Ці быў Ліздзейка з гнязда

Lietuviškai šis tekstas yra čia.

І. Ліздзейка і Жалезны воўк

Адна з найцікавейшых постацяў з раннелітоўскай гісторыі – гэта безумоўна Гедзімінаў варажбіт Ліздзейка.

Менавіта дзякуючы яго парадзе князю Гедзіміну места Вільня было апошнім заснаванае там, дзе стаіць і пагэтуль. Дык жа, заснаваў, вядома, Гедзімін, але навёў на гэтую думку Гедзіміна – менавіта Ліздзейка, і таму менавіта ён, кажучы бліжэйшымі да нас сацыяльнымі рэаліямі, “хросны бацька”.

Паданне пра заснаванне Вільні вядомае нам з паведамлення ў “Хроніцы Быхаўца” (напісаная ў першай палове 16 ст.). Усё ж не менш важны сюжэт, хоць і замглёны аповедам пра заснаванне Вільні, у тым паведамленні – пра “вандроўную сталіцу”, пра перанос велікакняскай сталіцы. (І пра Наваградак там ані згадкі – праўда, і крыніцы 16 ст. так ці іначай ангажаваныя ў тагачасны ідэалагічны дыскурс.)

Падводзячы да “віленскага тэксту”, аўтар “Хронікі” апавядае, як Гедзімін перш быў паехаўшы “са стальца свайго Кернава”, знайшоў “красную гару” і заклаў горад Трокі і “з Кернава перанёс сталец свой да Трок”. А тады, паехаўшы ад Трок, ля “лукі” (рачнога выгіну) з назвай Швінтарог на яшчэ адной “краснай гары” забіў тура (і гару павялося называць Тур’яй). А на суседняй (“Крывой, а цяпер Лысай”) у сне ўбачыў “стаіць воўк жалезны вялікі, а ў ім раве, калі б сто ваўкоў выла”.

І вось тут на авансцэну і выходзіць Ліздзейка. Ён называецца “варажбітом” (пазнейшы, праз пяцьдзясят гадоў, храніст Стрыйкоўскі ўжо расквеціць тытулам “Крыве Крывейта біскуп літоўскі паганскі”, дый што нібыта знаўся “ў навуках гвяздарскіх”). Гедзімінаў сон ён вытлумачыў зусім па-валюнтарысцку, адвольна. Яго вытлумачэнне было такое: воўк жалезны – гэта будучы горад на гэтым месцы, а выццё знутры ваўка – будучая слава гэтага горада.

Да вытлумачэння Ліздзейкавага і па сёння, мінуўшы ўжо сямі сотням гадоў з тых часоў, застаюцца пытанні. Вобраз “жалезнага ваўка” – не з неба зваліўся і не з пня нагой выбіты. Быў бы проста воўк – была б адна рэч, але воўк “жалезны” гэта зусім пэўная міфалагічная адсылка. Досыць падрабязна гэты сюжэт разабраны літоўскай даследчыцай Браніславай Кербеліце яшчэ ў 1963-м, а ў нашай прасторы пра гэта прамоўлена ў тэксце, што быў надрукаваны ў часопісе Svajksta ў нумары 4-м (на стар. 14-17).

Калі сцісла: маем падобныя казачныя наратывы (напрыклад, з-пад Ваўкавыска), і ў адпаведных казках (асабліва, праўда, у літоўскіх) сюжэт разгорнуты і апавядае пра ўцёкі брата і сястры ад жалезнага ваўка. У ваўка перакінуўся чорт, які хацеў (з дазволу бога!) зарэзаць усіх людзей, і ўжо быў зарэзаўшы ўсіх, апроч гэтых брата і сястры (пазней ад іх і мелі пайсці людзі пазнейшыя, “паслявоўчай” эры). У тым аповедзе воўк вые толькі тады, калі пераследуе брата з сястрой і аказваецца за ракой ад іх, – і вые не так магутна, як удавана жаласліва (сястра пашкадавала ваўчка і ўмовілася з ім страціць брата). (Як разгортваўся сюжэт – чытайма ў часопісе, там і цалкам тэкст ваўкавыскай казкі, і спасылка на арыгінал у Федароўскага.)

