх тых міколаў-ягор’яў-хрыстоў і іх мацераў там хоць ты пруд імі прудзі. Перад вачыма адразу паўстаюць царкоўныя бабці (каторыя свечкі гасяць і на наведнікаў цыкаюць): умольваю, упрошваю, памалюся, пакланюся. Гэтага там у дозах зусім не гамеапатычных.

Другое, што кідаецца ў вочы, гэта загрувашчанасць пералікамі. Зацята пералічваецца ўсё што можна: хваробы, часткі цела, дзеянні, навакольныя аб’екты. Вельмі хутка, чытаючы, губляеш апавядальніцкую нітку і патанаеш ва ўсіх тых бясконцых пераліках.

І трэцяя асаблівасць – адтуль зусім элімінаванае тое ўсё звыклае і любімае, што звычайна атачае цябе ў прыродным асяроддзі. Гэта тычыцца і навакольных аб’ектаў, і таго, што можна назваць любоўю да наваколля. Там стабільна малюецца нейкая халодная, тагасветная прастора: Сіяньская гара – Ярдань-рака – Ягіпецкія палі; мора-лукамор’е – востраў Буян Латыр-камень. А калі гэта дрэва (дуб, бяроза, ліпа), дык там абавязкова сядзіць мярзотная хвароба.

Гучыць як кпін са старой народнай культуры, якую, наадварот, мусім жа любіць? Ажно не, гэта зусім натуральнае, чалавечае ўражанне (хіба з эмацыйнай украпінай), а вось у больш нейтральным выглядзе гэта выкладзена ў кнізе “Лекавыя замовы Беларусі і Літвы” маскоўскай даследчыцы М. Заўялавай (выданне 2025 г. – істотна перапрацаваная яе ж кніга 2006 г.).

Два светы замоў

Калі выкласці зусім сканцэнтравана, дык па беларускіх замовах карціна выходзіць наступная:

  1. Дзесьці (не тут) ёсць Цэнтр свету (на моры), і туды трэба дабірацца доўгім шляхам праз перашкоды.
  2. Усё, што можа быць спарадкавана і злічана (выаналізавана), сапраўды зацята парадкуецца і пералічваецца, іерархізуецца і рангуецца.
  3. Сам замоўца выглядае нямоглым просьбітам, і ці не ўсё за яго робяць зверхнія, “бажэсцвенныя” персанажы, а ўсё прыроднае ставіцца ніжэй.

Гэтая кніга, Заўялавай, мела б выйсці за аўтарствам якогась нашага, тутэйшага даследчыка, ажно нашыя па-літоўску не ўмеюць – а каб адэкватна ацаніць беларускія замовы, трэба іх параўноўваць з балцкімі, у прыватнасці з літоўскімі, як і зрабіла М. Заўялава. Яе кніга не самае папулярнае чытво ні ў нас тут, ні ў нашых усходніх суседзяў (а можа яно і добра, бо прафанам прафаннае) – хоць паводле каштоўнасці гэта такая кніга, якую пераацаніць цяжка.

У ёй ясна паказана: вось што прынесла і як паўплывала хрысціянства (беларускія замовы) – і вось што тут было перад тым (літоўскія замовы). У Заўялавай гэта ў згодзе з лініяй маскоўскай даследчай школы звыкла закамуфлявана пад “славянскую” і “балцкую” мадэль свету, але варта толькі адкінуць туман такога развядзення (быццам гэта два маналіты, якім не сысціся), як ясна бачыш: гэта – пра хрысціянізацыю.

Такім чынам, што ў літоўскіх замовах (бяромся за тыя ж пералічаныя вышэй пункты):

  1. Ні ў які “цэнтр свету”, нікуды не трэба ісці, не трэба ні руху, ні пераходу.
  2. Свет дэцэнтраваны і складаецца з розных, самастойных, цэласных даменаў (сіла сонца, сіла зямлі, сіла месяца, сіла вятроў), дый сам чалавек не складанка з органаў – а таксама зусім цэльны.
  3. Ніякіх ягор’яў-хрыстоў (прынамсі ў вялікай і больш старой частцы літоўскіх замоў) – замаўляльнік дае рады сам, сваёй сілай.

Ніжэй пададзеныя найбольш красамоўныя цытаты-высновы з кнігі Заўялавай. Яе словы дзе-нідзе паілюстраваныя ўрыўкамі з замоў – беларускіх і літоўскіх (першыя са збору 1992 г., другія са збору 2008 г.); падкрэсленне тлустым – Sv.

