Пачнем з Платона, добра? Гэта ж ён, нягледзячы на флёр беспрактычнасці ў філасофіі (ягонай і ўвогуле), сапраўдны прадцеча ўвагі да “таго свету”, боскага, на працягу апошніх еўрапейскіх палутара-дзвюх тысячаў гадоў. А ўсё пачалося з ягонага “свету ідэй”, з якім душа чалавека мае яднацца, адасабляючыся ад свету матэрыі. Ясных практыкаў, як яднацца, ён не пакінуў, дый мяркуюць, што гэта была закрытая частка яго Акадэміі.
Да чаго такі адстаронены ўступ? Да таго, што калі наўкола не тое, чаго хочацца, дык трэба ўмець “душой” быць там, аказвацца там, дзе “сапраўднае”. Відаць, раскрываючыся тым “іскаркам”, якія ўсё ж можна ўлавіць у тым, што наўкола.

Месцы-агмяні
…На тэрыторыі цяперашняга Менску было вартых увагі ранейшых месцаў, адлюстраваных у назвах паселішчаў. Каменная Горка (вышыні засталіся пры “кальцавой”), Шырокае Балота (паркавая мясціна за “Скалой”)… Але не менш цікава, што менавіта на тэрыторыі цяперашняга Менску была пара старых тапонімаў, што былі аформленыя зусім у літоўскі спосаб. Яны з тых, што вынесеныя найдалей на ўсход.
Мова пра былыя вёскі Глінішкі і Кальварышкі. Першая з іх з такой назвай фігуруе на карце 1846 года, пазней гэта “Глінішча”. А Кальварышкі былі дажыўшы да досыць нядаўняга часу.
Аддзяляла іх усяго якая пара кіламетраў, калі напрасткі. Цяперашнімі вуліцамі ідучы, займае паўгадзіны. Раней гэта была суцэльная мясціна па правым беразе Свіслачы. Цяпер гэта абапал “Лукашэнкавага шляху”, “Лукашовай дарогі” (гэта так бы пайменавала “праспект Пераможцаў” старая ўпрастораная свядомасць, так? па прыкладзе “Вітаўтавага шляху”, “Вітавай дарогі”).
Але адна рэч – бачыць на карце, а зусім іншая – выхадзіць і выгледзець. Выходжваючы, добра разумееш, чаму адно там, а другое гэтам. Бо аказваецца, што і Глінішкі былі на ўзвышшы, і на ўзвышшы былі Кальварышкі.

Глінішскія клёны
Глінішкі-Глінішча – гэта цераз “Ціміразева” ад чыгункі, насупраць былога лагеру савецкіх ваеннапалонных у Масюкоўшчыне. Цяпер там бачны з магістралі невялічкі сквер пад бокам у рускай бажніцы. Калі адсюль рушыць роўна на Кальварышкі – добра бачыш, як перш, ідучы на “Вясёлкавую”, трэба спускацца з узвышша.
Калі колісь забудоўвалі раён, дык, на шчасце, папакідалі старых клёнаў, і цяпер яны роўна ўздоўж шляху на Кальварышкі. Больш за тое – узровень зямлі быў вышэйшы, і клёны на такіх сабе пагорках, амаль “курганах”. Ідучы, прамінаеш іх тры. Выглядае і чуецца гэта даволі міфалагічна – і пагоркі з Arbor Mundi, і патроенасць.
Але нядосыць таго – роўна на месцы былых Глінішак аказваешся, зайшоўшы за дзевяціпавярхоўку, што стаіць уздоўж “Ціміразева”. Ізноў жа дзякуй прыродаарыентаваным будаўнікам – яны захавалі выключна прыкметнае месца: тут, за домам, дзіцячая пляцоўка пасярод трох старых дрэў – дуб, вярба і яблыня. Дуб з вярбой тоўстыя і высокія і кашлатыя, а яблынь крывенькая, старая і пладавітая. (Які тутэйшы Кіплінг натхніўся б на свой варыянт англійскага “Дуб, ясень і цёрн”.)
Тут сама лаўка (каб дарослыя за дзеткамі глядзелі), дык вось дзе адно з найлепшых месцаў для “медытацый”-роздумаў-узвышэнняў. Гэтыя дрэвы памяталі тыя Глінішкі і іх жыхароў, і той лад вясковы, і нават, скажам, тое светаадчуванне – і, прысеўшы, гэта “душой” ловіцца, ад навакольнага лёгка адасабляешся пад іх шатамі.

