
Стаўленне да адных і тых жа пытанняў этычнага спектру ў людзей, што сёння атаесамляюць сябе з “новым паганізмам”, і ў людзей даўнейшых, якія ў тым “паганізме” жылі, нярэдка досыць прыкметна адрозніваецца.
У студзеньскім тэксце “Да пытання паганскай этыкі” ўжо скіроўвалася святло на гледзішча заходняга акадэмічнага рэлігіязнаўца Майкла Ёрка, які аўтар некалькіх паважных кніг па “паганскай тэалогіі”, у тым ліку і пад назвай “Паганская этыка”. У той кнізе прыкметнае месца займаюць яго развагі па пытаннях “смерці”, менавіта з “новага паганскага” гледжання: аборт, смяротнае пакаранне, эўтаназія.
Сам Ёрк і пазіцыянуе, і ідэнтыфікуе сябе за “новага паганіна”, дый круціцца ў адпаведных практычна-арыентаваных асяродках, далёкіх ад акадэмізму. Яго меркаванне па многіх тэмах, выкладзенае ў кнігах, трэба лічыць больш-менш сугучным (хіба рафінаваным і танчэй сфармуляваным) калектыўнай думцы яго адзінадумцаў. Але наколькі тая думка адпавядае часа́м старынаў?
Што да згаданых “пытанняў смерці”, дык за рэфэрэнс возьмем урывак з “Прускай Хронікі” (Preussische Chronik) 1583 г., аўтарства тагачаснага пруска-нямецкага гісторыка Лукі Давіда (Lucas David). Змешчаныя там звесткі з міфалогіі і рэлігіі даўнейшых прусаў, калі арыгінальна сабраныя ці пачутыя Давідам, высока ацэньваюцца сучаснымі рэлігіязнаўцамі і міфолагамі. Гэта з Давідавага твору, напрыклад, вядома пра ахвяраванне Вальцінам Суплітам (падрабязней пра гэта ў кнізе “Старапруская тэакратыя“, на стар. 107-136).
Сведчанне храніста
Такім чынам, у Давідавай “Прускай Хроніцы” чытаем:
“Калі хто-небудзь, асабліва калі гэта быў высакароднага паходжання чалавек, захварэў, да яго прыводзілі вайдэлота (Waidelotte). У хворага той быў цэлымі днямі, яго даглядаў, чараваў (waidelottеt), маліўся і дабраслаўляў.
Таму яны стараліся, каб вакол іх заўсёды былі вайдэлоты, якія ім паўтаралі, што яны павінны ўвесь час думаць пра вялікія радасці і бязмерныя прыемнасці, у якіх ім не будзе нястачы, калі будуць жыць у сваіх багоў.
Такое дабраслаўленне хворага трывала штодня на працягу чатырох тыдняў, калі яшчэ за той хваробай нейкі час сачылі – ці захворванне ідзе на добрае або на дрэннае.
Але калі гэта цягнулася чатыры тыдні ці яшчэ болей і не ішло на добрае, тады яны думалі, што дабраслаўленні не былі дастаткова выніковыя, каб суцішыць злосць багоў, і тады яны сваім святым багам давалі зарок ахвяраваць што-небудзь за хворага. А калі і гэта не дапамагала, яны бралі святога попелу ад святога агня, які ўвесь час палілі ў гонар багоў ля вялікага дуба, і гэта адным калі дапамагала, а дзясяткам іншых – не.
Калі ж гэта не дапамагала, дык дзеці і сябры радзіліся, што рабіць далей з хворым. Калі яны згодна прыракалі яго да смерці, дык вайдэлот браў падушку, клаў яе хвораму на рот і датуль душыў, пакуль той не ўміраў. Так дзеілася з тымі, каторыя мелі жонак і дзяцей, асабліва з высакароднымі, але часта так паводзіліся і простыя людзі.
А калі хворым было дзіцё або калі дзеля юнага ўзросту яшчэ не было жонкі ці мужа і калі гэта было дзіцё вялікага пана, дык такога спальвалі хворага, а перад тым яму наказвалі, каму ён павінен будзе служыць да таго часу, пакуль да яго не прыйдзе бацька ці маці“.
Сціжма назіранняў
Найперш тут, вядома, звяртаюць на сябе ўвагу пакуль не “пытанні смерці”, а дэталь што да часу, а менавіта чатырохтыднёвы перыяд. Гэта выглядае адсылкай да лунарнага календара. Зрэшты, у нашым рэгіёне для даўніх часоў гэта і не дзіва: Паўль Эйнгорн у сваёй “Historia Lettica” (1649) пісаў, што даўнейшыя латышы “месяцы вызначалі з увагі на прыроду – пачаткам месяца быў маладзік“, і падаваў аўтэнтычныя латышскія назвы месяцаў (напрыклад, наш ліпень – “месяц ліпаў”, але супадзенні на гэтым сканчаюцца).