Заўялаву чытаючы з алоўкам

Існаванне мяжы паміж жывым і нежывым светам у беларускіх замовах, відаць, адбіваецца ў спробах знайсці персанаж, які выклікае хваробу (у літоўскіх замовах гэтага яўна не выяўлена), і адсюль паўстаюць шматлікія другасныя персанажы, што знаходзяцца ва ўяўленым цэнтры свету і адказныя за вынік падзей” (с. 47).

  • На сінім моры, ва кеяне ляжыць бел камень, на тым камні сядзелі тры панны Ганны, красны шоўк маталі, кроў астанаўлялі” (№ 464).
    У літоўскай замове: “Сяджу на белым моры, шыю белую карону, каб гэтая рана так пабялела, як тая карона!” (Nr. 1063).

“Адрозна ад беларускіх замоваў у літоўскіх дзеясловы не маюць значнай ролі, у тэкстах іх нашмат менш. Асноўную сэнсавую нагрузку нясуць назоўнікі, яны ж утвараюць сюжэтную лінію. Такая асаблівасць надае літоўскім замовам статычнасць, часавая структура ў іх выяўленая слаба. Ствараецца ўражанне, што час як катэгорыя не мае значэння” (с. 71).

  • А ня выніце сваё жгала, пойдзем к Госпаду Богу, возьмем гром і маланню, будзем і паліць і смаліць” (№ 303).
    У літоўскай: “Адпусці джала, калі не адпусціш – чорнае мора, зялёны дуб, на дубе гром” (Nr. 226).

“Жорсткая ўпарадкаванасць аб’ектаў у беларускай карціне свету проціпастаўляецца раскіданасці і пэўнай самадастатковасці аб’ектаў у літоўскай. У беларускай карціне свету – падпарадкаванасць цэнтру, тым часам як прадметы літоўскага свету гэта самастойныя цэнтры кожны паасобку – і зямля, і вада, і камень маюць свой характар і паводзяцца нароўне з антрапаморфнымі персанажамі” (с. 149).

  • Пойдам к Богу судзіцца, з ранныя зары да вячэрнія, а з вячэрнія да звёзд, ад звёзд да месяца, ад месяца да яснага сонца, ад яснага сонца да Госпада Бога” (№ 395).
    У літоўскай: “Зямля і сонца, забярыце яд!” (Nr. 206).

“У беларускіх замовах персанаж, што ўвасабляе хваробу, гэта галоўная дзейная асоба: ад яго залежыць вылекаванне ад хваробы, да яго звяртаецца замоўца з просьбай аб дапамозе (у літоўскай традыцыі няма замоваў такога тыпу, і гэта трэба тлумачыць, найверагодней, тым, што замоўца ў іх дзеіць найчасцей самастойна); і знаходзіцца ён у самым цэнтры свету, куды замоўца (або хворы) яшчэ павінен патрапіць, прайшоўшы ўсе ўзроўні свету” (с. 166).

“Галоўная мэта літоўскіх замоваў ад змяі – гэта пазбаўленне ад наступстваў яе ўкусу (запалення), і таму большая частка замоваў – з просьбай прыбраць “джала” з цела чалавека, “скасаваць” шкаданоснае дзеянне ўсёй атруты. Для гэтага трэба ўсталяваць кантакт са змяёй і праз дамову напрамую з ёй або з іншымі аб’ектамі светабудовы, што суадносяцца са змяёй, атрымаць палёгку для хворага. (…) Зусім інакш у беларускіх замовах – са змяёй распраўляюцца з усёй жорсткасцю сам замоўца або боскія персанажы. (…) Аб’екты, якія ў літоўскіх замовах з’яўляюцца эпітэтамі змяі і цесна з ёй звязаныя, у беларускіх замовах аказваюцца інструментамі змагання з ёй” (с. 168-169).

  • Пайду к святому Міхаілу i вазьму меч i залато капіе, вашу гадзінскую сілу парублю i пасяку, на ўсём свеці ўвесь корань перавяду, жаркім сонцам запяку, яснымі зарамі, ясным месяцам” (№ 337).
    У літоўскай: “Залацінка, срэбрынка, ідзі дамоўкі спаць. Сонца ідзе, месяц ідзе, нікому шкоды не робяць, ідзі дамоўкі спаць” (Nr. 1086).

