Тры гады таму “Свайкста” была навіновым інтэрнэт-парталам. Ненадоўга пра гэта ўзгадаем, тым больш у розных кутках свету якраз столькі вартых увагі кропкавых падзей.
Латвія
У Рызе 29 кастрычніка адкрыецца светлавая сцяжына “Светлавыя аповеды. Дзяды” (Gaismas stāsti. Veļi). Пра гэта паведаміла Міністэрства культуры Латвіі. Гэта ўжо другое правядзенне такой сцяжыны: упершыню яна працавала ў 2024 годзе, а сёлета вернецца з новым маршрутам па ўзгорках і лясных кутках Латвійскага этнаграфічнага музея пад адкрытым небам у Рызе. Наведнікаў чакаюць больш за дваццаць светлавых, лазерных, гукавых і відэаінсталяцый, натхнёных латышскімі народнымі казкамі, паданнямі, вераваннямі і замовамі. Таксама, у музейнай карчме будуць падаваць аўтэнтычныя стравы, звязаныя з традыцыйнай латышскай кухняй, у тым ліку памінальную кашу і крывянку. Сцяжына будзе працаваць да 8 лістапада.
Прыкметна, як з года ў год латышы і літоўцы з розных традыцыйных нагодаў дасціпна працуюць менавіта са святлом. У латышоў нават іх Нацыянальная бібліятэка – “Замак святла”, Gaismas pils, затое літоўцы ў Вогненныя скульптуры ўмеюць.

* * *
Аўстралія
У аўстралійскім штаце Вікторыя зноў разгарэліся пратэсты вакол святых дрэў народа джаб-варунг. На шляху пашырэння Western Highway, дарогі паміж Мельбурнам і Адэлаідай, знаходзяцца культурна значныя дрэвы, у тым ліку так званыя “родавыя дрэвы”, каля якіх, паводле традыцыі, жанчыны нараджалі дзяцей і хавалі плацэнту. Хоць афіцыйная арганізацыя карэнных уладальнікаў зямлі ўхваліла план будаўніцтва, іншыя прадстаўнікі народа не прызнаюць гэтага кампрамісу і патрабуюць замест пашырэння рамантаваць існую дарогу. 20 кастрычніка паліцыя разагнала лагер абаронцаў дрэў, двух чалавек затрымалі, а актывісты паведамілі, што ссеклі прынамсі адно дрэва.
Здзіўляе, як у сусветнай грамадскай апініі (і ў нашай таксама) тых аўстралійскіх “тубыльцаў” нібыта і даўно ўжо і не павінна быць, а яны то ад гары святой пасярод Аўстраліі турыстаў адгоняць, то святых дрэў не даюць ссякаць.

* * *
Індыя
20 кастрычніка ў Трывандруме, штат Керала, на пяць гадзін спынілі працу міжнароднага аэрапорта, каб праз яго ўзлётна-пасадачную паласу прайшла рэлігійная працэсія. Яна завяршае дзесяцідзённае свята, калі статуі бостваў урачыста нясуць да мора для рытуальнага абмывання, а затым вяртаюць у бажніцу. Працэсію традыцыйна ўзначальвае нашчадак былой каралеўскай дынастыі Траванкора. Традыцыя існавала яшчэ да пабудовы аэрапорта ў 1932 годзе і захоўваецца двойчы на год.
У гэтай навіне ўся Індыя – якая спалучае нярэдка не спалучальнае. Так і тут: каралеўская дынастыя і Індыйская рэспубліка, аэрапорт і сланы з абразамі па ўзлётнай паласе. Політэістычнай свядомасці гэта не расколвае.

* * *
Японія
У Токіа 17-19 кастрычніка прайшло восеньскае свята сінтаісцкай бажніцы Ясукуні, дзе ўшаноўваюць духаў больш як 2,4 млн загінулых у войнах, звязаных з Японіяй. У тым ліку духаў тых, каго негатыўна ацэньваюць Кітай і Паўднёвая Карэя з увагі на былы японскі мілітарызм. Кансерватыўная прэм’ерка Санаэ Такаіці, якая раней асабіста наведвала Ясукуні, 17 кастрычніка даслала ў святыню рытуальную падстаўку з галінкамі сакáкі (masakaki) ад сябе як прэм’ер-міністаркі, а 19 кастрычніка ахвяравала грошы ад свайго імя як старшынькі кіроўнай Ліберальна-дэмакратычнай партыі.
У сітуацыі са свяцілішчам Ясукуні японцы даводзяць, як трэба трымацца свайго, адстойваць ідэнтычнасць, нават нягледзячы на няласку суседзяў. А часам – і прынцыпы захоўваць, але і эскалацыі не ўздымаць.

