Пяць нататак на палях Яцвяжскага слоўнічка

Праз некалькі гадоў споўніцца 50 год, як у 1978-м пад Пружанай знайшлі Яцвяжскі слоўнічак. З нагоды днямі апублікаванага “будзьмаўскага” ютуб-відэа пра яцвягаў і іх мову – колькі назіранняў над тым Слоўнічкам.

мард “чалавек”. Слоўнік фіксуе і дзеяслоў mort “паміраць”, а значыць слова мард было семантычна зусім празрыстае (“смяротны”). Слова на нашым, заходнім краі старабалцкай прасторы зусім ізаляванае. Параўноўваюць з назвай мардвы за Ніжняй Акой, і гэта магло б паказваць і пра прыход з тых краёў (як куршаў ці вармаў). Калі так, дык болей яснела б і што да ідэнтычнага тыпу ўтварэння назваў яцвяжскай Ясельды (Ясела-рака) і постбалцкай мардоўскай Сезельды (Сезела-рака).

лайка “святло”. Слова з гісторыяй развіцця. Першая стадыя – літоўскае laikas “час, перыяд часу”, ад likti “заставацца”, першаснае значэнне “час, які застаецца на штосьці”. Тады мела перайсці на ўсякі абмежаваны адцінак часу (laikas перыферыйна магло значыць і дзень, і год, і нават узрост). Тады мела перайсці на святлейшую пару года (калі болей і святла, і часу нешта рабіць), а потым і ўвогуле адасобілася ў Святло. Падобным чынам ішло і ў латышскай, рэзультаваўшыся ў laiki “надвор’е” (якая пара на двары? => як на двары, якое надвор’е?). У літоўскім ужытку праходзіць рэфрэнам, што час-laikas прыспешвае, бо часу можа і не застацца (напрыклад, рыфмаванае Vėliau susiprasi, kad laiko neb(е)rasi “Пазней зразумееш, калі часу ўжо не знойдзеш”). Тут, такім чынам, урэшце выхад у старую мудрасць пра канечнасць, якая так муляе грамадству спажывання.

веда “дарога”. У сувязі з прускім vedda “вядзе”. Яшчэ адно з нешматлікіх слоў, якія паказваюць арыгінальнае ўнутрыбалцкае семантычнае развіццё (усходнябалцкае kelias “дарога”, напрыклад, ад kelti “перамяшчаць узняўшы”). Ёсць і рэдкае літоўскае veda “тая, хто вядзе, вядоўца”. У яцвяжскім паняцці дарога быццам вядзе сама, яна сама быццам з суб’ектнасцю – як і асобныя статычныя месцы, згодна са старым светапоглядам.

валціда “здароўе”. Трымаюць за германізм, бо ёсць германская складовая лексіка тыпу selb-waltida “сама-ўладдзе” (дык ад “уладарны” праз “магутны, моцны” да “здаровы”). Яцвяжскае *valts (< *valtas) мела замяніць прускае, заходнябалцкае kails “здаровы”, а гэтае ў яцвяжскай пасунулася да значэння “ціхі” (і замацавалася ў назве возера Койле “Ціхае” на поўначы ад Сувалкаў, якраз дзе судзіны жылі, адно з плямёнаў меркаванага “яцвяжскага” пляменнага саюза). Цікава, што мелі б тады арыгінальнае (хай і германізм) яцвяжскае вітанне – Валт, Валтс, Валтас! (Здароў). А гэта ўжо слова з патэнцыяй эмблематычнага ўжытку.

вірба “жанчына”. Ідзе адразу за вірас “мужчына” і тут бачаць утваральнік –(і)ba-. Ва ўсходнябалцкіх мовах гэты ўтваральнік працуе інакш – утварае аддзеяслоўныя назоўнікі (rūpinti “забяспечваць” – rūpyba “забеспячэнне, апека”). А тут зусім унікальнае ўжыванне тыпу “муж – мужава”. Нават у прускай мове – мове самага маскулінізаванага з балцкіх, тэакратычнага сярэднявечнага грамадства – было асобнае gena “жанчына, жана” (літоўскае – moteris, латышскае – sieva). Гэтая акалічнасць можа быць вельмі гаваркая, бо магла б казаць пра светапоглядную ўстаноўку, ушытую ў мову (гэтага дагэтуль не падсвятлялі). З таго ж поля, відаць, і літоўскія канчаткі жаночых прозвішчаў, якія ясна паказваюць, каторая ўжо ідэнтыфікуецца праз мужа, а каторая – яшчэ праз бацьку (Vytautaitė – Вітаўтава дачка, а Vytautienė – Вітаўтава жонка), тады як мужчыны так не маркіруюцца. Тады, “вірба” зусім прыдалося б у такім сабе пост-балцкім “арго”, з пэўнай маскулінісцкай афарбоўкай.

Sv.

Пакінуць адказ