“У беларускай карціне свету больш выразная персаніфікацыя хваробы і вылучэнне асноўнага “старэйшага” прадстаўніка хваробы (“цара”) – верагодна, з-за агульнай схільнасці беларускіх замоваў шукаць цэнтр. Асаблівасцю беларускай традыцыі з’яўляецца і апісанне хваробы ва ўсёй шматстайнасці яе праяваў (…). Падрабязна апісваюцца таксама яе мінулыя дзеянні (…). У літоўскіх замовах такіх падрабязных апісанняў няма (ні эпітэтаў, ні мінулых дзеянняў хваробы, ні абяцанняў “добрага жыцця”), відаць, таму, што фокус увагі ссунуты ў вобласць дзеянняў замоўцы” (с. 173-174).

“Багаты на персанажы свет беларускіх замоваў падкрэслівае ўжо адзначаную раней “антрапацэнтрычнасць” беларускай замоўнай традыцыі ў процівагу да размытасці проціпастаўленняў чалавек / не-чалавек і адушаўлёнае / неадушаўленае (і ў выніку гэтага – невыразнасці вобразаў) у літоўскіх замовах” (с. 194).

“Адрознай рысай беларускіх замоваў з’яўляецца выразнае проціпастаўленне свету чалавека (замоўцы) астатняму свету, які з’яўляецца антыподам свайго, яго люстраным адбіткам. Менавіта ў гэтым свеце разгортваецца асноўнае дзеянне замовы, там жывуць хваробы, там адбываецца змаганне двух пачаткаў або ўкладаецца мірная дамова. Мноства беларускіх замоваў пачынаецца з тэмы шляху ў гэты свет з паступовым звужэннем фокуса, набліжэннем да цэнтра, да асноўнай мэты” (с. 202).

“У літоўскіх замовах чалавек найчасцей успрымаецца як цэласны, непадзельны аб’ект (…). У беларускіх замовах, наадварот, чалавек (раб божы) паўстае як набор частак цела (…). Гэты празмерны пералік частак цела і складае аснову свету ахвяраў хваробаў у беларускай карціне свету, дзе асноўнымі аб’ектамі, што пакутуюць, з’яўляюцца асобныя чалавечыя органы, а не сам чалавек (…). У беларускіх замовах любая хвароба (нават дакладна лакалізаваная) праганяецца з усіх частак цела” (с. 176-177).

  • “…з такога-та воласа, із ярых воч, із серца, з зубоў, з целясоў, з рота, з носа, з віскоў, із мазкоў, із шыі яго, з плеч, з хрэбётныя касьці, з рабёр i з сярэдзіны, із рук, із ног, із сустаў, з нутры яго, з утробы, із жыл, i з пажыл, із крыві, з целеса, із дыханія, із узгляда” (№ 80).
    У літоўскай чалавек пазначаецца або праз “галаву”, або праз “волас”: “Зямля-зямелька, аддай дабро, забяры ліха, вызвалі белую галаву [жанчыну]” (Nr. 262), “Аддай чорны волас і зноў ідзі сабе дзе была”(Nr. 283).

“Мэтанакіраванае прасоўванне замоўцы да цэнтра свету не ўласціва літоўскім замовам, верагодна, таму што ён сам лічыць сябе за цэнтр свету. (…) У літоўскіх замовах (…) замоўца пачуваецца часткай той прасторы, да якой ён звяртаецца, і з усімі дзейнымі сіламі яе зносіцца нароўне” (с. 187).

“Аналізуючы вобраз чалавека-замоўцы ў літоўскіх і беларускіх замовах, можна сказаць, што мы бачым пэўную трансфармацыю асобы. Чалавек моцны і цэльны, які валодае сітуацыяй і здольны ўплываць на навакольную рэчаіснасць (што, уласна, і адпавядае асноўнай сутнасці замовы), – ператвараецца ў чалавека, які залежны ад праяваў вонкавага свету (хваробаў, стыхій, іншых людзей, святых і інш.). Інакш кажучы, мы назіраем, скажам так, знікненне таго тыпу асобы, які напоўніцу паўстае ў літоўскай замоўнай карціне свету, – перастаюць быць ярка праяўленымі самасвядомасць, воля і сіла дзеяння чалавека. (…) Магчыма, такую прынцыповую адрознасць можна патлумачыць зладнага тым, што істотны адбітак на беларускую традыцыю наклаў хрысціянскі светапогляд, які толькі ў невялікай меры адбіўся на літоўскай. У Літве, што позна прыняла хрысціянства, паганскі светапогляд, як выглядае, захоўваўся значна даўжэй, і гэта адбіваецца і на ўспрыманні ролі чалавека і яго месца ў структуры светабудовы” (с. 188-189).

  • Буду гадзю заклінаць (…) усім мірам праваслаўным” (№ 294), “Ідзіце вы лучша на сыр-бор, серае балота, крышыце курчаўе-пеняўе, непатрэбнае, і забудзьце дарогу на святую Русь” (№ 859).