Нельга не згадаць (у часопісе пра гэта не згадвалася, бо знаходка гэта на пару гадоў пазнейшая – але інспіраваная менавіта той часопіснай публікацыяй), што канкрэтны момант гэтага сюжэту, калі сястра згаворвалася з ваўком, выглядае апяяным у песні з нашага ўсходу – з задняпроўскай вёскі Лапыроўшчына Дубровенскага раёна (сюжэт гэтых казак і сюжэт песні звязалі менскія пяюнні-фалькларысткі).

Там, над рякою над велікою,
Там сядзелі брат із сястрою,
Яны сядзелі рэч гаварылі:
– Хто ету раку перяплывець,
Той маю сястру за сябе возьмець.
І адазваўся шэры ваўчышча,
Шэры ваўчышча, доўгі хвасцішча.
– Я ету ряку перяплыву,
Я тваю сястру за сябе возьму.
– Учора я была царёва дочка,
А сягоння я ваўкова жонка.

Гэтая песня пад дуду была прапяяная ў 2022 годзе спеўным гуртом “Dainava” на свайксцкай купальскай вечарыне (дык жа, недалёка адышло ад таго самага агмяня). Здаецца, дагэтуль навуковых публікацый наконт гэтага не было – але калі і паўсталі б калі, дык кантэкст, безумоўна, мае быць прапісаны з усімі гэтымі згадкамі, падзея за падзеяй.

Але ўсё ж чаму Ліздзейка так паінтэрпрэтаваў праяву з Гедзімінавага сна, якая відавочна фрагмент з гэтага шырэйшага сюжэту? Гэта асобная, і немалая, гаворка, пра гэта досыць падрабязна казаў літоўскі міфолаг нябожчык Г. Бераснявічус у сваёй кнізе 1995 г. “Рэлігійныя рэформы ў балтаў” (у раздзеле “Швінтарог і Гедзімін”), і сэнсы тут мелі б датычыцца таго, што гэта чын пераносу палітычнага цэнтра ў старадаўні рэлігійны цэнтр (тут аддаўна спальвалі князёў, на луцэ на Швінтарогу).

ІІ. Ці Ліздзейка з гнязда?

Але ўвагу звернем на яшчэ адзін аспект у гэтым “тэксце Ліздзейкі” – пра які як пра асобны, відаць, сапраўды можна казаць хоць бы таму, што ў ім не адзін “вір” (няроўнасць, штось закручанае) з гэтым вытлумачэннем сна, але ёсць і другі “вір” – з яго іменем.

Ужо ў “Хроніцы Быхаўца” Ліздзейка характарызуецца як той, хто “быў знайдзен у арловым гняздзе”. Для каторага літоўскамоўнага гэта гучыць зусім празрыста: lizdas – “гняздо” (па-латышску ligzda, урэшце ад індаеўрапейскага *ni-zd-os “месца ўсесціся”). Г. Бераснявічус у згаданай кнізе зачапіўся за гэта і прысвяціў Ліздзейку раздзел пад назвай “Ліздзейка і шаманская традыцыя”: маўляў, душы сібірскіх шаманаў гадаваліся ў гнёздах на Дрэве Роду, дык і такое імя выглядае следам чагось шаманічнага і ў балтаў.

Але выглядае на тое, што гэта пазнейшае вытлумачэнне з гледзішча носьбіта літоўскай мовы (тая сама народная этымалогія!), і так сапраўды мелі тлумачыць ужо сама менш за часам стварэння “Хронікі Быхаўца”.

Так жа сама, напрыклад, у раннелітоўскіх асабовых імёнах выключна папулярная стала аснова Taut-, бо тут чулася літоўскае tauta “народ”. І зусім на ўскраек былі адсунутыя ў іменніку структурна падобныя асновы тыпу Baut-, Kaut-, Naut-, якія так лёгка не вытлумачваюцца і якія, напрыклад, у старым шчучынскім адыменным прозвішчы Кербаўт (1864), у прускіх імёнах Cawte-wille, Nawte-mer (Каўтвіл, Наўтмер). Гэта асобная тэма пра тое, як у раннелітоўскім асяроддзі адаптавалі імёны зусім старога часавага слою (невытлумачальнае чэзла, вытлумачальнае множылі).