Адметна, такім чынам, як вайдэлот хвораму штодзень паўтараў пра “вялікія радасці і бязмерныя прыемнасці”, што чакаюць яго ў свеце багоў. Гэта перагукаецца з 5-м пунктам “Відэвутавых прыказанняў”, дзе таксама апісваецца, як “пасля гэтага жыцця яны [багі] дадуць нам прыгожых жанчын, шмат дзяцей, салодкіх напояў, добрай ежы, улетку белых адзежаў, узімку цёплых абхінанак, і мы зможам спаць у вялікіх мяккіх ложках і, маючы добрае здароўе, будзем радавацца і танцаваць” (у кнізе “Старапруская тэакратыя” на стар. 41).
Гэты момант сам па сабе ўжо важны, бо ўвагу пераносіць з гэтага свету на “той свет”, свет багоў і іх прыемнасцяў для тых, хто туды прыходзіць са свету людзей. Забягаючы наперад, можна сказаць, што для надта многіх “новых паганаў” такая акалічнасць ужо атавізм, прадукт “няспелай старажытнай свядомасці”, адсюль і зусім іначай расстаўленыя акцэнты ў М. Ёрка (гл. далей).
Калі прамінуць эпізод з “замяшчальным ахвяраваннем” і спадзеў на моц “святога попелу”, дык наступны эпізод ужо напрамую і адразу выносіць нас ледзьве не ў нашы часы эўтаназійнай праблематыкі. Родныя вырашылі (прыраклі) – вайдэлот выканаў (задушыў). (Як вядома, у даўнейшыя часы надта многія сферы не былі дыферэнцыяваныя – і прота-медыцына, і гісторыя з яе гістарычнай памяццю, і нават палітычнае ўладкаванне ўсе былі прэрагатыва жрацоў, а не адно толькі бяззубае “душпастырства”, як звузілі цяпер.)
Зрэшты, і ў згаданых “Відэвутавых прыказаннях” у 6-м пункце гаворка роўна пра тое ж самае: “Калі каторы мужчына мае хворых жанок [у прусаў дазвалялася мець трох], дзяцей, братоў, сёстраў, служак ці калі ён сам нездаровы, дык яму належыць і мы не пярэчым, каб ён з імі ўсімі сябе спаліў, а службіты нашых багоў павінны дзеля таго ня жаліцца, а радавацца“. Зрэшты, і проста так пайсці ці адправіць у агонь дзеля багоў так жа сама віталася, як і кажа 7-ы пункт: “А калі хто зажадае паахвяраваць нашым святым багам сам сябе і свайго здаровага дзіцёнка, мы яму гэта дазволім і скажам, што так яны праз агонь робяцца святымі і вартымі радавацца разам з нашымі багамі“.
Пазіцыя Ёрка
Як акцэнты расстаўляе М. Ёрк? У першым абзацы прысвечанага эўтаназіі раздзела кажа:
“Права на смерць – гэта частка таго, што паганін лічыць неад’емнай свабодай. Гэтае права належыць да стану свабоды, а ён для паганіна – бадай найсвяцейшае сярод усіх святых рэчаў” (298).
Апроч канцэпту Свабоды, Ёрк прыцягвае яшчэ канцэпты Выбару, Годнасці і Якасці жыцця:
- “Хоць пагане не прымаюць юдэа-хрысціянскага разумення Бога, яны цэняць святасць жыцця. Але дзе яны разыходзяцца з хрысціянскім ладам думак, дык гэта там, што ставяць якасць жыцця вышэй за само жыццё” (302);
- “З этычнага боку, для паганаў і іншых усякая эўтаназія павінна быць добраахвотнай дзеяй або просьбай, што грунтуецца на ўнутранай годнасці чалавека і найвышэйшай святасці выбару” (302);
- “Для паганіна пытанне ў рэшце рэштаў палягае ў каштоўнасці свабоды – той, якая ўключае ў сябе надзяленне чалавека кантролем над сваім уласным целам” (303).
Урэшце, падсумоўваючы ўвесь гэты, прысвечаны аспектам прычынення смерці раздзел, Ёрк сцвярджае:
“Для паганаў, нашая натуральная асабістая свабода ўключае права, насуперак [англійскаму мысляру Джону] Локу, разбураць сябе, калі гэта з’яўляецца нашым жаданнем. Адрозна ад [пруска-нямецкага філосафа Ёгана] Канта, пагане не лічаць, што самагубства гэта пасягальніцтва на нейкую крыніцу маральнага аўтарытэту. Гэта праява аўтэнтычнай чалавечай волі. Але тая ж самая свабода выключае нашае права пазбаўляць жыцця іншага чалавека, калі ён на тое яўна не пагадзіўся” (304).
Старое і новае
У чым сведчанне ў Л. Давіда супярэчыць сучаснай пазіцыі М. Ёрка?