Кальварышскія яблыні
А належна настроіўшыся, лёгка ідзецца і на Кальварышкі – лёгка прамінаеш і гаражы, і гмахі, і тратуары-асфальты, і “ўніверсам Рамонак”, і саму Лукашову дарогу. Ідучы, заварочваем адразу за сіні “дом грэблі” над Свіслаччу – у расчыненыя вароты парку пры амаль дабудаваным “нац. музеі”. Не было б гэтай будоўлі, гэты пагорак быў бы схаваны за агароджай дый на перыферыі тэрыторыі былога аквапарку “Дрымлэнд”.
А дзеля новага “Дрымлэнду Ўсур’ёзненага” і месца адкрылі, і ўпарадкавалі. На момант, калі гэта пішацца, той прымузейны парк яшчэ, на шчасце, не застаўлены ідэалагічнымі спарудамі, дык вока зачапляецца за іншае. Напрыклад, вось там-сям кусты хрэну, сядзібная пазнака, проста на пагорку.
Або вось – больш чым паўдзясятка старых яблыняў. І некаторыя з іх нібы сышоўшы з Рушчыцавай карціны (той, якая хрэстаматыйная, з яблыневым садам), зусім па-старому выкручаныя. Пладаносяць, яблычкі не буйныя, але смачныя. А дзе няма яблыняў – там ліпы. А ў бок гранітна-бетоннай гаргары (дзе будуць індактрынаваць) – кампактная дуброўка на паўтара дзясятка дубоў (таксама старых).
Гэты “кальварышскі” пагорак увогуле выглядае сімвалічным. Паводле вышыні ён безумоўна дамінуе над музеем удалечыні, у іншым канцы парку. Але з пагорка зрабілі перыферыю (і нешта сваё ліпкае паставяць, пастамент ужо ёсць), аднесеную пад плот. Дый сам пагорак напалову скапаны пад той “дом грэблі” (частка за плотам), вышэйшыя паверхі якога сягаюць вышыні пагорка. Дык жа, тое, што дамінавала колісь у прыроднай прасторы, – і парэзалі, і выдалілі.

“Дайнава” вакол Менску
Але што значаць тыя назвы, Глінішкі і Кальварышкі? Звычайна назвы такога тыпу – ад імёнаў, ад антрапонімаў. Не ад “гліны” і (найверагодней) не ад менскай “Кальварыі”. Бо са старых метрыкаў вядомыя, напрыклад, прозвішчы Глінейка (з завіленскай Судэрвы, 1861), з-пад Відзаў было Гліновіч, а з Горадні – Гліноўскі і Глінецкі. Не ад “гліна”, а ад імя тыпу Glinas. Так жа сама і з кальварышскай назвай. Наўкола польска-мазавецкай сёння, а колісь яцвяжскай Ломжы-над-Наравам вядомае прозвішча Кальварчык, якое ад імя тыпу Kalvaras.
Такі іменны аспект важны, таму што менавіта праз яго, разам з тыпова балцка-літоўскім афармленнем гэтых тапонімаў, і адбываецца “прарыў” у той “балцкі свет”, які ў менскім асяроддзі зусім занядбаны ў выніку напаўнення грубым неаўтэнтычным ідэалагічным зместам.
Таму важны тут і назоўны кантэкст. Вось, за трыццаць кіламетраў на поўнач ад Менску былі Авенішкі (вядомыя і з дакумента 1769 г., і з карты 1846 г.), і побач з іх і па сёння стаяць Саўдзеневічы. А пад цяперашняй літоўскай мяжой – ёсць Авены і паблізу (з Быстрыцы) у пачатку ХІХ ст. фіксавалася прозвішча Саўдзенеўскі; таксама ад калісніх імёнаў тыпу Avenas, Saudenas. Гэты заходні вектар пацвярджаецца і тым, што паміж цяперашнімі Саўдзеневічамі і Менскам – Ашмянцы, а побач іх яшчэ нядаўна была… Дайнава (за Касынню)!
Гэтая “дайноўская” назва тут невыпадковая. Бо гэты “выступ”, утвораны назвамі такога тыпу (на -ішкі), раўнютка пазначаецца па яго краях яшчэ трыма назвамі Дайнава: адна на поўначы ад Валожына, другая на захадзе Івянца і трэцяя ажно пад Мар’іну Горку. Вядома, гэта не значыць, што “тут і была” Дайнава (бо пад Івянцом ёсць і “Літва”, якая натхніла самавука Ермаловіча надумаць, што сапраўдная Літва тут і ёсць). Гэта выглядае заданнем для наступных гісторыкаў.