* * *
Гана
У Гане 16-18 кастрычніка прайшла штогадовая цырымонія ўшанавання продкаў у музеі Nkyinkyim – сакральнай прасторы з тысячамі скульптурных галоваў, прысвечаных афрыканцам-ахвярам рабства і каланіялізму. Удзельнікі з Ганы, ЗША, Вялікабрытаніі, Сурынама, Нігерыі маліліся продкам, лілі ахвярныя напоі на зямлю, рабілі паднашэнні продкам, спявалі і танчылі сярод скульптур, сімвалічна аднаўляючы сувязь з памерлымі. Музей заснаваў ганскі мастак Кваме Акота-Бамфа, які ператварае памяць пра продкаў у жывы абрад. Сама ініцыятыва звязаная з шырэйшым заклікам Ганы да дыяспары вяртацца на гістарычную радзіму, аднаўляць сувязі з продкамі і зноў укараняцца ў родную культуру.
Такія культурныя ініцыятывы паказваюць, што сапраўдная негрыцянская (афра-афрыканская) культура вельмі ўкарэненая і глыбокая, старажытная і вартая ўвагі ды захавання ва ўсёй сваёй паўнаце і глыбіні.

* * *
Паўднёвая Афрыка
У Кейптаўне спрачаюцца вакол крэпасці, збудаванай галандцамі ў XVII стагоддзі. Сям’я, якая называе сябе нашчадкамі карэннага народа oNoqhakancu, паставіла тут традыцыйную хаціну, каб прадстаўляць культуру аўтахтонных жыхароў на тэрыторыі каланіяльнага помніка. Хаціну зруйнавалі, але сям’я праз суд дамаглася магчымасці яе аднавіць. 15 кастрычніка правадырка племя кой аспрэчыла культурныя прэтэнзіі сям’і, а праз некалькі дзён яе падтрымалі іншыя традыцыйныя правадыры. Яны настойваюць, што сям’я мусіла спачатку прадставіцца мясцовым правадырам паводле звычаёвага парадку і пацвердзіць сваё веданне спадчыны.
Прыклад інвазіі аўтахтоннай культуры на тэрыторыю каланізацыйнага сімвала. На першы погляд, “яшчэ глыбейшая” (deeper) традыцыйная культура парадаксальна замінае такому ўварванню, ажно замак галандцаў тут – ужо даўно дэкарацыя, а жывыя сітуацыі – за аўтахтонным людам.

* * *
Швецыя
На поўначы Швецыі абвастрыўся канфлікт вакол аленегадоўлі саамаў: 30 верасня рэгіянальныя ўлады падтрымалі выдачу канцэсіі на распрацоўку радовішча Per Geijer каля Кіруны, дзе плануюць здабываць рэдказямельныя металы для “зялёнай” энергетыкі. Але радовішча – пад апошнім вузкім калідорам, па якім алені супольнасці Габна пераходзяць паміж сезоннымі пашамі: у найвузейшым месцы ўжо толькі каля 50 метраў. Паводле саамскіх аленегадоўцаў, здабыча можа знішчыць магчымасць весці традыцыйную гаспадарку, а кампанія LKAB і ўлады спасылаюцца на патрэбы еўрапейскай прамысловасці і энергетычнага пераходу. Перамовы пакуль зайшлі ў тупік.
Са шведскімі (дый з фінскімі таксама) саамамі зусім як з тымі аўстралійскамі тубыльцамі (або якімі якутамі): яны даўно ўжо мелі стаць “індзейцамі” і сядзець па рэзервацыях ці спіцца – ажно нават аленяў гадуюць і за правы змагаюцца.

* * *
Францыя
Парыж, 17 кастрычніка: рабаванні ў прамым эфіры з акна. Французскі часопіс Éléments, звязаны з Новымі правымі, апублікаваў сведчанне Кантэна Вервердэ пра некалькі гадзін беспарадкаў у квартале Шатле. Назіраючы з першага паверха за ўсяго трыццаццю метрамі вуліцы, аўтар апісвае, як пасля адступлення паліцыі натоўпы вярталіся рабаваць крамы, дзялілі здабычу, хавалі вопратку пад мікрааўтобусамі, а вуліцы заставаліся заваленыя абуткам, вешалкамі і сарванымі супрацькрадзежнымі датчыкамі. Паліцэйскія атакі змяняліся новымі хвалямі рабаванняў, побач гучалі выбухі, загарэўся фургон, а жыхары і пастаяльцы гатэляў баяліся выходзіць з будынкаў.
На фоне апісанага вышэй заходнееўрапейскі вэрхал дае гнятлівага ўражання. А найболей таму, што па сутнасці даўно ўжо няма яснасці, чаго наскокваюць адны і што ад іх бароняць другія. Нібыта прывыклі варушыцца – і па інэрцыі варушацца.

* * *
Музыка Месяца дзядоў
А на ютуб-канале “Свайкста” тым часам з пачаткам новага лунарнага месяца прэзентаваная песня “Месяц дзядоў“.
Sv.
Пакінуць адказ