Найперш у тым, што ў сучасных “новых паганаў” акцэнт зусім перанесены на рэаліі гэтага свету – на свабоду, выбар і інш. А ў “паганстве” аўтэнтычным, як бачым са сведчання Хронікі, абсалютна дамінуючым фактарам была наяўнасць свету багоў. Вайдэлоты цэлы месяц (лунарны) мёдам у вушы ўлівалі, як там будзе добра, па-райску (зрэшты, пекла як такога не было).
Свая аўтарытарнасць, сапраўды, у тым, што лёс хворага вызначалі яго “дзеці і сябры”, а лёс хворага дзіцяці вырашалі старэйшыя (найперш, трэба думаць, бацька, у маскулінізаваным старапрускім грамадстве). Але ж і ў М. Ёрка ў раздзеле, прысвечаным аборту, роўна такі ж дазвол даецца жанчыне, каб абартавала ненароджанае дзіцё (хіба з апраўданнем, што жыццё тое яшчэ не выспеўшы, не самаўсвядоміўшыся).
І гэтыя два фактары, дарэчы, паказальна сплятаюцца ў апошнім абзацы Давідавага сведчання: (невылечна) хвораму дзіцёнку кажуць (сюрэалістычна як на нашы часы, але не спяшаймася кпіць), каму мусіць на тым свеце служыць (пакуль бацькі не будуць прыбыўшы).
Тым часам аўтарытарнасць гэтая нівелюецца 6-м і 7-м Відэвутавымі законамі, якія ў гэтым урыўку з Давіда не згадваюцца (але ўвогуле ў яго Хроніцы, раней у тэксце, пададзеныя). Дык жа, мала таго што хворы можа сам сябе выракці на смерць (праўда, фармулёўка 6-га закона пакідае поле для прыпушчэння, што разам з усімі сямейнікамі пойдзе), дык яшчэ і у агонь можа пайсці нават і не быўшы хворым, а з рэлігійнага памкнення, дзеля дасягнення святасці і радасці ў багоў.
Што да апісаных у М. Ёрка “годнасці” і “якасці жыцця”, дык на блізкае мысленне паказвае згадка ў Відэвутавых законах паняцця радасці. У далейшым 16-м законе гаворыцца, што ўдавец не мусіць сумаваць удзень і ўначы, таму да яго можа пасватацца якая маладзіца (каб ён радаваўся, а лепш каб яны радаваліся ўдвух).
Адпаведна, пакуты (у выніку хваробы) – не тое, што мусіць талеравацца на этычным (каштоўнасным) узроўні. Але наадварот, гэта тое, што няможна трываць даўжэй за адзін (лунарны) месяц, а тады і скончыць праз удушэнне (цяпер, вядома, нашмат гуманнейшыя спосабы) ці праз агонь.
Такой думкі і М. Ёрк: “Пагане, у прыватнасці, адкідаюць ідэю пра тое, што пакута ўнутрана патрэбная дзеля боскага ачышчэння або навучання” (303). І гэта бадай тое, у чым Ёрк сыходзіцца са старымі сведчаннямі. А ўжо як гэта мела б стасавацца з Кэмпбэлавым “шляхам героя” – тэма асобная.
Sv.
Пытанні на замацаванне:
- Чаму тэмы смерці займаюць важнае месца сярод этычных пытанняў?
- Як да смерці ставіліся ў даўнейшых прусаў, ці ўспрымалі за канцавы пункт існавання?
- На працягу якога перыяду прускія вайдэлоты адсочвалі ход хваробы і чаму перыяд быў менавіта такі?
- Як паводзіліся, калі на працягу таго перыяду хворы не акрыяў?
- Якое прыказанне на “будучыню па той бок” агучвалася (меркавана невылечна) хвораму дзіцёнку?
- Чаму Майкл Ёрк пераносіць акцэнт са “свету багоў” на каштоўнасці свабоды, персанальнага выбару і інш.?
- Ці была ў старапрускім грамадстве каштоўнасць пакуты? Які эмацыйны стан, наадварот, цаніўся найболей? Як гэта суадносіцца з каштоўнасцямі сучасных, “новых” паганаў?
Аннотация. Текст рассматривает отношение к смерти и эвтаназия у язычников в рамках неоязычество и современное язычество. Сопоставляется позиция современные язычники с данными Лука Давид Прусская хроника и мифология древних пруссов, подробно объясняя кто такие вайделоты. Привлекаются материалы по балтское язычество, литовское язычество и язычество пруссы, а также сведения Пауль Эйнгорн латыши. Современный взгляд представлен через работы религиовед Майкл Йорк, что позволяет затронуть религиоведение на Западе, неоязычество исследования, религиоведение секты и сектоведение. Особое внимание уделяется вопросам эвтаназия мораль, свобода выбора язычество и отличия язычества от христианства. Материал актуален и для контекста язычество Беларусь.
Пакінуць каментар