Апроч Гліна і Калвара
Увогуле паміж гэтымі чатырма “Дайновамі” – больш за дваццаць “-ішкі”-тапонімаў. Пра Гердуцішкі (ад імя Girdutis) на “Свайксце” пісалася раней, і тая назва паважнай 600-гадовай даўніны. Ад падобна ўтвораных імёнаў Labutis, Garutis – Гаруцішкі ля Койданава, былыя Лабуцішкі за Аляхновічамі.
Ад двухасноўных імёнаў Var-ginas, Ger-manas, Rim-ta, Čer-na – усё былыя назвы Варгінішкі і Германішкі (паабапал Гляёў), Рымцішкі і Чэрнішкі (побач ля Парадоўшчыны). Былі прозвішчы Варгін (Опса, 1832), Герман (Дзярэчын, 1756), Рымта (Германавічы, 1852), Чэрна (Моўчадзь, 1866).
Было і прасцейшых – за Заслаўем Пятрышкі, а пад Менскам Антанішкі (гэтыя найбліжэйшыя да Глінішак і Кальварышак). Але і за гэтай прасцізнай часам хаваецца нечаканае. Вось, недалёка згаданых Авенаў – надвілейскія Міхалішкі… Здаецца, таксама ад імені мала чым прыкметнага ў сэнсе старадаўнасці, так?
Ажно, далёка-далёка на ўсходзе, за Масквой і за Ўладзімірам, пад сутокі Клязьмы і Акі – маем неверагодныя Міхалішкі і Навішкі (быў пруска-нямецкі тапонім Nowischken, цяпер “Берагавое” ў забраным Каралявецкім краі, было прозвішча Навейка з Параднёва ля Дзісны, 1850). А за імі – зусім паказальная Літоўка (усе тры вёскі існуюць па сёння).
Якой даўніны тыя назвы пад Акой? Тым больш гэта за Літоўкай тая загадкавая рэчка Курша, з-над якой і мела пачаць на захад свой шлях куршскае племя… Паміж надвілейскімі Міхалішкамі ды Міхалішкамі на Павоччы – тысяча кіламетраў (дакладней вымераўшы, напрасткі выходзіць раўнютанька 1008 км, калі каму раптам парупіць вядомы ва ўсходніх культурах вялікі сімвалізм гэтай лічбы).

Востраў Антанішкі
І ўсё ж Антанішкі вартыя асобнай мовы. Гэтае паселішча сапраўды зусім адметнае ў менскім рэгіёне. “Ні сушай, ні морам не даберацёся да піроў гіпербарэйскіх”, – гэтыя словы старагрэцкага Піндара наўпрост прыгадваюцца, пасля таго як пастараешся патрапіць у Антанішкі.
“Мы зусім як на востраве”, – кажа пчаляр Л. з Антанішак. Здавалася б, ад кальцавой аўтадарогі сюды толькі 1,5 км – але навігатар не прывядзе вас сюды належна, і не патлумачыць. Сапраўдная дарога – толькі адна, і яна дабрэнна ў аб’езд (тлумачэнне апускаем). Таксама, ёсць бліжэйшая, літаральна “звярыная” сцежка, і каб па ёй пайсці, трэба ў паўроста прыгнуцца над трубой цеплатрасы (так вяскоўцы і ходзяць). Ёсць, нарэшце, мост праз кальцавую – гэта той самы пешаходны мост насупраць дыспетчарскай аўтастанцыі “Малінаўка-4”, яго і паставілі дзеля ходу ў Антанішкі, бо, кажа пчаляр, “колькі раней народу пераходзячы палегла”. Для тых, хто ведае, гэты мост ужо не будзе інакшым, як “Антанішскім”.
На трох дубах насупраць дома пчаляра стаяць нібыта борці, хоць насамрэч гэта “пасткі на пчолаў”. Цяпер ужо не выкарыстоўваюцца, але прымацаванымі застаюцца. Мёд у яго – выключнага смаку, і толькі-толькі восеньскі падаспеў (на Кальварышках якраз і рассмакавалі).
Пасярод Антанішак кідаюцца ў вочы дзве агароджы сядзібаў – адна насупраць другой. Адзін плот больш чым двухметровы, складзены з натуральнай цэглы (бачылі такі? замкавая сцяна дый годзе!). Другі – добра паедзены часам драўляны штыкетнік, які пакінулі стаяць на фоне навейшай металікі бы напамін. І гэта таксама вельмі “па-антанішску”, бо гэта наўпрост падкрэслівае актуальны для гэтага месца архетып Абгароджанасці. Наўкруг вёскі – суцэльная паласа лесу, аніякі шум сюды не дабягае.