Дык так жа сама і з іменем Ліздзейка. Яно, дарэчы, не знікла ў гушчары вякоў: віленскае прозвішча Ліздзейка фіксуецца ў 1863 г., а падвіленскае Ліздоўскі – у 1851-м у Лаварышках. І так бы мы і працягвалі звязваць гэтую антрапонімную спадчыну з апелятывам lizdas, калі б не мелі прыкладаў, дзе асновы Lis-, Da– пастаўленыя ў адваротным парадку. Гэта старое эйшышскае прозвішча Даліс (метрычнае дзявочае “Далисовна”, 1864) і асабліва бранскі тапонім Далісічы за Касцюковічамі (за якія 30 км на ўсход ад знакамітага Святаянскага возера) – прычым, паабапал там Сімантаўка і Барэйкі і ў гэтым жа рэгіёне (пад Клетню) выключны для ўсходу тапонім Ятвіж.

Так жа сама, былі прозвішчы Більдэйка (з Ціхаволі ля Свіслачы, 1912), Маслейка (з падвіленскіх Гедройцяў, 1820) – ёсць літоўскія Bilda, Masla – і тыя ж асновы ў прозвішчах Дабілевіч (з былых Лебічанаў пад Баранавічамі, 1735), Ламасевіч (з Цвіклічаў ля Горадні, 1854). Такая метадалогія з перастаноўкай іменных асноў з мэтай праверыць, нагадаем, з апошняй свайксцкай кнігі “Вітаўты і Вітарты”.

Ці зняважвае такі ракурс “шаманічную” інтэрпрэтацыю Гедзімінавага варажбіта Ліздзейкі? Нельга, аднак, адкідаць і зусім верагодную кантамінацыю, і тады ўсе Берасневічавы развагі і адсылкі пра семантыку Гнязда застаюцца дзейныя. А дадаецца яшчэ і ўключанасць у старажытны іменнік.

Такім чынам, маем звярнуць нашмат большую, чым нам звыкла, увагу на постаць Ліздзейкі. Ён меў быць з тых, што апекаваліся “жэглішчам” на Швінтарогу (цяпер “Катэдральная” плошча пасярод Вільні), ён меў дастатковы статус, каб менавіта па яго думку звярнуліся, калі Гедзімін сасніў сон пра Жалезнага ваўка. І гэта менавіта ён даў пачатак сталічнаму месту Вільні – бо Гедзімін, як выглядае (і такая была Берасневічава думка), быў у гэтай сітуацыі не столькі дзейнікам (гэта пазней, і тэхнічна), колькі ў ролі просьбіта: адмыслова на Швінтарогу-жэглішчы заначаваў, хочучы знаку ад продкаў у сне.

Пра гэта ўсё трэба прыгадваць (пазіраючы ўнутр сябе, чэрпаючы з віроў памяці) шторазу, калі прамінаеш бурлівы цэнтр Вільні і ўзнімаеш галаву на пагоркі над былым Швінтарогам.

Sv.

Пытанні для замацавання:

  • Чаму постаць Ліздзейкі не менш важная за постаць Гедзіміна ў ранняй гісторыі Вільні?
  • Які быў Гедзімінаў сон і як яго паінтэрпрэтаваў варажбіт Ліздзейка?
  • У які шырэйшы сюжэт уваходзіць вобраз Жалезнага Ваўка? як узбагачаецца гэты сюжэт песняй пра “ваўкову жонку”?
  • Што было на месцы цэнтра цяперашняй Вільні даўней і чаму начоўка там Гедзіміна не выглядае выпадковай?
  • Чаму сувязь імя Ліздзейкі з літоўскім “ліздас” выглядае народнай этымалогіяй?

* * *

Статья посвящена личности жреца Лиздейко, толкованию сна князя Гедимина и основанию Вильнюса, рассматривает вопросы кто основал Вильнюс, чья Вильня, история Вильнюса, литовское язычество, белорусское язычество, язычество Беларусь, история Литвы, история Беларуси, Беларусь это Литва, Беларусь балты история, где была столица ВКЛ, Новогрудок столица ВКЛ, князь Гедимин, что значит имя Лиздейко, а также связь легенды о Железном Волке с балтийской мифологией, древними именами, фольклором и культовыми традициями; материал будет интересен тем, кто интересуется что посетить в Вильнюсе, ищет языческие места Литвы и языческие места Беларуси, интересуется историей Великого княжества Литовского, балтским наследием и происхождением древних литовских преданий.

Пакінуць каментар