Імёны на варце прускай Сембы

Семба, Самбія – адна са старапрускіх земляў, цяпер у складзе забранага Каралявецкага (“Калінінградскага”) краю. Сембская паўвыспа выступае ў Балтыйскае мора паміж Куршскай затокай (палова належыць Літве) і Айсцкай затокай (палова належыць Польшчы). На ўсходзе яе мяжа – рака Дэйма, на поўдні, апроч Айсцкай затокі, рака Прэгара (Прэголя). Большая частка сучаснага Караляўца якраз на “сембскім” баку Прэгары.

Старапруская мова не гучыць тут ужо тры стагоддзі, не гучыць і назоўная мова, мова тапонімаў (хоць і немцы іх і перакручвалі, і мянялі). З таго, што было, можна аднавіць добры тузін старадаўніх двухасноўных імёнаў, ад якіх пайшлі сембскія назвы. Няма тых людзей, няма той мовы, няма нават тых назваў – але ўсё тое застаецца ў прасторы, дый застаецца закрытым для прыхадняў. Гэтыя там “вісяць” у паветры нібы надзіманыя балёнікі над зямлёй, не звязаныя ні з зямлёй, ні з яе аповедамі. Старыя імёны вартуюць нябачнае старапрускае.

Абрат
Абраты (Obroten) – цяпер “Альшанка” на поўдні ад прыморскага “Піянерскага”.
Ёсць латышскае прозвішча Abrats. З-пад Забалаці было Абрат і Абратчык. Было магілеўскае Абраткевіч, віленскае Абратоўскі.

Вілта
Вільціты  (Wiltyten, пазней Wilditten) – цяпер “Анечкіна” на паўдарозе з “Гур’еўску” да “Палеску”.
З Даўгінава было прозвішча Вільтоўскі.
Тыя ж асновы ў старым віленскім Тавілоўскі (< Ta-vilas).

Бакал
Бакалы (Backolen) – цяпер “Кудрынка” на поўдні ад “Зеленаградску”.
Ёсць латышскае Bakals, літоўскае Bakalis. З-наўкола Свіслачы былі Бакаль, Бакалейша.
Тыя ж асновы ў старым горадзенскім Кальба.

Кайла
“Кайлава вёска” (Cayl-kaym, пазней Kalkeim) – “Грушаўка” паміж Караляўцом і “Гвардзейскам”.
З-за Вільні было прозвішча Кайла (Муснікі). Былі віленскія Кайловіч, Кайлевіч.
Тыя ж асновы ў латышскім прозвішчы Lakajs.

Вінцер
На захадзе ад Караляўца, ля “Логвіна” фіксаваўся тапонім Winterinen, або Winterffelt (“Вінтэрыны”, “Вінцерава поле”).
Быў жамойцкі тапонім XVI ст. Вінцерышкі. Ёсць латышскае прозвішча Vinters, было горадзенскае Вінтэр.

Кірта
Кірцейны (Kirtieynen, пазней Kirtigehnen) – паўднёвая ўскраіна прыморскага “Светлагорску”.
Кірта – старое прозвішча з-наўкола Рэплі. З-пад Вільні было Кіртовіч.
Тыя ж асновы ў радуньскім Такірэвіч (< Ta-kiras).

Гермін
Герміны (Germynyn) – цяпер “Навумаўка” на поўначы ад “Гур’еўску”.
З-пад Астраўца былі прозвішчы Гэрмінойць і Гэрміновіч.
Тыя ж асновы ў прозвішчы Мінгеровіч з-пад суседніх Меднікаў (< Min-geras).

Малса
Мальсейны (Molseyn, пазней Molsehnen) – цяпер “Касмадзям’янскае” на паўночным усходзе ад “Гур’еўску”.
Малсэвіч – старое прозвішча з надвілейскай Быстрыцы.
З-пад Маладзечна было прозвішча Самаль. Ёсць латышскае Samals.

Патал
Паталы (Potollen, пазней Podollen) – цяпер “Лазавое” на захадзе ад “Гвардзейску”.
Было прускае імя Patolle.
З Індуры былі прозвішчы Патал, Паталэйка. Ёсць смаленскае Паталаў.
Тыя ж асновы ў латышскім Talpa. З той жа Індуры было Талповіч.

Мінта
Мінцейты (Mintieyten, пазней Metgethen) былі адразу на захадзе ад цяперашняга Караляўца (цяпер “мястэчка ім. А. Касмадзям’янскага”).
З-пад Івянца было прозвішча Мінта (Камень).
Тыя ж асновы ў старым слонімскім Тамін, у віленскім Таміновіч.

Экер
Экерыты (Ekerithenn, пазней Eckritten) былі на поўдні ад прыморскага “Зеленаградску” (ля “Фёдарава”).
Ёсць літоўскае прозвішча Ekeris, латышскае Ekers. Было слонімскае Экер.

Наста
“Настава вёска” (Nast-kaym) была ў ваколіцах былога Тырэнбергу (“Дунаеўка”), на поўдні ад “Светлагорску”.
Былі дрысвяцкія прозвішчы Настоўскі, Настэйка. З-наўкола Вільні было Настовіч.
Тыя ж асновы ў латышскім прозвішчы Tanass, у старым горадзенскім Танасовіч.

Gunaite empaus etgubusin kirsniskan, zemis sergeite laimintiskan

Sv.

Пакінуць каментар