І зноў Платон
Але ўсё ж што менавіта казаў той Платон пра асяганне “свету ідэй”?
“Калі душа карыстаецца целам, каб даследаваць нешта праз зрок, слых ці якое іншае пачуццё (…), дык цела цягне яе да рэчаў, што ўвесьчасна змяняюцца, і ад судотыку з імі душа адхіляецца ад шляху і блукае, бянтэжыцца і хістаецца (…).
Калі ж яна даследуе сама па сабе, дык накіроўваецца туды, дзе ўсё чыстае, вечнае, несмяротнае і нязменнае. А дзеля таго што яна блізкая гэтаму ўсяму і пародненая з ім, дык заўсёды і аказваецца ўкучы з ім, варта ёй толькі застацца сам-на-сам з сабой і не мець перашкодаў. Тады сканчаюцца яе блуканні і яна, сустракаючыся з увесьчасным і нязменным, і сама адкрывае ў сабе тыя ж рысы“
(дыялог “Файдон”, 79 d-c, адаптаваны пераклад паводле Я. Пятроўскага, 1967).
Так, бяром адсюль не пра формы ў свеце формаў і ідэі тых формаў у свеце ідэй (бо гэта ўсё ж пазнейшае, як і тыя ж сугучныя Платону стараіндыйскія Ўпанішады). Але пра тое, каб бачыць “іскаркі” сапраўднасці ў прасторы і быць з імі – безуважна прамінаючы, як нож ідзе праз масла, навакольныя рэаліі (музеі і магістралі і такое падобнае). Там, дзе “было (і было моцна), але цяпер няма”, гэта зусім дзейсная, і паўнавартая, практыка. Праверана Платонам.
Sv.

Аннотация. Философия Платона помогает по-новому взглянуть на окружающий мир и увидеть в привычном пространстве скрытые смыслы. Тема сакральная география Беларусь раскрывается через историю конкретных мест Минска. Особое внимание уделено городской истории: Дом гребли Минск, новый Национальный музей Минск и топонимика Минск позволяют восстановить исчезнувшие слои городского пространства. Почему менялся облик города – в том числе почему переименовали проспект Машерова – и где находились деревни на территории Минска? История старого Минска связана и с необычными названиями: что значит Кальвария Минск, где находился огонь на Тимирязева Минск и где сохранились самые старые деревья Минск. Отдельная тема – микрорайон Веснянка история и вопрос, почему снесли парк Дримлэнд. В этом контексте важна и картина яблони Рушчыц, связанная с образом минского ландшафта. Дальше текст выходит за пределы города: где было племя Дайнава, как проявляется наследие балтов Беларусь, где обнаруживаются балтские названия вокруг Минска и что могут рассказать о древних связях балты бассейна Оки. Практическая часть текста приводит к вопросу как доехать в Антонишки и заставляет иначе посмотреть на современную инфраструктуру: зачем мост через кольцевую Минск? В итоге возвращаемся к исходной философской теме — Платон мир идей кратко и возможность увидеть за привычной реальностью более глубокий слой пространства.
Пакінуць адказ