“У літоўскіх замовах замоўца больш самастойны, абапіраецца найперш на свае сілы і выніковасць рытуалу (які адбіваецца ў дзеяннях, згаданых у замовах), тады як у беларускіх замовах ён часцей аказваецца ў падпарадкаваным стане і часцей звяртаецца па дапамогу да боскіх персанажаў. У літоўскіх замовах чалавек, які вымаўляе замову, лічыць сябе за цэнтр свету, і таму матыва шляху (да гэтага цэнтра) тут няма, а вось у беларускіх замовах гэты матыў займае цэнтральнае месца” (с. 200).

Дапамога магутных сілаў з’яўляецца адной з асноўных прынцыповых адрозненняў беларускіх замоваў (…). Апеляцыя да кагосьці іншага спанукае з’яўленне ў беларускіх замовах шматлікіх дзейных асобаў – або высокага рангу (святыя), або другарадных, што бяруць актыўны ўдзел у пазбаўленні чалавека ад хваробы. У літоўскіх замовах колькасць такіх “пасярэднікаў” зведзеная да мінімуму – замоўца ўсталёўвае непасрэдны кантакт з патрэбнымі яму стыхіямі. Дакладная іерархія аб’ектаў, падпарадкаванасць усяго свету пэўнаму цэнтру з’яўляецца, як выглядае, галоўнай адрознай рысай беларускіх замоваў. Літоўская карціна свету паказвае самастойнасць усіх значных стыхій і аб’ектаў светабудовы, і гэта адпавядае даўнейшым паганскім уяўленнем аб асобных боствах леса, возера, зямлі, агня і інш.” (с. 202).

Заключныя высновы

Такім чынам, што зрабіла хрысціянства? Яно не толькі перасунула “цэнтр” кудысьці далёка – яно ўвогуле цэнтравала свет, і гэта фундаментальны зрух. Перад яго прыходам былі розныя, раўнавартыя, паралельна існыя дамены, якія ўвасабляліся ў прыродных боствах (пра боствы не прыродныя, а каштоўнасныя тут мовы не будзе) і не канкуравалі паміж сабой за ўвагу і цэнтральнасць.

І чалавек быў адным з фактараў (цэльным) сярод астатніх фактараў. Яму было зусім дастаткова таго жывога, што ён назіраў наўкола сябе, без патрэбы ўніфікаваць гэта ўсё ў адзіны парадачак (пад аднаго бога). Ён меў дастаткова сваёй сілы, а калі яе не ставала, дык звяртаўся па сілу самога светапарадку (статычнага) вакол яго. Галоўнай сілай было якраз тое, што ў свеце ўсё на сваіх месцах (зямля ўнізе, неба ўверсе, на небе сонца і месяц з зорамі, на зямлі лес, рака і людзі…).

Таксама была вялікая вера ў сілу слова – дастаткова было назваць (у слове яшчэ не былі зняверыўшыся, а да цяперашняй безадказнай балбатні і пагатоў было зусім далёка). На гэтым і грунтаваліся старыя балцкія замовы, што захаваліся ў больш старым слаі літоўскіх замоваў.

Што ж да замоваў беларускіх, дык яны, нягледзячы на ўсю сваю шматслоўнасць і сугестыю пералікаў, – у масе сваёй не надта старажытныя, калі глядзець з такога параўнаўчага гледзішча. Пазнейшага ў іх не толькі згадкі хрысціянскіх персанажаў, але і збольшага ўся аснова, на якой гэтыя замовы стаяць:

  1. уніфікацыйная цэнтраванасць (сам цэнтр – дзесьці);
  2. абсэсіўная ўпарадкоўвальнасць (усё падпарадкоўваецца новаму цэнтру);
  3. новая антрапалогія (нямогласць у параўнанні з боскімі персанажамі, адасобленасць ад прыродных рэалій).

Цяпер і вы можаце лёгка раскладаць замовы паводле гэтых крытэрыяў, не патанаючы ў бясконцых пераліках і не пужаючыся папоўскіх персанажаў.

І высновы ад самой Заўялавай: “Параўноўваючы дзве традыцыі, складаецца ўражанне, што літоўскія замовы адлюстроўваюць ранейшы этап існавання” (с. 47), “‘статычныя’ замовы-заклёны, што грунтуюцца на сіле слова-імені (дзеянне адбываецца тут і цяпер, няма развіцця яго ў часе), – архаічнейшыя за ‘дынамічныя’ апісанні шляху і адначасовага з ім працэса лекавання” (с. 200).

Sv.

Пакінуць каментар